З дапамогай папулярных дыет многiя сапраўды худзеюць, але некаторыя памнажаюць кiлаграмы i страчваюць здароўе. Дык што ж гэта такое — модныя дыеты?

На самай справе дыеты выйшлi з моды. Подыумныя мадэлi, кiназоркi i iншыя прадстаўнiкi высокааплатных прафесiй выглядаюць так прывабна — ва ўсiх сэнсах падцягнута — ужо не таму, што "сядзяць" на дыетах. Дзякуй шматлiкiм навуковым даследаванням i адкрыццям, якiя неверагодна хутка падхоплiвае практычная медыцына, хiрургiя i дыеталогiя. Сакрэт вечнай маладосцi ўжо зусiм не сакрэт: прыгажосць i здароўе сталi сiнонiмамi. Здаровы лад жыцця, у сэнсе ўпартая праца над сабой, выйшлi на першы план: шматразовае, дробнае харчаванне — паболей карысных i паменей шкодных прадуктаў, рух — фiзiчная актыўнасць, спорт, ну, а часам i крыху майстэрства хiрургаў.

На жаль, шырокай аўдыторыi зусiм не патрэбны раскрытыя, складаныя ў прымяненнi сакрэты. Ёй хочацца цудаў — гатовых пiлюль, якiя будуць дзейнiчаць у час пасляабедзеннага сну. Маючы на ўвазе чалавечыя слабасцi, усе, хто распрацоўваў цудадзейныя дыеты, няблага падзарабiў.

***

Наогул ёсць, як вядома, дыеты жорсткiя, хуткiя. Пакуль iх жорстка вытрымлiваеш, вага сапраўды губляецца, але надзвычай малой колькасцi людзей удаецца трымацца на дасягнутым узроўнi па завяршэннi эксперыменту. Iншая справа — доўгатэрмiновы план харчавання. Адмовiцца давядзецца ад вельмi нямногiх прадуктаў, астатнiя або пэўным чынам спалучаюцца, або ўжываюцца ў пэўны час, або суадносяцца з фiзiчнай нагрузкай, або лiчацца калорыi. З такiмi дыетамi "на ўсё жыццё" сапраўды можна i патрэбна сябраваць, бо пры гэтым застаешся стройным i добра сябе адчуваеш. Вось пра такiя дыеты i не лiшне нагадаць. Аднак спачатку пагаворым пра тыя, што ў вiдавочным "мiнусе".

ШАКАЛАДНАЯ ДЫЕТА

Прыдумана ў Iспанii ў 1990-х гадах. На працягу дня — 5 кубкаў растваральнай кавы без цукру з абястлушчаным малаком i 80 г горкага шакаладу. За дзень страчваеш 1—3 кг. Больш за тыдзень сядзець на дыеце не рэкамендуецца.

Пахудзець сапраўды можна, аднак як i любая iншая монадыета, такое харчаванне пазбаўляе неабходных рэчываў. Вага знiжаецца не столькi за кошт лiшняга тлушчу, колькi за кошт страты вады: кава моцна абязводжвае. Нарэшце, кава i шакалад спрыяюць уздыму крывянога цiску. Словам, са здароўем гэта дыета нiяк не стасуецца.

"КIНОШНАЯ" ДЫЕТА

З 60-х гадоў яе выпрабавала на сабе не адно пакаленне артыстаў. Разлiчана на 12 дзён, паўтараць — не раней чым праз тры тыднi. Тры днi — кефiр, наступныя тры — вараная курыца без солi i скуры, яшчэ тры — зялёныя яблыкi цi яблычны сок без цукру, нарэшце, апошнiя тры днi — нятлусты сыр i чырвонае сухое вiно. Любы прадукт у "свой" дзень — без абмежаванняў. Вады можна пiць колькi заўгодна.

Рэальна скiнуць 9—10 кг, калi не пачнуцца праблемы са здароўем. Першыя шэсць дзён худзець удаецца за кошт бялковага харчавання, потым — за кошт абязводжвання арганiзма i слабiцельнага эфекту. Дыета, зразумела, пазбаўляе арганiзм многiх карысных рэчываў i таму са здароўем таксама несумяшчальная.

