Вольга Кулінковіч,

Адным з самых уразлівых органаў чалавека з'яўляецца сэрца. Разам з сасудамі яно ўтварае адну катэгорыю хвароб, назва якой сардэчна-сасудзістыя захворванні. Апошнія займаюць сёння першыя радкі сярод прычын, якія забіраюць тысячы і дзясяткі тысяч чалавечых жыццяў па ўсім свеце штогод. Вось чаму сэрца, а разам з ім і сасуды, трэба берагчы з маленства. Само дзіця наўрад ці гэта зразумее з-за свайго ўзросту. Да паўналецця клопат пра здароўе малога ляжыць на плячах бацькоў.

Закранаючы тэму сардэчна-сасудзістых захворванняў, медыкі б'юць трывогу. І робяць гэта адразу па дзвюх прычынах. Па-першае, у сувязі з тым, што сёння захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы займаюць лідзіруючае становішча сярод асноўных прычын смяротнасці. Ну і, па-другое, у сувязі з тым, што гэтыя захворванні прыкметна "памаладзелі". У апошнія гады значна павялічылася распаўсюджанасць сардэчных хвароб сярод дзяцей. Расце таксама колькасць немаўлят, якія ўжо нараджаюцца з падобнымі хваробамі. А ўжо зусім насцярожвае тое, што сярод падлеткаў пачалі сустракацца такія "захворванні пажылых", як артэрыяльная гіпертанія, атэрасклероз і нават інфаркт міякарда...

Сардэчныя беды: ад малога да вялікага

Хутчэй за ўсё, многія ведаюць, што менавіта садзейнічае развіццю сардэчна-сасудзістых захворванняў. Сярод галоўных прычын медыкі называюць лад жыцця, які вядуць сучасныя людзі, і дрэнную экалогію. А таксама дадаюць сюды пераяданне, лішнюю вагу, гіпадынамію, курэнне, злоўжыванне алкаголем і г.д.

Калі з дарослымі ўсё зразумела — у сваіх праблемах з сэрцам некаторыя вінаватыя самі, — то адкуль гэтыя праблемы бяруцца ў дзяцей? Спецыялісты тлумачаць: многія малыя ўжо нараджаюцца з захворваннямі сэрца. Гэта адбываецца ў выніку таго, што некаторыя сучасныя матулі да моманту цяжарнасці маюць цэлы букет сур'ёзных хранічных захворванняў, якія могуць аказаць негатыўны ўплыў на развіццё плода і справакаваць з'яўленне ў немаўляці розных хвароб, у тым ліку сардэчных. Нярэдка да апошніх прыводзяць і складаныя роды. Ды і, вядома ж, ніхто не адмяняў згубнага ўздзеяння на дзіцячыя сэрца і сасуды забруджанага паветра, глебы і вады — усяго таго, што мы называем дрэннай экалогіяй.

На стан сардэчна-сасудзістай сістэмы малога ўплыў можа аказваць таксама сацыяльнае асяроддзе, у якім яно расце, дамашняя абстаноўка, а таксама непасільныя нагрузкі і стрэсы, з якімі сутыкаецца дзіцячы арганізм у перыяд школьнай вучобы.

Паўнавартасны сон і актыўны рух

Шкада, але апошнім часам узроставая планка дзяцей, якія ўжо маюць такія згубныя для здароўя звычкі, як курэнне, ужыванне алкаголю і наркотыкаў, апускаецца ўсё ніжэй і ніжэй. Курыць сёння ўмудраюцца нават вучні малодшых класаў. Бацькі і настаўнікі павінны перыядычна прасвятляць школьнікаў наконт шкоды такіх звычак.

Аднак на гэтым абавязкі дарослых у папярэджанні дзіцячых хвароб сэрца не заканчваюцца. Каб захаваць здароўе малога, важна не ўпусціць любыя змены ў дзіцячым арганізме і не "прамаргаць" парушэнні, якія з'явіліся ў рабоце якога-небудзь органа. Таму бацькі павінны паклапаціцца пра тое, каб дзеці праходзілі поўны медыцынскі агляд штогод. Гаворка ідзе пра тую самую дыспансерызацыю, якую некаторыя лічаць бескарыснай. Марнаванне часу, думаюць адны. Гэта трэба медперсаналу паліклінік для "галачкі", разважаюць іншыя. А між тым, гэта трэба перш за ўсё нашым дзецям, каб у выпадку выяўлення якіх-небудзь адхіленняў можна было прызначыць і правесці своечасовае і эфектыўнае лячэнне.

