Вольга Шаўко,

Сёння скаліёз з'яўляецца самай распаўсюджанай артапедычнай праблемай сярод дзяцей. Як адзначае загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Малахава, штогод падчас прафілактычных аглядаў упершыню рэгіструецца парушэнне постаці ў 22 000 школьнікаў, а розныя ступені скаліёзу - у 10 000 дзяцей. Прычым скаліёз - тая хвароба, якой нельга перахварэць у дзяцінстве аднойчы і назаўсёды. Яна можа пакінуць пасля сябе такія наступствы, як ранняе зношванне пазваночніка, які будзе старэць і выходзіць са строю.

Улічваючы актуальнасць праблемы, санітарна-эпідэміялагічная служба рэспублікі акцэнтуе асаблівую ўвагу на пытанні забяспечанасці школьных устаноў зручнай вучнёўскай мэбляй. Так, у пачатковых класах рэкамендавана выкарыстоўваць пераважна школьныя парты, а не сталы і крэслы. Работа за апошнімі не дысцыплінуе дзіця, і яно сядзіць як хоча, не шкадуючы свайго пазваночніка. Яшчэ прапаноўваецца забяспечыць класы канторкамі па тыпу трыбуны для выступлення са стальніцай. За ёй дзіця можа пісаць нават стоячы і рабіць гэта рэкамендуецца на працягу 15-20 мінут.

Як самім вызначыць наяўнасць скаліёзу

Папрасіце дзіця стаць да вас спінай і расслабіцца (няхай яно прыме звычную для яго позу паставы). Перш за ўсё вы павінны звярнуць увагу на наступныя асноўныя прыкметы скаліёзу:

- адно плячо крыху вышэй за другое;

- выпірае рог адной з лапатак;

- розная адлегласць ад прыціснутай да бока рукі да таліі;

- пры нахіленні наперад бачная крывізна пазваночніка.

Калі вы знайшлі хаця б адну з гэтых прыкмет, тэрмінова вядзіце дзіця на прыём да раённага артапеда або хірурга.

Асноўная задача пры лячэнні скаліёзу ў дзяцей - дабіцца зніжэння празмернай нагрузкі на пазваночнік пры адначасовым умацаванні мышцаў спіны і ўсяго тулава, што ў спалучэнні з ростам дзіцяці дазволіць выправіць скрыўленне (канкрэтную методыку лячэння менавіта для вашага дзіцяці дасць урач-артапед).

На што трэба звярнуць увагу самім бацькам

Забяспечце дзіцяці аблегчаны рэжым для яго пазваночніка.

Купіце артапедычны матрац, калі няма такой магчымасці, няхай спіць проста на цвёрдым ложку з плоскім ватным матрацам на роўным шчыце з невялікай падушкай. У школу дзіця павінна хадзіць з ранцам, а не з сумкай у адной руце. Падбярыце яму стол і крэсла для заняткаў дома (яны павінны адпавядаць росту дзіцяці, быць зручнымі і фізіялагічнымі).

Развівайце ў дзіцяці ўнутраную самадысцыпліну.

Яно павінна пастаянна само сачыць за сваёй постаццю (калі ідзе, стаіць, сядзіць, адпачывае). Дзіця павінна штодзень займацца лячэбнай фізкультурай (комплекс практыкаванняў падбяруць у фізкультурным дыспансэры, пажадана, каб дзіця адзаймалася там хоць бы некалькі тыдняў, засвоіла практыкаванні і прывыкла да неабходнасці пастаянных нагрузак).

Прайдзіце курс лячэння ў спецыялізаваным санаторыі.

Практычна немагчыма забяспечыць дзіцяці ў хатніх умовах патрэбны рэжым для выканання комплексу лячэбных працэдур (артапедычныя ўкладкі, масаж, фізіятэрапія, ЛФК...) Таму вельмі пажадана правесці курс лячэння ў санаторыі-інтэрнаце, для таго, каб зафіксаваць развіццё скаліёзу і даць імпульс для наступнага самастойнага лячэння.

Застаўце дзіця палюбіць спорт.

Сумныя і аднастайныя практыкаванні лячэбнай фізкультуры часта не даспадобы школьнікам. Часам значна прасцей і эфектыўней прыцягнуць дзіця да спорту; захапляльнага, яркага, які дадасць яму аўтарытэту ў вачах равеснікаў. Існуе даволі вялікая колькасць відаў спорту, рэкамендаваных для лячэння скаліёзаў і іншых хвароб пазваночніка, у асноўным гэта цыклічныя віды спорту з "сіметрычнай" нагрузкай. Толькі трэба імі сапраўды займацца. (пажадана з трэнерам), а не "адбываць нумар". Плаванне — самы лепшы від спорту пры скаліёзе і пры любым скрыўленні пазваночніка. Вада натуральным чынам разгружае пазваночнік, а нагрузкі павышаюць моц і трываласць мышцаў спіны, адначасова развіваючы і трэніруючы сардэчна-сасудзістую і дыхальную сістэму.

Не забывайцеся пра агульнаўмацавальныя мерапрыемствы.

Здаровае харчаванне - немалаважная дэталь. Бялкі, тлушчы, вугляводы, вітаміны і мінералы - усё гэта ў патрэбных прапорцыях і ў патрэбнай колькасці павінна быць у рацыёне дзіцяці.

Кантрасны душ - карысная танізуючая працэдура для мышцаў і сасудаў усяго арганізма.

Курэнне - вельмі шкодная звычка ўвогуле, а для хворых скаліёзам дзяцей асабліва: нікацін прымушае звужацца сасуды і капіляры, пагаршаючы кровазабеспячэнне ў тым ліку і мышачна-звязачнага апарату, а смолы замаруджваюць функцыі дыхання, якія і так могуць быць значна парушаныя.

Не рабіце неабдуманых крокаў.

У апошні час наша медыцына ўсё больш камерцыялізуецца і з'яўляецца мноства "спецыялістаў", гатовых лячыць скаліёз рознымі метадамі - ад мануальнай тэрапіі да курса спецыяльных ін'екцый у мышцы спіны. Будзьце вельмі асцярожнымі ў выбары падобных схем лячэння. Напрыклад, мануальная тэрапія ўвогуле вельмі адказны і траўманебяспечны метад, а ў руках шарлатана ці проста няўмелага ўрача здольная прывесці да трагедыі. Акрамя таго большасць артапедаў лічаць, што мануальная тэрапія проста шкодная пры скаліёзе.

Хотите быть здоровым? Раз в неделю наш редактор будет присылать лучшие советы врачей и новости медицины
Пожалуйста, укажите правильный e-mail
-20%
-70%
-8%
-20%
-26%
-25%
-30%
-20%
-10%
-50%
-22%
0069757