Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ,

Грыбковыя захворванні (мікозы) займаюць адно з першых месцаў сярод скурных хваробаў. Узбуджальнікі (дэрматафіты) — мікраарганізмы, якія, у працэсе эвалюцыі, прыстасаваліся да жыцця ў тканках чалавека, што ўтрымліваюць керацін — скура, валасы, пазногці.

Грыбкі надзвычай устойлівыя да ўздзеянняў навакольнага асяроддзя, могуць захоўвацца да 2—5 гадоў і больш у абутку, адзенні, драўляных мыліцах і г.д. Найбольш часта сустракаюцца грыбковыя захворванні ступняў, якія нярэдка суправаджаюцца пашкоджаннем пазногцевых пласцінак (аніхамікозы).

Крыніца заражэння — хворыя людзі, рэчы, прадметы, інфіцыраваныя грыбамі. А шляхі заражэння пры кантакце з хворымі, праз абутак, адзенне, прадметы ўжытку, пры наведванні спартыўных залаў, саўны, басейнаў, душавых, г.зн. ва ўмовах павышанай тэмпературы, вільготнасці. Спрыяюць грыбкам паверхневыя і глыбокія траўмы ступні (пацёртасці, апёкі і інш.) залішняя патлівасць, змяненні скурнага покрыва, анатамічныя дэфекты (плоскаступнёвасць, вузкасць паміжпальцавых складак). Безумоўна, уплываюць і ўнутраныя прычыны: эндакрынныя паталогіі (дыябет), сасудзістыя захворванні (атэрасклероз артэрый ніжніх канечнасцяў), дысбактэрыёз, імунадэфіцыты, авітамінозы.

Як западозрыць мікоз ступняў? Першыя сімптомы захворвання праяўляюцца ў ледзь прыкметным лушчэнні скуры, як быццам складкі і баразёнкі скуры ступняў прысыпаны мукой. Часцей за ўсё ў паміжпальцавых складках з'яўляюцца балючыя трэшчыны. Захворванне можа працякаць у выглядзе прэласці, могуць з'явіцца пухіркі, якія суправаджаюцца свербам. На скуры падэшваў узнікаюць патаўшчэнні, асабліва ў вобласці пятак. Некаторыя пацыенты памылкова звязваюць іх з'яўленне з дрэннай гігіенай, сельгаспрацамі, нашэннем цвёрдага абутку, узроставымі зменамі скуры.

Пашкоджанне пазногцяў пачынаецца са свабоднага боку або з вуглоў пазногцевай пласцінкі. У тоўшчы пазногця з'яўляюцца плямы або палосы жоўтага, шэрага колераў, якія паступова павялічваюцца. Пазногці становяцца бляклымі, няроўнымі, крышацца, патаўшчаюцца (становяцца падобнымі на кіпцюры птушак), часам самастойна сходзяць. Некаторыя пацыенты думаюць, што гэта адбываецца з-за траўмаў ("прыціснуў", "прышчаміў"), але дакладна ўспомніць, калі гэта адбылося, не могуць. Іншыя зноў жа мяркуюць, што гэта наступства ўзроставых зменаў.

Метады дыягностыкі мікозаў

Клінічны: па характэрных зменах скуры, пазногцяў і скаргах пацыентаў доктар можа ўстанавіць дыягназ.

Мікраскапічнае даследаванне: бярэцца саскроб на грыбы са скуры, пазногцяў (абсалютна бязбольна), пад мікраскопам выяўляюць ніці міцэлію грыба.

Культуральнае даследаванне: матэрыял бярэцца аналагічным спосабам, высейваецца на пажыўны асяродак, назіраюць за ростам грыбоў на працягу 2—3 тыдняў. Гэта праводзіцца, калі неабходна высветліць, які менавіта грыб стаў прычынай хваробы.

