Дабрачынныя акцыі для клуба не ў навінку, тут ужо праводзіліся канцэрты, усе сродкі ад якіх былі выдаткаваныя на набыццё падарункаў для дзяцей з дзіцячых дамоў. Зараз жа мерапрыемства было праведзена ў падтрымку Паліны Адысевай, дзіцяці з цяжкімі дыягназамі, якія ў Беларусі пастаўленыя ўпершыню – аксанальная полінейрапатыя, млявы парэз ног, контрактуры суставаў.

Паліна Адысева нарадзілася ў 2004 годзе на 6 тыдняў раней за тэрмін вагой 1830 г. Першапачаткова ніякіх адрозненняў ад здаровых дзяцей у яе прыкметна не было. Толькі да года стала прыкметна, што яна поўзала, але на ногі ўстаць не магла і пазней не пайшла, як усе дзеці. У 1 год 9 месяцаў яна атрымала статус інваліда дзяцінства. І толькі сёлета з’явілася надзея на тое, што дзяўчынку можна вылечыць. Для гэтага Паліне патрабуюцца сродкі на транспарціроўку, догляд, медыкаменты, адмысловы абутак і грошы на паслугі спецыялістаў у розных галінах медыцыны.
Сама Паліна прысутнічаць на канцэрце не магла, але паглядзела яго онлайн – на канцэрце ішла відэа-трансляцыя.
На жаль, публікі на канцэрце сабралася няшмат – ці то з-за неспрактыкаванасці арганізатараў канцэрта, ці то з-за слабога піяру. Але нягледзячы ні на што, канцэрт пачаўся, як і было анансавана.
Першымі на сцэну выйшлі музыкi групы Carpen Dias. Салістка не толькі выканала некалькі песень, але і ўручыла гледачам падарункі, раздавала цукеркі і шмат казала аб дабрачыннасці і тых, каму гэта так неабходна.
Наступным нумарам выступіў калектыў Rose & Milk, або R & M. Гэтая група ў горадзе з’явілася адносна нядаўна, хоць усе асобы магілёўскім аматарам музыкі добра вядомыя. Тут экс-музыкі такіх гуртоў, як Unlikes, PornoGotika, Metaxa, TO, "Афазія" і іншых. Выступ атрымаўся цікавым і якасным, але асаблівага фурору гурт не зрабіў.
Следам на сцэне з’явіўся гурт NIZKIZ. Хоць на саму сцэну з усяго складу падняліся толькі бубнач і вакаліст. Гітарыст і басіст зладзілі невялікае шоў, пачаўшы свой выступ проста з глядзельнай залы. Група не так даўно выпусціла свой першы альбом, і практычна ўвесь выступ склалі трэкі з яго. Публіка, ужо вельмі разагрэтая выступамі першых дзвюх груп, паціху падцягвалася да сцэны.
Закрывала канцэрт група "Авангардшкола". Гэта адзiн з самых вопытных магілёўскіх рок-гуртоў, якi сёння перажывае новае нараджэнне. Склад групы, які ў апошнія гады пастаянна мяняўся, нарэшце укамплектаваны моцнымі музыкамі, і група пастаянна прэзентуе публіцы новыя трэкі. Выступіла група, як заўсёды, выдатна.
Сабраныя на канцэрце сродкі арганізатары накіруюць сям’і Паліны. Спадзяемся, гэта дапаможа дзяўчынцы пераадолець хваробу.










