Коронавирус
Выборы-2020
Отдых в Беларуси


Кастусь ЛАШКЕВІЧ,

Фенаменальная гісторыя жыцця габрэйскага хлопчыка Давіда Сарнова, які з беларускага мястэчка выбіўся ў лік найуплывовых людзей
Давід САРНОЎ (David Sarnoff).

Нарадзіўся 27 лютага 1891 г. у м.Узляны (Расійская імперыя).

Памёр 12 студзеня 1971 г. у Нью-Ёрку (ЗША).
самай магутнай сусветнай дзяржавы, - класічны прыклад спраўджання запаветнай амерыканскай мары. Сучасная тэлерадыёіндустрыя - плён прыдумкі нашага земляка. Праўда, вобраз амерыканскага ідала не такі станоўчы, як здаецца на першы погляд.

Талмуд як падмурак зорнай кар'еры


Давід, старэйшы з пяці дзяцей Абрама і Леі Сарновых, з’явіўся на свет 27 лютага 1891 года ва Ўзлянах Ігуменскага ўезда Мінскай губерні. Гэта было тыповае беларускае мястэчка на рацэ Вушанцы, дзе значную частку з тутэйшага паўтысячнага насельніцтва складалі габрэі. Не дзіва, што нароўні з царквой Прасвятой Багародзіцы і парафіяльнай школай тут месцілася сінагога і хедэр (габрэйская школа).

На канец 19 стагоддзя прыпадае першая вялікая хваля габрэйскай эміграцыі ў ЗША. У 1896 годзе, ашчадзіўшы крыху грошай на сціплай малярскай працы, шукаць шчасця за акіян выпраўляецца і Абрам Сарноў. Ягонай жонцы прыйшлося вярнуцца ў бацькоўскі дом з чатырма дзецьмі. Старэйшага з іх - 5-гадовага Давіда - аддалі на выхаванне да сваяка-рабіна ў мястэчка Карма пад Барысавам. Цягам чатырох гадоў хлопчык па 15 гадзін штодня бавіў час у мясцовым хедэры, старанна вывучаючы Талмуд. Можна прыпусціць, што менавіта гэта дзіцячая загартоўка стала своеасаблівым базісам для ягонага далейшага жыццёвага ўзлёту.

Нарэшце, у 1900 годзе Сарновы атрымалі вестачку ад бацькі са Штатаў. За чатыры гады цяжкой працай ён назбіраў пэўную суму, якая дазволіла яму запрасіць усю сям’ю ў сціплую кватэрку, што месцілася на Манро-Стрыт ў знакамітай габрэйскай рэзервацыі Ніжні Іст-Сайд на Манхэтане.

Паспець усё!


Знясілены працай бацька захварэў на сухоты, і цяжар галоўнага карміцеля сям’і лёг на плечы Давіда. 10-гадовы хлопец працаваў разносчыкам газет, вучыўся ў школе, дзе за год засвоіў ангельскую мову, а рэдкія вольныя хвіліны бавіў за чытаннем у мясцовай бібліятэцы. У трынаццаць, адклаўшы на газетах 200 даляраў, ён набыў невялічкі газетны шапік, дзе сам і рабіў. Паралельна падпрацоўваў у хоры сінагогі, не забываючы наведвацца і ў мясцовую габрэйскую школу. Грошай усё адно катастрафічна бракавала. Давід кідае навучанне, прадае шапік і ўладкоўваецца пасыльным у амерыканскі філіял брытанскай кампаніі вынаходніка і прадпрымальніка Гульельма Марконі. Таго самага Марконі, які запатэнтваў бяздротавы тэлеграф, за што ў 1909 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію па фізіцы.



