Прадзюсер праваленага ў Беларусi, аднак аншлагавага ў Санкт-Пецярбургу мюзiкла "Прарок" адстойвае свае правы на праект, не зважаючы на тое, што яго пазыкi перад творчым i тэхнiчным калектывам "Прарока" пагасiла жонка Iльi Алейнiкава. Спрэчка дайшла да суда, якi цяпер хочуць перанесцi з Санкт-Пецярбурга ў Маскву, бо разгляду справы ў паўночнай сталiцы Расii замiнае аўтарытэт Алейнiкава. Еўрарадыё паспрабавала разабрацца ў тым, што ж адбываецца вакол скандальнага мюзiкла.

Галляш Валынец

Еўрарадыё паведамляла, што апошнiя канцэрты мюзiкла "Прарок" у Мiнску, якiя прайшлi ў кастрычнiку мiнулага года, былi стратнымi, таму прадзюсер не здолеў адразу разлiчыцца з акцёрскiм складам i тэхнiчным персаналам, а правы на пастаноўку мюзiкла i правы на тэксты ды музыку знаходзяцца ў розных людзей. Менавiта з-за гэтага беларускi прадзюсер "Прарока" Вадзiм Таўпянец судзiцца з iдэйным натхняльнiкам праекта i аўтарам музыкi Iльём Алейнiкавым.

Прэс-сакратар праекта "Прарок" у Беларусi Таiсiя Таўпянец у iнтэрв'ю Еўрарадыё распавяла, што грашовае пытанне з артыстамi дапамагла вырашыць Iрына Клявер - жонка Iльi Алейнiкава, якая разлiчылася з пазыкамi ад iмя арганiзатараў мюзiкла. Таiсiя дадала, што на канцэрты-прэзентацыi "Прарока", якiя 2 тыднi таму ладзiлiся ў Санкт-Пецербургу ды Маскве быў атрыманы дазвол Вадзiма Таўпянца, але толькi з-за артыстаў.

Таiсiя Таўпянец: "Усе кантракты цяперашнiх акцёраў таксама знаходзяцца на руках у прадзюсера, а ў Алейнiкава няма нiякiх правоў на выкарыстанне трупы. На адзiн раз быў дадзены дазвол, каб артысты зарабiлi якiя-небудзь грошы".

Прэс-сакратар дадала, што цяпер памiж Вадзiмам Таўпянцом i Iльём Алейнiкавым цягнецца судовая справа, якую днямi перанеслi з Санкт-Пецярбурга ў Маскву. Беларуская прэс-сакратар патлумачыла, што спрэчка дайшла да суда пасля таго, як Алейнiкаў паспрабаваў выкупiць правы беларускага калегi на пастаноўку, а разглядаць яе ў Санкт-Пецярбургу немагчыма з-за аўтарытэту i вядомасцi Алейнiкава.

Таiсiя Таўпянец: "Беларускi прадзюсер аддаў шмат сiлаў i ўласных сродкаў на тое, каб гэты мюзiкл увогуле мог iснаваць: у пастаноўку, касцюмы, рэпетыцыi. Ён прымаў актыўны ўдзел у пошуку артыстаў, а зараз яму прапануюць непрымальныя умовы, каб выкупiць яго правы. Зараз Вадзiм збiраецца перанесцi судовую справу ў Маскву, бо судзiцца з Алейнiкавым у Санкт-Пецярбургу проста нерэальна, - яго iмя вельмi паважаюць у горадзе".

Еўрарадыё датэлефанавалася да выканаўчага прадзюсера мюзiкла Алены Вадзюшынай, якая пацвердзiла, што былi запазычанасцi перад трупай "Прарока" i выплацiла iх Iрына Клявер.

Алена Вадзюшына: "З-за таго, што прадзюсер (В.Таўпянец, - рэд.) не выканаў своечасова сваiх абавязкаў перад польскiмi партнёрамi, то ўсе правы перайшлi нам. Iрына Клявер насамрэч пагасiла ўсе запазычанасцi, якiя пакiнуў Вадзiм Таўпянец, пры гэтым ён знiк на тры месяцы. Таiсiя Таўпянец у нашым мюзiкле не працуе з лiстапада, а судовых працэсаў няма нi ў Пiцеры, нi ў Маскве".

Цiкава i тое, што паводле прэс-сакратара Вадзiма Таўпянца, зараз ён збiраецца шукаць новую трупу, каб паставiць другi мюзiкл, але пракат яго будзе ўжо выключна за мяжой. Алена Вадзюшына не надае сур'ёзнасцi гэтым заявам, спасылаючыся на тое, што кантракты з акцёрамi несапраўдныя.

Алена Вадзюшына: "Гэтыя кантракты несапраўдныя хоць бы з-за таго, што нi разу Вадзiмам Таўпенцом не быў выплачаны заробак у час. А набраць трупу i гастраляваць ён можа, толькi наш рэжысёр Януш Юзэфовiч нiколi пад гэтым "Прарокам" не падпiшацца, бо яго рэпутацыя яму даражэй за ўсё".

Дадам, што спецыялiст па сувязях з грамадскасцю мюзiкла "Прарок" Юрый Барысаў каментаваць сiтуацыю адмовiўся.

Юрый Барысаў: "Гэта ўнутраныя iх справы, якiя не хацелася б выносiць на суд шырокага грамадства".

Але калi верыць чуткам, што Iлья Алейнiкаў разам з жонкай заклаў сваю кватэру, каб аддаць пазыкi, то становiцца зразумелым, чый бок можна лiчыць праўдзiвым.
-26%
-10%
-21%
-20%
-20%
-25%
-10%
-15%
-20%