Кастусь ЛАШКЕВІЧ,

Ён быў сведкам 27 рэвалюцый і пераваротаў, 40 разоў трапляў за краты і атрымаў чатыры смяротныя
 
Рышард КАПУСЦІНСКІ (Kapuściński)

Нарадзіўся 4 сакавіка 1932 года
ў  Пінску (Польшча).

Памёр 23 студзеня 2007 года
ў Варшаве (Польшча).
прысуды. Ягоныя кнігі перакладаліся на дзесяткі моў і прадаваліся мільённымі накладамі па ўсёй планеце. Аднак усё жыццё легенда сусветнай журналістыкі паляк Рышард Капусцінскі мроіў пра родны Пінск.


Засваенне “крэсаў”

Дзяцінства Рышарда Капусцінскага звязана са старажытным Пінскам - горадам, у які ён імкнуўся ўсё наступнае жыццё.

Яшчэ паводле Рыжскай дамовы (1921), якая падзяліла Беларусь на дзве часткі, “сталіца Палесся” адышла да Польшчы. Паводле перапісу 1931 года, Пінск налічваў 33,5 тысячы жыхароў. 73,5% з іх складалі габрэі, яшчэ каля 10% - "рускія". Палякаў на Палессі было няшмат, у асноўным - прыбылыя ў межах дзяржаўнай праграмы засялення “крэсаў” і ўкаранення там польскай культуры вайскоўцы, ксяндзы, службоўцы, настаўнікі...

Бацька нашага героя Юзэф Капусцінскі скончыў настаўніцкую семінарыю ў Пружанах, працаваў у вясковай школе, пасля чаго быў накіраваны ў Пінск. Там ён і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Марыяй, якая разам з сям’ёй пераехала на Палессе з Мазавецкага ваяводства. Юзэф працаваў у пінскай сямігадовай школе настаўнікам малявання, Марыя выкладала там музыку.

4 сакавіка 1932 года ў маладых нарадзіўся сын Рышард. Яшчэ праз год на свет з’явілася дачка. У сям’і настаўнікаў навука заўжды была ў пашане. Натуральна, дасціпны малец навучыўся чытаць ды пісаць раней за раўналеткаў, і яго прынялі адразу ў другі клас той самай сямігодкі.

Міжваеннае жыццё на Палессі было нялёгкім. Праз дзесяцігоддзі, аб’ехаўшы ўвесь свет, Рышард Капусцінскі параўнае жабрацкае дзяцінства ў Пінску з жыццём афрыканскіх дзяцей: “...Ежы неставала, і ўсе, як і тут, хадзілі басанож”. У кнізе “Лапідарый” аўтар узгадваў: каб узімку купіць чаравікі на драўляных калодках, ён мусіў прадаць на рынку 400 кавалкаў мыла.

Ратуючыся ад бальшавікоў

1930-я. Рынак у Пінску. Фота: Wikipedia
1930-я. Рынак у Пінску. Фота: Wikipedia
Апошняе лета перад пачаткам Другой сусветнай вайны сям'я Капусцінсхіх прабавіла ў сваякоў у Люблінскім ваяводстве. Тым часам Гітлер, умовіўшыся са Сталіным, напаў на Польшчу. Капусцінскія вярталіся ў Пінск, а насустрач ім цякла бясконцая рака падводаў. Палякі ўцякалі ад Чырвонай арміі, якая займала Заходнюю Беларусь.

Афіцэр запасу Юзэф Капусцінскі быў мабілізаваны ў Войска польскае, ваяваў на Заходнім фронце, пакуль не трапіў у савецкі палон. Верагодней за ўсё, яго чакаў трагічны лёс тысяч польскіх жаўнераў, якія загадам савецкага кіраўніцтва былі расстраляныя ў Катынскім лесе, Старабельскім і Асташкаўскім лагерах. Аднак у дарозе на ўсход Капусцінскаму разам з некалькімі спрытнымі прыяцелямі пашэнціла ўцячы. Ён дабраўся да жонкі і дзяцей у Пінску, дзе ўжо стаяла Чырвоная армія.

