Коронавирус
Выборы-2020
Отдых в Беларуси


Кастусь ЛАШКЕВІЧ,

Беларусь не належыць да ліку касмічных дзяржаваў, аднак яе сыны зрабілі адчувальны ўнёсак у 
 
Казімір СЕМЯНОВІЧ (Siemienowicz)

Нарадзіўся 
ў 1600? г. у Дуброўне (Рэч Паспалітая).

Памёр у 1651? г. у
Амстэрдаме (Галандыя).
развіццё касманаўтыкі. Сёння ўсім вядомыя прозвішчы авіяканструктараў Козберга, Кіта, Сухога, касманаўтаў Клімука і Кавалёнка. Аднак ці многія чулі, што наш зямляк Казімір Семяновіч быў пачынальнікам ракетнай справы ў Еўропе, зазірнуўшы сваімі адкрыццямі ў далёкую будучыню?


“Нарадзіўся я літвінам...”

За даўніной гадоў многія акалічнасці пакручастага лёсу гэтага незвычайнага чалавека невядомыя. З гэтай прычыны даследчыкі суседніх краінаў, з’яднаных агульным мінулым, трактуюць паходжанне Семяновіча на ўласны капыл.

Вядома, што наш герой нарадзіўся ў 1600 годзе. Дзе? Літоўцы сцвярджаюць, што ў Росенях (сёння - Расейняй, гістарычная Жмудзь) у беднай шляхецкай сям'і гербу Астоя. Палякі найчасцей называюць яго польскім шляхцічам. Беларусы ж пераконваюць, што слынны літвін (сам ён называў сябе менавіта так) нарадзіўся ў Дуброўне на Віцебшчыне, у сям'і дробных князёў Семяновічаў, якія ў 14-17 стагоддзях мелі зямлю на поўначы Падняпроўя.

З маленства Казіміра рыхтавалі да вайсковай службы. Таленавіты да навукі хлопец паступае ў Віленскую акадэмію, пасля сканчэння якой яго бяруць на службу ў артылерыю. Лічыцца, што Семяновіч браў удзел у вайне Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай (1632-1634), стаяў у аблозе памежнага горада Белага (1634), які цягам стагоддзяў пераходзіў з-пад улады Масковіі да ВКЛ і наадварот, ваяваў з татарамі пад Ахматавам (1644). Легенда апавядае, што менавіта тады ён упершыню ўбачыў, як з дапамогай феерверкаў татарскія піратэхнікі стварылі дымавую заслону, выратаваўшы ўласную коннiцу ад разгрому.

Па навуку ў Галандыю

Навука пра гарматы настолькі зацікавіла Семяновіча, што, паводле пісьменніка і гісторыка Ўладзіміра Арлова, на яго звярнуў увагу сам вялікі князь літоўскі і кароль польскі Ўладзіслаў IV Ваза. Так Казімір атрымаў магчымасць вучыцца артылерыйскаму майстэрству ў Галандыі - дзяржаве, што ў той час славілася магутным войскам і ці не найлепшай у Еўропе артылерыяй.

Вядома, што літвінскі воін служыў у герцага Фрыдрыха-Генрыха Аранскага, ваяваў пад ягоным кіраўніцтвам у іспана-галандскай вайне, браў горад Гюйст (1645). А паміж войнамі наш земляк штудыраваў еўрапейскую літаратуру па артылерыі, а таксама ўсе сумежныя навукі - фізіку, хімію, матэматыку, механіку, гідраўліку, пнеўматыку, архітэктуру. У Галандыі ён навучыўся разьбе па дрэве і метале, стаў адліваць гарматы... 

Імклівая кар’ера

У 1646-м Казімір Семяновіч вяртаецца дадому на заклік Ўладзіслава IV Вазы, які плануе вайну супраць асманаў. Кароль загадвае стварыць адмысловыя артылерыйскія войскі, запрашаючы для гэтага спецыялістаў з Еўропы. Спачатку Семяновіч становіцца інжынерам кароннай артылерыі, а праз два гады - намеснікам начальніка ўсёй каралеўскай артылерыі. У чыне генерал-лейтэнанта ён удзельнічаў у вайне з казакамі. Крыніцы сцвярджаюць, што ў мірны час наш зямляк часта запускаў ракеты, рабіў эксперыменты ў балістыцы.

