Настасся Занько,

Іх палілі на вогнішчах у сярэднявечнай Еўропе. Яны не маглі сведчыць у судзе старажытнай Русі. Лічылася, што такімі людзьмі кіруе сам д'ябал. "Бойся леўшуноў і рыжых", — сведчыла прымаўка Сярэднявечча. Хоць сёння леўшуноў фізічна не знішчаюць, праблемы жыцця ў "праваручным" свеце для іх застаюцца актуальнымі.

Кожны раз праходзячы праз турнікет Юрый Чарнякевіч перакладвае картку ў правую. нязручную для сябе руку. А ездзіць у метро яму патрэбна некалькі разоў на дзень.

— Пастаянна адчуваю сябе быццам бы нейкім не такім. Тыя ж дзвярныя ручкі, кнігі, сшыткі на спружынах і г.д. Усё гэта прадугледжана ў пераважнай большасці для праўшуноў. Асабліва складана ездзіць у аўтамабілі, таму што там каробка перадач справа. На цябе скоса глядзяць у рэстарацыі, а больш за ўсё надакучылі пастаянныя фразы кшталту: "Ты ляўшун? О-о-о...". Стаўленне як да іншапланецяніна.

Дзякуй Богу, зараз распаўсюджанае меркаванне аб перавучванні дзяцей-леўшуноў не распаўсюджана. А хлопец застаў зусім іншую сітуацыю.

— Мая бабуля была настаўніцай у школе, — расказвае хлопец. — І мяне са слёзамі на вачах перавучвалі пісаць правай рукой. Я памятаю, мы ўсё лета з ёй практыкаваліся. Самае цікавае, што ў школе за адной партай са мной сядзеў хлопчык, якога абсалютна ніхто не перавучваў. І ўсё было нармальна. Ён пісаў левай рукой, а я яму вельмі зайздросціў. І яшчэ цікава, што мой дзед таксама быў леўшуном, але яго перавучылі...

Цяпер Юра ўсё адно ўсё робіць левай рукой. Адзінае, што толькі піша правай. Засталося ад практыкаванняў з бабуляй.

— Мая мама цяпер кажа, што, на сённяшні розум, мяне ніколі б не перавучвала ў дзяцінстве, — адзначае Юра.

Аднак нават дарослым леўшунам не так і проста. Калі мышку ці клавіятуру для леўшуноў яшчэ можна з горам папалам знайсці ў інтэрнэт-крамах сталіцы, то, напрыклад, штопар ці гадзіннік для леўшуноў купіць амаль нерэальна.

Між тым у інтэрнэт-крамах Расіі, напрыклад, актыўна рэкламуюцца тавары для леўшуноў: тачылкі, ручкі, у якіх не размазваюцца чарнілы, штопары, нажніцы і інш.

— Магчыма гэта і дробязі, але з іх складваецца ўсё жыццё, — тлумачыць Юра. — У Еўропе ці тых жа ЗША стаўленне для леўшуноў лепшае. Там такіх побытавых праблем няма...

З "левых" мараў Юрыя — гітара і ноўтбук для леўшуноў.

Аднак у беларускіх крамах набыць такія тавары пакуль не выпадае. Бізнэс для леўшуноў актыўна развіваецца пакуль толькі ў заходнееўрапейскіх краінах і ЗША.

Сярод сваіх пераваг хлопец называе магчымасць біць левай рукой у валейбол ды баскетбол, а таксама ў бойках.

— Я займаюся ўшу. Таму звычайна ў спаборніцтвах маю перавагу, таму што ніхто не чакае левага ўдару, асабліва, калі ты стаіш у правай стойцы, — распавядае Юра. — Вучоныя сведчаць, што ў леўшуноў больш развіта правае паўшар'е мозгу, адказнае за творчую дзейнасць. Аднак я не думаю, што і праўшукі гэтым абдзеленыя. Часткова, магчыма гэта і паўплывала на мае творчыя здольнасці: цягу да складання вершаў і пісання прозы.

13 жніўня Юрыя звычайна віншуюць родзічы і знаёмыя. Сам малады чалавек збіраецца адзначыць яго торцікам, які абавязкова будзе рэзаць левай рукой.

Цікава ведаць

Рух леўшуноў пачаўся ў 1980 годзе з мітынгаў у ЗША ў абарону звольненага паліцэйскага Франкліна Уінбарна. Уінбарн, паводле статута, павінен быў насіць кабуру справа, а яму, леўшуну, было зручней злева, так і чапляў. Следам грымнула кампанія ў падтрымку леўшуна Роберта Грына. Працаўнік пошты, ён сартаваў канверты левай рукой, а начальнік запатрабаваў, каб правай; Грын звярнуўся ў суд. Пасля гэтага была створана Міжнародная асацыяцыя леўшуноў, якая цяпер знаходзіцца ў г. Топіка (ЗША, штат Канзас). Асацыяцыяй падрыхтаваны "Біль пра леўшуноў".

Сусветны дзень леўшуноў быў усталяваны і ў 1992 годзе і ўпершыню адзначаўся 13 жніўня па ініцыятыве Брытанскага клуба леўшуноў.

Вядомыя леўшуны:

Аляксандр Македонскі, Юлій Цэзар і Карл Вялікі, пра што сведчаць апісанні іх застолляў і ваенных паходаў, а таксама маляўнічыя палотны. Партрэт Карла Вялікага ў поўным каралеўскім уборы доўгі час лічылі сапсаваным — ён трымаў павады каня ў левай руцэ. Каралева Вікторыя, Напалеон і Ота фон Бісмарк таксама варочалі "няправільнай" рукой.

Леварукімі былі Эйнштэйн і Ньютан. Назіраючы за тым, як Паўлаў рэжа трусоў, яго студэнты вымушаны былі запамінаць усё наадварот. У Моцарта і Бетховена партыі для левай рукі часта больш складаныя, чым для правай..

Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль, Рубенс і Пікасо таксама былі леўшунамі. Апошні дапамагаў дызайнерам у стварэнні адмысловых тавараў для леварукіх, у тым ліку гадзіннікаў і тэлефонаў. Арыстоцель і Фрыдрых Ніцшэ, а таксама Ганс Хрысціян Андэрсан, Марк Твен, Герберт Уэлс і Франц Кафка пісалі свае творы выключна левай рукой.

Анджаліна Джолі, Брус Уіліс, Ніколь Кідман — гэтыя, а таксама шматлікія і шматлікія іншыя акцёры Галівуда з'яўляюцца леўшунамі.

У ліку палітыкаў-леўшуноў ХХ стагоддзя — Уінстан Чэрчыль і Махатма Гандзі, Рональд Рэйган і Фідэль Кастро.

У ЗША ў 1992 годзе за пост прэзідэнта змагаліся адны леўшуны: Біл Клінтан, Джордж Буш-старэйшы і Рос Пяро. Сённяшні прэзідэнт ЗША Барак Абама таксама ляўшун.

Вядомыя багатыя — Джон Ракфелер, Генры Форд варочалі свае капіталы левай рукой, як і цяперашні Біл Гейтс. 

-10%
-10%
-20%
-10%
-15%