Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. 

Скачать видео (55.27 МБ)
Аляксандр. Я вельмі люблю гатаваць. І час мне дазваляе: у мяне цяпер графік два праз два, так што я гатую часта і з радасцю.
Яўген. Саша мала таго што любіць гатаваць, дык яшчэ і супы ўсякія ўмее рабіць. Яму як у абед ні патэлефануй — "Я гатую Наташы суп". У іх захварэла котка, дык ён нават ёй булён варыў.
Аляксандр. Ну так! Яе трэба было са шпрыца паіць. Я адкормліваў котку булёнам.

Аляксандр. Мне падабаецца гатаваць, хоць кажуць, што гэта не мужчынская справа. Чаму б не? Час мне дазваляе, і гугл у дапамогу! Бывае, сяджу дома, і ў мяне толькі рэдзька ёсць. Залажу ў гугл, гляджу, што можна прыгатаваць з рэдзькі, а там так шмат рэцэптаў, што столькі рэдзькі ў хаце няма! Наташа прыходзіць з працы, а ёй калі ласка — з рэдзькі салата і суп. Было б жаданне!
Яўген. Я таксама вельмі люблю гатаваць, але толькі калі не трэба нікуды спяшацца. Ага, і сытым гатаваць у мяне не атрымліваецца!

Аляксандр. У кожнага ёсць свае рэцэпты, як гатаваць дранікі, але ў Жэні яны атрымліваюцца асабліва смачнымі, таму даверымся яму.
Яўген. Вось мы пацерлі бульбу, а цяпер пачынаецца самае цікавае: будзем ціснуць. Дзве траціны дранікаў сыходзяць ад нас у каналізацыю.

Аляксандр. Мне здаецца, што ў мужчын асабліва добра атрымліваюцца мінімалістычныя стравы, у якіх дамінуе ці прысутнічае толькі адзін кампанент. Мужчыны выдатна гатуюць мяса, рыбу, смажаць бульбу і робяць дранікі. Я таксама лепш за Наташку спраўляюся з сітуацыямі, калі трэба прыгатаваць нешта з морквы або рэдзькі.
Яўген. Самая мінімалістычная ежа, якую я ўмею гатаваць, — гэта сала з хлебам. Па-рознаму нарэзаць, і кожны раз новы смак! А калі сур’ёзна, то я настолькі адданы беларускай кухні, што аднойчы спрабаваў піцу беларускую замуціць (змагаўся за сэрца маёй цяперашняй жонкі): дык у гэтай піцы нават квашаная капуста была — гэта, напэўна, самае складанае з таго, што я спрабаваў прыгатаваць.

Яўген. Наогул, беларуская кухня — досыць тлустая і цяжкая ежа. Нездарма на нашай тэрыторыі атрымала распаўсюд менавіта гэтая кухня: вельмі сытная, інгрэдыенты якой здабыць нескладана (карняплоды ў прынцыпе непатрабавальныя), яе проста гатаваць, і яна недарагая. Думаю, што ў жыцці простага беларуса-селяніна нічога не змянілася з XV стагоддзя: наш зямляк прывык эканоміць грошы. А дранікі — гэта ідэальная ежа і ласунак: і смачна, і нядорага. Самае дарагое ў гэтай страве — смятана.
Аляксандр. Дранікі настолькі даступная ежа, што раней, калі ў горадзе было больш “бульбяных”, можна было сабе дазволіць нават у кафетэрыі хадзіць па дранікі. Памятаеш, на Я. Коласа была “Бульбяная”? Выдатнае было месца!
Яўген. Так, была, а цяпер там фаст-фуд нейкі або сушы.

Яўген. А чаму беларусы так рэзка палюбілі сушы?
Аляксандр. Не ведаю, але мне падабаюцца сушы.
Яўген. А я думаю, беларусы так моцна захапіліся гэтай японскай "забавай" таму, што за апошнія 500 гадоў елі адну бульбу. Можа, яны і не стаміліся ад яе, але з’елі прыстойна, каб захацець чагосьці новенькага і нават экзатычнага. Дарэчы, цалкам магчыма, што нашы дранікі — для японцаў не меншая экзотыка.
Аляксандр. Але я б не сказаў, што сушы выцясняюць беларускую кухню. Усё роўна ў жыцці звычайнага беларуса бульба — страва № 1. А сушы — гэта так, элемент свята, экзотыкі зноў жа: мы ж не ямо іх кожны дзень на сняданак. А тое, што ўстановаў, якія гатуюць сушы, больш, чым тых, што прапануюць беларускую кухню, дык гэта проста даніна модзе. І так ва ўсім свеце: нельга казаць, што захапленне сушы — выключна беларуская "хвароба".

