Фото: photo.bymedia.net
Фото: photo.bymedia.net
Аўтобус з праспекта шырока і павольна паварочваў на вуліцу Валгаградскую. Людзі адклеіліся ад ларка "Белдзярждруку", ад лаўкі пад празрыстым дахам прыпыначнага пункту і, пралічваючы месца дзе спыніцца аўтобус, пацягнуліся бліжэй да бардзюра. Ларыса Іванаўна, хударлявая ўвішная жанчына з дынамічнай стрыжкай асімітрычнага карэ, углядалася ў шырокі зялёны аўтобусны лоб пракрэслены лічбамі нумара. Веснавое сонца, гуляючы блікамі, адбівалася ў аўтобусным шкле. Аўтобус па краю праезнай часткі падплываў да прыпынка. Нумар 95. Ларыса Іванаўна павярнулася тварам да народа напіраўшага за спіной.

- Скажыце, калі ласка, я да трамвайных пуцей даеду на 95-м?- разгублена-запытальна прамовіла па першага сустрэчнага.

На яе насоўваўся дзяцюк вышэйшы на галаву, малады, укормлены. Штаны джынсы вузкія ля шчыкалаткі абцягвалі лытку і нізка падвісалі на азадку, манцёй матляліся між ног.

- Калі ласка… 95-й нумар у якім накірунку..? – вырасла перад дзецюком Ларыса Іванаўна.

Дзяцюк, круцячы манцёй прыспушчаных штаноў і матляючы пры калене квадратнай, колеру хакі сумкай на доўгай лямцы, з затуманенымі ва ўпор небачачымі вачамі, адцёршы Ларысу Іванаўну, панёсся насустрач аўтобусу. Танкам змятаў ўсё на сваім шляху. Ларыса Іванаўна спехам вызваліла дарогу маладым, адхінуўшыся ўбок і ўбачыла мільгануўшыя ў вушах дзецюка чорныя круглыя клёпкі-затычкі навушнікаў ад плэера.

- Ай-я-я-й… Ён жа нічога не чуе, – па-мацярынску заклапочана захвалявалася Ларыса Іванаўна.

Аўтобус набліжаўся, шаргатліва прытармажваючы.

- Скажыце… 95-й нумар да трамвайных пуцей…? – кінулася Ларыса Іванаўна да дзяўчыны-студэнткі з адухаўлёным тварам.

Мяккія валасы дзяўчыны роўна расчасаныя на прамы прабор надавалі твару карцінны пяшчотны вобраз – мадона з палотнаў сярэднявечча.

- Я нічога не ведаю, – грубавата адшыла яе студэнтка, страціўшы адухаўлённасць і не жадаючы турбаваць сябе адказамі на пытанні, шуганулася да ларка "Белдзярждрука".

- Дзетачка, 95-й паварочвае раней, да трамвая не даедзеш, – сівая рэдкавалосая суханькая бабуля, ласкава называючы саракапяцігадоваю Ларысу Іванаўну дзетачкай, падкульгваючы падышла да яе. – Дзетачка, я табе зараз раскажу як даехаць. Садзіся на 113-й,… як паверне – адразу выходзь, там побач убачыш трамвайны прыпынак, не заблытаешся.

Дзяцюк, уладар заглушаных навушнікамі вушэй, пругка, спартыўна заскочыў у аўтобус і, моцна ўхапіўшыся ў салоне за камель металічнай стойкі, шкляным позіркам утаропіўся праз акно паверх людскіх галоў у бяскрайнюю прастору.

- Вялікі дзякуй, – сардэчна дзякавала Ларыса Іванаўна бабулі, – здаецца і ведаеш горад, а апынешся ў новым месцы, усё трэба распытваць.

- А чаму не папытацца? На тое ж і людзі каб адзін аднаму падказваць, дапамагаць, – прамовіла бабуля.

Твар пад сівымі валасамі збаранавалі зморшчыны, перак ля краю вуснаў залеглі складкі доўгага няпростага жыцця, а ў вачах – спагада. Сухая рука з сінімі трапяткімі жылкамі трымала за ручкі танную сумку са штучнай скуры.

95-ы нумар зачыніў дзверы і ціха выпаўз на праезжую частку. Народ на прыпынку зноў зрушыўся, пасунуўся да бардзюра. Набліжаўся аўтобус нумар 113 , паўпусты, прасвечваючыся наскрозь праз вялікія шкляныя вокны.