Тым часам у Заходняй Беларусі ўжо гаспадарыў НКУС, рыхтуючы дэпартацыю "класавых ворагаў". Сям’і польскіх настаўнікаў пагражала непазбежная высылка ў Казахстан. Аднак Капусцінскім зноўку пашэнціла. Скарыстаўшыся вэрхалам і мітуснёй у першы час па прыходзе саветаў, бацька пакінуў горад лясамі. Маці з двума дзецьмі паспела ўскочыць у адзін з апошніх цягнікоў на Львоў. Праз некалькі час сям’я паядналася ўжо пад Варшавай.

Потым былі цяжкія гады нямецкай акупацыі, частку якой Капусцінскія правялі ў Кампіноскай пушчы, што ў ваколіцы Варшавы.

Імклівы ўзлёт

У 1950-м Рышард Капусцінскі скончыў сталічную гімназію, паступіўшы на гістфак Варшаўскага ўніверсітэту. Аднак перспектыва займацца даследаваннямі ў архівах зусім не ўсміхалася маладому гісторыку. Яго цягнула ў самы вір жыцця, і Рышард ідзе кур’ерам у моладзевае выданне "Sztandar Młodych". Амаль адразу ён пачаў пісаць і за рэпартаж пра цяжкое жыццё рабочых на будоўлі металургічнага камбінату ў Новай Гуце сходу атрымаў “Залаты Крыж Заслугі”.

У тым жа 1956-м Капусцінскі выправіўся ў сваю першую замежную камандзіроўку ў Індыю. Неверагодна, калі
1963 г. Капусцінскі падчас падарожжа праз Сахару. Фота: wyborcza.pl
1963 год. Капусцінскі падчас падарожжа праз Сахару. Фота: wyborcza.pl
 ўлічыць, што ў той час хлопцу было толькі 24!

Праўда, у друкаваным органе Саюзу польскай моладзі (іхні камсамол) таленавіты рэпарцёр не забавіўся. Маладзёна змусілі сысці пасля крытычнай публікацыі ў прагрэсіўным студэнцкім часопісе "Po Prostu". На ягонае шчасце на чале кампартыі Польшчы стаў Уладзіслаў Гамулька, які абвясціў у краіне лібералізацыю. Капусцінскі імкліва набірае прафесійную вагу ў часопісе "Polityka", а ў 1962 годзе становіцца адзіным замежным карэспандэнтам Польскага прэсавага агенцтва.

Ад таго часу цягам дзесяці год Рышард Капусцінскі адказваў за паўсотні краінаў, багата падарожнічаў па Афрыцы, Блізкаму Ўсходу і Лацінскай Амерыцы, праславіўшыся непаўторнымі рэпартажамі з гушчы войнаў, крывавых пераваротаў і рэвалюцый. Гэтак, у 1960-70-х ён сярод першых паведаміў свету аб падзенні еўрапейскіх каланіяльных імперый на Чорным кантыненце і нараджэнні незалежных дзяржаваў, распавёў пра зрынанне манархій у Эфіопіі і Іране...

За гэтыя гады Капусцінскі стаў сведкам 27 рэвалюцый і пераваротаў, 40 разоў трапляў за краты і атрымаў чатыры смяротныя прысуды!

Дысідэнцтва і сусветная слава

Раман Капусцінскага з уладамі сацыялістычнай Польшчы скончыўся пасля таго, як напрыканцы 1970-х ён пачаў супрацоўнічаць з легендарным парыжскім эмігранцкім часопісам “Kultura”, выйшаў з партыі ды далучыўся да апазіцыйнага руху "Салідарнасць".

Абвешчаны персонай нон-грата ў Польшчы, Капусцінскі стаў пісаць для еўрапейскіх і амерыканскіх СМІ. Дэсідэнцкі статус на радзіме стымуляваў велізарную цікавасць да яго творчасці на Захадзе.

