Вікторыя ПРАКАПОВІЧ,

Уздыму захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, якія традыцыйна гуляюць па Беларусі ў студзені-лютым, медыкі чакаюць літаральна ў любы момант.

Паліклінікі, бальніцы, аптэкі рапартавалі ў Міністэрства аховы здароўя аб гатоўнасці да “грыпознага сезона”. А вось ці гатовы да яго патэнцыйныя хворыя?

Многія з прыказкай “ды гары яно гарам” лечацца наяўнымі сродкамі з дамашняй аптэчкі або ўвогуле спадзяюцца, што само пройдзе.

Будзем шчырымі: хварэць нікому з нас не падабаецца. Змарнаваць жа ў паліклініцы некалькі дзён, абзваніць і аббегчы мноства аптэк у пошуках патрэбных лекаў і аддаць за іх добра калі “ўсяго” тысяч 100 – такая альтэрнатыва выклікае яшчэ менш імпэту. Таму многія з прыказкай “ды гары яно гарам” лечацца наяўнымі сродкамі з дамашняй аптэчкі або ўвогуле спадзяюцца, што само пройдзе.

Чаму беларусы не любяць ці не ўмеюць лячыцца па правілах, спрабавала разабрацца “Тут і цяпер”, распытаўшы як медыкаў, так і саміх пацыентаў .

Да ведама:

Паводле медыцынскай статыстыкі, да 90% усіх інфекцыйных захворванняў – гэта ВРВІ, на якія хоць пару разоў у жыцці хварэюць абсалютна ўсе людзі. Найбольш масавым застаецца грып, які штогод ахоплівае 20--30% дзяцей і 5--10% дарослых (па Мінску гэта 10% і 5% адпаведна). Эканамічная шкода ад захворванняў на грып арыентыровачна ацэньваецца спецыялістамі на суму больш як 1 мільён долараў на 100 тысяч насельніцтва.


ПАЦЫЕНТЫ З ПРЭТЭНЗІЯМІ

З некалькіх дзясяткаў апытаных чалавек амаль усе прызналіся, што адкладваюць візіт у паліклініку да апошняга. “Бо марудна і моташна”, -- дадавалі многія. “Апошнім разам я правёў у чарзе да тэрапеўта дзве з паловай гадзіны, і гэта пры тым, што прыйшоў за 30 хвілін да пачатку прыёму і ў чарзе быў ужо восьмым! – прыгадвае пенсіянер Анатоль Шаліма. – А што ў выніку? Маладая доктарка паведаміла, што ў мяне абвастрэнне хранічнага бранхіту, аб чым я і без яе ведаў, і выпісала таблетак на 150 тысяч – без усякай гарантыі, што тыя таблеткі дапамогуць…”.

“Кожны візіт у паліклініку – гэта цэлая эпапея, - пагаджаецца з папярэднім прамоўцам выкладчык Віктар Мароз. – Як у тым мультфільме пра Прастаквашына: спачатку колькі гадзін у чарзе да тэрапеўта сядзіш, каб атрымаць накіраванне на аналізы, потым столькі ж – у заблытанай чарзе на здачу крыві ды флюараграфію, потым зноў да тэрапеўта, дзе высвятляецца, што твае аналізы недзе згубілі і “можа, вы пашукаеце самі?”. Калі ў выніку яшчэ і лісток непрацаздольнасці не дадуць, то для работадаўца я – прагульшчык, якога варта пакараць рублём. Можна, безумоўна, без чаргі запісацца ў камерцыйны медцэнтр, але там адна кансультацыя больш як 50 тысяч каштуе, таму часта не находзішся”.