Даўшы рады асноўным абавязкам, па вечарах Давід чытаў кнігі па электрычнасці і тэлеграфнай справе ды вучыўся працаваць на тэлеграфе. У 16 год ён дамогся свайго, атрымаўшы першую кваліфікаваную працу - малодшага тэлеграфіста. Крок за крокам ён уздымаецца па кар’ернай лесвіцы: начальнік аператарскай змены, мэнэджэр малодшага звяна… Перспектыва зарабіць закінула амбіцыйнага тэлеграфіста ў Арктыку, дзе ён служыў радыстам на прамысловых караблях.

“Тытанік” і першая слава


15 красавіка 1912 года а пачатку на 1-ю гадзіну ночы адбылася адна з найвялікшых катастроф ХХ стагоддзя. Гіганцкі трансатлантычны лайнер “Тытанік” натрапіў на айсберг і патануў, у выніку чаго загінула больш за 2000 чалавек. Доўгія дзесяцігоддзі лічылася, што менавіта Сарноў, які на той час рабіў інспектарам радыёстанцый і інструктарам інстытута Марконі ў Нью-Ёрку, першым перахапіў сігнал з тонучага судна.

“Так ужо выйшла, што я заступіў на дзяжурства ў той дзень, калі прыйшло першае паведамленне: на адлегласці 1400 міль ад берага патануў "Тытанік"! У мяне часта пытаюцца, што я адчуваў у той момант. Сумняюся, што я наогул нешта адчуваў на працягу 72 гадзін, пакуль атрымліваў навіны. Я тут жа перадаваў інфармацыю ў прэсу і газеты. Здавалася, усе вакол звар’яцелі. Тэлефоны разрываліся, хлапчукі на вуліцах выкрыквалі загалоўкі сенсацыйных навін, велізарныя натоўпы людзей збіраліся ля інфармацыйных дошак перад рэдакцыямі газет”, - распавядаў пасля Сарноў.

Праўда, як выявілася праз дзесяцігоддзі, зусім не Сарноў першым перахапіў сігнал з Тытаніка, і нібыта да радыёстанцыі ва універмагу Wanamaker ён дабраўся ледзь не на наступны дзень пасля трагедыі. Як бы тое ні было, менавіта прадубляваныя ім спісы ацалелых на лайнеры абляцелі ўсе амерыканскія газеты разам са здымкамі самога Сарнова. Тое была ягоная першая зорная гадзіна. Дарэчы, пасля гэтай катастрофы карэнным чынам змянілася і стаўленне грамадскасці да радыё, якое раней лічылася ў лепшым разе вузкапрафесійнай прыладай. Кангрэс ЗША прыняў закон, паводле якога ўсе судны з больш як 50 пасажырамі павінны былі мець радыёапаратуру.

Ад радыёпрымача да манаполіі


У 1917 годзе пасля ўступлення ЗША ў Першую сусветную вайну прэзідэнт Уільсан падпісвае дэкрэт аб стварэнні Радыёкарпарацыі Амерыкі (РКА). Яе камерцыйным упраўляючым прызначаюць 27-гадовага Давіда Сарнова, які ўжо даўно лабіраваў гэту ідэю.


Сарноў і Марконі ў 1933-м.

Што ж прынесла маладзёну-эмігранту такі імклівы і фантастычны поспех? Найперш унікальная здольнасць пралічваць шматхадовыя камбінацыі наперад. Зразумеўшы, што выбітным навукоўцам яму не стаць, ураджэнец беларускага мястэчка зрабіў стаўку на свае мэнэджарскія здольнасці. Ён уважліва адсочваў ўсе новыя адкрыцці ў галіне радыёэлектронікі, імкнучыся пераасэнсаваць іх у камерцыйным рэчышчы. Гэтак нарадзілася ідэя стварэння радыёпрымача - “музычнай скрыні з некалькімі доўгімі хвалямі, якія могуць пераключацца простым націсканнем кнопкі, што дазволіць простым амерыканцам атрымліваць асалоду ад бяздротавай перадачы музыкі, навінаў спорту, падзей і навуковых лекцый”.