- Дзякуй Вам,… пабегла. Мой аўтобус, – прыветна кіўнула галавой бабулі Ларыса Іванаўна і з прыемным натхняючым пачуццём, што яна для некага яшчэ дзетка, птушкай упырхнула ў салон.

Пасажыры валам павалілі ў аўтобус, пазаймалі ўсе вольныя месцы, пасталі ў праходах. 113-й нумар на мяккіх нягучных колах, без прыпынкаў, разганяючы хуткасць, паляцеў па Валгаградскай, навісаючы над нізкімі рознакаляровымі легкавікамі, прыдушваючы магутным корпусам выпендроністыя Аудзі і БМВ.

На вуліцы Валгаградскай у прыватнай забудове, у дварах старых, яшчэ трываючых сярод сучасных катэджаў, драўляных з белымі аконнымі весніцамі дамоў, абсыпаныя бела-ружовымі пялёсткамі, буялі майскай квеценню яблыні. Ціхі ўтульны куток Мінска, выспа сярод разрошшагася як на дражжах, выпіраючага за свае межы горада са шкла і бетона.

За паваротам, перакрэсліўшы рэйкі трамвайных пуцей, аўтобус павярнуў направа і на прыпынку спыніў лёгкаплынны палёт. Ларыса Іванаўна ступіла чаравікамі на разагрэты сонцам чыста вымецены асфальт вуліцы. Пад нагамі валяўся недамецены акурак цыгарэты, дакор недасканаласці.

Аўтобусны прыпынак зручна размясціўся побач з трамвайным, літаральна за некалькі крокаў. Апранутыя пад веснавы настрой людзі згрудзіліся на трамвайным прыпынку. Трамваяў доўга не было. Яны ішлі грукочучы і скаланаючы рэйкі ў бок Зялёнага луга, а назад не вярталіся. Людскія галовы былі павернутыя наўздагон адыходзячага трамвая. Нарэшце адзін доўгачаканы выплыў па рэльсах насустрач і, гледзячы жаночым тварам з акна кіроўцы, прагрукатаў да прыпынку, расчыніў дзверы. Ларыса Іванаўна, прыціскаючы да сябе белую летнюю, у залацістых заклёпках дамскую сумачку, залезла праз сярэднія дзверы ў салон. Пройдзе пару хвілін і сюды на прыпынак прыгрукоча наступны трамвай , але людзям абавязкова трэба ўшчаміцца ў першы.

Па салону з трамвайнага хваста, выбіраючыся з цеснаты ў свабаднейшую сярэдзіну, цягнуліся, прасоўваліся між пасажыраў дзве дзяўчыны-німфеткі ў аднолькавых, упіўшыхся ў ногі цягучай гумавай тканінай, сініх джынсах-стрэйч. Прамыя як палкі доўгія валасы з роўна абсечанымі канцамі струменілі за спінамі. Над вачамі навісалі густыя нізкія, пад лінейку падрэзаныя грыўкі. Адна – русявая, другая – фарбаваная вугальная брунэтка. Вобразы спісаныя з модных часопісаў. Бесславесныя, яны ні з кім не размаўлялі, ні ў кога не пыталіся: "Можна прайсці?… Дазвольце?". Моўчкі сунуліся між людзей, адчужана адціскваючыся ад іх плячамі. Прышчаміўшы вузкія клубы Ларысы Іванаўны да пасажырскага сядзення, прасунуліся далей. Брунэтка-німфетка была прыпудраная да томнай бледнасці, каб загасіць малады гуляючы румянец шчок ды схаваць нахабныя спелыя прышчыкі. Вочы – падведзеныя чорнай фарбай.

З сядзення, куды моладзь прышчаміла Ларысу Іванаўну, ўзняліся дзве кабеты і, спытаўшы ці не выходзіць яна часам на наступным прыпынку, абмінулі яе, праціснуліся ў салон. Дзяўчаты-німфеткі юркнулі на вызваліўшыяся месцы. Уладкаваўшыся на сядзенні, грывастыя сяброўкі па ўзмаху чароўнай палачкі выклікалі ў рукі шырокія новамодныя смартфоны і дзявочыя гнуткія пальцы зашуравалі па экранах. Нічога не бачачы навокал німфеткі ўпендрыліся ў сімвалы і малюнкі, ганяючы іх пальцамі і загойсалі па смартфонавых прасторах.

