Інга МІНДАЛЁВА,

Паводле сцвярджэнняў астролагаў, мы цяпер знаходзімся ў так званым "часе зацьменняў", які значна ўплывае на лёс кожнага асобнага чалавека і грамадства ў цэлым. У чым сутнасць гэтай з'явы і якім чынам яна можа стаць небяспечнай для нас журналісту "Звязды" расказаў астролаг Уладзімір Васюк.

— "Час зацьменняў" — гэта адрэзак часу паміж двума зацьменнямі рознага парадку. Як правіла, "час зацьменняў" назіраецца двойчы на год, — патлумачыў астролаг. — "Час зацьменняў" можна параўнаць з выніковай кантрольнай за чвэрць для вучня. У гэты час "замацоўваецца" нейкі матэрыял. Нябесная канцылярыя аналізуе вынікі папярэдняй духоўнай работы чалавека, ацэньвае іх і ставіць "адзнаку". Прычым адзнака за вынікі работы ставіцца не заўсёды адразу, а ў большасці выпадкаў крыху апасля, праз пэўны прамежак часу, калі "кантрольная" будзе "праверана". Трэба ўлічваць, што ўплыў зацьмення адчуваецца не толькі непасрэдна ў дзень самога зацьмення, але і на працягу паўгода (тое, што "акрэсліваецца" падчас зацьменняў, часта рэалізуецца на працягу найбліжэйшых 6 месяцаў).

Зацьменні (і месяцавыя, і сонечныя) па-рознаму ўплываюць на людзей — усё залежыць ад індывідуальнага гараскопа. Калі гараскоп чалавека "рэзаніруе" з зацьменнем (яно закранае нейкія важныя кропкі натальнай карты), тады зацьменне для гэтага чалавека будзе значнай падзеяй. Калі зацьменне "закранае" пазітыўныя паказчыкі гараскопа, то адпаведна і ўплыў на чалавека зацьменне будзе мець пазітыўны. І наадварот: калі яно закранае негатыўныя кропкі, то і ўплыў яго будзе негатыўным.

Астролаг падкрэсліў, што само па сабе зацьменне — не добрае і не дрэннае. І зноў жа правёў паралель са школай.

— Калі школьнік добра вучыцца, для яго кантрольная — не бяда, ён ведае, што атрымае выдатную адзнаку. А для двоечніка кантрольная — кашмар, бо ён разумее, што акрамя дрэннай адзнакі ён яшчэ і наганяй ад бацькоў атрымае.

Як даведацца, ці правільна мы жывём (у адпаведнасці з касмічнымі законамі, ці не?) і якую "адзнаку" можам атрымаць ад нябеснай канцылярыі за "кантрольную"?

— У перыяд, пра які мы гаворым ("час зацьменняў"), як правіла, адбываюцца падзеі, якія чалавек не ў стане кантраляваць. Прычым тут верагодныя дзве крайнасці развіцця падзей: усё вельмі дынамічна, ці наадварот — усё вельмі спакойна. Калі ўсё вельмі спакойна, як штыль на моры, тады можна сцвярджаць, што чалавек жыве правільна, у гармоніі з космасам. Калі ў яго жыцці ўсё дынамічна і гарманічна, значыць, ён рухаецца ў правільным кірунку, аднак рабіць яму гэта трэба больш інтэнсіўна. Калі ж падзеі развіваюцца дынамічна і негатыўна, гэта сведчанне таго, што чалавек нарабіў памылак. Яму варта задумацца, пераасэнсаваць вопыт і, магчыма, здаць "кантрольную" яшчэ раз. Падчас уздзеяння зацьменняў жыццё расстаўляе ўсё па сваіх месцах, усё адбываецца менавіта так, як і павінна, альбо "намякае" на тое, як павінна быць.

Астролаг параіў падчас зацьменняў больш назіраць за сабой, быць уважлівымі, не ініцыяваць канфлікту, па магчымасці пазбягаць негатыву ва ўсім (у думках, словах, дзеяннях). І абавязкова памятаць пра наступствы ўсіх падзей і ўчынкаў, якія адбываюцца ў гэты час.

...Месяцавыя зацьменні паказваюць мінулае чалавека, дапамагаюць падвесці вынікі — і на індывідуальным узроўні, і на калектыўным — для пабудовы больш гарманічнай будучыні.