Лячыць грыбок трэба абавязкова! Па-першае, грыбы павышаюць алергічную гатоўнасць усяго арганізма, нечакана можа ўзнікнуць алергія на лекі, харчовы прадукт, сінтэтычны мыйны сродак, які раней пераносіўся добра. Некаторыя навукоўцы звязваюць з грыбковай інфекцыяй нават з'яўленне бранхіяльнай астмы. Па-другое, гэта эстэтычная нязручнасць — немагчымасць насіць адкрыты абутак, загараць на пляжы, займацца спортам. Ваша захворванне стане прыкметным для навакольных, наўрад ці хтосьці захоча з вамі плаваць у басейне, парыцца ў лазні. І яшчэ не менш важная прычына — магчымасць заражэння вашых блізкіх. Але і гэта яшчэ не ўсё. Чым цяжэйшае грыбковае пашкоджанне пазногцяў, тым складаней яго лячыць. Калі на ранніх стадыях інфекцыі можа дапамагчы супрацьгрыбковы лак або раствор для пазногцяў, то праз некалькі гадоў ужо не абысціся без супрацьгрыбковых капсул або таблетак. Чым даўжэй працякае захворванне, тым даўжэй іх давядзецца прымаць (і больш купляць). А праз дзесяць—дваццаць гадоў дапаможа, як правіла, толькі выдаленне пазногцевай пласцінкі плюс гэтыя сродкі.

Якія ж існуюць спосабы лячэння? Лячэнне падзяляецца на мясцовае і агульнае.

Мясцовае (або вонкавае) прымяняецца, калі пашкоджаная толькі скура і пазногці менш, чым на палову. У такім разе выкарыстоўваюцца мазі, крэмы: нізарал, трыдэрм, ламізіл і інш. Іх наносяць 2 разы ў суткі. Існуюць і сучасныя прэпараты, якія дазваляюць прымяняць іх адзін раз на дзень. Для таго, каб не выклікаць прывыканне, мазі мяняюцца праз 10—14 дзён.

Пазногці можна лячыць з дапамогай супрацьгрыбковых лакаў. Калі пазногці пашкоджаныя больш, чым на палову, і ўцягнутыя пазногцевыя пласцінкі вялікіх пальцаў, то без агульнага лячэння не абысціся. Аднак папярэдне трэба пазбавіцца ад пашкоджанай пазногцевай пласцінкі з дапамогай хірургічнага спосабу або з дапамогай размякчальных мазяў. Хірургічны спосаб менш пажаданы, бо можа адбыцца яшчэ большае распаўсюджванне грыбоў праз адкрытыя ўваходныя вароты — свежую паверхню раны. Лепш пазбаўляцца ад пазногця з прымяненнем размякчальных мазяў.

Варта зазначыць, што самалячэнне мікозаў недапушчальнае. Толькі ўрач-дэрматолаг падбярэ неабходнае лячэнне і прадухіліць з'яўленне пабочных з'яў, выявіць супрацьпаказанні.

Лячэнне працаёмкае і дарагое, таму своечасова звяртайцеся да доктара пры першых прыкметах грыбковага пашкоджання.

- звярніце ўвагу на метады прафілактыкі:
- насіце індывідуальны абутак, у тым ліку хатні;
- набывайце зручны абутак, які "дыхае".
- прымярайце абутак у крамах, на рынках на шкарпэтку або слядок;
- пасля наведвання саўны, душавых, басейнаў старанна мыйце і прасушвайце ступні;
- карыстайцеся індывідуальным ручніком, мачалкай, шчоткай для ступняў, манікюрнымі інструментамі.

Каб пазбегнуць паўторнага заражэння, варта дэзынфікаваць абутак і панчошна-шкарпэтачныя вырабы, акрамя таго, змагацца з павышанай патлівасцю ног.

Ад патлівасці ступняў могуць дапамагчы ванначкі з дабаўленнем лімоннай лупіны або адвару дубовай кары. Пры празмерным паценні рэкамендуецца мыць ногі кожны дзень халоднай вадой з мылам або бледна-ружовым растворам марганцоўкі. Раніцай ногі варта апрацоўваць дзіцячай прысыпкай. Пры моцным паценні лепшым сродкам з'яўляецца змазванне ног вечарам пасля мыцця 5-працэнтным фармалінавым растворам, а раніцай — апрацоўка ног вяжучай пудрай і нашэнне чыстых баваўняных шкарпэтак. Пасля заканчэння лячэння названыя сродкі выкарыстоўваюцца ў прафілактычных мэтах 1—2 разы на тыдзень.
 
-40%
-44%
-10%
-10%
-15%
-20%
-10%
-30%
0072337