Яўген ВАЛОШЫН, / Яўген Валошын

фотоУ "Схватку", правiлы якой распрацаваў мiнчук Іван Маслюкоў, гуляюць нават студэнты Сарбонскага ўнiверсiтэта i пераможцы "Еўрабачання".

Канадцы вынайшлi хакей, англiчане — бокс, амерыканцы — бейсбол, а беларусы... прыгоднiцка-iнтэлектуальную гульню "Схватка". Здарылася гэта ў 2001 годзе ў Мiнску. I напачатку ў яе гулялi не болей за два дзясяткi чалавек. Сёння — каля мiльёна.

Наўрад цi нехта зможа назваць больш папулярную сацыяльную гульню, прыдуманую на еўрапейскiм кантыненце ў ХХI стагоддзi. Для многiх "Схватка" зрабiлася стылем жыцця, спосабам дадаць рамантыкi ў сваё iснаванне.

Сустракаюся са стваральнiкам знакамiтай гульнi Iванам Маслюковым у адной з кавярняў на плошчы Перамогi ў Мiнску. Распытваю, якiм чынам яму ўдалося пакiнуць свой крэатыўны след у гiсторыi?

"Мясцовыя жыхары ашалела глядзелi на людзей з лiхтарыкамi"

— Да таго, як прыдумаць "Схватку", я збiраў макулатуру i бутэлькi, прадаваў грушы на рынку. Адслужыў у войску разведчыкам, што пайшло мне на карысць: быў час падумаць, што я буду рабiць у жыццi. Калi ўзнiкла iдэя наконт гульнi, асэнсавання, што яна атрымае такую папулярнасць, не было. У 2001 годзе людзi ўжо хадзiлi з ноўтбукамi, карысталiся iнтэрнэтам праз свае манахромныя тэлефоны. У першай "Схватцы" ўдзельнiчала восем камандаў, гэта каля 20 чалавек. Людзi атрымоўвалi заданнi, насiлiся па горадзе i выконвалi вар'яцкiя мiсii. Мэта мiсii — знайсцi код, якi ўводзiлi на сайце, пасля гэтага атрымоўвалi наступнае заданне. Так усю ноч ездзiлi на аўтамабiлях па горадзе, пакуль пераможца не выконваў апошняе i самае галоўнае заданне. За гады ў правiлах амаль нiчога не змянiлася.

— У якiм раёне праходзiла першая гiстарычная гульня?

— Скончылася яна каля ТЭЦ-4, што ў сталiчным мiкрараёне Паўднёвы Захад. Там ёсць агромiстыя ангары, якiя былi на той час адчынены. У адным з ангараў мы распалiлi вогнiшча, народ туды падцягваўся. Усе гулялi першы раз i былi на ажыятажы. Мясцовыя жыхары ашалела глядзелi на людзей, якiя з лiхтарыкамi выбягалi з машын, нешта шукалi. Выклiкалi мiлiцыю, якая прыязджала, а нiкога ўжо не было. Так гульнi праходзяць i сёння. Толькi з часам яны зрабiлiся больш заблытанымi, тэхнiка пачала выкарыстоўвацца больш разнастайная.

— Як людзi даведвалiся пра першыя гульнi?

— Iнфармацыя пра iх размяшчалася на разнастайных форумах, дзе тады сядзеў народ. Напрыклад, быў такi сайт "Мiнскi слон", пра якi сёння памятаюць толькi старажылы. Гулялi i гуляюць людзi, якiм у жыццi мала вострых адчуванняў, якiм хочацца разнастаiць сядзенне ў офiсе нейкiмi прыгодамi. Не проста паехаць кудысьцi пакупацца, а каб быў "кiпеш". Такiя людзi адчуваюць жыццё, калi адбываецца нешта экстрэмальнае.

Асабiста я гуляў у 2002 годзе i потым яшчэ пару разоў. Гульня дапамагае пазбавiцца нейкiх комплексаў, жахаў, дапамагае адчуць, што ты можаш усё, чаго пажадаеш. Гэта i так ува мне ёсць. Таму я перастаў гуляць.

Звычайна людзi ўдзельнiчаюць у "Схватцы" два, тры, чатыры гады, пасля сыходзяць. Але ёсць i такiя, што прыйшлi i назаўсёды засталiся. Як у iнстытуце, калi чалавек пасля сканчэння робiцца выкладчыкам i застаецца ў сiстэме.