“Для мяне браць лісток непрацаздольнасці – надта дарагая раскоша, - скардзіцца маці дваіх дзяцей Таццяна Архіпава. – І гаворка нават не пра тое, колькі грошай практычна штомесяц ідзе на лекі і колькі я губляю, дакладней, банальна не зарабляю, седзячы дома. Начальнік ясна даў зразумець: частыя бальнічныя ў нас не вітаюцца. Ён чалавек малады, несямейны, бяздзетны – хіба зразумее, што такое тыдзень хадзіць у дзіцячы садок, тыдзень хварэць або “прынесці” з таго ж садка кішачную інфекцыю для ўсіх астатніх? Звольніць мяне па заканадаўстве начальнік не можа, а вось стварыць невыносныя ўмовы на працы можа вельмі проста. Таму я стараюся перахадзіць хваробу на нагах, а з малымі пакідаць іншых – бабулю або мужа”.

Сярод іншых распаўсюджаных скаргаў пацыентаў – фармалізм і абыякавасць медработнікаў нават пры платным прыёме, навязванне канкрэтных прэпаратаў, даражэйшых за беларускія аналагі ў некалькі разоў, апраўданні кшталту “ў мяне зарплата маленькая” і вымаганне хабару малодшым медперсаналам.

Але на ўласныя памылкі, як гэта часта бывае, пацыенты не зважаюць. Затое іх добра бачаць урачы, якіх мы папрасілі падзяліцца назіраннямі з другога боку барыкад.

УРАЧЫ З УГАВОРАМІ

“На першым месцы – абыякавасць саміх пацыентаў да ўласнага здароўя. Многія цягнуць да апошняга, а да ўрача прыходзяць, калі сітуацыя ўжо ахавая, што называецца, ратуйце, - заўважае галоўны ўрач 34-й сталічнай цэнтральнай раённай паліклінікі Дзмітрый Шаўцоў. – Мы прызвычаіліся думаць, што ВРВІ, грып можна вылечыць самастойна - ведаеце ж гэтае меркаванне, “калі грып лячыць, то ён пройдзе за тыдзень, калі не лячыць – за 7 дзён”? І мала хто ведае, што калі за першыя тры дні хваробы сітуацыя не паляпшаецца, то інфекцыя спускаецца ніжэй і з’яўляюцца бранхіты ды іншыя ўскладненні. У пажылых людзей рызыка ўскладненняў большая – у сярэднім на аднаго такога пацыента прыпадае 3—3,5 дыягназу. Вірус спрацоўвае як “пускавы механізм” для многіх хранічных хвароб, садзейнічае ўздыму артэрыяльнага ціску, лакальнаму абязводжванню арганізма… Тут без дапамогі ўрача ўжо ніяк не абысціся. Увогуле, нічога страшнага ў тым, каб лішні раз пракансультавацца ва ўрача, няма. Магчыма, вам нават лісток непрацаздольнасці не спатрэбіцца, і атрымаецца ўсяго за пару дзён вярнуцца ў нармальны стан”.

Што да доўгіх чэргаў, то для істотнай эканоміі часу наведвальнікам больш як 20 мінскіх паліклінік прапанавана паслуга “асабісты тэрапеўт”. Заключыўшы з установай дамову на год, пацыент не менш як 15 разоў наведвае ўрача-тэрапеўта, атрымлівае кансультацыі вузкіх спецыялістаў, здае аналізы, робіць прышчэпкі і праходзіць комплекс неабходных абследаванняў у зручны для яго час. Каштуе гэтая паслуга ад 850 тысяч да 2,2 мільёна беларускіх рублёў у год (у камерцыйных медцэнтрах – 2,5—4 млн рублёў).

Мінімальны набор, які звычайна выкарыстоўваецца для лячэння ВРВІ, – гарачкапаніжальны сродак, сродак ад кашлю і/ці насмарку, імунастымулюючы, супрацьвірусны – па цяперашніх цэнах у сталічных аптэках каштуе ад 40 да 120 тысяч беларускіх рублёў.