Асаблівую ўвагу варта ўдзяляць стану здароўя школьнікаў. Сардэчна-сасудзістая сістэма дзіцяці ў гэты перыяд яго развіцця вельмі востра рэагуе на павелічэнне разумовай нагрузкі і паніжэнне рухальнай актыўнасці. На жаль, менавіта гэта цягне за сабой вучоба ў школе. Таму задача бацькоў і педагогаў — дапамагчы малому паступова адаптавацца да новых для яго жыццёвых рэалій. Што гэта значыць? Перш за ўсё, школьніку неабходна арганізаваць правільны рэжым дня, рацыянальнае харчаванне, паўнавартасныя сон і адпачынак, а таксама стварыць умовы для дастатковай рухальнай актыўнасці.

Медыкі адзначаюць, што пазбегнуць стомы і захаваць сэрца здаровым надоўга дапаможа чаргаванне дзіцем разумовых нагрузак з фізічнымі практыкаваннямі. Спецыялісты папярэджваюць: маларухомы лад жыцця школьніка, які па вушы закапаны ў падручніках, можа саслужыць яго здароўю дрэнную службу. А вось штодзённыя прагулкі на свежым паветры, заняткі спортам, рухомыя гульні — усё гэта, наадварот, пойдзе толькі на карысць дзіцячаму арганізму. Не пашкодзіць і загартоўка.

Такім чынам, дарагія бацькі, якім бы моцным не было ў вас жаданне, каб ваша дзіця вучылася на адны толькі "дзясяткі", нельга прымушаць яго займацца з раніцы да ночы, тым самым перагружаючы яго заняткамі і ахвяруючы сном і адпачынкам. "Дзясяткі" на шкоду здароўю — не лепшая плата за тое, каб праславіцца сярод аднакласнікаў усёведам.

Варта звярнуць увагу і на наступны момант. Не сакрэт, што сардэчна-сасудзістая сістэма падлетка востра рэагуе на любое псіхічнае напружанне. Прычынай бурнага эмацыйнага ўсплёску могуць стаць стасункі з аднакласнікамі, нізкая паспяховасць, пастаянныя кантрольныя работы і г.д. Таму разам з лішнімі разумовымі нагрузкамі трэба пастарацца засцерагчы дзіця і ад лішняга эмацыйнага напружання. Часцей пытайцеся ў дзіцяці, як у яго складваюцца стасункі ў класе, як да яго ставяцца настаўнікі, што ў яго атрымліваецца, а што зусім не выходзіць. Уважліва назірайце за тым, не ці ператамляецца дзіцячы арганізм падчас вучобы, як часта ён зведвае стрэсавыя сітуацыі і наколькі яны для яго вострыя. Памятайце, што на стрэс у першую чаргу рэагуе сэрца.

Моцныя негатыўныя эмоцыі, якія напрамую ўплываюць на здароўе дзяцей, могуць выклікаць і праблемы ў сям'і. Толькі ўявіце: напружаныя заняткі ў школе, шматгадзіннае праседжванне за падручнікамі дома плюс гурткі і секцыі — і ўсё гэта звальваецца на далікатныя плечы малога. У такой сітуацыі дзіцяці патрабуецца бацькоўская падтрымка. А калі бацькі занятыя высвятленнем адносін? Калі ім не да дзіцяці, бо яны захопленыя сваркамі адно з адным? А калі яшчэ ў дадатак да ўсяго тут замешана п'янства аднаго з бацькоў? Мала таго, што ў гэтым выпадку дзіцяці даводзіцца несці груз сваіх праблем у адзіночку, дык яшчэ яно спрэс пазбаўленае магчымасці нармальных, псіхалагічна камфортных умоў знаходжання дома. Вось вам і дадатковыя перажыванні, і адмоўныя эмоцыі.

Вітаміны для сэрца

Для нармальнай работы сэрца і прафілактыкі яго захворванняў дзіцяці неабходна арганізаваць правільнае і рацыянальнае харчаванне. Важна навучыць малога захоўваць рэжым, згодна з якім прыём ежы будзе адбывацца ў адзін і той жа час. Пры гэтым паўсядзённы рацыён павінен быць насычаны вітамінамі, а значыць, павінен утрымліваць у дастатковай колькасці і аптымальных суадносінах патрэбныя для дзіцячага арганізма рэчывы.

