Надзея НІКАЛАЕВА,

Неабходнасць укаранення ў Беларусі сістэмы абавязковага страхавання прафесійнай адказнасці ўрачоў і стварэння ў краіне Нацыянальнай медыцынскай палаты аказаліся ў цэнтры ўвагі дэлегатаў ІV з'езда Беларускай асацыяцыі ўрачоў.

Для даведкі:
Паводле звестак расійскай Лігі правоў пацыентаў, штогод ад урачэбных памылак у Расіі гінуць 50 тысяч чалавек. Афіцыйную статыстыку ўрачэбных памылак, якія прыводзяць да смерці пацыентаў, ніхто не вядзе, але паводле неафіцыйнай інфармацыі, халтура і пралікі ў рабоце медыкаў забіваюць больш расіян, чым гіне людзей у дарожна-транспартных здарэннях.
— Запуск сістэмы страхавання прафесійных рызык дазволіць абараніць эканамічныя і прафесійныя інтарэсы беларускіх медыкаў, інтарэсы пацыента і яго сваякоў. На жаль, на дадзены момант урач у нашай краіне абсалютна неабаронены: яго можна прыцягнуць да адказнасці як па адміністрацыйным, так і па крымінальным заканадаўстве, — падкрэсліў у сваім выступленні на з'ездзе Валерый Лектараў, які апошнія пяць гадоў узначальваў Беларускую асацыяцыю ўрачоў. — У Крымінальным кодэксе ёсць 7 артыкулаў, згодна з якімі ўрач можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Тэрміны пакарання па гэтых артыкулах вагаюцца ад года да сямі. Напрыклад, у 2010 годзе чатыры медыцынскія работнікі былі прыцягнутыя да адказнасці па 162-м артыкуле Крымінальнага кодэкса "Неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам".
 
Прымаючы пад увагу такія важныя "нюансы", як шматгадовае навучанне ўрача, яго невысокую зарплату і гранічную ступень псіхаэмацыянальнага знясілення, няцяжка прадказаць, што калі над ім будзе вісець яшчэ і "дамоклаў меч" у выглядзе неабходнасці выплаты пацыенту матэрыяльнай шкоды ў асабліва буйным памеры пры здзяйсненні ўрачэбнай памылкі, то гэта будзе толькі ўзмацняць ва ўрача пачуццё сацыяльнага дыскамфорту і няўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Будзе і далей падаць прэстыж прафесіі ўрача ў нашым грамадстве і павялічвацца адток кваліфікаваных урачэбных кадраў з сістэмы аховы здароўя ў іншыя сферы дзейнасці, нярэдка ўвогуле ніяк не звязаныя з медыцынай. Існуе таксама пагроза выезду беларускіх урачоў за мяжу ў пошуках больш надзейнай сацыяльнай абароны, як гэта сёння адбываецца ў краінах Балтыі.
На жаль, але падчас прыняцця Закона Рэспублікі Беларусь "Аб ахове здароўя" нашы прапановы аб увядзенні абавязковага страхавання прафесійнай адказнасці ўрачоў не былі падтрыманы ўрадам і не ўвайшлі ў закон. Хоць у заканадаўчым парадку застрахаваныя ў Беларусі многія спецыялісты, уключаючы ветэрынарных урачоў.

Пры гэтым Валерый Лектараў канстатаваў, што ў Беларусі не развіта не толькі сістэма абароны інтарэсаў урачоў, але і сістэма абароны правоў пацыентаў, бо ў процілеглым выпадку колькасць іскаў да ўрачоў вымяралася бы тысячамі — таксама, як у Еўропе або ЗША.

Расплата за "рабочы дыягназ"

Дазволім зрабіць невялікае адхіленне, каб паглядзець, з якімі праблемамі сутыкаюцца медыкі ў іншых краінах. Нядаўна ўлады Еўрасаюза раскрытыкавалі медыцынскае абслугоўванне ў Еўропе, дзе кожны дзясяты пацыент становіцца ахвярай медыцынскіх памылак, а бальнічныя інфекцыі нярэдка цягнуць за сабой смерць чалавека. У вядомым брытанскім часопісе Brіtіsh Mеdісаl Jоrnаl быў апублікаваны артыкул, аўтар якога прафесар Гардон Калдвел, раскрытыкаваў метады дыягностыкі, прынятыя ў сучасных урачоў. Прафесар Калдвел сцвярджае, што большасць медыкаў пры першай сустрэчы з пацыентам ставяць "рабочы дыягназ", у адпаведнасці з якім хвораму і прызначаецца лячэнне. Але гэты дыягназ нярэдка бывае памылковым. У медыка проста не хапае часу на старанны збор інфармацыі для пастаноўкі правільнага дыягназу. Як правіла, такія памылкі робяцца ва ўмовах, калі запісы аб стане здароўя пацыентаў адсутнічаюць ці знаходзяцца ў беспарадкавым стане, вынікі аналізаў і даследаванняў не ўдаецца паглядзець, ці ўрачы імкнуцца хутчэй вызваліць бальнічныя ложкі, выпісваючы пацыентаў дамоў. Прафесар Калдвел упэўнены, што алгарытм прыёму і агляду хворых трэба пераглядаць: "Правільны дыягназ — гэта галоўнае, што вызначае шанцы пацыента на выжыванне. Таму ўрачоў абавязкова трэба забяспечыць і часам, і прасторай, і інфармацыяй".
У Аўстраліі падчас апытання трох тысяч урачоў нечакана высветлілася, што трэцяя іх частка задумваюцца аб зыходзе з прафесіі з-за частых іскаў з боку пацыентаў. І 40 працэнтаў задумваюцца аб заўчасным выхадзе на пенсію. Боязь судовага пакарання (а амаль 40 працэнтаў рэспандэнтаў бачаць у кожным пацыенце патэнцыяльнага скаржніка) прымушае спецыялістаў займацца "абарончай медыцынай". У прыватнасці, 55 працэнтаў апытаных урачоў заявілі, што сталі часцей заказваць аналізы, 43 працэнты — часцей адпраўляць пацыентаў на кансультацыю да "вузкага" спецыяліста і 11 працэнтаў — выпісваць больш лекаў.
 
