Ірына АСТАШКЕВІЧ,

"Над сэнсам і прызначэннем жыцця жанчына часцей за ўсё сур'ёзна задумваецца толькі пасля таго, як... забівае жыццё, якое носіць пад сэрцам". Гэтую думку выказала ўрач-гінеколаг жаночай кансультацыі філіяла № 1 Гомельскай гарадской цэнтральнай паліклінікі Вольга Несцерава.

Тры гады, як яна не робіць аборты. Вольга Анатольеўна спрабуе кожную цяжарную жанчыну, якая трапляе да яе, пераканаць нарадзіць дзіця. Атрымліваецца, зразумела, далёка не заўсёды. Але ж атрымліваецца. З ёй і яшчэ дзвюма валанцёркамі, якія займаюцца перадабортным кансультаваннем, мы пабывалі ў некаторых з тых жанчын, перад якімі ў свой час паўстала пытанне — нараджаць ці пазбавіцца ад дзіцяці. Яны выбралі для сваіх дзяцей жыццё, а не смерць. І расказалі — чаму. Але ж паралельна жанчыны ўзгадвалі і іншыя гісторыі, праўда, з фіналам, далёкім ад аптымізму. Параўноўваце самі.
 
Жанна, 22 гады. Мікіту 1 год і 8 месяцаў.
Жанна, калі зацяжарала, была ўпэўнена, што бацька дзіцяці будзе супраць яго нараджэння.
— Урач Вольга Несцерава прапанавала: ты прымі рашэнне, і ён будзе "за". Сапраўды, ён не спужаўся. Пасля гэтага і вырашыла нараджаць. Цяпер жывём у грамадзянскім шлюбе. У той час ваганняў пагаварылі са мной псіхолагі, фільм паказалі страшны пра аборты. Маці падтрымала мяне. Цяпер у мяне няма сумненняў, што правільна зрабіла. Гэта такое шчасце — мой маленькі Мікітка!
 
Настасся, 22 гады.
Прыгожая, з вышэйшай адукацыяй, упэўненая ў сабе маладая жанчына год як замужам, у яе першая цяжарнасць. Але яна не хоча мець дзяцей цяпер.
— Мне трэба выплаціць крэдыт за машыну. І маці мая лічыць, што можна з дзіцем пачакаць. Вы мне будзеце расказваць, як ручкі-ножкі ў дзіцяці адрываюцца пры аборце? Не трэба, я гэта ўжо ведаю, не марнуйце час.
— Вам грошы важней, чым дзіця? — пытаецца ўрач.
— Так, — адназначна заяўляе жанчына.
— Мы спрабавалі адгаварыць яе ад аборту ўсёй кансультацыяй, але не змаглі, — з горыччу расказвае Вольга Несцерава. — А ніхто ж не ведае, што будзе праз некалькі гадоў. Магчыма, потым гэтая жанчына пагодзіцца аддаць усе грошы, каб толькі зацяжараць.
 
Таццяна, 55 гадоў.
Першую цяжарнасць перарвала, калі была студэнткай медыцынскага інстытута. Палічыла, што яшчэ рана, хоць будучы муж быў не супраць дзіцяці. Потым нарадзілася дачка. Наступная цяжарнасць была нечаканай, хоць быццам бы на той момант дыпламаваны ўрач павінна была ведаць, адкуль дзеці бяруцца. Паколькі ў жыццёвых планах другому дзіцяці не было месца (пакуль!), пайшла на аборт. У жыццёвых планах не было месца і аўтамабільнай аварыі, але... у ёй загінуў муж Таццяны. Больш яна сям'і не стварыла. Цяпер дарослая дачка, з якой не заладзіліся ўзаемаадносіны, пакінула маці. Жыве ў іншым горадзе і не імкнецца да цесных стасункаў.
 
Марыя, 25 гадоў. Ангеліне 7 месяцаў.
Яшчэ карміла грудзямі першую дачку, калі зацяжарала другім дзіцем. Старэйшая дзяўчынка была "складанай", муж пастаянна ў камандзіроўках. І маладая жанчына засумнявалася...
— Але ж калі я прыйшла на кансультацыю, Вольга Анатольеўна сказала: мае такія ж выраслі, і вашы вырастуць. Усе блізкія мяне падтрымалі. Асабліва сястра. У яе няма дзяцей. Яна мне кажа: будзем хаця б тваіх выхоўваць разам.
 