Далей у жыццяпісе Семяновіча зноў белая пляма, бо дакладна невядома, з якой прычыны ён пакінуў вайсковую службу. Згодна з адной версіяй, адбылося гэта пасля паразы Рэчы Паспалітай у бітве з казакамі Хмяльніцкага і крымскімі татарамі пад Піляўцамі, а таксама ў звязку з грашовым канфліктам Казіміра са сваім начальнікам Кшыштафам Арцішэўскім.

Шматступеневая ракета Семяновіча.
Шматступеневая ракета Семяновіча.
Сам Семяновіч пасля пісаў, што адмовіўся ад палітычнай кар’еры на карысць навукі. Ці так гэта насамрэч, сказаць цяжка. Аднак у 1649 годзе ён назаўжды пакідае межы Рэчы Паспалітай ды атабарваецца ў Амстэрдаме, каб скончыць працу, якую вёў некалькі год - кнігу па артылерыйскім вучэнні.

Як Семяновіч зазірнуў у будучыню

Трактат "Artis Magnae Artilleriae pars prima" ("Вялікае майстэрства артылерыі, першая частка") пабачыў свет у 1650 годзе ў Амстэрдаме, дзякуючы падтрымцы эрцгерцага Леапольда-Вільгельма Габсбурґа. Цягам амаль двух стагоддзяў 300-старонкавая кніга Казіміра Семяновіча, перакладзеная з лаціны на французскую (1651), нямецкую (1676), англійскую і галандскую (1729) мовы, стала асноўным падручнікам па артылерыі ў Еўропе.

Чым тлумачыцца гэты поспех?

Семяновіч ці не першым пачаў разглядаць артылерыю ў якасці галоўнага віду зброі, а яе наступным этапам развіцця бачыў ракеты. Калі ўлічыць, што ў той час іх амаль не выкарыстоўвалі ў ваенных мэтах, прадстаўленыя на старонках трактату канструкцыі дзесяткаў ракет, запальных снарадаў і іншых піратэхнічных прыладаў зрабілі сапраўдную рэвалюцыю ў вайсковай справе і ўяўленні сучаснікаў аб ёй.

У 17-м (!) стагоддзі Казімір Сямёнавіч першым выказаў, абгрунтаваў і апісаў у краслюнках ідэю шматступеневай ракеты - прататыпа тых ракет, што ўжо больш за паўстагоддзя выводзяць на зямную арбіту спадарожнікі і касмічныя караблі.

Задума літвінскага генія палягала ў тым, каб змяшчаць паліва не ў адным адсеку, дзе яно хутка згарала, а ў некалькіх. Спачатку порах згарае ў першай ступені, якая адпадае. Потым тое самае адбываецца ў другой ступені, пасля страты якой палегчаная ракета працягвае рух. І гэтак далей... Адбылося гэта, падкрэслім, за два з паловай стагоддзі да распрацовак айца-заснавальніка сучаснай касманаўтыкі Канстанціна Цыялкоўскага (ён згадваў Семяновіча ў сваіх працах) і ўладальнікаў першых патэнтаў бельгійца Бінга (1911) і амерыканца Годарда (1914).

У "Вялікім майстэрстве артылерыі” сярод іншага апісаны ракеты з хваставымі стабілізатарамі-крыламі рознай канфігурацыі. Адным з іх было трохкутнае крыло (“дэльта”), да якога сучасная навука дайшла толькі пасля Другой сусветнай вайны, і без якога немагчыма ўявіць сучасную рэактыўную авіяцыю і касмічныя сістэмы.

Іншымі словамі, Семяновіч папросту зазірнуў у будучыню.

