Коронавирус
Выборы-2020
Отдых в Беларуси


Час ідзе, і ва ўмовах суверэннай Беларусі ўжо вырасла пакаленне, гатовае ствараць новае пакаленне. Затурбаваўшыся аб дэмаграфічнай будучыні краіны, мы вырашылі паразмаўляць з маладымі дзяўчатамі "ў палажэнні", каб даведацца, што яны адчуваюць падчас цяжарнасці, як гэты стан іх змяняе, якімі яны бачаць сваіх будучых дзяцей і як збіраюцца іх выхоўваць. Карціна, якую ствараюць гэтыя пяць гісторый цяжарнасці, магчыма, ідэалістычная і дакладна вельмі аптымістычная. Але гэта і добра, бо будучыню ствараем мы.
 

Ганна, 26 гадоў (сёмы месяц)

Фота: 34mag.net
Фота: 34mag.net
Я заўжды хацела мець дзіця і гадоў з 18-ці ўсведамляла, што ніколі не зраблю аборту, але калі даведалася пра цяжарнасць – у мяне быў шок. Я проста не разумела, што рабіць далей, бо гэта было незапланавана, і ўсе ўмовы былі больш чым неспрыяльныя. У стане ляжання на канапе я прабыла да першага УГД. Некаторыя супраць гэтай працэдуры – быццам, палохае немаўля, але ў маім выпадку яна была ратаваннем, бо калі я ўбачыла, як малое плёскаецца ў жываце, якое яно прыгожае і безабароннае, я адразу ж прыняла яго і палюбіла.
 
З гэтага моманту ўсё пачало набываць сэнс. Змянілася адчуванне сябе, свайго цела, з’явілася нейкая даросласць і жаноцкасць, якой раней не было. Адносіны з роднымі, праўда, хутчэй абвастрыліся, чым палепшыліся. Напэўна, шмат цяжарных жанчын перажываюць стан, калі здаецца: я ў становішчы, усе павінны са мной насіцца – а ніхто не носіцца, і робіцца крыўдна. Але цяпер, на сёмым месяцы, я ўсведамляю, што насамрэч спадзявацца трэба толькі на сябе.
 
Да родаў рыхтуюся як магу – хаджу на гімнастыку, вучуся правільна дыхаць, – але яшчэ не шмат пра іх думаю. А вось пра дзіця – так, думаю. Я бачу яе чалавекам, прыгожым і годным, а ўжо які шлях яна абярэ па жыцці – гэта яе справа. Я магу толькі параіць і не збіраюся нічога навязваць. Цікава, што нават у чэраве я адчуваю яе самастойнасць, часам, калі я хачу з ёй паразмаўляць, адчуваю пасыл прыкладна такі – ідзі ты, мама, займайся сваімі справамі, я хачу падрыхнуць. 
Хаця, кажуць, у чэраве дзеці ўвогуле не любяць, калі да іх часта звяртаюцца.
 
Я вельмі шчаслівая, што мне "даручылі" чалавечка, бо лічу, што нічога выпадковага ў гэтым свеце няма – і ўжо дакладна новае жыццё не можа быць пасланае выпадкова. З цяжкасцю пакуль уяўляю, як маё асабістае існаванне зменіцца пасля нараджэння малой, але дакладна ж зменіцца. Спадзяюся, усё будзе лёгка і шчасліва – і гэта, хутчэй за ўсё, залежыць ад мяне самой. Я хацела б працягваць стасункі з навакольным светам, магчыма, пашукаю нейкую працу, якой можна будзе займацца дома, бо пражыць на "дэкрэтныя", мяркую, будзе няпроста. Побач са мной няма мужчыны, які б мяне падтрымліваў маральна і матэрыяльна. Гэта, вядома, нявесела, але з іншага боку стымулюе да актыўнай дзейнасці, не дае зусім ужо заглыбіцца ў мацярынскія інстынкты. Магчыма, наперадзе вялікае каханне.
 
