Коронавирус
Выборы-2020
Отдых в Беларуси


Кастусь ЛАШКЕВІЧ,

У Беларусі пра яго не ведаюць нічога. Затое на другім канцы свету, у Аўстраліі, імя габрэйскага хлопца з беларускага мястэчка называецца ў ліку нацыянальных
Сідні МАЕР (Myer, Сімха Баеўскі)

Нарадзіўся 8 лютага 1878 г. у Крычаве (Расійская імперыя).

Памёр 5 верасня 1934 г. у Мельбурне (Аўстралія).
герояў. Пра тое, як Сідні Маер стаў адным з найпаспяховых бізнэсоўцаў Зялёнага кантынента і адной з самых шчодрых асобаў свайго часу, чытайце ў працягу нашага праекта “TUTэйшыя ў свеце”.


З мястэчка - на Зялёны кантынент

Сімха, малодшы з 11 дзяцей у сям’і настаўніка старагабрэйскай мовы Эзэкіля Баеўскага, нарадзіўся 8 лютага 1878 года ў Крычаве. Тады ў гэтым старажытным мястэчку Чэрыкаўскага ўезда Магілёўскай губерні пражывала блізу 2000 габрэяў, якія складалі больш за 40 адсоткаў ад агульнага насельніцтва. Тут дзейнічалі чатыры сінагогі, каля 10 хедэраў (пачатковых габрэйскіх школ), а ў 1894-м расчыніла дзверы габрэйская мужчынская вучэльня Капарыка.

Разам са старэйшымі братамі і сёстрамі Сімха як мог дапамагаў маці весці сямейную справу - гандляваць тканінамі. Аднак галота, царскія абмежаванні і адсутнасць надзеі змусілі Баеўскіх, як і многія іншыя габрэйскія сем’і з “рысы аселасці”, шукаць лепшую долю за мяжой. Паводле некаторых даных, бацькі Сімхі пераехалі ў Палесціну. Праўда, дакладных доказаў гэтаму не існуе. Гэтаксама невядомы і лёс ягоных шматлікіх братоў і сясцёр - усіх, апроч аднаго. У 1896 годзе Элькана Баеўскі выправіўся ў Аўстралію. Праз тры гады да яго далучыўся і наш герой. Што ж так далёка закінула крычаўскіх хлопцаў? У Мельбурне жыў іхні сваяк Лазар Слуцкін, які валодаў бізнэсам па продажы адзення.

Адклаўшы крыху грошай, браты Баеўскія пераязджаюць у прыіскавы гарадок Бендыга, дзе, паводле сямейнай традыцыі, адчыняюць крамку тканінаў і адзення. Справа не надта пасоўваецца, і Сімха, нагрузіўшы таварам схуднелую кабылку, выпраўляецца вандраваць па хатах і прыісках. Па начах ён старанна штудзіруе падручнік ангельскай мовы ды прыходзіць да высновы, што для паспяховага прасоўвання наперад замінае ягонае амаль невымаўляльнае для аўстралійцаў імя. Гэтак Сімха Баеўскі ператвараецца ў Сідні Маера (ягоны брат Якаў Меер Баеўскі заўчасна памёр у 1896 годзе).

Сям'я Баеўскіх у Крычаве, 1897 г. Фота: museumvictoria.com.au
Сям'я Баеўскіх у Крычаве, 1897 г. Фота: museumvictoria.com.au

Пачатак імперыі

Бізнэс Баеўскіх-Маераў развіваўся павольна, але несупынна. Аднак погляды крычаўскіх братоў разышліся на грунце рэлігіі. Пабожны Элькана не хацеў і чуць пра працу ў святую для кожнага іўдзея суботу. Сідні ж, які з гадамі адыдзе ад веры дзядоў і навярнецца да хрысціянства, лічыў рэлігійныя забабоны перашкодай для бізнэсу. Урэшце Элькана прадаў брату сваю долю за 320 фунтаў ды вярнуўся ў Мельбурн, дзе запачаткаваў уласную вытворчасць вопраткі. Сідні стаў ягоным галоўным пакупніком.

Падмурак для будучага поспеху і шматмільённага бізнэсу Сідні Маер заклаў менавіта ў Бендыга. Ён завабліваў кліентаў выгаднымі прапановамі і сенсацыйна-агрэсіўнай рэкламай. Нічым падобным канкурэнты пахваліцца не маглі. У 1907 годзе ягоная крама была ўжо самай вялікай у Бендыга, а колькасць супрацоўнікаў перавысіла паўсотні. Яшчэ праз год ён выкупіў краму ў галоўнага канкурэнта і за тры гады дасягнуў росту грашовага звароту з 38 000 да 160 000 фунтаў!

