Міхась Скобла,

Сямнаццаць гадоў інак Мікалай жыве ў Жыровіцкім Свята-Ўспенскім манастыры. За гэты час ён выпусціў у свет пяць паэтычных зборнікаў (як паэт Зьніч), арганізаваў рэгулярнае выданне багаслоўска-літаратурнага лістка "Жыровіцкая абіцель". У "Вольнай студыі" мы гаворым з ім пра нацыянальных герояў і антыгерояў Беларусі, пра манархічны лад і пра вяртанне бел-чырвона-белага сцяга на дзяржаўныя флягштокі.

— Інак Мікалай, давайце пачнем нашу гутарку з такога пытання. Вось жа дасведчаныя людзі, якія падрабязна вывучалі Святое Пісьмо, творы айцоў царквы, кажуць, што ўся свецкая літаратура пасля гэтага для іх становіцца прэснай. А як з гэтым у вас?

— У мяне ёсць радкі: "Зямную сьцяжыну завершы / раскаяным сэрцам найперш. / Маленьні — вышэй за вершы, / хай стане маленьнем верш". Я ў сваіх пісьмёнах імкнуся не падзяляць літаратуру свецкую і духоўную. Спрабую, каб кожнае маё літаратурнае слова было як мага больш блізкім да малітвы, да духоўнай літаратуры. Што да іншай свецкай літаратуры, то чыста свецкая літаратура аддзеленая ад Божай гармоніі. Гэта ўжо літаратурнае беснаванне. Сапраўдная Літаратура, з вялікай літары, якая са свету душы падымае ў неба, неаддзельная ад літаратуры духоўнай. Уся класічная літаратура, у тым ліку і беларуская — літаратура духоўная.

— У Жыровіцкім Свята-Ўспенскім манастыры вы жывяце пераважна ў расейскамоўным асяродку. Але пішаце толькі па-беларуску. Што змушае вас, кажучы словамі Францішка Багушэвіча, не пакідаць мовы нашай беларускай?

— Зборнік "Крэсіва" (выйшаў летась у Слоніме) — мой прамы адказ на гэтае пытаньне. Мова кожнаму племені дадзеная як найвялікшая святыня, як найвялікшы Божы дар, якім гэтае племя павінна бараніць чалавечыя і хрысціянскія каштоўнасці.

— У даманастырскі перыяд вашага жыцця вы, вальнадумны паэт, маглі напісаць і такое: "І вось за морам недарэчы / даводзіць наш мітрапаліт: / „На том искуственном наречье / наш чин в церквях не говорит. / Народ желает речь другую…“ / Калі то праўда, Філярэт, / вы на палітыку зямную / зьмянілі Божы запавет". Потым вы напісалі пакаяльныя вершы і ўславілі мітрапаліта. Але хіба нешта істотна зьмянілася ў адносінах РПЦ да беларускай мовы?

— Гэтыя мае дзёрзкія радочкі мне часта прыпамінаюць і сябры, і незычліўцы. Яны старанна забываюцца пра тое, што па дабраславенні мітрапаліта Філарэта створаная Біблейская камісія, якая ўжо выпусціла ў перакладзе на сучасную беларускую мову ўсе чатыры Эвангеллі, усе царкоўныя багаслужэнні. Мітрапалітам дабраславёныя беларускамоўныя царкоўныя багаслужэнні там, дзе паства жадае гэтага. А вазьміце Сабор беларускіх святых — услаўленыя дзясяткі святых і навамучанікаў беларускіх. Так што, калі гаварыць аб’ектыўна, то за тыя тры дзесяцігоддзі, цягам якіх беларускую праваслаўную царкву ўзначальвае мітрапаліт Філарэт, Беларусь з першай атэістычнай рэспублікі, у якую яна была ператвораная антыхрыстамі, стала сапраўднай праваслаўнай дзяржавай. У Беларусі адроджаныя дзясяткі манастыроў, сотні разбураных і зачыненых храмаў. І сапраўды народ уцаркаўляецца, Беларусь уцаркаўляецца. Гэты цуд сатварыў Гасподзь у атэістычнай пустэльні бязбожнікаў фактычна рукамі і дыпламатычным майстэрствам мітрапаліта Філарэта. Дык вось, усё гэта бязбожнікі старанна замоўчваюць, усякія паклёпы на яго ўзводзяць, дзе можна ўкалоць, упікнуць — усё робяць. І адбываецца гэта ў рамках агульнай палітыкі. Выглядае так, што пасля развалу Савецкага Саюза наш галоўны вораг — расійскае праваслаўе, як самае моцнае ядро сучаснага хрысціянскага свету.

