У мінулым годзе ў Беларусі на грып перахварэла паўмільёну чалавек. Сёлета эпідэміёлягі чакаюць новай эпідэміі. Але колькасьць хворых не перавысіць мінулагодні ўзровень. Дарэчы, эпідэмія грыпу, па прагнозах мэдыкаў, распачнецца літаральна праз два тыдні.

Як паведаміла ў інтэрвію Радыё Рацыя загадчыца аддзяленьня імунапрафіляктыкі Рэспубліканскага цэнтру гігіены ды эпідэміялёгіі Сьвятлана Тарарук, сёлетняя эпідэмія мала чым будзе адрозьнівацца ад мінулагодняй.

С.Т.: - У пачатку студзеня захоўваецца звычайны ўзровень захворваньняў на вострыя рэспіратарныя інфэкцыі. Рэгіструюцца грыпападобныя захворваньні, але іх колькасьць не перавышае эпідэміялягічны парог. У краінах Эўропы ды ў ЗША ўжо выяўленыя вірусы грыпу. Мы іх пакуль ня выявілі, але вірусы, што зьявіліся ў сьвеце, сьведчаць пра тое, што сёлета ў Беларусі будуць цыркуляваць тыя ж вірусы, што і ў мінулым годзе. У шматлікіх жыхароў краіны захаваўся імунітэт да іх. Згодна з прагнозам, эпідэмія чакаецца умеранай інтэнсіўнасьці.

Эпідэмія распачнецца, хутчэй за ўсё, у канцы гэтага месяца. Спадарыня Тарарук кажа, што мэдыкі да яе даволі добра падрыхтаваліся. Восеньню была праведзена вакцынацыя сярод 400 тысяч беларусаў.

С.Т.: - Сёлета прайшла вакцынацыя галоўным чынам групаў рызыкі. Гэта дзеці й дарослыя з хранічнымі захворваньнямі сардэчна-сасудзістай, дыхальнай ды эндакрыннай сыстэмаў.

Тым, хто не зрабіў прышчэпку ад грыпу, мэдыкі, як заўсёды, раяць ужываць вітаміны, у першую чаргу, вітамін С. Таксама вельмі карыснымі будуць прыродныя імунамадулятары, напрыклад экстракт жэньшэню, шыпшына, мёд, цыбуля ды часнык. Пад час эпідэміі належыць карыстацца аксалінавай мазьзю ды ўжываць моцныя антывірусныя прэпараты. Калі чалавеку ўсё ж выпадзе захварэць, то лепей заставацца дома, - каб не расхварэцца яшячэ болей і не заразіць іншых.

Юлія ШАРОВА

Радыё Рацыя
{banner_819}{banner_825}
-10%
-20%
-25%
-10%
-60%
-20%
-10%