"Гуляюць у "Схватку" i абарыгены — французы цi ангельцы"

— "Схватка" набыла такую шалёную папулярнасць, што пачалi з'яўляцца шматлiкiя клоны гульнi, прыдуманай вамi...

— Клонаў столькi, што мы ўжо збiлiся з падлiкаў. Спачатку спрабавалi з гэтым змагацца, быў нават судовы працэс. Людзi зрабiлi гульню па нашых правiлах, толькi назвалi яе па-iншаму — "Паляванне". Мы падумалi-падумалi i вырашылi звярнуцца ў суд, бо гульню мы прыдумалi, а значыцца мы i павiнны яе рабiць. Суд пастанавiў, што правiлы гульнi не з'яўляюцца аб'ектам аўтарскага права. Шахматы, напрыклад, цi хакей, прыдумляюць вельмi рэдка, таму на iх не выдаюць патэнты. Суд мы прайгралi.

— Апроч "Схваткi" вы распрацавалi яшчэ шэраг гульняў, якiя зноў жа сталi вядомымi...

— Спачатку мы арганiзоўвалi "Схватку" супольна з адным беларускiм iнтэрнэт-правайдарам. Пазней нашы думкi наконт развiцця праекта разышлiся. Тады я зрабiў уласную мiжнародную арганiзацыю Encounter, якая пачала пашырацца ў iншых краiнах. З'явiлiся новыя гульнi. У кожным рэгiёне маем свайго чалавека — менеджара. Беларусы — гэта толькi 5 працэнтаў ад усiх удзельнiкаў арганiзацыi. Людзi раз'язджаюцца па ўсiм свеце i пачынаюць ладзiць гульнi за мяжой. Пераважна гэта рускамоўныя ўдзельнiкi. Але ёсць краiны, дзе гуляюць i мясцовыя жыхары — "абарыгены". Напрыклад, французы цi ангельцы. Але гэта выключэнне. Многiм iншаземцам складана прывiць прагу прыгодаў, таму што тая ж Заходняя Еўропа куды больш латэнтная, спакойная, у iх ужо ўсё добра. Гэта людзi, якiя нiкуды не спяшаюцца, яны ездзяць 50??км/г па горадзе, яны ўсё паспелi.

Аднак i там нашы гульнi развiваюцца. Апошнiм разам нас запрасiлi ў Сарбонскi ўнiверсiтэт Францыi, спецыяльна для арганiзацыi гульнi. Iм было цiкава: прыехалi людзi з далёкай краiны, замуцiлi дзвiжуху. У iх такога няма.

"Здараюцца эксцэсы, калi пакладуць тварам у асфальт"

— "Дзвiжуха" можа не спадабацца праваахоўнiкам. Цi часта здараецца, каб удзельнiкаў "Схваткi" затрымлiвалi?

— У Беларусi канфлiкты здараюцца рэдка. Мiлiцыя прыязджае, ёй тлумачаць, што гэта спартыўнае мерапрыемства, арыентаванне па горадзе. Сёння, калi мы кажам "Схватка", пытаннi звычайна адпадаюць. У Расii бываюць эксцэсы. Хлопцы залезуць куды-небудзь з лiхтарыкамi, iх мянты павяжуць, тварамi аб асфальт i да высвятлення акалiчнасцяў. У дадатак удзельнiкi гульнi могуць i ў навiны патрапiць. Гэта толькi дадае iм iмпэту.

— Вашу гульню часта "рэкламуюць" па тэлебачаннi, асаблiва ў Расii...

— Сюжэтаў шмат, таму што "Схватка" — сацыяльная з'ява. Але людзi, якiя глядзяць тэлевiзар, зазвычай лайдакi. Пасля прагляду сюжэта яны могуць сказаць "крута!", але не палезуць на наш сайт рэгiстравацца i знаёмiцца з правiламi гульнi. Таму сюжэты прыносяць нам мала карысцi, вось калi б мы прадавалi пральны парашок, то я быў бы, напэўна, мiльярдэрам.

— Цi шмат вы зарабляеце з дапамогай Encounter? Цi можна лiчыць ваш праект фiнансава паспяховым?

— Я не ўжываю слова "поспех", таму што разумею, наколькi яно абстрактнае. Мы зарабляем роўна столькi, каб iснаваць i плацiць заробкi праграмiстам. Я не зарабляю вар'яцкiх грошай. Вядома, я магу спынiць укладаннi грошай i добра зарабляць. Але што я буду рабiць з грашыма? У слоiк iх складваць? "Энкаунтэр" — гэта iдэалогiя i псiхалогiя. Гэта куды больш цiкава, чым здабываць нафту альбо прадаваць шыны на рынку.