— Апантаным ворагам праваслаўя тэндэнцыйна паказваецца і Кастусь Каліноўскі. Беларуская інтэлігенцыя і тут падзялілася. Для адных Каліноўскі — нацыянальны герой, для другіх — ледзь не тэрарыст. Можа, вы як чалавек царкоўны знойдзеце нейкае разважлівае слова, каб прымірыць усіх і палагодзіць сітуацыю?

— Я вось што скажу. Ёсць Сабор беларускіх святых. І ў кожнага племені ёсць сабор сваіх нацыянальных святых. І ёсць таксама "ідаластас" нацыянальных герояў. Так, яны змагары, якія паміралі самі, праліваючы мора чужой крыві. Праліваецца кроў свая — Богачалавек паказаў прыклад праліцця крыві, але толькі сваёй, не чужой. А героі, на жаль, праліваюць рэкі і акіяны чужой крыві. У адрозненьне ад святых, якія праліваюць толькі сваю кроў. Што да Кастуся Каліноўскага — люблю яго, і гаварыў пра "ідаластас" у сэнсе засцярогі — не тварыце куміраў з нацыянальных герояў. У айца Сергія Булгакава ёсць цудоўны тэкст "Інтэлігенцкі гераізм і хрысціянскае падзвіжніцтва". Ён там глыбока размяжоўвае гэтыя два паняткі. Інтэлігенцкі гераізм — свецкі, сэкулярызаваны і — хрысціянскае падзвіжніцтва. Хрыстос паказаў, што такое шлях хрысціянскага падзвіжніцтва, што такое праліццё сваёй крыві дзеля многіх.

Што да Кастуся Каліноўскага — люблю яго, і гаварыў пра "ідаластас" у сэнсе засцярогі — не тварыце куміраў з нацыянальных герояў.

— Дык жа Каліноўскі якраз і ахвяраваў сабой дзеля іншых, свядома пайшоўшы на смерць.

— Так, героі рызыкуюць сваім жыццём. Але яны праліваюць пераважна чужую кроў. Пры ўсёй павазе да смеласці, да самаахвярнасці Кастуся, трэба аб’ектыўна прызнаць, што ён праліў многа крыві чужой. І галоўнае — бунт яго быў скіраваны супраць дзяржавы, заканадаўства якой грунтавалася на запаведзях Божых і канонах царквы. Перад смерцю ён меў час на пакаянне, і ёсць сведчанні, што сапраўды пакаяўся. У гэтым сэнсе лёс Кастуся вельмі падобны да лёсу другога нашага вялікага земляка — Дастаеўскага, якога Гасподзь таксама правёў праз бунтоўны гераічны перыяд. І ён таксама перад расстрэлам стаяў, перажыў, фактычна, пакаранне смерцю. А потым Гасподзь яго іншым шляхам павёў — праз катаргу, дзе з'явіўся яму, адкрыўся, як ніколі ў жыцці. Вось якім шляхам Гасподзь правёў двух нашых нацыянальных герояў.

— Крытыкі Каліноўскага супрацьпастаўляюць яму генерал-губернатара Мураўёва. Гарадзенскі святар Аляксандар Велісейчык нядаўна публічна заявіў, што Мураўёў варты пашаны, бо, ці бачыце, будаваў храмы (вядомыя ў народзе як "мураўёўкі"). Ствараецца ўражанне, што для царквы не так істотна, што ўчыніў той ці іншы чалавек, бо калі ён збудаваў храм, то царква яго мусіць ушанаваць.

— Той, хто падаўляў па сваім статусе бунт, выконваў загад цэсара, выконваў свой воінскі абавязак. Гэта першае. Другое: любы чалавек, у тым ліку і начальнік, тым больш воінскі начальнік — грэшны чалавек, як і ўсе мы. І таму, безумоўна, бязгрэшным Мураўёў не быў. Ніводнаму грэшніку не зачыненыя шляхі да пакаяння. І адной з самых сур’ёзных формаў пакаяння з'яўляецца будаўніцтва храмаў. Нездарма кажуць, што калі нехта збудаваў храм, яму шмат грахоў за гэта Гасподзь дараваў. Паўтаруся, Мураўёў быў воін на службе. Ён выконваў свае абавязкі.

