src=https://tutby.gcdn.co/n/helikoptar_minsk.jpg
 

На сайце гіпермаркета “Карона” кожны цікаўны можа азнаёміцца з абвесткай, дзе ўсім ахвотным прапаноўваюцца забаўляльныя палёты на верталёце. Па любым маршруце на густ заказчыка. Той жа, каму не даспадобы лётаць на чужым верталёце, можа набыць паветраную цацку Robinson R44 ва ўласнае карыстанне.

Еўрарадыё даведалася, колькі каштуе гадзіна паветранай экскурсіі, ці можна замовіць верталёт для паездкі на пікнік з шашлыкамі, ці можна пралятаць над Адміністрацыяй прэзідэнта і што рабіць, каб вас не збілі айчынныя ракетчыкі, калі вы надумаеце паляцець на ўласным верталёце на дачу.

Як расказаў Еўрарадыё пілот-інструктар Вячаслаў, для палётаў над Мінскам ёсць свае абмежаванні, а вось злётаць на Мядзельскія азёры альбо на Нарач - праблем няма.

Вячаслаў: “Калі вы хочаце менавіта над Мінскам экскурсію, то тут у нас абмежаваныя палёты. А вось над запаведнікамі - калі ласка! Маршруты можна скласці. Мы ўжо лёталі па такіх маршрутах: на Браслаўскія азёры, на Нарач”.

Верталёт змяшчае трох пасажыраў, кошт палёту - 1 мільён 200 тысяч за гадзіну. Можна браць з сабой дзяцей. Афіцыйна - пачынаючы з 10-гадовага ўзросту. Неафіцыйна - і меншых. Вылет альбо з аэрадрома “Мінск-1” альбо з пасадачнай пляцоўкі “Антонішкі” ў раёне ТЭЦ-4. Мэта паездкі пілота не цікавіць - можна ляцець хоць на пікнік. Абы грошы былі, і вас дачакаюцца.

Вячаслаў: “Верталёт будзе вас чакаць. Прычым, прастой не будзе ўваходзіць ні ў які кошт. Колькі трэба мы вас пачакаем, а потым забяром і прыляцім назад”.

Калі паездка спадабалася, верталёт можна набыць ва ўласнае карыстанне. Не дорага - ўсяго каля 600 тысяч долараў.

Вячаслаў: “Цалкам з уплатай усіх падаткаў, ПДВ плюс зборка, аблёт будзе каштаваць каля 600 тысяч долараў. Гледзячы яшчэ, што вы хочаце бачыць у гэтым верталёце, якое абсталяванне і г.д.”.

Калі вы хочаце быць проста ганаровым уладальнікам верталёта - вам прадаставяць пілота, які будзе вас катаць. Калі хочаце самі лётаць - навучаць. Навучанне з выдачай пасведчання пілота-аматара абыйдзецца яшчэ ў 25 тысяч долараў. Пасведчанне афіцыйнае і дзенічае ва ўсіх краінах. Фірма бярэ на сябе ўсе клопаты па рэгістрацыі цяпер ўжо вашага верталёта і нават навучыць, як дабівацца дазволу ад ваенных на палёты.

Вячаслаў: “Калі вы будзеце вучыцца самастойна лётаць на верталёце, набудзеце яго, я вам раскажу, як вырашаць праблемы з ваеннымі. У прынцыпе, і праблем ніякіх няма”.

Пакуль у прыватным карыстанні ў Беларусі толькі адзін Robinson R44 - у дырэктара гэтай экскурсійна-гандлёвай фірмы. Праўда, кажа пілот-інструктар, ужо ў ліпені яшчэ адзін верталёт пяройдзе ў прыватнае карыстанне.

Вячаслаў: “У ліпені такі шчасліўчык з’явіцца. Яшчэ адзін, акрамя нашага дырэктара”.

Еўрарадыё звярнулася ў Міністэрства абароны, каб даведацца, ці сапраўды вырашыць пытанне з прыватнымі палётамі на ўласным верталёце не ўяўляе складанасці? Намеснік начальніка ўпраўлення выкарыстання паветранай прасторы Міністэрства абароны Сяргей Пуцістаў распавёў, што наперш у вас пацікавяцца трыма момантамі - ці зарэгістраваны ваш верталёт, ці маеце вы пасведчанне пілота і ці ёсць вам, дзе яго “паркаваць”. Далейшае атрыманне дазволу на палёт, па яго словах, складанасці не ўяўляе.

Сяргей Пуцістаў: “Калі вы захочаце пераляцець з пункту А ў пункт Б, вам неабходна прадаставіць заяўкі вызначанай формы. Заяўкі гэтыя вызначаныя авіяцыйнымі правіламі складання заявак і “Паведамленнем аб выкарыстанні паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь”. Гэта сумесны дакумент Дзяржаўнага камітэта па авіацыі і Міністэрства абароны №24/5. У гэтым дакуменце распісаныя фармалізацыі паведамленняў па вашай дзейнасці. А ў яшчэ адным дакуменце - інструкцыі “Па выкарыстанні паветранай прасторы Мінскага раёна” - распісаныя тэрміны і ў якія органы вы павінныя прадастаўляць гэтыя заяўкі”.

Па яго словах, асаблівых праблемаў з атрыманнем дазволаў на палёты над тэрыторыяй краіны ніколі не ўзнікала. Іншая справа Мінск. Тут, кажа намеснік начальніка ўпраўлення, шмат рэжымных аб’ектаў. І галоўны - Адміністрацыя прэзідэнта.

Сяргей Пуцістаў: “Пытанні пакуль узнікаюць толькі з горадам Мінскам. Тут знаходзіцца шмат рэжымных аб’ектаў. У тым ліку, і Адміністрацыя прэзідэнта. Таму, калі вы пажадаеце выконваць палёт над Мінскам, вам давядзецца дадаткова прайсці ўзгадненне з Мінгарвыканкамам і Камітэтам уласнай бяспекі прэзідэнта”.

Заяўкі на палёт трэба падаваць за 2 дні да прызначана вылету. А ў выпадку запланаванага палёту над сталіцай, і таго раней. Пакуль выкарыстанне паветранай прасторы на вышыні да 1,5 кіламетраў бясплатныя. Але па словах ваенных, калі колькасць карыстальнікаў гэтай прасторай павялічыцца, і калі замест заявак беларусы будуць, як і пілоты ва ўсім свеце, проста паведамляць за гадзіну да вылета, куды яны паляцяць, грошы браць будуць. За прадастаўленне інфармацыі аб бяспечным паветраным калідоры.

Зміцер Панямонаў

-25%
-10%
-40%
-25%
-10%
-55%
-15%
-50%
-10%