У Брытаніі колькасць скаргаў на медыцынскае абслугоўванне дасягнула рэкорднага ўзроўню: за 2009 — першае паўгоддзе 2010 года ва ўстановы аховы здароўя былі накіраваныя 101,7 тысячы пісьмовых скаргаў ад нездаволеных пацыентаў. Магчыма, пацыенты становяцца больш патрабавальнымі, але не выключана, што ёсць над чым працаваць і сістэме аховы здароўя...
 
У Злучаных Штатах Амерыкі разборы па ісках, звязаных з медыцынскімі памылкамі і халатнасцю медработнікаў, абыходзяцца сістэме аховы здароўя ў 55,6 мільярдаў долараў у год. Большую частку выдаткаў складае аплата так званых "абарончых дзеянняў" медыцынскіх устаноў, у тым ліку аплата экспертызы спрэчных выпадкаў і дадатковыя даследаванні, прызначаныя пацярпелым пацыентам. Значныя сродкі выдаткоўваюцца таксама на аплату адміністратыўных і судовых выдаткаў, а выплаты па ісках супраць урачоў, наадварот, складаюць самую меншую частку: у 2008 годзе — 5,72 мільярда долараў. Самая вялікая сума кампенсацыі здароўю пацыента склала ў ЗША 12 мільёнаў долараў — яе выплацілі ў 2006 годзе сям'і, у якой дзіця стала інвалідам у выніку накладання шчыпцоў падчас родаў. Дзіцячы цэрэбральны параліч — вельмі сур'ёзны дыягназ. Судом было ўлічана, што і бацькі, і дзіця будуць цярпець усё жыццё, дзіця не зможа атрымаць прафесію, калі вырасце, не зможа ўтрымліваць у старасці ні сябе, ні сваіх бацькоў.

Добраахвотнае страхаванне — толькі паўмера

Расце колькасць незадаволеных пацыентаў і ў Беларусі: за апошнія чатыры гады колькасць скаргаў, якія паступаюць у галоўнае медыцынскае ведамства краіны, вырасла больш чым на тысячу. Пацыенты незадаволеныя парушэннем этыкі і дэанталогіі, няўважлівым доглядам хворых, скардзяцца на недаступнасць медыцынскай дапамогі і адказ у ёй, шмат незадаволеных чэргамі, адсутнасцю абсталявання ў бальніцах і стацыянарах. Колькасць судовых экспертыз, што прызначаюцца праваахоўнымі органамі па справах аб неналежным аказанні медыцынскай дапамогі, таксама штогод узрастае на 15—20 працэнтаў. Ёсць меркаванне, што пацыенты і ўрачы пастаянна парушаюць правы адно аднаго: няведанне сваіх правоў зусім не спрыяе наладжванню дыялогу.
 
Частка прэтэнзій пацыентаў даходзіць да суда, але часцей за ўсё пацыенты не ведаюць, што можна патрабаваць, у якім памеры, куды трэба звяртацца і колькі часу гэта можа заняць. Асабліва калі размова ідзе не пра платныя медыцынскія паслугі, а пра дзяржаўную медыцыну. Не сакрэт, што разлічваць на вялікія сумы кампенсацыі беларускім пацыентам не даводзіцца...
 
— На Захадзе памеры кампенсацыі шкоды здароўю, якія ўзніклі ў выніку ўрачэбнай памылкі ці халатнасці медперсаналу, вызначаюцца, зыходзячы з рэальных патрэб чалавека, што пацярпеў, а не з фінансавых магчымасцяў таго боку, што нанёс шкоду здароўю — як гэта адбываецца ў нас, хоць у нашай краіне здароўе і жыццё чалавека аб'яўлены галоўнымі каштоўнасцямі, — падкрэсліў Валерый Лектараў.
 
