Яўген БАРСУКОЎ,

Пасля поспеху першай партыі крэатыўных віншавальных паштовак на беларускай мове мінскі дызайнер Раман Шык выдаў другую серыю!  

– Ужо прайшло крыху больш за паўгода з таго дня, як мае паштоўкі пачалі прадавацца ў крамах, – распавядае Раман. – Вельмі прыемна, што яны карыстаюцца добрым попытам: шмат хто аддае перавагу магчымасці павіншаваць сваіх блізкіх па-беларуску.

Вясной падаў заяўку ў Белгоспатэнт аб рэгістрацыі гандлёвай маркі "Паштоўкі, якія падабаюцца". Засталося чакаць дзесці паўтары гады да выдачы пасведчання. Што датычыцца асартымента, то на дадзены момант ён складаецца з трыдцаці двух розных паштовак. І толькі што надрукаваныя яшчэ восем, прысвечаныя Калядам і Новаму году. 

На гэтым, канешне, не збіраюся спыняцца. Крок за крокам павялічваю асартымент. Дарэчы, першая партыя, з якой усё пачыналася, амаль прададзена. Заробленыя грошы цалкам накіроўваю ў вытворчасць.

Тым часам працягваю паціху прабівацца ў новыя гандлёвыя кропкі. Цікава, што з прыватнымі прадпрыемствамі ці прадпрымальнікамі значна лягчэй дамовіцца аб супрацоўніцтве.

А вось некаторыя дзяржаўныя магазіны наадрэз адмаўляюцца ад прапановы ўзяць беларускія паштоўкі на рэалізацыю. Стандартныя адгаворкі звычайна такія: "У нас і так ужо хапае пастаўшчыкоў паштовак", "У нас няма свабоднага месца – усё і так застаўлена паштоўкамі". Ці, напрыклад: "Іншыя пастаўшчыкі будуць супраць, каб выкарыстоўвалі іх стойкі". На гэты адказ прапаную прывезці сваю стойку, прычым кажу, што я не супраць, каб на яе ставілі паштоўкі іншых выдавецтваў. Ад стойкі таксама адразу адмаўляюцца. Маўляў, яе будзе некуды паставіць. На шчасце, такіх магазінаў няшмат, з большасцю ўжо склаліся добрыя адносіны.

У Мінску мая прадукцыя прадаецца ўжо ў 30 месцах. Добрая навіна для тых, хто жыве ў іншых населеных пунктах – зараз беларускамоўныя паштоўкі таксама можна набыць ў інтэрнет-краме Prastora.by і атрымаць іх па пошце. Рассылка робіцца не толькі па Беларусі, але і за мяжу.

Паштоўкі для мяне не асноўны від занятку: па-ранейшаму працую дызайнерам ў прыватным выдавецтве. Акрамя таго, у свабодны час вечарамі ці ў выходныя дні займаюся рознымі заказамі: камусьці малюю, камусьці макетую старонкі для часопіса. Інакш кажучы, пакуль што не паштоўкі кормяць мяне, а наадварот.

Але сам праект настолькі захапіў мяне, што ўсе свае сродкі і сілы мабілізаваў дзеля яго развіцця. Мая мара – каб большасць паштовак, якія прадаюцца ў Беларусі, былі беларускамоўнымі.

 
{banner_819}{banner_825}
-50%
-10%
-20%
-10%
-10%
-10%
-20%
-20%
-10%
-54%