Марта Мартынюк,

Фота: Брэсцкая газета
Фота: Брэсцкая газета
Анатоль Брытун з поспехам сумяшчае працу ў Брэсцкай мытні і напісанне прыгодніцкіх раманаў пра Белавежскую пушчу. Акрамя таго, ён вядзе папулярны блог і актыўна абараняе беларускую гісторыю на форумах.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар кнігі "Пах мускусу" (2012 год) і іншых гістарычна-прыгодніцкіх твораў распавёў "БГ" аб сваім жыцці і творчасці.


Кароткая аўтабіяграфія:

Нарадзіўся ў вёсцы Баранцы Жабінкаўскага раёна. Пасля васьмі класаў Верхалескай школы вучыўся ў тэхнікуме ў Пінску, затым паступіў у сельгасакадэмію. Працаваў інжынерам у дырэкцыі "Галоўпалессеводбуда". Пасля працы працягваў вучобу ў Брэсцкім педагагічным інстытуце на факультэце грамадскіх прафесій. Пасля вучобы прапанавалі працу гіда-перакладчыка ў БММТ "Спутнік", "Інтурысце" і "Інтурбюро". Праз некаторы час, дзякуючы веданню замежнай мовы, стаў інспектарам Брэсцкай мытні, дзе працую ўжо больш за дваццаць год.

- Калі у Вашым бурным жыцці з’явілася вага пісьменства?

- З дзяцінства я быў летуценнікам, інакш кажучы, хлопчыкам, які марыць. Надта ўжо любіў прыгодніцкія кнігі. У сельскай бібліятэцы быў самым адданым чытачом. І калі чытаў, дык цалкам акунаўся ў гэты мір, падавалася, што там і жыву. Даходзіла да смешнага. Напрыклад, чытаю "Рабінзона Круза" Даніэля Дэфо. Толькі ўявіце сябе, чалавек 15 год жыў самотна на востраве, і тут бачыць чалавечыя сляды! Мне робіцца жудасна. Ашаломлены, выбягаю на вуліцу, гляжу: маці, бацька - я не адзін на гэтым востраве! Вось так веру ў тое, што чытаю.

А пісаць я пачаў, калі з’явіліся камп’ютары. Невялічкія апавяданні на старонку-дзве. Нікому не даваў чытаць…

У той час я даглядаў маці, мы шмат з ёй пра мінулае размаўлялі. І аднойчы пачуў ад яе, што мой дзед і прадзед раней жылі ў Белавежскай пушчы, працавалі там ляснічымі, стражнікамі. А мая бабуля зрэдчас мянушыла дзеда "упартым ятвягам" (ятвягі жылі паміж Нёманам і ракой Нараўкай, там дзе Белавежская пушча). Але якія ятвягі ў XIX стагоддзі? З інтэрнэта даведаўся, што пры першым перапісе насельніцтва 1863 года 25 тысяч чалавек запісаліся ятвягамі.

Так я даведаўся аб сваіх цікавых каранях. Мае продкі жылі ў цэнтры пушчы. Падчас Першай сусветнай вайны іх выселілі. Мой дзед са сваім бацькам стралялі кайзераўцаў, якія пілавалі дубы і забівалі зуброў. Калі ў 1915 годзе нарадзіўся мой бацька, роды прымалі мой дзед і прадзед, гэта значыць, муж і свёкар для маёй бабулі. І аккурат немцы выйшлі да іхняй хаты: іх прывялі сабакі. Калі афіцэр убачыў, што двое мужчын прымаюць роды ў жанчыны, ён загадаў не забіць, а пасадзіць усю сям’ю на воз і ад’ехаць без права вяртання за 100 вёрст ад Белавежскай пушчы.

Акрамя таго, мяне заўсёды здзіўляла… Ёсць Аляска, і Джэк Лондан напісаў дзесяткі кніг пра яе. Ёсць прэрыі, і Фенімор Купер напісаў шмат прыгодніцкіх кніг пра іх. Ёсць фільмы і кнігі пра Шэрвудскі лес, дзе жыў Робін Гуд. А ў нас самы лепшы і прыгожы лес на ўсю Еўропу, але няма ніводнай прыгодніцкай кнігі. І я пачаў фантазіраваць... Так з’явіўся раман "Пах мускусу".

- Які шлях прайшла кніга ад напісання да друку?

- Калі па-праўдзе, дык я напісаў большы раман, чым выдалі. Падзеі ў рамане пачыналіся ў 1840 годзе, а заканчваліся ў 1917-м. Калі перанёс гэта на кнігу, дык атрымалася вельмі аб’ёмна, прыйшлося частку з рамана выключыць. З гэтай часткі пазней напісаў дэтэктыў.

У 2009 годзе паслаў рукапіс у часопіс "Полымя". Праз два месяцы атрымаў навіну, што збіраюцца надрукаваць. Раман у часопіснай версіі з’явіўся ў першых нумарах "Полымя" за 2010 год.