“Безумоўна, каб радзей хварэць, неабходна прафілактыка, -- працягвае Дзмітрый Шаўцоў. – Пажадана не пераахалоджвацца, трымаць ногі ў цяпле і сухасці, часцей мыць рукі, пазбягаць месцаў, дзе збіраюцца ў вялікай колькасці людзі (у памяшканнях або транспарце). На гэтыя элементарныя правілы мы часта не зважаем. Гэтак жа, як на неабходнасць сезоннай прышчэпкі супраць грыпу. Нават сёлета, нашто ўжо была маштабная кампанія вакцынацыі, але прышчэпкі зрабілі толькі 30% насельніцтва, у той час як у Заходняй Еўропе гэтая лічба дасягае 60%. Нашы людзі звычайна мяркуюць – ай, пранясе. Як правіла, не праносіць, і ўжо напрыканцы сезона ВРВІ, у сакавіку, чалавек хварэе на грып”.

“А яшчэ мяне вельмі “радуе” шматлікая катэгорыя пацыентаў, якія лепш за ўрача ведаюць, чым і як ім трэба лячыцца, - дапаўняе калегу фітатэрапеўт Людміла Мароз. – Часам хочацца ўголас крычаць: людцы, ну адключыце вы ўжо інтэрнэт і ўключыце мозг! Якое гаспадарчае мыла ў нос пры насмарку?! Якія расціранні гарэлкай пры высокай тэмпературы?! Не слухайце бабу Клаву з суседняга пад’езда, унучатаму пляменніку якой дапамаглі вось такія цудоўныя антыбіётыкі, – слухайце ўчастковага ўрача, які пяты раз паўтарае, што вірусная інфекцыя антыбіётыкамі не лечыцца! Бо ўрач не супраць пацыента павінен змагацца, а разам з ім – супраць хваробы!”

“Я прымаю толькі адзін від самалячэння – аказанне экстраннай сама- ці ўзаемадапамогі, калі пры няшчасным выпадку трэба спыніць крывацёк, сардэчніку даць валідол пад язык і г.д. Усё астатняе да дабра не вядзе, -- пацвярджае Дзмітрый Шаўцоў. – Можна нават ліпавай гарбатай атруціцца альбо зарабіць сабе алергічную рэакцыю, асабліва калі набываць зёлкі не ў аптэцы, а з рук ці нарыхтоўваць самастойна”.

Па назіраннях спецыяліста, які мае больш як 15-гадовы ўрачэбны стаж, толькі 30% пацыентаў (пераважна жанчыны) хварэюць правільна і лечацца дысцыплінавана, выконваючы ўсе назначэнні дактароў. Астатнія альбо завяршаюць курс лячэння раней за прадпісаны час, альбо пакідаюць лекі “ў запас” і потым ужо самі сабе іх “выпісваюць” альбо ўвогуле ігнаруюць рэкамендацыі доктара.

ЛЕЧЫМ І ЛІЧЫМ

У чым без спрэчак сыходзяцца абодва бакі, дык гэта ў недахопе кваліфікаваных кадраў (у Мінску практычна ніводная паліклініка не ўкамплектавана ўрачамі-спецыялістамі, лабарантамі і медсёстрамі на 100 працэнтаў) і ў дарагавізне лячэння (за мінулы год усе лекі, якія набываюцца за валюту, падняліся ў цане больш чым утрая). Прыкладам, мінімальны набор, які звычайна выкарыстоўваецца для лячэння ВРВІ, – гарачкапаніжальны сродак, сродак ад кашлю і/ці насмарку, імунастымулюючы, супрацьвірусны – па цяперашніх цэнах у сталічных аптэках каштуе ад 40 да 120 тысяч беларускіх рублёў. І надалей, паводле слоў правізараў, будзе толькі даражэць. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя і пытанне зусім не да пацыентаў, не да ўрачоў і нават не да вытворцаў лекаў.

Хотите быть здоровым? Раз в неделю наш редактор будет присылать лучшие советы врачей и новости медицины
Пожалуйста, укажите правильный e-mail
-40%
-50%
-25%
-52%
-20%
-52%
-15%
-10%