Стаўшы на ногі, Сідні пачынае вывучаць навуку продажу ў Еўропе і ЗША, наладжвае трывалыя сувязі з вытворцамі і экспарцёрамі. У 1911 годзе ён пазычае вялікую суму, каб набыць ужо існы ткацкі бізнэс у Мельбурне. Ягоны былы ўладальнік шатландзец Лі Ніл становіцца паплечнікам і пажыццёвым партнёрам братоў Маер-Баеўскіх. Вынікам гэтай угоды было адкрыццё ў 1914 годзе ў Мельбурне гіганцкага 8-павярховага ўнівермага Myer Emporium. Прычым Маер імкнецца максімальна выкарыстоўваць заморскія гандлёвыя навінкі. Дзякуючы яму на зялёным кантыненце пачалі дэманстраваць тавары на паліцах крамаў, з’явіліся распродажы, пакупкі па тэлефоне і стымуляванне
Сідні Маер у 1918 годзе. Фота: museumvictoria.com.au
Сідні Маер у 1918 годзе. Фота: museumvictoria.com.au
супрацоўнікаў. Апроч таго, у Myer Emporium дзейнічалі яслі і гульнявы пакой, дзе наведнікі маглі на час шопінгу пакідаць пад наглядам дзяцей.


Браты на службе новай радзімы

Першая сусветная заспела Элькану Маера ў камандзіроўцы ў Брытаніі. Ён уступае ў войска і змагаецца за брытанскую Карону на франтах. Тым часам Сідні дапамагае ў шарую гадзіну аўстралійскай эканоміцы. Імкнучыся зменшыць залежнасць краіны ад імпартнай прадукцыі, былы крычавец набывае і запускае некалькі фабрык ды пачынае выпуск ўласнай лініі адзення. Паралельна ён уводзіць у аўстралійскі бізнэс невядомыя дагэтуль прынцыпы: бясплатнае абследаванне і стаматалагічную дапамогу супрацоўнікам фірмы, продаж ім акцый кампаніі, стварэнне на прадпрыемстве спартовых і грамадскіх груп па інтарэсах.

Укараніўшыся ў Мельбурне (напрыканцы 1917 г. статутны капітал заснаванай ім кампаніі складаў 500 тысяч фунтаў), Маер пашырае бізнэс у Адэлаідзе і іншых частках кантынента.

“Шчыры і далікатны, Сідні меў жывое пачуццё гумару. Ён быў высокі і элегантны, з цёмнымі курчавымі валасамі і светла-блакітнымі вачыма, высокімі скуламі, ахайнымі вусамі і выразным ротам. Ягоны ціхі голас утрымліваў расійскі акцэнт, які станавіўся мацней падчас выступаў на публіцы”, - такім ён запомніўся сучаснікам.

У 1920 годзе Сідні Маер ажаніўся другі раз - з 19-гадовай Мэрлін Баіле, дачкой багатага мельбурнскага брокера і ўладальніка нерухомасці. У той час маладыя шмат падарожнічалі, і чацвёра іх дзяцей нарадзіліся ў Сан-Францыска.

Справы ішлі ўгору, Маер пашыраў сферы свайго бізнэсу. Цяпер ён быў уладальнікам і крамаў па продажу кухоннага посуду, мэблі, бакалейных і кафетэрыяў.


Маер супраць Дэпрэсіі

Сідні Маер праславіўся не толькі як звышпаспяховы бізнэсоўца, але і як чалавек, які спавядаў ў працы вышэйшыя этычныя падыходы. З пачаткам Вялікай дэпрэсіі ён распачаў кампанію “Купляйце аўстралійскае!”, якая мусіла падтрымаць айчыннага вытворцу і нацыянальную эканоміку. Каб пазбегнуць звальнення людзей, ён на 18 месяцаў урэзаў заробак усім супрацоўнікам на 20 адсоткаў. У адкрытых лістах у прэсе ён заклікаў калег-бізнэсоўцаў зрабіць тое самае ды прапанаваць новыя працоўныя месцы. Пры гэтым наш зямляк выдаткаваў 250 тысяч фунтаў на рэканструкцыю ўніверсама Myer Emporium - адзіны будынак у замерлым Мельбурне, дзе вяліся будаўнічыя работы.