— Так можна апраўдаць любое злачынства. Маўляў, служывы чалавек выконваў загад цэсара ці галоўнакамандучага.

— Не апраўдаць, але — не судзіць уперад Госпада. Мы можам выказаць толькі сваё прыватнае меркаванне. А судзіць будзе толькі Гасподзь. Нашы прыватныя меркаванні ні ў якім разе ў якасці канчатковага вердыкту разглядаць няможна. Гэта грэх.

Паэт Зьніч надпісвае кнігу "Крэсіва" Паўлу Севярынцу
​​
— У згаданай ужо кнізе "Крэсіва" я вычытаў, што вы з'яўляецеся прыхільнікам праваслаўнай манархіі ў Беларусі. Як вы сабе ўяўляеце трансфармацыю прэзыдэнцкай рэспублікі ў манархічную дзяржаву?

— Гэта можна зрабіць адным дэкрэтам прэзідэнта, кваліфікавана сфармуляваным юрыстамі. Дэкрэтам прэзідэнта можна вярнуць на тэрыторыі Беларусі дзейнасць адзінай легітымнай канстытуцыі, якая была да лютага 1917 года. Дарэчы, яна прызнавалася за самую дасканалую ў свеце, яна базавалася на запаведзях Божых і канонах царквы. Гэта было б прыкладам для ўсёй хрысціянскай Еўропы.

— І хто ж, па-вашаму, надаецца на ролю першага беларускага манарха?

— Гэта павінен будзе вырашыць Сабор. Спачатку трэба ўвесьці пасаду месцаблюсціцеля трона. Сам трон канстытуюецца, а ўжо хто будзе першым праваслаўным манархам у Беларусі — вырашыць памесны Сабор, як гэта заўсёды было. Сённяшні прэзідэнт можа быць месцаблюсціцелем трона, я думаю, ён адпавядае гэтаму паслушанню.

— Мне здаецца, месца, якое ён сёння займае, яго цалкам задавальняе… Вы прыхільнік самага цеснага супрацоўніцтва царквы і дзяржавы. Наколькі сённяшні стан рэчаў у гэтай галіне вас задавальняе?

— Хрысціянін ніколі не можа быць задаволены тым станам, які ёсць. Хрысціянін заўсёды скіраваны на словы Збаўцы: "Будзьце дасканалыя, як дасканалы ваш Бацька Нябёсны". Да гэтай дасканаласці нам усім далёка, як да неба. Але кірунак гэты трэба мець на ўвазе, у кірунку гэтым трэба дзейнічаць. І я лічу, што многія з сённяшніх дзяржаўных мужоў і дзеячаў царквы дзейнічаюць менавіта ў гэтым кірунку.

— Паэт Зьніч — стваральнік духоўнай паэзіі. Ці з'яўляецца паэтычная моладзь, якая гатовая ісці ў гэтым напрамку?

— Я спадзяюся, што Гасподзь не пакіне нашу моладзь і дасць ёй адпаведнае натхненне. А я хацеў бы да гэтай моладзі звярнуцца двума маленькімі слупочкамі: "Чамусьці ня хочам, панове, / вярнуцца ў краіну любові / і доўжым паход свой крывавы / гаротнай гісторыяй права". І: "Каб кожная душа Хрысту сказала: / „З грахом пакончыць, Хрысьце, памажы“, / Фаворскае сьвятло паўсюль зазьзяла б / і не былі б мы болей на крыжы".

— На вашых апошніх кнігах абавязкова прысутнічае бел-чырвона-белае колеравае спалучэнне. Ці з'яўляецеся вы прыхільнікам вяртання бел-чырвона-белага сцяга на дзяржаўныя флагштокі?

— Гэта трэба вымаліць у Госпада. Нам усім трэба моцна пакаяцца. Моцнае нацыянальнае пакаянне павінна быць. І тады добрымі справамі і малітвамі, можа, вымалім у Госпада, каб колеры Хрыстовай плашчаніцы зноў сталі нашым дзяржаўным сцягам. Царква даўно пад гэтымі колерамі. Адзенне епіскапаў і патрыярхаў праваслаўных пакрытае колерамі плашчаніцы. А як дзяржаўны сцяг — трэба вымаліць. Я думаю, Гасподзь ізноў дабраславіць, каб святыя колеры Хрыстовай плашчаніцы сталі нашым дзяржаўным сцягам. Я малюся за гэта. 
-20%
-20%
-30%
-20%
-21%
-30%
-15%
-10%
-5%