Што датычыцца месца, дзе дачцэ расці, дык я люблю сваю краіну і адчуваю сувязь са сваёй зямлёй. Але калі аднойчы яна скажа: мама, я хачу жыць у Нью-Ёрку – я не асабліва здзіўлюся. Тым не менш, я веру, што калі нейкія змены і адбудуцца ў нашым грамадстве, то акурат у час, калі дзеці пакалення маёй дачкі будуць перажываць сваю маладосць.
 
 

Дар’я, 25 гадоў (пяты месяц) 

Фота: 34mag.net
Фота: 34mag.net
Шчасце, неверагоднае шчасце! Я чакаю дзіця, я цяжарная, нарэшце, пасля двух гадоў чакання! Я амаль ужо згубіла надзею і думала ехаць да лекараў.
 
Пра дзяцей мы з мужам марылі з самага пачатку адносін. Наша каханне павінна было ў нешта ўвасобіцца. Я адчувала сябе любімай, жаданай і ўпэўненай – ідэальны стан, каб зрабіцца маці. Заўсёды з замілаваннем глядзела на дзетак, але нельга сказаць, што без страху. Адказнасць палохае. Як гэта паўплывае на маё жыццё, на цела, на здароўе, на працу?
 
І вось нарэшце гэта здарылася – паласаты тэст, здзіўленне, сумневы. Быццам бы ўсе шчаслівыя, але ашаломленыя. Мы з мужам супакоіліся, напэўна, толькі на першым УГД. На працы ўсе здагадаліся, калі мяне пачало ванітаваць раніцамі. А потым я ўвогуле сышла ў бальнічны з-за пагрозы выкідку. Я думаю, яны радуюцца за мяне, яны добрыя людзі.
 
Так склаліся абставіны, што нам з мужам давялося звярнуцца ў платную лякарню і не ў Беларусі. У выніку: высакакласны лекар, аналізы ўсе за 5 хвілін і без чаргі. Кандыцыянер, вада, мяккія канапы ў прыёмным пакоі, што істотна, калі кепска сябе адчуваеш. Лекар выходзіць з кабінета, каб са мной павітацца, ведае мяне і мужа па імёнах, падрабязна распавядае пра тое, што адбываецца са мной і дзіцём. Гэта вельмі дорага, але яно таго вартае, я рада, што ў лекара добры настрой дзякуючы добраму заробку!
 
Я веру, што ўсё пройдзе добра, мне сняцца сны, быццам мне зусім не балюча, і ў мяне з’яўляецца цудоўны малы.
 
Мяне ванітуе кожную раніцу без святаў і выходных вось ужо паўгода, але я ўсё роўна адчуваю гэтае неверагоднае шчасце, самае вялікае на свеце, я магу гэта паўтараць бясконца! Хаця благі настрой таксама бывае, і шкарпэткі ў куце раздражняюць – гармоны ўсё ж.
 
Хочацца быць добрай мамай, спакойнай і шчаслівай, развіваць дзіця, прысвячаць яму кожнаю хвілінку. А часам пакідаць яго ў бабулі з дзедам, каб пайсці з мужам у тэатр, сустрэцца з сябрамі або проста прагуляцца па крамах. Мне цяжка ўявіць сваю актыўнасць пасля родаў. Хацелася б працаваць дыстанцыйна. Можа, здам на правы, давучу недавучаныя мовы, атрымаю юрыдычную адукацыю.
 
Грашовае пытанне, як заўсёды, самае складанае. Мужу давядзецца добра папахаць. Пакуль у мяне была праца, мы нешта назапасілі. Галадаць, вядома, не будзем, але эканоміць давядзецца. Калі малога можна будзе аддаць у садок, я вярнуся да працоўнай дзейнасці. Месца давядзецца шукаць з нуля, за плячыма – айчынная вышэйшая адукацыя і невялікі вопыт. Цяжка давядзецца, але я гляджу ў будучыню з аптымізмам. Падчас дэкрэту хачу назапасіць карысную базу і не адарвацца ад жыцця.
 
