WWW.TUTBY.NEWS - наш запасной адрес на случай, если TUT.BY не открывается


Трыццацідзевяцігадовы гамяльчук, інжынер па адукацыі і бацька дваіх дзяцей Зміцер Шаўчэнка развівае незвычайнае мастацтва - драўляныя пазлы. У яго руках гэта не толькі арыгінальныя цацкі, але і гісторыя Беларусі.

Творчай майстэрняй Зміцеру служыць бацькоўскае лецішча. Там нараджаюцца яго драўляныя дзівосы: пазлы-вожыкі, лісы, козы, сямейкі слонікаў, сёе-тое з тэхнікі. А яшчэ - беларуская "Пагоня", Усяслаў Чарадзей у вобразе спрытнага і кемлівага ваўка ды шмат чаго іншага.

Фото: www.svaboda.org
Зміцер Шаўчэнка са сваімі пазламі. Фото: www.svaboda.org

Як і чаму інжынер-электроншчык па адукацыі звярнуўся да такога "няпрофільнага" рамяства? Павыбачаўшыся за слабое валоданне беларускай мовай, Шаўчэнка апавёў па-руску: "У двух напрамках усё развівалася. Натуральна, у першую чаргу свае дзеці - хацелася зрабіць больш разнастайным іхняе разуменне свету. Бо мы ж круцімся пераважна ў пластмасавым асяродку, не заўважаючы цуд прыроды - дрэва. Максімум - сутыкаемся з фанерай, калі ходзім па крамах. Іншае. Раней я займаўся аптовым продажам, але, груба кажучы, з апошняга месца працы мяне папрасілі. Я спыніўся і з аптовым продажам, і з грамадскай дзейнасцю і вырашыў, што трэба зрабіць штосьці сваё, арыгінальнае".

Калядныя персанажы. Фото: www.svaboda.org
Калядныя персанажы. Фото: www.svaboda.org

Змітру прыглянулася дрэва:

"Жывы матэрыял, які, апрача таго што дае радасць пакупнікам, радуе і майстра, калі ён з дрэвам працуе. Найперш гэта бяроза. З ёю працаваць лёгка і прыемна, яна і недарагая. Дый энэргетыка ў бярозы станоўчая для дзіцячых цацак. А яшчэ ясень, дуб - усё, што можна прыдбаць, што пад рукою. Але гэтыя пароды дрэва найперш для інтэр'ерных упрыгожванняў".

Эскізы драўляных цацак-пазлаў часцяком распрацоўвала для Змітра сястра Алена - гэта ў яе выдатна атрымліваецца. А выразаў іх Зміцер на лобзікавым станку, апрацоўваў уручную, фарбаваў выключна алейнымі фарбамі - без аніякага лаку, бо лічыць яго ворагам дзіцячых цацак. Зміцер згадвае, што напачатку карыстаўся абрэзкамі дошак з мэблевых прадпрыемстваў - прыватных і дзяржаўных. Цяпер спрэс бярэ дошкі патрэбнай таўшчыні з пэўнай пароды дрэва.

Зміцер з дзецьмі і пляменніцай. Фото: www.svaboda.org
Зміцер з дзецьмі і пляменніцай. Фото: www.svaboda.org

Першымі ацанілі цацкі ўласныя дзеці Змітра - Ганулька і Давід. А яшчэ дзятва з садочка, куды Зміцер з жонкай Алай, лекарам па прафесіі, вадзілі сына:

"Давіду было два гады - гэта самы такі пікавы ўзрост успрыняцця пазлаў, калі дзеці, як гумка, убіраюць у сябе такія рэчы. І ён, пачаўшы з трох-чатырох частак, літаральна за тры тыдні складваў пазлы з сарака частак. У сына ў садку было нават прозвішча "прафесар". За ім не маглі ўгнацца ні выхавацелькі, ні нянечкі".

Шаўчэнка на пачатку меўся прапаноўваць свае цацкі дзіцячым садкам, але пасля ад гэтай задумкі адмовіўся, паколькі пайшла рэалізацыя цацак праз інтэрнэт. Утварылася нават інтэрнэт-група з адрэсай: vk.com/derevko_by.

Людзі сталі не толькі замаўляць цацкі, але і рабіць свае прапановы. Прыкладам, сям'я сланоў, у якой трое малых.

Над пашырэннем тэматыкі стаў больш думаць і сам Зміцер, як ён кажа пра сябе, ліцвін з украінскімі каранямі:

"Самай хадавой і самай асноўнай спачатку была афрыканская тэма - сланы, жырафы. Нашы беларусы, я нават не ведаю чаму, цягнуліся да такой паўднёвай экзотыкі. З мясцовых жывёлін надзвычай добра ўспрымаліся вожыкі. Але хацелася больш свайго, з нейкай такой перлінай, звязанай з гісторыяй. Нарадзіліся "Пагоня", "Воўк-Чарадзей". "Пагоня" карыстаецца добрым попытам, а "Воўк", то бок Усяслаў Чарадзей, крыху менш, бо не для ўсіх беларусаў гэта сімвал, не ўсе ведаюць тэму".

Цацку-пазл "Пагоня" Зміцер вырашыў зрабіць сам. Тры гады таму ён быў адным з актыўных распаўсюднікаў улётак "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" з нацыянальй сімволікай, за што тройчы трапляў за краты. Іншыя беларускія гістарычныя персанажы і сюжэты падказвалі сябры і паплечнікі: "Ідэя з "Пагоняй" нарадзілася канкрэтна ў мяне. А ўвогуле мне дапамагаюць двое мастакоў: мая сястра Алена і Марыся Тульжанкова з "Талакі". Гэта Марысі ідэя і ўвасабленне Ўсяслава Чарадзея".

Фото: www.svaboda.org
Фото: www.svaboda.org

Цяпер Зміцер падумвае над тэматычнай серыяй драўляных цацак-пазлаў:

"Была такая задумка рабіць у выглядзе пазлаў старадаўнія замкі: Мірскі замак, Гомельскі палац - маецца эскіз апошняга. Але ўсё яшчэ пакуль рукі не даходзяць. Ну і думаю працягваць жывёльную тэматыку. Апрача вожыкаў, і буслы, і зубры".

Зрэшты, ад вожыкаў майстра таксама не адмаўляецца, бо варыянтаў існуе мноства. Чаго толькі вартыя беларуска-ўкраінскія вожыкі: стыльна, ярка - і надзвычай надзённа! 

Фото: www.svaboda.org
Фото: www.svaboda.org
-31%
-20%
-20%
-40%
-20%
-50%