У 1920 годзе РКА выдзяліла на стварэнне прататыпа прымача 2 тысячы даляраў. Каб папулярызаваць новы тавар сярод масаў, Сарноў выкарыстаў унікальны ход - жывую радыётрансляцыю “боя стагоддзя” паміж легендарнымі баксёрамі-“цяжамі” Джэкам Дэмпсі і Жоржам Карпанцьерам. Як вынік, праз тры гады ў ЗША было ўжо 523 радыёстанцыі і 2,5 млн радыёпрымачоў. Прыбыткі кампаніі ад продажу радыёлаў склалі 83,5 млн даляраў!

На хвалі поспеху ў 1921-м Сарноў становіцца галоўным упраўляючым РКА, праз год - віцэ-прэзідэнтам і гендырэктарам, а ў 1930-м - і прэзідэнтам карпарацыі. Паралельна яго прызначаюць дарадцам прэзідэнта ЗША. Гэтую пасаду ён захоўвае пры дзевяці (падумаць толькі !) наступных кіраўніках “зорна-паласатай” краіны!

У перадваеннае дзесяцігоддзе Сарноў зрабіў з АРК манапліста на рынку радыёвяшчання. Каб пазбегнуць антыманапольнага пераследу ад дзяржавы, ён падзяліў велізарную карпрацыю на дзве больш дробныя - NBC и RCA Victor.

Як Сарноў раз’юшыў Хрушчова
 

Пакарыўшы Алімп у радыёвяшчанні, Сарноў узяўся за тэлебачанне. У 1929 годзе да яго са сваімі распрацоўкамі звярнуўся выбітны расійскі навуковец-эмігрант Уладзімір Зварыкін. На даследаванні і эксперыменты АРК патраціла 50 млн даляраў. Сарноў і К скупілі ўсе неабходныя распрацоўкі і патэнты, рознымі шляхамі пазбавіліся ад канкурэнтаў. Улетку 1936-га адбылася першая жывая тэлетрансляцыя з Алімпійскіх гульняў у Берліне. У 1948 годзе у ЗША было ўжо больш за 750 тысяч тэлевізараў і 127 тэлестудый.



Чарговы перыяд узлёту Сарнова - Другая сусветная вайна. Наўрад ці, славуты ўраджэнец Узлян ведаў, што сталася з ягоным родным мястэчкам. 8 кастрычніка 1941 г. нацысты знішчылі амаль усё мясцовае габрэйскае насельніцтва - 375 чалавек. А праз год у Мінску акупанты закатавалі іншага славутага ўраджэнца Ўзлян - аднаго з арганізатараў і лідэраў падполля ў Мінскім гета Міхаіла Гебелева (1905-42). Адстаўны афіцэр Давід Сарноў дабравольцам пайшоў у амерыканскае войска, стаўшы спецыялістам па камунікацыях. Менавіта ён забяспечваў радыёпадтрымку аперацыі генерала Эйзэнхаўэра па высадцы англа-амерыканскіх войскаў ў Нармандыі, за што і быў уганараваны званнем брыгаднага генерала.

Дасягнуўшы ўсяго ў бізнэсе, Сарноў не быў пазбаўлены і палітычных амбіцыяў. Нязменны дарадца амерыканскіх прэзідэнтаў, ён стаў адным з ідэолагаў халоднай вайны з СССР і “палявання на вядзьмарак” (пошуку камуністычных агентаў у амерыканскім грамадстве). Менавіта Сарноў прапанаваў выкарыстоўваць кароткія хвалі для контрпрапаганды, у выніку чаго з’явілася радыёстанцыя “Голас Амерыкі”. Менавіта ён звярнуўся да Эйзэнхаўэра з “Праграмай палітычнага наступу супраць сусветнага камунізму”, за які атрымаў ад маскоўскай “Праўды” званне “падпальвальніка вайны”. Менавіта ён падчас візіту Мікіты Хрушчова ў ЗША заявіў савецкаму лідэру на нью-ёркскім прыёме: “Мы не забараняем Расіі весці радыёвяшчанне тут. Чаму ж тады савецкі ўрад не дае свайму народу такой жа свабоды?" Кажуць, Хрушчоў быў раз’юшаны…

Дзіўна, што стрыечны брат Сарнова — публіцыст і пісьменнік Юджын Лайанз (таксама ўраджэнец Узлянаў), доўгі час прытрымліваўся крайне левых, пракамуністычных поглядаў і стаў першым заходнім журналістам, якому Сталін даў інтэрв’ю ў 1930 годзе.



