Брэнд Farbotka, створаны маладой беларускай Юляй Фарботкай, выпускае фэтравыя рэчы з матывамі з беларускага фальклёру. Цяпер модныя рэчы з беларускім арнаментам, валошкамі, пеўнямі можна купіць у буйнейшых польскіх гарадах і пабачыць на вуліцах Еўропы.
 
Маладая беларуска з Любліну кінула выклік буйным фірмам моды. Паўгады таму Юлія Фарботка заснавала ўласную фірму па вырабе фэтравых сумачак. Галоўным матывам яе праектаў стаў беларускі фальклёр – арнамент, валошкі і пеўні. Потым Юля выпусьціла калекцыю сукенак. Сёння ў яе фірме працуюць памочнікі, а прадукцыю з маркай Farbotka можна купіць у буйнейшых польскіх гарадах і пабачыць на вуліцах еўрапейскіх гарадоў. Назва маркі Farbotka паходзіць ад прозвішча яе заснавальніцы. Пасля заканчэння школы ў Мінску Юля паступіла на факультэт педагогікі ў Люблінскім каталіцкім унівэрсітэце. Польскую мову вучыла сама. Аднак яна хутка зразумела, што педагогіка гэта не яе прызначэнне і паступіла на факультэт міжнародных стасункаў у Вышэйшай школе прадпрымальніцтва і адміністрацыі.
 

Юля Фарботка. Фота dziennikwschodni.pl

Любоў да мастацтва прывілі Юлі бацькі. У таты ў свой час была мэблевая фірма, а маці працавала ў доме моды. З дзяцінства дзяўчына бачыла, як мама робіць чарцяжы, малюе, шые мноства самых розных рэчаў.
 
Аднак па-сапраўднаму і ўсур’ёз дызайнэрствам Юля занялася ў Польшчы. Усё атрымалася выпадкова, прызнаецца дзяўчына.
 
"Я пачала з ювэлірных вырабаў. Гэта былі ўпрыгожванні са штучных камянёў, срэбра, мэталу. Я пачала ездзіць у турыстычны гарадок Казімеж Дольны пад Люблінам, прадавала свае творы на рынку. І так усё лета. Шмат прадавала сярод знаёмых і неяк так атрымалася, што зацікавілася гэтай справай".

Падчас адпачынку ў Беларусі Юля наведала фабрыку абутку з фэтру. Ёй вельмі спадабаўся гэты матэрыял і пасля вяртання ў Люблін яна вырашыла выкарыстоўваць яго у сваёй працы. Першыя вышыўкі Юля пачала рабіць на торбах год таму. Праца мела ашаламляльны посьпех і Юля хутка стварыла ўласную фірму. У снежні мінулага году выйшла першая калекцыя — 12 фэтравых сумачак.
 
"Знаёмым спадабалася. Усе казалі: давай яшчэ. І так атрымалася – сёння ў маёй фірме працуе тры асобы, а прадукцыя добра прадаецца".

Юля пачынала з нуля. Рэгістрацыя фірмы заняла адзін дзень. Сродкі на пачатак бізнэсу яна атрымала з бюджэту Эўразьвязу. Напісала праект, прайшла кваліфікацыю і атрымала 4,5 тысячы еўра на ўласную справу.
 

→ Сайт прадукцыі Farbotka: farbotka.pl → Старонка ў фэйсбуку: Farbotka
 
У асартыменце маркі Farbotka – сумачкі самых розных памераў і самага рознага фасону: элегантныя, спартыўныя, сумкі для ноўтбукаў, чахлы для мабільнікаў, нават падушкі. Нядаўна Юля выпусьціла і калекцыю сукенак. Галоўная адметнасць яе прадукцыі – гэта беларускія нацыянальныя арнаменты і матывы. Пазней Юля пачала дадаваць да сваіх праектаў украінскія, чэскія, польскія і расейскія акцэнты.
 
Прадукцыю маркі Farbotka можна купіць у буйнейшых польскіх гандлёвых цэнтрах і прыватных крамах. Вельмі часта пакупнікі самі знаходзяць Юлю. Шмат прадаецца празь Інтэрнэт. Часам людзі падыходзяць на вуліцы і пытаюцца, дзе яна набывала сукенку і сумачку.
 
Жанчын у сукенках альбо з торбамі маркі Farbotka неўзабаве можна будзе сустрэць і ў Бразыліі, куды Юля плануе наладзіць распаўсюд сваіх тавараў. У плянах таксама выраб сумачак са скуры. На восень Юля хоча выпусціць уласную калекцыі вопраткі Farbotka.
Фота з калекцыяў Farbotka


 

 

 

 

 

 

 

 
{banner_819}{banner_825}
-10%
-15%
-30%
-40%
-30%
-20%
-10%