Кася Крот,

Сённяшнюю ноч уратаваная птушка правяла ў кватэры сябра ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Дзмітрыя Вінчэўскага. Магчыма, ужо па абедзе пустальга, добра падсілкаваўшыся, зможа паляцець на волю.

Дзмітрыю Вінчэўскаму патэлефанавалі з просьбай аб дапамозе з Пабернардынскага касцёла, у памяшканні якога сокал-пустальга лётаў некалькі дзён.



Дзмітрый Вінчэўскі:

- Ксёндз-пробашч звярнуўся да мяне ў аўторак. Аказалася, што птушка знаходзіцца ў касцёле як мінімум з мінулага чацвярга. Зусім не зразумела, як яна туды трапіла: вокны не адчыняюцца, з паддашша таксама не магла заляцець.

Спачатку мы спужаліся, што гэта птушка адна з пары, якая гняздуе на фасадзе гэтага касцёла, а тады кладка хутчэй за ўсё загінула. Але аказалася, што сокалы на месцы, а ў касцёле лётае птушка з невядомай нам пары.



Палонніца сядзела амаль без руху на адным з выступаў у цэнтры касцёла і ніяк не рэагавала ні на спробы спалохаць яе ўспышкамі фотаапаратаў, ні на запіс песні вялікай сініцы. У шырока расчыненыя дзверы птушка таксама вылятаць не захацела.
 
У ратаванні птушкі спрабавалі дапамагчы і супрацоўнікі МНС, аднак не змаглі: іх пераносныя лесвіцы маюць толькі 15 метраў вышыні, а да столі касцёла – 22 метры.

Выратавальная аперацыя паспяхова скончылася толькі ўчора ўвечары.

Гродзенскія арнітолагі, якія ўпершыню сутыкнуліся з падобнай сітуацыяй, пракансультаваліся з больш дасведчанымі калегамі, прыхапілі з сабой сетку і жывую мыш. Аднак птушкі яны не ўбачылі.

Затое галодная пустальга, якая наўрад ці што ела цягам тыдня, адразу зрэагавала на шабуршэнне мышы ў скрыні і падляцела бліжэй, каб разгледзіць патэнцыйную здабычу. З другой спробы сокала, які атакаваў мыш, удалося злавіць.



Выратаваную птушку акальцавалі і ўзважылі. Вага дарослай самкі аказалася ўсяго 170 грамаў замест неабходных 220-250. За час вымушанай галадоўкі птушка страціла 15-30% масы.  

Пустальгу назвалі Феліцыяй.  

Дзмітрый Вінчэўскі:

- Адкармлівалі яе: спачатку скармілі мыш, якую яна так і не злапала, цяпер – кавалкі курыцы. Звычайна сокал-пустальга за дзень з’ядае 3-4 мышы. Птушка спужаная, спрабуе вырвацца. У абед мы яе выпусцім.

Не ведаю, адкуль яна ўзялася, магчыма з аднаго з першых вывадкаў пары, што гадоў 7 гняздуе на фасадзе касцёла. Птушанят апошніх трох вывадкаў мы практычна ўсіх акальцавалі, але гэтыя птушкі жывуць да 20 гадоў. 



Здымкі з сайта birdwatch.by
Падрабязную гісторыю ратавання і больш здымкаў глядзі тут.
 
-20%
-21%
-70%
-10%
-25%
-15%
-10%
-20%
-15%
-20%