ДЫЕТА АТКIНСА

Першыя два тыднi неабходна ўжываць да 20 г вугляводаў у дзень (у адным яблыку — 15 г вугляводаў). Арганiзм атрымлiвае энергiю з тлушчаў i часткова з бялкоў, у вынiку чаго чалавек iмклiва худзее (мiнус 5—10 кг за першыя два тыднi). Пазней можна ўвесцi ў рацыён ад 30 да 100 г вугляводаў у дзень (афiцыйная медыцына пераканана, што для нармальнай жыццядзейнасцi патрабуецца 300—400 г гэтых мiкранутрыентаў). Дыета прапануе неабмежавана ўжываць любое мяса, рыбу, птушку, да таго ж як мага больш тлустае, паколькi тлушч у дадзеным выпадку — асноўнае "палiва". Можна яйкi i морапрадуты, з агароднiны — лiсцевае зяленiва, агуркi, капуста, цыбуля, грыбы i алiўкi. Садавiна, кашы, макарона, хлеб — забароненыя.

Хуткае знiжэнне вагi ёсць. Мяса — сытная ежа, таму праз 2—3 днi, калi праходзiць цяга да салодкага, пачуццё голаду практычна не ўзнiкае. Захоўваецца мышачная маса. Аднак перабор тлушчаў i бялкоў пры недахопе вугляводаў для арганiзма чалавека ненатуральны. Пэўны час пратрымацца можна, але што будзе далей? Даказана, што такая дыета можа справакаваць цукровы дыябет, камянi ў нырках i жоўцевым пузыры, праблемы з сэрцам, шчытападобнай залозай, iмунiтэтам i коснай тканкай, а для жанчын яшчэ i немагчымасць зачаць дзiця. Галаўны боль, запоры, непрыемны пах з рота, дэпрэсiя, страта пачуцця гумару — вось што псуе жыццё — дыета, у тым лiку i гэта.

"КРАМЛЁЎСКАЯ" ДЫЕТА

Яна ж "ачковая", або "дыета амерыканскiх астранаўтаў". Гэтая навiнка — добра забытае старое. У 60—70-я такую дыету прымянялi актрысы, калi трэба было хутка скiнуць вагу. Прынцып той жа, што ў Аткiнса, але тут прапануецца гульня: 1 г вугляводаў роўны 1 ачку. У дзень можна есцi да 40 ачкоў, калi неабходна пахудзець, i 60 — каб падтрымлiваць вагу.

Набiраць ачкi значна прасцей, чым разбiрацца ў тлушчах, бялках i вугляводах. Вага рэальна сыходзiць. Пачуццё голаду не назiраецца. Аднак ачкi размеркаваныя такiм чынам, што самымi спажывальнымi аказваюцца тыя, што ўтрымлiваюць шмат бялку i тлушчаў пры мiнiмуме вугляводаў. Такiм чынам, "крамлёўка" — тая ж дыета Аткiнса, другi бок аднаго медаля. Адпаведна, адмоўныя наступствы тыя ж самыя.

НIЗКАТЛУШЧАВАЯ ДЫЕТА

Iдэя паходзiць з вегетарыянства. Прыхiльнiкi ўжываюць толькi абястлушчаныя прадукты. Каларыйнасць знiжаецца i на нейкi час сапраўды ўдаецца знiзiць вагу. З гэтай дыеты можна зрабiць прымальны спосаб харчавання, калi не адмаўляцца ад тлушчаў наогул, а знiзiць iх да бяспечнага мiнiмуму (40—60 г у дзень) i замянiць жывёльныя тлушчы раслiннымi. Зусiм жа адмаўляцца ад тлушчаў нельга: яны дапамагаюць засваенню вiтамiнаў А, Д, Е, F, P, PP, удзельнiчаюць у сiнтэзе гармонаў, павышаюць iмунiтэт. Акрамя таго, прыхiльнiкi нiзкатлушчавых дыет увесь час мерзнуць, у iх — цьмяныя валасы, ломкiя пазногцi i лускаецца скура. Нятлустая ежа яшчэ i вельмi нясмачная.

ДЫЕТА ВУГЛЯВОДНАГА ЧАРГАВАННЯ

Прыдумана ў 90-я гады XX стагоддзя спартыўнымi дыетолагамi ЗША спецыяльна для спаборнiцтваў па фiтнэсу. Колькасць вугляводаў чаргуецца па днях: 1-ы i 2-i днi — па 1 г вугляводаў i 3 г бялку на 1 кг уласнай вагi, 3-i дзень — 5—6 г вугляводаў i 1 г бялку, 4-ы дзень — 4 г вугляводаў i 1—2 г бялку. Першыя два днi можна расцягнуць на тры, трэцi — на два, чацвёрты — таксама на два—тры днi.