Галіна, 47 гадоў.
У 20 гадоў зрабіла аборт пасля таго, як ад яе адмовіўся той, хто мог бы назвацца бацькам ненароджанага дзіцяці. Праз некалькі гадоў выйшла замуж і хутка зацяжарала. Аднак арганізм выкідаў плод. І так здаралася 8 разоў. Дзявятую цяжарнасць, каб захаваць дзіця, праляжала пад кропельніцамі ў бальніцы. Цяпер адзінаму сыну 10 гадоў. Спадзяецца, што паспее пагуляць на яго вяселлі, хоць пасля перанесеных выкідышаў здароўе, на жаль, моцна падводзіць.
 
Наталля, 26 гадоў. Дачцэ Вікторыі 1,5 года.
Жыве з мужам у грамадзянскім шлюбе. Выхоўвае дачку ад першага шлюбу і вось цяпер — маленькую сур'ёзную Вікторыю Віктараўну. У Наталлі была перарваная цяжарнасць. Маці маладой жанчыны настаяла, каб урачы знайшлі сацыяльныя паказанні для аборту. І ёй на вялікім тэрміне зрабілі штучныя роды. Пасля быў выкідыш. Калі прыйшла з думкай пра аборт да доктара наступны раз, пачула: няма гарантыі, што потым зноў зможаш нарадзіць.
— Мы на той момант не ведалі, дзе нават жыць будзем. А тут яшчэ вестка пра магчымае дзіця... Я яго хацела, а муж казаў: пакуль рана, жыць няма дзе... Я кажу: усё разумею, але ж у дзіцяці сэрцайка ўжо б'ецца. Потым сказала: маўляў, урач не дае шанцаў, што дзеці яшчэ будуць, калі зраблю аборт. Ён падумаў і гаворыць — пакідай. Да таго, як Віка з'явілася на свет, ён мне казаў: ты думаеш, я з ёй цацкацца буду? А цяпер сам да яе ноччу ўскоквае першым. Муж ездзіць працаваць у Піцер, на жыццё хапае, хоць і жывём на здымнай кватэры. Гэта спачатку здаецца — усяго столькі спатрэбіцца! Але ж калі дзіця нараджаецца, усе праблемы, у тым ліку матэрыяльныя, вырашаюцца неяк аўтаматычна.
— У мяне быў іншы аналагічны выпадак, — уздыхае ўрач Вольга Анатольеўна. — Тады я так не сказала жанчыне катэгарычна пра тое, што дзяцей можа больш не быць. Шкадую вельмі, бо менавіта так і здарылася...
 
Марына, 42 гады.
Аборт зрабіла ў 25, бо сувязь, у выніку якой зацяжарала, палічыла выпадковай. Нават не папыталася ў магчымага бацькі дазволу, бо была абсалютна пераканана ў правільнасці свайго рашэння. На аперацыю яе адвёў іншы мужчына, які быў упэўнены, што стане для яе каменнай сцяной. Але ад яго яна збегла да будучага мужа. Аднак пасля доўгіх абследаванняў высветлілася, што яе абраннік не можа мець дзяцей. Сяброўкі і нават свякроў рэкамендавалі схадзіць "налева", каб паспрабаваць зацяжараць. Не пайшла. Праблему "вырашыў" муж: пайшоў да іншай жанчыны расціць дваіх яе дзяцей.
 
