Коронавирус
Выборы-2020
Задержание «бойцов ЧВК» в Беларуси


Ніна Шчарбачэвіч,

Аліса, Джульета, Паўлінка — гераіні казак, фільмаў, тэатральных пастаноў. Іх імёны не пераблытаеш. Яны адразу выклікаюць сотні асацыяцый. Могуць змяняцца малюнкі ў кніжках, актрысы, дэкарацыі, але самі імёны дзяўчат падкажуць нам, якімі ўяўляць іх вобразы. А сённяшнія імёны, не гераічныя, не гістарычныя... Чаму менавіта іх выбраў час, і мы?

ЗАГС г.Маладзечна паведамляе, што сярод нованароджаных дзяўчынак сёння найбольш папулярныя імёны Мілана, Лізавета, Кацярына, Марыя. Зноў пазіцыю лідара вярнула імя Любоў. Радзей сустракаецца Таіра. Хлопчыкаў найбольш часта называюць Кірыл, Мацвей, Цімафей, Уладзіслаў, Аляксандр. "На кругі свая" вярнуўся Іван. Больш рэдкія імёны — Рувім, Эмір.

Калі таго жадаюць бацькі дзіцяці, супрацоўнікі ЗАГСа павінны зарэгістраваць любое імя, якім бы вычварэнскім яно ні было. Нядаўна маці захацела назваць дзяўчынку Наомі. Ніякіх праблем не было. Жанчына напісала заяву, і супрацоўнікі ЗАГСа зарэгістравалі маленькую паслядоўніцу знакамітай мадэлі. Я запыталася, ці бываюць бацькі, што жадаюць запісаць у пасведчанні аб нараджэнні беларускі варыянт імені, напрыклад, не Дмітрый, а Зміцер? Мне адказалі, што такое здараецца рэдка. Быў нядаўна адзін такі, што прынцыпова хацеў назваць сваю дачку Ганнай. Жанчыны-працаўнікі цярпліва тлумачылі яму, што ёсць "нармальнае рускае імя Анна", паказвалі менавіта гэтае імя ў слоўніку. Ды дзівак упёрся на сваім, і пераканаць яго так і не ўдалося.

Часам бацькі прыходзяць рэгістраваць немаўля, яшчэ не выбраўшы для яго імя, і просяць дапамагчы вызначыцца. У такім выпадку ў Маладзечанскім ЗАГСе ім прапануюць зазірнуць у царкоўны каляндар і выбраць імя святога, які значыцца за днём нараджэння малога. Тады гэты святы ўсё жыццё будзе ахоўнікам дзіцяці. Многія бацькі так і робяць.

Я ж задумалася, хто можа даць найлепшую параду наконт імёнаў нам, маладым і шчаслівым. І атрымала адказ: мёртвыя тыя, што сышлі ў нябыт (папулярна патлумачу крыху ніжэй).

Для таго, каб упэўнена ісці па жыцці, чалавеку патрэбен "падмурак". Псіхалагічна ён павінен абавязкова на нешта апірацца, ведаць, з чым сябе атаясамліваць. Такім падмуркам можа быць рэлігія, усведамленне нацыянальнасці.Чалавек разумее, што ён дзіця Бога, — значыць, ведае, адкуль узяўся і для чаго прызначаны. Выдатны філосаф Умбэрта Эка пісаў, што веруючым людзям лягчэй і жыць, і грашыць. Памылкі і хібы бязбожнік нясе сам, праз усё жыццё. Яго дакарае сумленне, адчуванне ўласнай недасканаласці. Вернік можа дыхаць вальней: ён ведае, што яго грахі, нават будучыя, могуць быць дараваныя Богам.

Другі "фундамент", як згадвалася вышэй, — гэта нацыянальнасць. Калі дакладна ведаеш, да якой нацыі адносішся, хто жыў на гэтай зямлі да цябе, чыім нашчадкам з'яўляешся, — ты не адзінокі. Можна параўнаць з травінкамі, першая вырасла ў пустыні, а другая — у зялёным полі. Якая з іх больш упэўненая ў заўтрашнім дні, у сваім існаванні?