Iдэальна падыходзiць да заняткаў па фiтнэсу, тым, хто любiць хлеб, злакi, гароднiну, рыс, садавiну, поснае мяса, морапрадукты i аэробiку, бег, плаванне, танцы, канькi. Дыета не вельмi добра збалансаваная па бялках, тлушчах, вугляводах, таму нельга трымацца яе больш як 2—3 тыднi.

НЕ ЕСЦI ПАСЛЯ…

Узнiкла ў 80-я гады XX стагоддзя. Не есцi пасля 16.00, 17.00, 18.00, 19.00.

Iдэальная для тых, хто рана ўстае i рана кладзецца спаць. Аднак тут не ўлiчваецца агульная сутачная каларыйнасць рацыёну, падбор пажыўных рэчываў i рэжым дня канкрэтнага чалавека. Важна, каб апошнi прыём ежы быў за тры—чатыры гадзiны да сну. Калi ж позна кладзешся спаць, вытрымаць гэту дыету амаль немагчыма — высокая верагоднасць сарвацца непасрэдна перад сном.

ХАРЧАВАННЕ ПАВОДЛЕ МАНТЫНЬЯКА

Французскi дыетолаг Мiшэль Мантыньяк апублiкаваў сваю першую кнiгу ў 1987 годзе i працягвае развiваць свае iдэi дагэтуль. Адмовiцца трэба толькi ад рафiнаванага цукру, пшанiчнай мукi, белага рысу, кукурузы, салодкiх газiраваных напояў. Для неачышчаных злакаў, зерневага хлеба, макароны з цвёрдых сартоў пшанiцы, садавiны i iншых вугляводзiстых прадуктаў абмежаванняў няма. Але iх нельга спалучаць з тлушчамi, бо яны спрыяюць вылучэнню iнсулiна, якi прымушае тлушчы назапашвацца. У адным прыёме ежы можна спалучаць бялкi i тлушчы або бялкi i вугляводы. Садавiну пажадана ўжываць асобна, за паўгадзiны да любой iншай ежы — так яны лепш ператраўлiваюцца. У першую фазу дыеты, на першым—трэцiм месяцах, застаешся з кашамi, малочнымi прадуктамi, нятлустым мясам, птушкай без скуры, агароднiнай i садавiной. Другая фаза — падтрымка дасягнутага вынiку. Можна ўсё, за выключэннем пералiчаных "ворагаў", толькi правiльна спалучаць.

Дыета забяспечвае арганiзм усiмi неабходнымi рэчывамi i вiтамiнамi, пазбаўляе праблем з кiшэчнiкам, захоўвае мышачную масу. Такое харчаванне дапамагае не толькi знiзiць вагу, але i ўтрымаць вынiк. Аднак даволi няпроста падабраць гатовыя стравы, асаблiва гарачыя.

ДРОБНАЕ ХАРЧАВАННЕ

Апошнiя 30 гадоў дыетолагi свету рэкамендуюць менавiта яго. Есцi трэба 5—6 разоў на дзень невялiкiмi порцыямi. Пры гэтым неабходна аддаваць перавагу здаровым натуральным прадуктам. Паменей мучнога, салодкага, тлустага, смажанага, далоў прадукты ў панiроўцы i салодкiя напоi.

Вельмi здаровы i разумны прынцып харчавання, якi цалкам стасуецца з навуковымi ўяўленнямi аб тым, як i што павiнен есцi чалавек. Выключаецца пераяданне. Неабходна ведаць, колькi энергii, бялкоў—тлушчаў—вугляводаў патрэбна канкрэтнаму чалавеку ў суткi. Вага знiжаецца павольна. Лепш за ўсё зрабiць такое харчаванне пастаянным.

Падрыхтавала Святлана БАРЫСЕНКА
Хотите быть здоровым? Раз в неделю наш редактор будет присылать лучшие советы врачей и новости медицины
Пожалуйста, укажите правильный e-mail
{banner_819}{banner_825}
-50%
-20%
-21%
-20%
-50%
-25%
-25%
-20%
-10%