Яўген. А вось дранікі — мабыць, хвароба. Вельмі іх люблю! І ў мяне ёсць шмат сакрэтаў і фірмовых "фішак", як смачней іх прыгатаваць.
Аляксандр. Я ведаю, што для файных дранікаў трэба кідаць у цеста яйкі і цыбулю.
Яўген. Не, самае галоўнае — гэта хуткасць. Усё трэба рабіць вельмі хуценька: нацерці, замяшаць цеста, хутка пасмажыць і тут жа з’есці, пакуль не астылі. Тады яны будуць казачна, нерэальна смачнымі: незразумела, былі яны ці здалося ўсё гэта.

Яўген. А вось каб пераварочваць, ніякіх спецыяльных навыкаў не трэба. Тут усё проста: я звычайна чакаю, калі дранікі, як сонейкі, пачынаюць рабіцца румянымі па краях. Усё — можна пераварочваць. Хоп! Падкідваць бліны на патэльні, каб перавярнуць, нельга: гэты фокус можа з мучнымі блінамі пракаціць, а з дранікамі — не, таму што бульбяныя бліны павінныя смажыцца ў лішку алею. Думаю, усім прысутным тут не спадабаюцца гарачыя пырскі алею на твары.

Яўген. І яшчэ з нагоды прыкметаў: я столькі насмажыў дранікаў за сваё жыццё, што нават па выглядзе бліна заўсёды магу сказаць, якая будзе ўся партыя. Па форме, па памерах, і нават па паху магу прадказаць смак. Вось гэтыя будуць злёгку недасоленыя.
Аляксандр. Думаеш?
Яўген. Ну.
Аляксандр. Дык давай падсолім!

Аляксандр. Самы вялікі плюс беларускай кухні — гэта прастата і таннасць гатавання.
Яўген. Даступнасць інгрэдыентаў.
Аляксандр. Колькі ў нас цяпер каштуе кілаграм бульбы?
Яўген. Тысячы дзве-тры. Не ведаю. Мы ўвогуле з дачы возім.
Аляксандр. Ну вось. І можна рабіць кучу варыянтаў: з фаршам, без фаршу, з напоямі, без напояў.
Яўген. Бульбяныя дранікі лепш за ўсё падыходзяць пад моцныя напоі.
Аляксандр. Так, і яшчэ пад настойкі. Але я гарэлцы аддаю перавагу.
Яўген. Або пад гарбату з лімонам. Выдатнае спалучэнне. Рэкамендую.

Аляксандр. У Жэні 30 снежня дзень нараджэння. І кожны год на сваё свята ён ладзіць сапраўдную бяседу ў беларускім стылі (хоць у іх з Кацькай дома і без таго вельмі часта гатуюць беларускія стравы). Але вось такая пераднавагодняя вечарына ўжо гадоў сем, напэўна, практыкуецца. Думаю, усе мы, усе нашыя сябры падселі на нацыянальныя прысмакі менавіта дзякуючы абедам у Жэні: у яго заўсёды былі скваркі, мачаначкі, дранікі, "крамбамбулькі", ікорка нават часам была раней — толк у беларускай кухні ён ведае.

Яўген. У працяг тэмы аб тым, што чалавек — гэта тое, што ён есць: не ведаю, але мне здаецца, што бульба нават нясе пэўны генафонд, неяк уплывае на беларусаў, на іх светапогляд.
Аляксандр. Беларус можа не любіць яе, любіць, але нейкае стаўленне да бульбы ў яго будзе заўсёды.
Яўген. Ай, мне здаецца, хто б там што ні казаў, у глыбіні душы любы беларус любіць дранікі. Бульба — гэта галоўны беларускі фактар, таму нас называюць бульбашамі.
Аляксандр. Ёсць яшчэ культурнае пытанне: як гэта ўсё падаць?
Яўген. З тэкілай!
Аляксандр. Так, я не пра тое, не пра сервіроўку, хоць пацешна: дранікі з тэкілай, так? Замест лімона — дранічак! Не, проста адна справа, калі ты ў якім-небудзь галімым кафетэрыі бярэш зялёныя халодныя дранікі ў пластыкавай талерцы, а іншая — калі яны румяныя, прыгатаваныя дома. Зусім іншы смак, іншая карціна!

Яўген. А ты як думаеш, чаму нас бульбашамі называюць?
Аляксандр. Усё таму ж: мы — тое, што мы ямо.
Яўген. Мы як бульбачка: кругленькія, нас шмат, мы трымаемся разам, апранаемся несамавіта, але затое смачныя і светлыя ўнутры.
Аляксандр. Бульба — сімвал нашага яднання. Мы трымаемся разам, як бульба, каб не разгубіцца, не пасварыцца, каб дапамагаць адно аднаму, нагадваць пра вытокі. Таму мы бульбашы — адназначна!

Яўген. Беларусы — невялічкі народ, якіх у Еўропе мноства. Што мы супраць працэсаў глабалізацыі ва ўсім свеце?