Як дзяржслужачы я не маю права атрымліваць грошы ад фундатара, прыйшлося кнігу выдаваць за свае ўласныя грошы. Хачу з удзячнасцю адзначыць, што палову з 300 экзэмпляраў выкупіла Брэсцкая мытня для сваіх служачых. Частка пайшла ў бібліятэкі, частка - у кнігарні, а рэшта разыйшлася па родных і сябрах.

- Якая мэта Вашай творчасці?

- Запоўніць недарэчны прабел адсутнасці прыгодніцкіх кніг пра Белавежскую пушчу. На сённяшні дзень сустрэў толькі адну мастацкую кнігу. Няма ніводнай прыгодніцкай кнігі, ёсць процьма навуковых прац, карт, альбомаў. А прыгодніцкая кніга можа замяніць цэлы калектыў тых, хто займаецца папулярызацыяй самага лепшага куточка старажытнай нашай краіны. Маю надзею, што, калі чалавек прачытае "Пах мускусу", ён захоча наведаць пушчу. У кнізе шмат чаго з гісторыі пушчы, з адносін чалавека да лесу, адносін паміж людзьмі.

- Чаму Вы абралі беларускую мову для творчасці?

- Калі паехаў працаваць у Расію, на Пскоўшчыну, з маёй мовы часцяком жартавалі. Мне падавалася, што я гавару па-руску добра, але расіяне гавораць зусім па-іншаму. І я пачаў адрозніваць беларусаў па мове (смяецца). Акрамя таго, ведаючы беларускую мову, разумею мовы славакаў, чэхаў, сербаў, харватаў… Чытаю старажытныя летапісы, гістарычныя дакументы. Беларуская мова - праўдзівая, славянская, сапраўдная мова. Пройдзе час, і ўсё адродзіцца.

- Чаму ж беларусы больш па-руску размаўляюць, як лічыце?

- Гэта яшчэ адчуванне савецкай прапаганды. Калі б не паехаў у Расію, калі б не працаваў перакладчыкам, дык можа і не звярнуў бы ўвагу на беларускую мову. Але наша мова дзівосная. Напрыклад, звыклае слова "дурань". Я знайшоў, здаецца, больш за сорак сінонімаў у беларускай! (смяецца)

- А на працы Вы размаўляеце па-беларуску?

- Зрэдчас. Калі на чыгунцы працаваў, здаралася. Я нават апавяданне напісаў пра гэта.

У купэ цягніка Масква - Варшава сядзяць паляк, рускі і беларус - прафесар з Мінска. Я пачуў, што размаўляе ён на беларускай мове. Раздаваў дэкларацыі і размаўляў з рускім на рускай, з палякам на польскай, з беларусам на беларускай. Выйшаў і пачуў, як паляк кажа: "О, як у вас мытнікі выдатна вышкаленыя! На трох мовах гамоніць і не запінаецца!"

- Ці рыхтуеце Вы чытачам нешта ў хуткім часе?

- Тыдзень таму я выслаў у "Літаратуру і мастацтва" прыгодніцкі раман, напісаны па звестках, якія чуў з дзяцінства. Мне падаецца, гэта будзе найлепшы твор з таго, што дагэтуль напісаў. Мяркую, што лепш, чым раман "Сяліба", ужо і не напішу. Гэта твор пра майго дзеда, які пражыў сто год, пяць з іх правёў у Амерыцы на заробках, перажыў бежанства падчас Першай сусветнай вайны, затым рэвалюцыю, савецкую ўладу, польскую, немецкую акупацыю, ізноў савецкую. Дзед быў надта цікавы, ведаў англійскую мову, польскую, рускую і тутэйшую - беларускі палескі дыялект. Акрамя таго вывучыў на памяць усю Біблію.

- Як Вы кантактуеце з чытачамі?

- У мяне ёсць блог britun.blog.tut.by, яго чытаюць, мне пішуць. Як цяпер кажуць, мой рэйтынг папулярнасці па блогах Брэсцкай вобласці часам дасягае 5-6-га месца, а па Беларусі - 93-га.

Аднойчы стварыў на гістарычным форуме Tut.by тэму "Для тых, хто цікавіцца сваёй старажытнай гісторыяй". Дык яна - сапраўдны рэкардсмен на Tut.by. Інакш кажучы, за два гады больш за 180 тысяч наведвальнікаў і 20 тысяч каментарыяў. Значыць, людзям падабаецца весці са мной электронную гутарку. Звярнуў увагу, што наведвальнікі чакаюць мае пасты па гісторыі нашай старажытнай Беларусі…. Проста суха апісваць гістарычныя факты - гэта не вельмі цікава чытачам, а калі вядзеш гамонку ці спрэчкі з жартамі, як цяпер кажуць, крэатыўна, дык атрымліваецца нашмат цікавей. Акрамя таго, папутна займаюся папулярызацыяй беларускай мовы.

Можа, гэта будзе гучаць трохі пафасна, але варта зведаць свой, самы для нас прыгожы край і аддана любіць гэтую сваю святую зямлю. Іншай нам не дадзена, дый непатрэбна. 
{banner_819}{banner_825}
-11%
-38%
-10%
-10%
-45%
-50%
-20%