Поддержать TUT.BY
Коронавирус: свежие цифры


Ілля Маліноўскі, фота з архіваў музыкаў,

23 лютага Еўрарадыё распытала беларускіх музыкаў пра іх службу ў войску. Як высветлілася, выкананне абавязкаў перад Бацькаўшчынай не перашкаджала ім займацца творчасцю, але паўплывала на музычную будучыню па-рознаму. Напрыклад, для гурта "Мроя" амаль адначасовы сыход удзельнікаў у войска стаў стартавай кропкай да развалу калектыву. Лявон Вольскі прызнаўся, што пасля службы стасункі паміж музыкамі не былі ўжо такімі простымі.

Лявон Вольскі: "Трэба было неяк рэпетаваць, а замест гэтага на два гады нас кінулі каго куды. Безумоўна, гэта адбілася, усё ж такі два гады службы, а потым прыкладна столькі ж нейкага атупення. Калі мы ішлі да войска, то ішлі неяк адзіным кулаком, адзіным фронтам. А вось пасля войска стасункі з бацькам-заснавальнікам гэтага ўсяго Уладзімірам Давыдоўскім неяк пачалі... Я не ведаю чаму, магчыма, гэта такая адаптацыя была".

А служыў Лявон у Слуцку і быў сяржантам і камандзірам аддзялення па рамонце ды захоўванні аўтатэхнікі, якая абслугоўвае самалёты ды аэрадромы. А ў вольны час музыка пісаў тужлівыя вершы, якія ў выніку сам жа і забракаваў. Музыка дадаў, што нягледзячы на амаль незаўважную "дзедаўшчыну", службу лічыць нудой, і нават не рабіў сабе дэмбельскі альбом.

Лявон Вольскі: "Нудота такая, ведаеце – бясплатнае абслугоўванне савецкага войска. Ну, а дэмбельскі альбом я не рабіў безумоўна, бо лічу гэта дзікім маветонам. Я дапамагаў шмат каму з хлопцаў рабіць дэмбельскі альбом і ўжо сабе безумоўна ніякай ахвоты не было, як і какарду надраіць, ці шапку квадратную зрабіць, як гэта модна".

Войска паўплывала на музычную будучыню і Сяргея “Скрыпы” Скрыпнічэнкі, які падчас службы цалкам сфармаваў сваё бачанне і канцэпцыю гурта "Zygimont VAZA". Праўда, служба ў касмічных войсках СССР на другой абароннай лініі горада Масквы для радавога Скрыпнічэнкі была не без прыгодаў.

Сяргей Скрыпнічэнка: "Я чатыры месяцы службы сядзеў пад следствам, бо першапачаткова эмітаваў самагубства і хацеў адкасіць. А потым я вырашыў праверыць свой характар і застаўся даслужыць гэтыя паўтара года. Дарэчы там я вялікую кучу матэрыялу напрыдумляў. Атрымалася так, што давялося і "ваяваць", і граць. Мы там гралі ў клубе – рабілі якую-небудзь канцэртную праграму шлягераў тых часоў: "Розовые розы", "Светки Соколовы" і іншыя, але больш рокава гэта ўсё падавалі".

З дзедаўшчынай у музыкі таксама асаблівых праблем не было, ды і ўвогуле, войска ў яго пакінула шмат успамінаў. 
 
Сяргей "Скрыпа" Скрыпнічэнка ў цэнтры
 
Любіць за чаркай патравіць байкі пра часы службы ў войску і лідар гурта "Палац" Алег Хаменка, які служыў у маскоўскай ваеннай акрузе, у частцы нумар 8587. Ён кіраваў мясцовым духавым аркестрам з сямі чалавек. Сам музыка граў на трамбоне ды барабанах, а рэпертуар аркестра складаўся з савецкіх ды нямецкіх маршаў. Але творчасць не выратавала Алега ад "дзедаўшчыны", якая па прызнанні музыкі была вельмі сур'ёзная. Праўда, сам Алег нікога не катаваў.
 
Алег Хаменка
 
Алег Хаменка: "Я быў даволі лагодным. З некаторымі з тых, хто быў маім духам, я да гэтага часу падтрымліваю адносіны. Адзін з іх цяпер дырэктар гродзенскага музвучылішча. У нас у войску вось што было адметна: у нашым узводзе практычна ўсе былі беларусы. Кожны ўзвод па сутнасці прадстаўляў сталіцу якой-небудзь краіны. Я думаю, што менавіта тады я адчуў, што я дакладна беларус".
 
 
 
А вось дырэктар гурта "Ляпис Трубецкой" Яўген Калмыкоў пасля службы ў войску зразумеў, што свет зусім не такі, як ён гэта раней уяўляў. Ён служыў у ахове ЦК КПСС, акурат калі ў 1980-х гадах Міхаіл Гарбачоў абвясціў “сухі” закон. Яўгену даводзілася дзяжурыць каля вінагарэлачных аддзелаў.

Яўген Калмыкоў: "Часта даводзілася якіх-небудзь дзядулек весці ў "апарняк" за тое, што яны былі падвыпіўшыя. Яны казалі: "Ой, ды адпусці ж ты мяне!", а мне хацелася плакаць, але адмаўляў ім і вёў у міліцыю, бо быў загад даставіць. Пасля гэтага, натуральна, застаўся асадачак".

 
Яўген Калмыкоў (фота з кліпа "Огоньки" гурта "Ляпис Трубецкой")
 
Але праз год службы Яўген збег у мясцовы клуб, дзе выконваў ролю артыста агітбрыгады. Праўда, мянушка, якую кіраўнік "ляпісаў" атрымаў, калі быў у войску, ніяк не звязаная з яго культ-масавай дзейнасцю.

Яўген Калмыкоў: "Я ў першы месяц на стрэльбішчы на палігоне згубіў дульны тормаз кампенсатар ад аўтамата (прыстасаванне, закліканае памяншаць аддачу пры стральбе на 25-75 % - заўв. Еўрарадыё) і ўся рота яго шукала па балотах. Так мне далі мянушку Дульнік".

У палку спецыяльнага прызначэння дзедаўшчыны амаль не было, бо было шмат вучэбных трывогаў ды розных трэніровак. Ва ўсялякім выпадку, па словах Яўгена, яна была незаўважнай, калі параўноўваць з гісторыямі пра іншыя часткі.
 
Еўрарадыё віншуе з Днём абаронцы Айчыны ўсіх тых, хто сябе ім лічыць і жадае, каб лёс ратаваў беларускіх мужчын ад карыстання зброяй па прызначэнні. 
-30%
-25%
-25%
-10%
-25%
-50%