Рэпартажы і нарысы нараджэнца Пінска атрымалі шырокае прызнанне не толькі ў якасці актуальнай журналістыкі, але і як бліскучая літаратура. Бурлівыя гістарычныя падзеі ён перадаваў праз тонкія псіхалагічныя партрэты персанажаў, разнастайныя метафары і незвычайныя вобразы.

1975 г. Капуцінскі ў Анголе. Фота: footballiscominghome.info
1975 год. Капусцінскі ў Анголе. Фота: footballiscominghome.info

Не дзіва, што па колькасці перакладаў на замежныя мовы класік польскага рэпартажу саступіў толькі нобелеўскай лаўрэатцы Віславе Шымборскай. За паўстагоддзя актыўнай працы Капуцсцінскі сабраў калекцыю з 40 літаратурных і журналісцкіх прэмій ды ўзнагарод. Двойчы яго намінавалі на Нобелеўскую прэмію, а ў 1995 годзе па выніках агульнанацыянальнага апытання ў Польшчы прызналі найлепшым журналістам стагоддзя.

“Адзін Капусьцінскі варты тысяч скуголячых і фантазуючых пісакаў”, - напісаў пра яго лаўрэат Букераўскай прэміі Салман Рушдзі.

Вяртанне ў родны Пінск

Вандруючы па кантынентах праз дзесяцігоддзі, Рышард Капусцінскі ніколі не забываўся на радзіму. "Я заўсёды шукаў мой дом, шукаў Пінск, - у Афрыцы, Азіі, Лацінскай Амерыцы”, - пісаў славуты рэпарцёр.

1979 г. Капусцінскі вяртаецца ў Пінск. Фота: history.museum.by
1979 год. Капусцінскі вяртаецца ў Пінск. Фота: history.museum.by

За савецкім часам і пасля таго, як Беларусь атрымала незалежнасць, Капусцінскі неаднаразова наведваўся ў родны Пінск. Першы раз- у 1979 годзе, апошні - у 1999-м. Тут ён адшукаў занядбаную драўляную хату на колішняй вуліцы Балотнай, 43 (сёння Суворава), дзе некалі нарадзіўся, і другі дом на рагу Паўночнай і Тэадораўскай (сёння скрыжаванне Савецкай і Гогаля), дзе ягоныя бацькі здымалі пакойчык ў пані Вербановіч-Кіндлер. Яна была апошняй, хто памятаў бацькоў Капусцінскага, і шчодра дзялілася з ім мілымі сэрцу ўспамінамі.

Капусцінскі неаднаразова заяўляў, што мае намер напісаць кнігу пра міжваенны Пінск. Цягам многіх гадоў ягоныя знаёмыя варшаўскія антыквары збіралі матэрыяльныя сведчанні з гісторыі палескага гораду і міжваеннай эпохі. Аднак гэта мара так і засталася няздзейсненай.

23 студзеня 2007 года Рышард Капусцінскі памёр у варшаўскім шпіталі ад інфаркту міякарда.

У 2001 годзе з ініцыятывы мясцовых палякаў дом, у якім нарадзіўся легендарны журналіст, быў адрамантаваны. Пасля смерці слыннага земляка на гэтым будынку адкрылі мемарыяльную шыльду ў яго гонар.

Пінск. Дом, дзе нарадзіўся польскі рэпарцёр. Фота: Kazimier Lachnovič
Пінск. Дом, дзе нарадзіўся польскі рэпарцёр. Фота: Kazimier Lachnovič

У Беларусі выдадзены тры кнігі Капусцінскага: “Вяртаньне, зборнік вершаў” (2007), “Імпэрыя” (2008), “Імпэратар. Падарожжы з Герадотам” (2009). Летась у Мінску і ў Пінску адбылася выстава "Паэт рэпартажу Рышард Капусцінскі", удзел у якой узяла ўдава нашага земляка.