У суседняй Літве ўсе медыцынскія ўстановы абавязаны страхаваць сваю грамадзянскую адказнасць за шкоду, нанесеную здароўю пацыентаў. Мінімальная сума страхоўкі складае 50 000 літаў, але ўстановы аховы здароўя могуць дадаткова страхаваць сваю адказнасць. Да высновы, што без страхавання ўрачэбных памылак абысціся немагчыма, у Літве прыйшлі пасля жудаснай трагедыі, якая здарылася ў адной з абласных бальніц. Нованароджаныя блізняты атрымалі моцныя апёкі па віне медыцынскай сястры — тая паклала іх на грэлку, хоць у бальніцы мелася сучасная апаратура для нованароджаных. Немаўлятам давялося праводзіць перасадку скуры. Яны выжылі, але ніхто не можа сказаць, як перажыты болевы шок можа паўплываць на развіццё гэтых дзяцей у будучыні. Згодна з вердыктам Вярхоўнага суда, бальніцу прымусілі выплаціць кампенсацыю сям'і пацярпелых немаўлят у памеры паўмільёна літаў (ці 175 тысяч еўра). Бацькі патрабавалі ад бальніцы матэрыяльную кампенсацыю шкоды здароўю дзяцей у памеры 3 мільёнаў літаў — гэта прыкладна 1 мільён долараў ЗША. На судзе быў складзены графік выплаты гэтай сумы, бо ў супрацьлеглым выпадку бальніца проста мусіла б зачыніцца. Таму цяпер у Літве страхуюцца ўсе бальніцы, паліклінікі, кабінеты сямейнага ўрача, незалежна ад таго, дзяржаўная гэта ўстанова ці прыватная, і менавіта яны кампенсуюць пацыентам шкоду, калі, вядома, урач не дапусціў злачынную халатнасць.
 
Страхаванне ва ўсім свеце з'яўляецца асновай ажыццяўлення любой дзейнасці, тым больш урачэбнай. У Беларусі прафесійныя рызыкі медперсаналу таксама страхуюцца, але ў добраахвотным парадку. Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі страхаўшчыкоў, у 2010 годзе было заключана больш як 200 дагавораў аб супрацоўніцтве паміж страхавымі кампаніямі і ўстановамі аховы здароўя. Зразумела, што гэта толькі кропля ў моры...
 
— Пакуль адпаведны артыкул не з'явіцца ў Законе Рэспублікі Беларусь "Аб ахове здароўя", — упэўнены Валерый Лектараў, — страхаванне ўрачэбнай дзейнасці не стане ў нашай краіне нормай.
 
Валерый Лектараў паведаміў, што Беларуская асацыяцыя ўрачоў гатова выйсці з прапановай да кіраўніка нашай дзяржавы аб стварэнні ў краіне Нацыянальнай медыцынскай палаты, якая стала бы дзейсным памочнікам Прэзідэнту, ураду і Міністэрству аховы здароўя ў вырашэнні стратэгіі забеспячэння здароўя нацыі. У краінах Балтыі, Расійскай Федэрацыі, Казахстане грамадскія ўрачэбныя суполкі шчыльна працуюць з уладамі, і да меркавання медыцынскай грамадскасці там вымушаны прыслухоўвацца.
 
Па словах Валерыя Лектарава, ні ў Заходняй Еўропе, ні ў ЗША ўрачы ніколі не сутыкаліся з сістэмай татальнага кіравання ўрачэбнай дзейнасцю з боку дзяржаўных органаў:
 
— Нашы замежныя калегі дрэнна разумеюць, як дзяржаўныя чыноўнікі без актыўнага ўдзелу ўрачэбных асацыяцый могуць прымаць эфектыўныя рашэнні, напрыклад, па допуску да прафесійнай і ўрачэбнай дзейнасці, ці вызначаць ступень кваліфікацыі спецыяліста, займацца стандартызацыяй і сертыфікацыяй медыцынскіх паслуг, устанаўліваць нарматывы па штатах, ложках у стацыянарах, заработнай плаце і гэтак далей. Самае цяжкае — пераканаць кіраўнікоў сістэмы аховы здароўя перайсці ад прамога адміністрыравання ўрачэбнай дзейнасці да знешняга кантролю, а таксама даказаць ім на практыцы, наколькі ім самім было б выгадна перадаць частку неэфектыўных паўнамоцтваў сістэме ўрачэбнага самакіравання. Але перадача часткі паўнамоцтваў можа адбыцца толькі ў выпадку падрыхтоўкі новых нарматыўна-прававых дакументаў і ўнясення адпаведных паправак у Закон "Аб ахове здароўя".

На з'ездзе быў абраны новы старшыня Беларускай асацыяцыі ўрачоў. Ім стаў галоўны ўрач 34-й цэнтральнай раённай паліклінікі горада Мінска Дзмітрый Шаўцоў.
{banner_819}{banner_825}
-50%
-20%
-10%
-60%
-20%
-15%
-25%