— Падчас месяцавага зацьмення адбываюцца падзеі (як негатыўныя, так і пазітыўныя), якія вяртаюць нас да мінулага, у сітуацыі, дзе мы нарабілі памылак. Мінулае, да якога адбываецца вяртанне падчас месяцавага зацьмення, патрабуе пераасэнсавання, духоўнай перапрацоўкі, для таго, каб чалавек трывала стаў на ногі, здолеў з аптымізмам глядзець у будучыню. Тут назіраецца парадокс: з аднаго боку, зацьменне правакуе фатальныя падзеі, сведчыць аб адсутнасці выбару, з іншага — дае выбар. Фаталізм зацьмення заключаецца ў тым, што яно настойліва рэкамендуе звярнуць увагу на тую сферу, дзе ў чалавека намеціўся крызіс. Свабоду даруе ў тым выпадку, калі чалавек звярнуў на гэта ўвагу, прапрацаваў свае складаныя аспекты, зрабіў правільныя высновы і скарэктаваў жыццё. Тады перад ім адкрыюцца новыя гарызонты і новыя варыянты выбару — у асабістым жыцці, у кар'еры і інш. — у залежнасці ад яго індывідуальнага гараскопа.

Месяцавае зацьменне, якое адбылося 26 чэрвеня, было вельмі напружаным, і яго наступствы (як для асобнага чалавека, так і для грамадства ў цэлым) будуць адчувацца на працягу паўгода. Згаданае зацьменне праецыравалася на Паўднёва-Усходнюю Азію, Акіянію, Аўстралію, а таксама на паўночна-заходняе ўзбярэжжа Амерыкі. Значыць, асноўных падзей на ўзроўні грамадства варта чакаць менавіта там (верагодныя сур'ёзныя прыродныя катаклізмы).

Калі месяцавае зацьменне дае магчымасць змяніць мінулае (а дакладней сваё стаўленне да яго), то сонечнае "зарыентавана" на будучыню. Поўнае сонечнае зацьменне адбудзецца 11 ліпеня і будзе закранаць экватарыяльна-трапічныя шыроты паўднёвага паўшар'я. Планы, праекты, ініцыятывы, якія вы распачалі напярэдадні ці ў сам дзень сонечнага зацьмення, неабходна завяршыць і давесці да канца, інакш вынікі намаганняў будуць негатыўнымі. Нічога глабальнага (асабліва калі вы не ўпэўнены, што здолееце скончыць справу), лепш не пачынаць. Падчас сонечнага зацьмення трэба сувымераць свае жаданні са сваімі магчымасцямі.

І яшчэ вельмі важна ў "час зацьменняў" уважліва сачыць за сваім здароўем. Праблемы ў гэтай галіне падчас месяцавага зацьмення з'яўляюцца "напамінам" аб вашых памылках у мінулым, а праблемы са здароўем падчас сонечнага зацьмення "сігналізуюць" аб сур'ёзнай небяспецы ў будучыні. У "час зацьменняў" добра праводзіць прафілактычныя і аздараўленчыя працэдуры (займацца ёгай, загартоўваннем арганізма, больш гуляць, дыхаць чыстым паветрам). Па магчымасці на гэты час варта з'ехаць на дачу, да бабулі ў вёску, пабыць на прыродзе, вельмі станоўча на здароўі адаб'юцца прагулкі ля ляснога вадаёма. Для захавання добрага самаадчування лепш абмежаваць на "час зацьменняў" ужыванне "цяжкай" ежы (яек, мяса), а павялічыць у меню аб'ём садавіны-гародніны. Напярэдадні і ў сам дзень поўнага сонечнага зацьмення 11 ліпеня астролаг раіць спажываць больш вады (пажадана крынічнай, калодзежнай ці хоць бы мінеральнай) — шклянку нашча ранкам і шклянку вечарам.

Сталічным кіроўцам у найбліжэйшыя некалькі дзён варта праяўляць павышаную асцярожнасць і быць удвая пільнымі за рулём на плошчы Бангалор, на вуліцах Някрасава, Пляханава, у раёне стадыёна "Дынама", універмага "Беларусь", медуніверсітэта і кінатэатра "Бярэсце".

-30%
-45%
-50%
-51%
-23%
-33%
-10%