Цяпер я ўяўляю сваё дзіцё анёлам, які мудрэйшы і лепшы за мяне. Ён прыйдзе ў гэты свет, каб прасвятліць мяне. Ён дасканалы і цудоўны. Гэта не я буду яго выхоўваць, я ён мяне. Я мару зрабіць з яго ідэальнага чалавека і даць яму шчаслівае дзяцінства. З таго моманту, як я даведалася пра яго, я пачала метадычна ўзгадваць сваё дзяцінства. Яно не было ідэальнае, але дакладна было шчаслівае. Я чамусьці баюся даць свайму дзіцяці зашмат, хвалююся, каб ён не згубіў чысціню дзіцячай радасці. Цяпер за грошы можна атрымаць усё. Мне здаецца, дзеці не цэняць простых рэчаў. Не ведаю, буду дзейнічаць па адчуваннях ды інтуіцыі – гэта лепей за ўсе методыкі.
 
Хачу, каб маё дзіця вырасла моцным, разумным, сучасным і ўпэўненым у сабе чалавекам. Каб ён увасобіў найлепшыя чалавечыя якасці. Пакаленне майго дзіцяці мяне не надта цікавіць. Вечная ісціна – хочаш змяніць свет, пачні з сябе. Я спадзяюся, што новы чалавек, якога я так чакаю, будзе годным.
 

Дар’я, 24 гады (чацвёрты месяц) 

Фота: 34mag.net
Фота: 34mag.net
За месяц да таго, як я даведалася пра цяжарнасць, у мяне пачаў фармавацца больш мяккі тэмперамент, мяккасць у стасунках з мужчынамі. Знікла агрэсія. Нашае дзіця не было запланаванае, таму, калі б не цвёрдая пазіцыя таты, я не ведаю, ці працягнула б цяжарнасць – у нас тады былі няпростыя адносіны. Але цяпер, на чацвёртым месяцы, калі мой жывоцік пачаў круглець, такія думкі не здаюцца мне магчымымі. Унутры мяне асоба, з якой трэба лічыцца!
 
Родныя і блізкія былі ў шоку! З маім мужчынам на той момант мы былі разам толькі два месяцы, да гэтага ў яго былі адносіны даўжынёй дзевяць гадоў і двое дзяцей. На працы мяне скарацілі да двух дзён на тыдні, пачалі меней плаціць, увогуле, ставіліся да мяне, як да абузы. Як ні віншавалі, ні ўсміхаліся, я ўсё роўна гэта адчувала.
 
Паходы да лекара даводзяць мяне да шаленства. Была б магчымасць весці цяжарнасць, як у старадаўніх плямёнах, калі ўся грамада назірала за працэсам і старэйшыя жанчыны роду давалі парады маладым, я была б вельмі рада. Тое ж датычыцца родаў – я хацела б нараджаць дома, але ў нашай краіне гэта лічыцца незаконным, даводзіцца "с луны" даставаць тэлефоны акушэрак, а яны размаўляюць так, быццам не праводзяць у свет новага чалавека, а гандлююць наркатой. Таму, напэўна, давядзецца ехаць у радзільню.
 
Цяпер я стараюся не забываць, што выношваю асобу, бо мне з ім яшчэ размаўляць, глядзець яму ў вочы. Я слухаю прыгожую музыку, займаюся творчасцю і вельмі шмат сплю, запасаюся на будучыню, бо разумею, што пасля родаў такой магчымасці не будзе. 
 
Думаю, у нас з дзіцём ужо адбылося паразуменне. Я адчуваю яго настроі, хаця, магчыма, гэта мае домыслы. Стаўленне да сябе таксама змянілася – я ўяўляю сябе зямлёй-карміліцай, машынай па выпрацоўванні карысных рэчываў і пазітыўнага настрою. А каханага я пачала любіць яшчэ больш, быццам разам з дзіцём ува мне расце і пачуццё.
 
Сваё немаўля ў бачу чорненькім разумненькім хлопчыкам, як у маім сне, але на УГД сказалі, што малое падобнае на дзяўчынку. Я ведаю, што буду з дзіцём кожную хвіліну, цярпліва ўсё тлумачыць, размаўляць, як з роўняй, не сюсюкаць. Буду паважаць яго асобу, але не гадаваць эгаіста, паспрабую выхаваць у ім уменне адмовіцца ад камфорту і ахвяраваць сваімі капрызамі.
 
Наконт краіны, дзе маё дзіця будзе расці, магу толькі выказаць надзею, што дыктатура не будзе вечнай.
 