Знакаміты мельбурнскі ўніверсам Myer Emporium
Знакаміты мельбурнскі ўніверсам Myer Emporium
Пачуццё спагады да іншых і незвычайная шчодрасць чалавека, які зрабіў шматмільённае багацце, але не адарваўся ад зямлі, зрабілі яго кумірам аўстралійцаў. У 1926 годзе наш зямляк перадаў Мельбурнскаму ўніверсітэту 25 тысяч долараў (на сённяшні пералік - 2,5 млн) для набыцця новай літаратуры. У 1928 годзе ён фундаваў транс-ціхаакіянскі авіяпералёт Чарльза Сміта. Багата падтрымліваў мельбурнскія шпіталі, прытулкі, сацыяльныя арганізацыі, а таксама існаванне Мельбурнскага сімфанічнага аркестра з ягонымі бясплатнымі летнімі канцэртамі, якія трываюць дагэтуль.

У разгар Дэпрэсіі, на Каляды 1930 года, Сідні Маер арганізаваў бясплатную вячэру для 10 тысяч незабяспечаных жыхароў Мельбурну. Цягам цэлага дня бясплатны транспарт дастаўляў людзей у гарадскі выставачны цэнтр, дзе мільянер асабіста сустракаў і вітаў гасцей. Кожнае дзіця атрымала скрыню з цацкамі.

У 1931 годзе былы крычавец перадаў аўстралійскаму ўраду дзесяткі тысяч фунтаў, каб наняць на працу больш за тысячу чалавек ды пабудаваць у Мельбурне бульвар і парк.


100 тысяч на пахаванні

5 верасня 1934 года Сідні памёр ад сардэчнага прыступу, шпацыруючы паблізу свайго дома ў прадмесці Мельбурна. Яму было 56 год.

На пахаванне чалавека, які за жыццё ахвяраваў на дабрачыннасць каля 160 мільёнаў долараў у сённяшніх лічбах, прыйшло 100 тысяч чалавек. Велізарны натоўп расцягнуўся ў 11-кіламетровую лінію ўздоўж яго апошняга шляху.

Па сабе ён пакінуў маёмасць на 1 млн тагачасных фунтаў, 10% якіх завяшчаў "на дабрачынныя, філантрапічныя і адукацыйныя патрэбы грамадства, у якім я зрабіў сваё багацце". Сыны выканалі апошнюю волю бацькі ды стварылі Фундацыю Сідні Маера, якая дзейнічае дасюль. Менавіта на грошы фундацыі ў 1959 годзе ў Мельбурне была адчынена славутая музычная арэна Sydney Myer Music Bow. Сёння ўжо прадстаўнікі чацвёртага пакалення сям’і Маер працягваюць дабрачынную дзейнасць продка.

Працягвае расці і бізнэс Сідні Маера. Пасля аб’яднання з некалькімі буйнымі канкурэнтамі напрыканцы 1980-х кампанія Coles Myer стала найбуйнейшай сеткай універмагаў на аўстралійскім рынку. Гэтую пазіцыю фірма ўтрымлівае і па сёння.

“Смелы аптымізм і цудоўная філантропія, камерцыйнае прадбачанне ды інавацыйная храбрасць і найперш бляск, з якім ён ажыццявіў рэвалюцыю ў продажы і змяніў сэрца Мельбурна - усё гэта зрабіла яго адным з вялікіх людзей ягонага часу”, - распавядае Аўстралійскі біяграфічны слоўнік.




У праекце "TUTэйшыя ў свеце" мы распавядаем пра людзей, без якiх гiсторыя сусветнай цывiлiзацыi была б няпоўнай. TUTэйшыя - легендарныя постацi, якiмi ганарацца на розных кантынентах, паходзяць з беларускiх этнiчных абшараў, хоць (за невялiкiм выключэннем) нiколi не атаясамлiвалi сябе з Беларуссю. Найчасцей iхнiя каранi звязваюць з Расіяй, Польшчай, Лiтвой цi Украiнай. Галоўная таму прычына - беларусы аформiлiся як "народ дзяржаўны" пазней за суседзяў. Больш за тое, працэс нацыястварэння ў нас не завершаны i дагэтуль.

- Цуда-доктар з Беластока.
- Беларуска - алiмпiйская легенда ЗША.
- Зямляк Лукашэнкi - прэзiдэнт на Гаваях.
- Брадвейскi кампазiтар са станцыi Параф’янава.
- Гродзенец, якi заваяваў шведскага караля.
- Just Касцюшка
-
Ліцвінскі элін - герой Грэцыі
- Як гродзенец стаў фінансавым геніем амерыканскай мафіі
- Як местачковец з-пад Мінска стварыў тэлерадыёіндустрыю ў ЗША
- Як слонімскі гандляр стаў сімвалам Брытанскай імперыі
- Аўтар "Глокай куздры" нарадзіўся ў Беларусі
-23%
-50%
-12%
-50%
-20%
-10%
-20%
-20%