Так, выбіраючы прадукты, звяртайце ўвагу на тое, каб у іх было шмат вітамінаў групы В, якія дабратворна ўплываюць на абмен рэчываў, а таксама вітамінаў С і РР. Апошнія ўмацоўваюць сасуды.

Асноўнымі крыніцамі вітаміну С з'яўляюцца садавіна (апельсіны, лімоны, чорныя парэчкі), агародніна (перац, таматы, капуста) і разнастайнае зяленіва. На вітаміны групы В багаты бабовыя (фасоля, гарох, бабы) і злакі. А вось вітаміну РР шмат у вотруб'і, дражджах, рысе, пшаніцы, ячмені, у рыбе, печані, нырках.

Акрамя вышэйназваных вітамінаў, у рацыён дзіцяці павінны ўваходзіць наступныя хімічныя элементы: ёд, калій, кальцый і магній. Ёд, у прыватнасці, у дастатковай колькасці ўтрымліваецца ў морапрадуктах. Калій — у бульбе, капусце, абрыкосах, чарнасліве, куразе, інжыры, пятрушцы. Кальцый — у малочных прадуктах, магній — у грэцкіх арэхах, бураках, моркве, салаце, бананах і ў большасці круп.

Калі па нейкіх прычынах вы не можаце забяспечыць дзіця паўнавартасным харчаваннем, купіце і не забывайце нагадваць яму пра штодзённы прыём спецыяльнага вітаміннага комплексу. Якога менавіта — пацікаўцеся ў доктара.

Група рызыкі

Каб пазбегнуць праблем з сэрцам, асаблівую ўвагу бацькам варта ўдзяляць тым дзецям, якія ўваходзяць у групу рызыкі развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў. Перш за ўсё гэта дзеці з дрэннай спадчыннасцю. Калі бабулі-дзядулі, а таксама бацькі пакутуюць ад сардэчных хвароб, ёсць верагоднасць, што гэтыя хваробы могуць у далейшым перайсці ў спадчыну і да дзіцяці. Такіх малых трэба перыядычна вадзіць на агляд да медыкаў, якія змогуць назіраць за зменамі яго ЭКГ, артэрыяльнага ціску, частаты сардэчных скарачэнняў і іншых важных паказчыкаў.

Не менш сур'ёзны кантроль варта ўстанавіць за дзецьмі, якія часта хварэюць. Пільнай увагі спецыялістаў патрабуюць таксама малыя, народжаныя падчас родаў, што працякалі з ускладненнямі. І, як бы дзіўна гэта ні гучала, у групу рызыкі таксама ўваходзяць дзеці, якія актыўна займаюцца спортам. (Апошнім часам пачалі з'яўляцца паведамленні пра выпадкі раптоўнай смерці сярод спартсменаў.) Так, сумны факт — нярэдка заняткі спортам сапраўды спалучаныя з такой рызыкай.

Каб прадухіліць праблемы са здароўем у юных спартсменаў, рэкамендуецца правяраць іх стан падчас трэніровак і спаборніцтваў. Безумоўна, ажыццяўляць такія праверкі павінны медыцынскія работнікі, якія абавязаны прысутнічаць у комплексе, дзе дзеці займаюцца спортам. Акрамя таго, такім дзецям неабходна перыядычна рабіць электракардыяграму і ўльтрагукавое даследаванне сэрца. У некаторых выпадках урач можа прызначыць правядзенне нагрузачных тэстаў на бегавой дарожцы і сутачную рэгістрацыю ЭКГ.

Калі ваша дзіця ніколі не ўваходзіла ні ў адну з груп рызыкі, але падчас прафілактычнага агляду ў яго былі выяўлены парушэнні, пра якія вы не ведалі або якіх у малога раней не было, нельга пускаць усё на самацёк і рабіць выгляд, што нічога новага і страшнага вы не даведаліся. За хваробай, яе цячэннем і, самае галоўнае, лячэннем неабходна абавязкова сачыць. Прычым не толькі ўрачам, але і самім бацькам. Сэрца — орган, з якім не жартуюць.

Хотите быть здоровым? Раз в неделю наш редактор будет присылать лучшие советы врачей и новости медицины
Пожалуйста, укажите правильный e-mail
-50%
-50%
-15%
-26%
-10%
-10%
-20%
-30%