Каця, 27 гадоў (трэці месяц) 

Фота: 34mag.net
Фота: 34mag.net
Калі я даведалася, што чакаю дзіця, я адчула радасць і нецярпенне. На наступны дзень прыйшло разуменне таго, што мне трэба тэрмінова зрабіць безліч справаў, якія будуць для мяне невыканальныя ў бліжэйшай будучыні. Муж шчаслівы – мы разам чакалі і планавалі гэтую цяжарнасць, астатнія родныя хвалююцца за маё здароўе – я за месяц да паспяховай цяжарнасці перанесла выкідак, дый першае дзіцё яшчэ невялікага ўзросту.
 
Я цяпер у дэкрэтным адпачынку. Асноўны прыбытак і задавальненне мне прыносіць рамяство, якім я займаюся ў доме, а цяжарнасць гэтаму перашкодзіць фактычна не можа. Я з радасцю пераскочу з аднаго дэкрэтнага ў другі, каб выхоўваць дзяцей, займацца музыкай, рамяством, дызайнам, самаадукацыяй, дальнімі прагулкамі, паходамі ды іншымі цудоўнымі справамі. Калі б на тое была мая воля, я б з дэкрэту ўвогуле не выходзіла, сядзела б у ім усё жыццё.
 
Дапамога ад дзяржавы смехатворная, расціць дзіцё я збіраюся на заробак мужа і свае прыбыткі ад рамяства і музыкі. Адзін дэкрэт мы так ужо перажылі – спіш, вядома, мала, затое памперсы не здаюцца святочным аксэсуарам.
 
Цяжарнасць я вяду афіцыйна, бо мінулыя праблемы са здароўем навучылі мяне не быць падкай на самааналіз і самалячэнне. Цяжарнасць – натуральны і цудоўны стан жанчыны, але я, на жаль, не магу сама сабе зрабіць УГД або "прачытаць" уласныя аналізы. 
 
Лекары – звычайныя людзі, сярод іх трапляюцца бессардэчныя і клапатлівыя, карыслівыя і чалавечныя, кампетэнтныя і проста дурні. Вядома, матэрыяльнае становішча нашых лякарняў пакідае жадаць лепшага – калі адна душавая на паверх і там толькі халодная вада, а на аблезлай сцяне грыбок велічынёй з добрую палянку, міжвольна пачынаеш пачуваць сябе хворай, няшчаснай і нікому не патрэбнай.
 
Нараджаць я буду з мужам – практыка паказала, што калі побач каханы і блізкі чалавек, то гэта вельмі натхняе і палягчае боль. Дый чыста фізічна лягчэй – ёсць за каго ўчапіцца падчас схватак, ёсць каму паліць цябе душыкам, сказаць добрае слоўца, падтрымаць.
Мой малы будзе цудоўным, у гэтым няма сумневу. З дзіцем трэба больш гуляць, гуляць і працаваць. Разам. І не ленавацца, не даваць яму глядзець жудасныя бессэнсоўныя мульты, тады ён вырасце такім, як мае быць. Я буду выхоўваць дзіцё так, як адчуваю – не мае значэння, бабулін гэта рэцэпт або наватарска-шакуючы. Напрыклад, слінг – цудоўная рэч, з яго дапамогай я аб’ехала са старэйшай дачкой усю Беларусь, не маючы асабістага транспарту, абышла безліч выставаў і музеяў, нават канцэрты грала з дачкой у слінгу.
 
Я пастараюся зрабіць так, каб паміж маімі дваімі дзецьмі не было рэўнасці. Трэба даць адчуць старэйшаму, што малодшы мае патрэбу ў ягоным клопаце і абароне, зрабіць моцным, разумным, добрым.
 
Я хачу, каб мой малы быў шчаслівы. Гэтага тэарэтычна можна дасягнуць у любой краіне. А калі дзіцё задумваецца пра тое, наколькі яго шчасце залежыць ад жыцця ў тым або іншым месцы – значыць, яно вырасла. І час падтрымаць яго жаданне жыць у тым месцы, якое яму больш падабаецца, і не скардзіцца на старасць і адзіноту. Беларусь, вядома, не Нэвэрлэнд, але шчаслівым можна быць і тут.
 