"Тры ўдзельнiкi праекта загiнулi"

— Цi здаралiся падчас гульняў трагiчныя выпадкi?


— Гульня экстрэмальная. Няма нiводнага экстрэмальнага спорту, дзе не было б ахвяраў. Але ўсё проста: калi слухаць указаннi арганiзатара, то нiякiх ахвяраў не будзе. Арганiзатары лепяць налепку "туды iсцi нельга". Але знаходзяцца ўдзельнiкi, якiя iгнаруюць... За ўсю гiсторыю на "Энкаўнтэры" загiнулi тры чалавекi. У мiнулым годзе ў Лiпецку два ўдзельнiкi задыхнулiся ў калектары. Па гэтым калектары ўвесь горад перамяшчаўся, у iм трэба было прайсцi адзiн з узроўняў. Код знаходзiўся ў 50 метрах ад увахода. Далей арганiзатар намаляваў стрэлку: "Выхаду няма". А двое хлопцаў думалi, што метраў праз трыста павiнен быць яшчэ адзiн выхад, i чамусьцi вырашылi туды пайсцi. Выхад быў завалены, там быў газ тыпу серавадароду. Яны задыхнулiся. Удзельнiкi заўсёды падпiсваюць паперку, што яны адказваюць за свае ўчынкi. Гульня экстрэмальная, трэба разумець, што гэта не забава ў пясочнiцы. У нашай дакументальнай стужцы "Encounter. Жаданне жыць" распавядаецца пра трагiчныя выпадкi.

— Вы яшчэ i кiно здымаеце?

— У планах зняць — прыгоднiцкi серыял. Хутчэй за ўсё гэта будзе рабiцца ў Расii. Вельмi шмат людзей лаяльна адносяцца да нашага брэнду i зацiкаўленыя нешта ствараць супольна. У 2008 годзе ў Маскве выйшаў мой раман "Encounter: начны экстрым". Папросту надакучыла тлумачыць людзям, што такое "Схватка" i Encounter. Наклад быў невялiкi — 7000 асобнiкаў. Раман хутка раскупiлi.

— Вы дагэтуль жывяце ў Мiнску?

— Так, тут побач, на плошчы Перамогi. Тут усё проста, а ў Маскве жыць складана. Аднак працаваць лепш у Расii.

Гульнямi Encounter цiкавіцца Руслана

Правiлы, прыдуманыя ў Мiнску, прыйшлiся даспадобы такой вялiкай колькасцi людзей, што ў iх лiк патрапiлi знакамiтасцi.

— Дакладна ведаю, што ў нашых фотагульнях прымаюць удзел вядомы расiйскi дызайнер Арцемiй Лебедзеў, да гульняў мелi дачыненне салiстка "Начных снайпераў" Дзiяна Арбенiна, пераможца "Еўрабачання" Руслана i iншыя.

Паводле статыстыкi сайта en.cx, сёння ў гульнях праекта Encounter задзейнiчана каля 20 тысяч камандаў (150 тысяч удзельнiкаў) з прыкладна 300 гарадоў 24 краiн свету. Клонамi народжанай у Беларусi гульнi цiкавяцца ўжо каля мiльёна чалавек.

Праект Encounter прапаноўвае шэсць арыгiнальных гульняў. Гэта, вядома, "Схватка", "Фотаэкстрым" (удзельнiкi павiнны сфатаграфаваць нейкi востры момант, напрыклад, аголеную дзяўчыну, якая ляжыць у ваннай, што выстаўлена на аўтобусным прыпынку), "Фотапаляванне", "Кэшынг" (удзельнiкi шукаюць тайнiкi па GPS каардынатах), "Мокрыя войны" (па iнтэрнэце ўдзельнiкi атрымоўваюць "асабiстыя справы" сваiх канкурэнтаў i "замочваюць" адно аднаго з вадзяных пiсталетаў), "Мазгавы штурм" (iнтэлектуальная гульня).

Найлепшыя гульцы час ад часу атрымоўваюць узнагароды, напрыклад, Залаты Ордэн 1 ступенi "Зялёная Зорка".
{banner_819}{banner_825}
-85%
-10%
-50%
-50%
-40%