Абапіраючыся на ўласныя доследы і эксперыменты, Семяновіч даказаў існаванне “кінетычнай энергіі” за 35 год да таго, як Лейбніц увёў гэты панятак. У адрозненні ад Дэкарта ён сфармуляваў правільны закон няпругкага сутыкнення целаў. Апроч таго, пачынальнік ракетнай тэорыі выявіў глыбокае веданне культуры і навукі Антычнасці і пазнейшых эпох. Па падліках польскага гісторыка Новака, у кнізе Семяновіча згадваюцца больш як 200 аўтараў і 260 твораў, 40% якіх належаць да эпох Рэнесансу і Новага часу.

З кнігі Artis Magnae Artilleriae pars prima
З кнігі "Artis Magnae Artilleriae pars prima" (1650)

Ад Семяновіча да Кіта за 300 год

Асэнсаванне таго, што здзейсніў Казімір Семяновіч, прыйшло праз шмат год пасля ягонай смерці. Дарэчы, яе дакладнай даты не ведае ніхто. Лічыцца, што пачынальнік ракетнай справы ў Еўропе памёр пасля 1651 года: ці то загінуў падчас чарговых ракетных выпрабаванняў, ці паў ад рук калегаў-піратэхнікаў, сакрэты якіх раскрыў усяму свету.

Вядома, што Семяновіч падрыхтаваў да друку і другую частку “Вялікага майстэрства артылерыі”, аднак выдаць яе не паспеў. Далейшы лёс працы застаецца таямніцай.

Цікава, што праз 300 год пасля Семяновіча беларускі эмігрант у ЗША Барыс Кіт стаў аўтарам першага ў гісторыі падручніка па ракетным паліве “Rocket Propellant Handbook” (1960).

Імя нашага земляка назаўжды замацавана ў гісторыі сусветнай ракетнай справы і касманаўтыкі. Згадку пра яго можна адшукаць нават ў летапісе амерыканскага касмічнага агенцтва НАСА. Аднак найчасцей Семяновіча называюць палякам ці літоўцам. Беларусы могуць пахваліцца адно брашурай пачатку 1990-х і паштовай маркай 1995 года. "Вялікае майстэрства артылерыі” на беларускую мову дагэтуль не перакладзена, хоць палякі зрабілі гэта яшчэ паўстагоддзя назад.



У праекце "TUTэйшыя ў свеце" мы распавядаем пра людзей, без якiх гiсторыя сусветнай цывiлiзацыi была б няпоўнай. TUTэйшыя - легендарныя постацi, якiмi ганарацца на розных кантынентах, паходзяць з беларускiх этнiчных абшараў, хоць (за невялiкiм выключэннем) нiколi не атаясамлiвалi сябе з Беларуссю. Найчасцей iхнiя каранi звязваюць з Расіяй, Польшчай, Лiтвой цi Украiнай. Галоўная таму прычына - беларусы аформiлiся як "народ дзяржаўны" пазней за суседзяў. Больш за тое, працэс нацыястварэння ў нас не завершаны i дагэтуль.

- Цуда-доктар з Беластока.
- Беларуска - алiмпiйская легенда ЗША.
- Зямляк Лукашэнкi - прэзiдэнт на Гаваях.
- Брадвейскi кампазiтар са станцыi Параф’янава.
- Гродзенец, якi заваяваў шведскага караля.
- Just Касцюшка
-
Ліцвінскі элін - герой Грэцыі
- Як гродзенец стаў фінансавым геніем амерыканскай мафіі
- Як местачковец з-пад Мінска стварыў тэлерадыёіндустрыю ў ЗША
- Як слонімскі гандляр стаў сімвалам Брытанскай імперыі
- Аўтар "Глокай куздры" нарадзіўся ў Беларусі
- Аўстралійскі філантроп родам з Крычава
- Як сын рэчыцкага банкіра стаў французскім мастаком
- "Герадот нашага часу", які шукаў Пінск у Афрыцы
-12%
-12%
-15%
-30%
-30%
-15%
-50%