Марына, 25 гадоў (дзявяты месяц) 

Фота: 34mag.net
Фота: 34mag.net
Я чакаю другое дзіця і, вядома, параўноўваю адчуванні падчас першай і другой цяжарнасці. Калі з першай я адчула спачатку спалох, бо вучылася на апошнім курсе ўнівера і жыццё было не вельмі ўладкаванае, то з гэтай у мяне звязаныя толькі радасць і здзіўленне. Тым не менш, думкі пра аборт узнікалі – я чамусь вельмі баялася, што будуць заганы развіцця. Не ведаю, што б я вырашыла, але на першым УГД сказалі: усё добра. Я вельмі шчаслівая, што мне не давялося рабіць гэты выбар.
 
Пражыць і выгадаваць дзіцё на дзярждапамогу амаль немагчыма. Калі муж забяспечвае жонку харчаваннем, адзежай і жытлом, а ўсе дапаможныя грошы ідуць на дзіцё – тады так, яго хапае. А як жывуць маці-адзіночкі, я сабе нават не ўяўляю.
 
Я ведаю, што пасля нараджэння малой мяне чакаюць паўгода бяссонных начэй і хваляванняў з нагоды тэмпературы і зубікаў, але ўсё гэта перакрыецца пазітывам і пяшчотай адносін з новым чалавечкам. Я збіраюся сядзець з дзіцём столькі, колькі яму спатрэбіцца. Працягну займацца капірайтамі, хачу паспрабаваць сябе ў прозе або журналістыцы.
 
Мне здаецца, што не толькі маці фармуе асобу будучага дзіцяці, але й наадварот. Я заўсёды была даволі запальчывая, а тут давялося суцішыць свой запал і гонар. Я слухаю класічную музыку, хаджу ў тэатры, музеі, але – мяркуючы па першай дачцэ – гэта яшчэ не значыць, што дзіцё будзе мець схільнасць да мастацтва. Яна ў мяне разумная і спакойная – і я не ведаю, ці гэта маё выхаванне, ці проста яна такой нарадзілася.
 
Тое, што я пачала больш берагчы сябе, ашчаджацца ў эмацыйным плане – вельмі добра паўплывала на адносіны з мужам. 
 
Мы стараемся стрымлівацца – і дзякуючы гэтаму ўжо падчас першай цяжарнасці неяк канчаткова прыцерліся.
 
Я нічога канкрэтнага ад дзіцяці не чакаю – якога Бог пашле, такі будзе ў радасць. Але спадзяюся, што яна вырасце спакойнай, бо падчас цяжарнасці я спакойная як удаў. Я збіраюся выгадваць малую без рамня, тлумачыць ёй, чаму і што нельга рабіць, размаўляць, як з роўняй, даверлівым тонам.
 
Думаю, што адносіны маёй старэйшай дачкі да немаўляці будуць добрыя, яна ўжо чакае сястрычку, цалуе і гладзіць жывоцік, дапамагае мне выбіраць цацкі і вопратку для малой. Кажа, што будзе дапамагаць. Увогуле, калі раней у нас быў адзін цэнтр сусвету, то цяпер раўнапраўныя – два. Таму я проста кажу старэйшай: пацярпі, будзь уважлівай, у мамы сястрычка ў жывоціку, трэба яе берагчы.
 
Наконт пакалення нашых дзяцей я ўпэўненая, што яны будуць вельмі прасунутыя ў адносінах ІТ – і гэта цудоўна! Спадзяюся, яны навучацца берагчы сябе ад інфармацыйнага і жыццёвага смецця. Хачу, каб мае дзеці былі добрымі спецыялістамі і з’ехалі ў якую-небудзь краіну з развітымі тэхналогіямі, бо ў нашай дзяржаве эканамічная сітуацыя наўрад ці палепшыцца. Мне не істотна, будуць яны праграмістамі або мастакамі, настаўнікамі або дактарамі. Галоўнае, каб добра рабілі сваю справу і былі людзьмі.
 
-20%
-10%
-5%
-25%
-50%
-25%
-20%
-20%
-10%