Савецкія часы былі накіраваныя на тое, каб разбурыць і першы, і другі "фундамент". Кажуць, сувязь са сваёй мінуўшчынай губляецца праз тры пакаленні. 1917...2010 — лічыце самі. Можа, таму Беларусь, па апошніх звестках СМІ, уваходзіць у першы дзясятак краін свету і па п'янстве, і па бязбожнасці, і па суіцыдах сярод моладзі...

Вернемся, тым часам, да тых "мёртвых", якіх я абяцалася патлумачыць. Знайсці беларускія самабытныя імёны, прапанаваць іх вам — вось якую мэту я ставіла перад сабой, ідучы сонечным восеньскім днём на могілкі. Мая цікавасць была накіраваная на помнікі, а дакладней, на імёны, якія на іх напісаны. Гэтыя назовы не могуць быць ні выдумкай аўтара літаратурнага твора, ні пераблытанымі ўспамінамі сталага чалавека. Гэта факты. Так звалі прабабуль, прадзядуль, прапрадзядуль, "прапрапра...траюрадных" цётак...

Наймаднейшыя тагачасныя мужчынскія імёны нашых продкаў — гэта Якаў, Марк і Іосіф. Згадзіцеся, у іх быў нядрэнны густ. Таксама даволі часта сустракаліся Дзям'ян, Ларыён, Вікенцій, Франц, Устын, Марцін, Пракоп, Апанас, Ануфрый, Кандрат, Цімафей, Тарас. Самыя папулярныя старадаўнія імёны слабой паловы прасачыць больш складана, бо яны не значацца на помніках іх дзяцей, як мужчынскія імёны па бацьку. Тым не менш жанчын у той час звалі Варвара, Клаўдзія, Праскоўя, Лукер'я, Леакадзія, Агрыпіна, Ванда, Васюта, Паўліна, Анэля, Пелагея.

Цікава бачыць на помніках такія ж імёны, якія мелі пэўныя гістарычныя асобы: Вячаслаў (князь Вячка), Генрых (першы выбраны кароль Рэчы Паспалітай), Ядвіга (польска-літоўская каралева). Прызнацца, знайсці двух Адольфаў было не так прыемна.

Нашы продкі-мужчыны мелі шмат біблейскіх імёнаў: Фама — апостал, Лука — евангеліст, Захар — прарок, Варфаламей — адзін з вучняў Хрыста, Серафім — анёльская шасцікрылая істота. Аказваецца, самыя папулярныя мужчынскія імёны таго часу таксама біблейскія: Якаў — прабацька, Марк — евангеліст, Іосіф — прабацька, муж Марыі — маці Хрыста. Дзіўна, але тэорыя пра "два фундаменты" аказваецца яшчэ больш дзейснай, чым здаецца на першы погляд.

Прынамсі, ніводных Каці, Тані, Светы, Олі, Сашы, Сяргея на старых могілках я не знайшла.

Некаторыя звыклыя нам імёны былі і раней, але мелі зусім іншую форму. Напрыклад, Іра — Ярыня, Ганна — Нюша, Антаніна — Тося. Найбольш многа розных формаў мае Антон — гэта і Анцік, і Антук, і Антось, і Антонік. Жонак часта называлі па імёнах іх мужоў — Антучыха, Іваніха, Кароля (мужчына, як-ніяк, галава ў доме!). Часта клікалі па прозвішчах — Карпучыха (Карпук), Ляўковічыха (Ляўковіч); па прафесіях — Манька-паштальёнка; па знешнасці і манерах паводзін — Цыганка.

Час дыктуе свае правілы і моду. Аднак прыярытэты кожны мае ўласныя. Не саромцеся імёны для сваіх маленькіх падглядаць у продкаў. Яны даўжэй на свеце паспелі пажыць, былі мудрэйшымі. Няхай будзе дзецям за што зачапіцца, калі вас не стане...