"Эмацыйная закрытасць, – шчымліва думала Ларыса Іванаўна, гледзячы на дзяўчат, заадно пабедавала яна і па хлопцу ў навушніках : такі ж бедалага ў эмацыйнай закрытасці. – Гаротныя дзеці, столькі на іх навалілася. Бясконцая плынь інфармацыі рознай, камп’ютары, мабільныя тэлефоны, з-за гэтага ім цяжка камунікаваць,… яны ж не ўмеюць. Вось і з намі, з дарослымі не размаўляюць, усё маўчком, ды маўчком. Канечне, раней дзецям было лепш, яны і ў скакалку разам гулялі, і ў даганялкі, і ў хованкі… а цяпер… яны такія закрытыя… гаротныя дзеці. Не ўмеюць камунікаваць. Як яны будуць жыць?… Жыццё такое складанае… Эмацыйная закрытасць".

Раптам брунэтка-німфетка перапыніла валтузню са смартфонам, крутнуўшы зрэнкамі акрэсленых чорнай фарбай вачэй, торкнула вострым локцем у бок сяброўкі.

- На якім прыпынку нам выходзіць? Здаецца, тут недалёка.

Смартфон сяброўкі перастаў мільгаць малюнкамі і надпісамі, падмаляваныя бэзавым бляскам вусны расхінуліся і прамовілі:

- Фіг яго ведае, я назву забылася.

- Гэдак мы яшчэ свой прыпынак прапазяхаем. Трэба ў каго спытаць.

Чорныя фарбаваныя вочы забегалі і асэнсавана агледзелі пасажыраў. У праходзе погляд зачапіўся за дзяўчыну-равесніца. Камп’ютар у галаве брунэткі адсканіраваў аб’ект і выдаў адказ: для роспытаў не падыходзіць, і адразу пераключыўся на пажылую жанчыну. Жанчына сядзела якраз насупраць, на развернутым насустрач як у электрычцы сядзенні, шырокая і цяжкая ў светлай пярэстай блузе на выпуск.

- Скажыце, калі ласка, – на круглых пухлых шчаках брунэткі з’явіліся дзве мілыя ямачкі ад усмешкі, лісіны голас прасіў сыру, – нам патрэбна паліклініка, гэта на якім прыпынку выходзіць?

Белагрывая сяброўка схавала смартфон і ўважліва, засяроджана пазірала праз вакно на вуліцу, прыкмячаючы дзе яны едуць.

"Бацюхны мае… размаўляюць! – брынькнула ў галаве Ларысы Іванаўны, - а як жа эмацыйная закрытасць?"– торгала пытанне.

- Дзяўчаткі не хвалюйцеся, я выходжу на тым прыпынку дзе паліклініка, я вам дарогу пакажу.

- Добра, мы выйдзем з Вамі і Вы нам пакажыце куды ісці, – лісіны голас кемліва чапляўся за бабулю.

"Вось табе і скакалкі, хованкі, камунікацыі… я ж думала яны з камп’ютарамі, плэерамі ў абдымку… зусім нямыя", – Ларыса Іванаўна пільна сачыла за дзяўчаткамі.

А яны трапна ўзялі бабулю ў абарот і прызначылі ў праважатыя. Бабуля паднялася з сядзення.

- Вы выходзіце? – папыталася яна ў пасажыраў і шырока зайшла ў расхінуўшыйся натоўп. Дзяўчаты ішлі следам ва ўтвораным бабуляй фарватары. Ухапіўшыся слабой рукой за поручань бабуля цяжка саступіла з трамвайнай прыступкі. Дзяўчаты зайкамі павыскоквалі ўслед.

"Маглі выйсці першымі і падаць старой руку, - дакорліва глядзела на іх Ларысы Іванаўны. – Эмацыйная закрытасць", – падкузьміў унутраны голас.

- Ё-маё , мне ж выходзіць! - паглынутая глыбокім псіхааналізам лёсу будучых пакаленняў Ларыса Іванаўна ледзь не прапусціла патрэбны прыпынак, – дазвольце,… прапусуціце,… можна прайсці?- пёрла яна да выхаду, с прыскокам гопнула на асфальт, трамвайныя дзверы зачыніліся за спіной.

Бабуля пераходзіла вуліцу павольнымі крокамі і паказвала наперад рукой правадыра ў бок паліклінікі. З двух бакоў як крылы анёла яе аточвалі дзве лёгкія маладыя постаці. 

Автор: Зоя

Пост публикуется в рамках конкурса BLOG.TUT.BY "Маё асяроддзе"

Орфография и пунктуация автора сохранены
-20%
-10%
-30%
-10%
-15%
-20%
-50%
-50%