Алена, 36 гадоў. Глебу 5 месяцаў.
Яны з мужам 6 гадоў чакалі нараджэння першынца. Услед за Дзімам праз паўтара года нарадзілася Надзея. Калі Алена даведалася пра трэцюю цяжарнасць (яшчэ карміла грудзямі другое дзіця), крыху разгубілася — ужо занадта невялікая розніца паміж дзецьмі атрымліваецца.
— Першая думка была — мы не справімся, не зможам. Жыццё такое, што прымусіла сумнявацца. І тут мяне накіравалі на кансультацыю. Пасля яе мы вырашылі, што будзем нараджаць. Дарэчы, я і так ведала, што пакіну дзіця, але ж у мужу крыху сумнявалася. Ён спачатку казаў: куды нам трэці, а потым перадумаў, і цяпер мы не шкадуем, што іх трое. Глядзіце, які Глеб прыгожанькі! Вядома, за дзецьмі догляд пільны павінны быць. Але ж я ў свой час даглядала свёкра, інваліда-калясачніка. І сваю маці таксама даглядала. Дзяцей даглядаць не складаней. Калі Бог даў, значыць, так і трэба. Прыйдзе час, і яны мне дапамогуць.
 
Лілія, 33 гады.
Замужняя жанчына, каб нарэшце зацяжараць, зрабіла штучнае апладненне і ўжо чакала з'яўлення на свет дзвюх дзяўчынак. Пры ультрагукавым даследаванні высветлілася, што ў адной з іх няма рукі ад локця. Паехала ў Санкт-Пецербург на рэдукцыю (выдаленне) хворага эмбрыёна. Пасля першай аперацыі ў жанчыны пачаўся сэпсіс. Пры другой выдалілі тое дзіця, якое было здаровым, а потым і ўсе дзетародныя органы. Гавораць, цуд, што сама засталася жывой. Хаця гомельскія ўрачы пераконвалі яе нараджаць.
 
Валянціна, 36 гадоў. Крысціне хутка споўніцца год.
У Валянціны 5 сыноў. На шостай цяжарнасці сужэнцы рашылі, што хопіць. І жанчына зрабіла аборт, ад якога ўрач, як магла, яе адгаворвала. Пасля былі душэўныя пакуты па ненароджаным немаўляці. Менавіта яны паўплывалі на з'яўленне на свет Крысціны, якой Валянціна зацяжарала праз некаторы час. Дзяўчынцы неўзабаве год. Вакол яе 5 братоў-абаронцаў, старэйшаму з якіх 15. І кожны рады дапамагчы маці.
— Дзяўчынку я даўно хацела. Дарэчы, муж мой спачатку не хацеў пра шостага і чуць. А потым пахадзіў, падумаў, і гаворыць: "Давай пакінем — а раптам дзяўчынка?". Зараз вельмі задаволеныя. Многія бытавых цяжкасцяў баяцца. Гэта так, калі галоўная мэта — грошы, багацце... Мне казалі — а навошта вы столькі нараджалі, пра што вы думалі? Глядзяць, як на дзівачку. А я ж нічога ні да каго не хаджу прасіць. Мы і карову трымаем, і свіней, і курэй бройлерных лета кормім. І зіму з мясам заўсёды — не галадаем. Канешне, калі б гаспадарку сваю не трымалі, агарод не сеялі, было б складана. А так — разам справімся!
 
Кацярына, 39 гадоў.
Два яе старэйшыя сыны заканчваюць школу. Муж пайшоў да іншай, нечакана пакінуўшы апошні "падарунак" — дзіця пад сэрцам. Вагалася доўга, тым больш што заўсёды марыла пра дачку. Але ж адважыцца на аборт аказалася лягчэй, чым даць жыццё дзіцяці. Нават пры наяўнасці ўсяго таго, што завецца матэрыяльнай забяспечанасцю. Муж быў гатовы ўжо і назад вярнуцца, але ж калі даведаўся пра самастойнае рашэнне Кацярыны, перадумаў. Цяпер яна ў думках пастаянна адзначае верагодны дзень нараджэння магчымай дачкі.
 
Ніна, 41 год. Аляксандру 1 месяц.
Сям'я, у якой трое дарослых дзяцей, нядаўна пераехала жыць у прыгарад Гомеля з Хойніцкага раёна. Не паспелі асвоіцца на новым месцы, а тут — такі падарунак лёсу. Ды і ўзрост маці не той, каб з дзіцем цацкацца. Затое цяпер для Сашы ў доме не толькі адведзены асобны пакойчык, але і створаны сапраўдны дзіцячы "палац" — ложачак у зялёным колеры.
 
