Аляксандра паехала ў Афрыку на 2 месяцы ў Гану як валанцёр - працаваць з дзецьмі. Каляднымі ўражаннямі адтуль яна дзеліцца ў сваім блогу. 

Учора цэлы дзень прысвяцілі дзецям разам з Квамі. Зараз у ніх калядныя вакацыі, але амаль увесь мой клас прыйшоў у школу і яшчэ сваіх братоў-сясцёр прывялі. Школа, дзе я працую, знаходзіцца ў самым бедным раёне горада – Джэймстауне. Рабіць дзецям асабліва няма чаго. Яны яшчэ занадта малыя, каб працаваць, а месца пагуляць таксама тут няма. Некаторыя дзеці ў Акры пачынаюць зарабляць з 8-9 гадоў (некаторыя і раней, канешне, залежыць…). Тых, каго прымушаюць працаваць, можна пабачыць прама на дарогах: яны прадаюць ваду і ўсялякія прысмакі кіроўцам ды пасажырам, лавіруя паміж машынамі на светлафорах і падчас дарожных коркаў.
  
Для дзяцей мы наладзілі нешта накшталт ранішніка: пачыталі па чарзе вершы, пагулялі ў гульні такім чынам, каб прыз дастаўся кожнаму, раздалі невялічкія падаруначкі (нататнікі, ў якіх можна пісаць і маляваць бясконца з-за спецыяльнай паперы, асадкі для дзяўчынак і хлопчыкаў розныя, машынкі, цукеркі, паветраныя шары ды мыльныя бурбалкі). Здаецца, дзеці засталіся задаволеныя. Хаця адна дзяўчынка Розалін пад канец прасілася хутчэй дадому, патрабуючы выдаць ёй усе падарункі хутчэй.


Вось так мы пачыналі

Квамі прывёз нейкую гульню

Налепкі ім падабаецца ляпіць на самыя бачныя месцы


Спроба групавога здымку


 
Ёсць у маім класе адна асаблівая дзяўчынка і я нават не ведаю, чаму яна для мяне асаблівая, але выдзялялася яна ад большасці адпачатку не толькі жвавасцю розуму, але і бясконцым абаяннем. Гэта Генрыета, ёй шэсць год і на наш ранішнік прыйшла яна разам са старэйшай сястрой – Элізабэт, якой 8 год. Жывуць яны разам з бабуляй і цёткай, бо родныя бацькі кінулі іх некалькі год таму.
 
Пасля агульнага ранішніку, мы павялі іх дадому і, спытаўшыся на бабулін дазвол, забралі ў самы вялікі і прыгожы гандлёвы цэнтр у горадзе – Акра Мол (Accra Mall). У цэнтры ёсць кінатэатр з 5-цю залямі. Думалі паглядзім разам які мульцік, але час паказаў быў нязручны, таму абмежаваліся абедам ды гульнямі на дзіцячай пляцоўцы.


Сястрычкі


Генрыета ясі курыцу

 
Здаецца, нічога асаблівага, звычайны шпацыр з дзецьмі, але трэба было бачыць іхнія вочы і захапляльнае “Вау!..”, калі яны пабычылі ўсе гэтыя магазіны, упрыгожаныя елкі і проста паскакалі на батуце.
 
Дзяўчынкі нагадалі мне мяне з маёй сястрой, якая малодшая за мяне таксама на два гады. Не ведаю, як цяпер, але калі мы былі дзецьмі, існавала спецыяльная праграма для беларускіх дзетак, па якой яны ездзілі ў Італію і іншыя еўрапейскія краіны ў тамашнія сем’і на лета. Так і мы з сястрой трапілі ў Італію, што безумоўна паўплывала нейкім чынам на ўсё нашае станаўленне, бо гэта выключны вопыт.

Я не ведаю, як падтрымліваць сувязь з Генрыетай і Элізабэт, але вельмі хочыцца ўдзельнічаць у іхнім дзяцінстве. І ўвогуле, зразумела, што самае большае па чым буду сумаваць, калі з’еду, што адбудзецца неўзабаве, дык гэта па дзецях.

 
З Калядамі! 
-50%
-50%
-10%
-15%
-33%
-20%
-50%
-10%