Цікава, як распавядалі жыхары родных Сарнову Ўзлян, напрыканцы 1930-х у мястэчка завітвалі супрацоўнікі НКВД, выведваючы ці не засталіся там сваякі знакамітага янкі.

Пераступіць праз усіх


Дзякуючы высілкам "цара Давіда", як яго называла прэса, Амерыканская радыёкарпарацыя стала адным з самых фінансава паспяховых праектаў у амерыканскай і сусветнай гісторыі. Яе дзейнасць пашырылася не толькі на рынак радыё і ТВ, але таксама на вытворчасць разнастайнай электронікі, навуковыя распрацоўкі ў інфармацыйнай і касмічнай сістэмах...

Што праўда, для дасягнення амбіцыйных мэтаў Сарноў не цураўся пераступаць праз галовы людзей, ламаць іхнія лёсы. Пераасэнсоўваючы ідэі геніяльных навукоўцаў, ён рабіў усё магчымае, каб у гісторыі засталося толькі ягонае прозвішча. Так было з перадвеснікамі радыё - аўтарам вакуумнай трубы, якая ўзмацняла электрасігнал, Лі Дэ Форэстам і ўнікальным вынаходнікам Эдвінам Армстронгам (скончыў жыццё самагубствам, прайграўшы 6-гадовы судовы працэс Сарнову); тэлебачання — каліфарнійскім геніем Філам Фарнсуортам, які прыдумаў прататып тэлевізійнай трубкі; і аўтарам ідэі жывых спартовых тэлетрансляцый Джуліюсам Хопам. Гэты пералік можна працягваць і працягваць...  

…У 1969-м праз моцную хваробу Давід Сарноў змушаны быў пакінуць пасаду кіраўніка АРК. Праз два гады яго не стала. З’яўленне ж на чале карпарацыі Сарнова-малодшага скончылася для яе калапсам.


***

Сёння ва Ўзлянах няма габрэяў. У мясцовавй бібліятэцы-музеі вы яшчэ знойдзіце інфармацыю пра героя антынацыстоўскага падполля Міхаіла Гебелева (удава паклапацілася), а вось пра славутага амерыканскага земляка - ні слова. Кажуць, многія месцічы ўпершыню і пачулі пра знакамітага ўзлянца толькі пару гадоў назад, калі ў вёску завітала амерыканская дэлегацыя. Быў тут і дырэктар вашынгтонскай бібліятэкі Сарнова Аляксандр Магун, які выказаў ідэю стварэння музея беларускага мястэчка. Аднак "воз и ныне там". А ў якіх 7 кіламетрах ад Узлян месцяцца знакамітыя "Дудуткі". Вось так у Беларусі развіваюць турызм.  





Сюжэт пра Давіда Сарнова з фрагментам ягонай прамовы. Відэа: Youtube



У праекце "TUTэйшыя ў свеце" таксама чытайце:

- Цуда-доктар з Беластоку.
- Беларуска - алiмпiйская легенда ЗША.
- Зямляк Лукашэнкi - прэзiдэнт на Гаваях.
- Брадвейскi кампазiтар са станцыi Параф"янава.
- Гродзенец, якi заваяваў шведскага караля.
- Just Касцюшка
-
Ліцвінскі элін - герой Грэцыі
- Як гродзенец стаў фінансавым геніем амерыканскай мафіі
-10%
-10%
-25%
-20%
-10%
-90%
-15%
-10%
-20%