— Складана адважыцца на чацвёртае дзіця. Мы не планавалі, так здарылася. Думалі, як быць? Навокал усе казалі — навошта гэта вам? Дзеці вялікія, магла б ужо і спаць ноччу, а не да немаўляці падымацца... Блізкія мяне ўсё ж падтрымалі. Кажуць — будзе "лялька" пад старасць. Будзе каму вас весяліць, калі старэйшыя дзеці раз'едуцца. Цяпер мы вельмі рады, што Саша ў нас з'явіўся. Я ўдзячная Вользе Анатольеўне, якая мяне падтрымала. Яна кажа: і ў старэйшым узросце нараджаюць! На працягу тыдня прыняла рашэнне і больш не сумнявалася. Роды прайшлі паспяхова. Складанасцяў, зразумела, дабавілася. Адказнасці больш, чым з папярэднімі дзецьмі. Старэйшыя дочкі добра ўспрынялі з'яўленне маленькага. Сын спачатку казаў, што не будзе катаць каляску. А цяпер усе без выключэння хочуць патрымаць немаўля на руках, прыходзяць, назіраюць, як ён усміхаецца ў сне. Бацька ноччу падыходзіць да сына. Ён, праўда, хацеў дзяўчынку, але цяпер шчаслівы і з хлопчыкам.
 
Вольга, 37 гадоў.
Па маладосці зрабіла некалькі вакуум-абортаў, а потым, калі выйшла замуж, сутыкнулася з праблемай зацяжараць. Толькі штучнае апладненне прынесла доўгачаканы вынік: дзіця сёлета пайшло ў першы клас. Кажа, што тыя, хто з гэтай праблемай сутыкнуўся, ведаюць сапраўдную цану шчасця быць матуляй. Сёння Вольга сама спрабуе адгаворваць жанчын ад аборту.
 
Алена, 37 гадоў. Аляксею 10 месяцаў.
Яе Алёша быццам з абгорткі часопіса — сядзіць на покуці пад абразамі і шчодра адорвае ўсіх усмешкай. У галаву прыходзіць фантастычная ідэя: вось бы жанчынам у сумненнях загадзя паказваць такі фотаздымак — якім ён будзе, калі народзіцца! Старэйшыя дзеці Алены амаль дарослыя, хутка школу закончаць:
— Мы пабойваліся спачатку. Муж казаў: не пракормім. Ды яшчэ мая цяжарнасць якраз на крызіс прыпала — як пачало ўсё даражэць! Хоць у нас свой дом і месца ўсім хапае. Два дні муж маўчаў, а потым я зразумела, што ён не супраць. У радзільні шапталіся: пойдзем паглядзім на тую "хворую", што трэцяе дзіця нарадзіла! Што з іх возьмеш — яны яшчэ маладыя... З нараджэннем Аляксея стымул у жыцці з'явіўся. Хочацца жыць, працаваць — ёсць дзеля каго. За адну ўсмешку ўсё можна аддаць.
 
Вера, 69 гадоў.
З мужам, які піў, яна жыла, як кошка з сабакам, таму чаргавала аборты з нараджэннямі сыноў. Сама іх, дваіх, выгадавала, дала адукацыю, чакала, што ажэняцца, і дом напоўніцца галасамі ўнукаў. Лёс распарадзіўся інакш. У 90-я аднаго забілі ў п'янай бойцы, другі праз паўгода патануў. Цяпер яна ходзіць на могілкі і расказвае ім — тым хто пакінуў заўчасна гэты свет, пра ненароджаных, якія маглі б суцешыць яе ў старасці.
...Відаць, і многія ведаюць падобныя гісторыі. Пакуль пакідаю іх без каментарыяў. Які бок шаляў пераважыць у лёсавызначальны момант жыцця жанчыны, залежыць ад многіх акалічнасцяў. Пра тайныя матывы, прычыны і падставы, якімі кіруюцца будучыя матулі, пры пошуку адказу на амаль што гамлетаўскае пытанне (быць ці не быць новаму жыццю?) пагаворым наступным разам.
 
-50%
-10%
-20%
-10%
-50%
-25%
0069757