Абвінавачанні пасля смерці

“Найвялікшы рэпарцёр у свеце", "Герадот нашага часу", “Летапісец трэцяга свету”, - называлі Капусцінскага ягоны калегі журналісты. Аднак пасля смерці да легенды з’явілася пытанні.

Летась у Польшчы выйшла 600-старонкавая біяграфія "Kapuscinski non-fiction", аўтар якой карэспандэнт “Gazeta Wyborcza” Артур Дамаслаўскі сцвярджае: у сваіх артыкулах Капусцінскі не саромеўся ахвяраваць дакладнасцю і праўдзівасцю інфармацыі на карысць эстэтыкі тэксту і мастацкай задумы. У прыватнасці, рэпарцёр нярэдка сцвярджаў, што быў відавочнікам падзей, на якіх не прысутнічаў, ці прыдумляў персанажаў і дэталі для ўзмацнення эфекту. Так, у 1968 году аўтар ад першай асобы апісаў масавае забойства ў Мексіцы, хоць не быў яго сведкам. Таксама ён распавядаў аб сустрэчы з Чэ Геварам, хоць на той час рэвалюцыянер быў нежывы.

"Капусцінскі эксперыментаваў у вобласці журналістыкі, і яго не хвалявала, што такім чынам ён перасякае мяжу паміж рэпарцёрствам і літаратурай, - адзначыў Дамаслаўскі ў інтэрв'ю “The Guardian”. - Я не адмаўляю, што яго кнігі выдатныя і неацэнныя. Але яны належаць больш белетрыстыцы, чым журналістыцы".

У кнізе таксама прыводзяцца факты супрацы Капусцінскага з уладамі камуністычнай Польшчы. Паводле архіўных даных, журналіст нібыта супрацоўнічаў са спецслужбамі з 1965 па 1972 (ці 1977) гады і "стучаў" на некаторых калегаў.

Скандальная кніга выклікала гарачую дыскусію ў журналісцкіх і літаратурных асяродках Польшчы. Удава нашага земляка Аліцыя Капусцінска дамагалася ад суду забароны на публікацыю і распаўсюд біяграфіі, якая “абражае імя мужа”. Разам з тым версія Дамаслаўскага стала бестселерам, а ейны аўтар быў уганараваны тытулам “Найлепшы журналіст 2010 года” у Польшчы.




У праекце "TUTэйшыя ў свеце" мы распавядаем пра людзей, без якiх гiсторыя сусветнай цывiлiзацыi была б няпоўнай. TUTэйшыя - легендарныя постацi, якiмi ганарацца на розных кантынентах, паходзяць з беларускiх этнiчных абшараў, хоць (за невялiкiм выключэннем) нiколi не атаясамлiвалi сябе з Беларуссю. Найчасцей iхнiя каранi звязваюць з Расіяй, Польшчай, Лiтвой цi Украiнай. Галоўная таму прычына - беларусы аформiлiся як "народ дзяржаўны" пазней за суседзяў. Больш за тое, працэс нацыястварэння ў нас не завершаны i дагэтуль.

- Цуда-доктар з Беластока.
- Беларуска - алiмпiйская легенда ЗША.
- Зямляк Лукашэнкi - прэзiдэнт на Гаваях.
- Брадвейскi кампазiтар са станцыi Параф’янава.
- Гродзенец, якi заваяваў шведскага караля.
- Just Касцюшка
-
Ліцвінскі элін - герой Грэцыі
- Як гродзенец стаў фінансавым геніем амерыканскай мафіі
- Як местачковец з-пад Мінска стварыў тэлерадыёіндустрыю ў ЗША
- Як слонімскі гандляр стаў сімвалам Брытанскай імперыі
- Аўтар "Глокай куздры" нарадзіўся ў Беларусі
- Аўстралійскі філантроп родам з Крычава
- Як сын рэчыцкага банкіра стаў французскім мастаком
{banner_819}{banner_825}
-10%
-10%
-15%
-35%
-10%
-80%
-15%
-50%
-10%