Коронавирус
Выборы-2020
Отдых в Беларуси


Уладзімір ЗДАНОВІЧ,

Сфера банкаўскіх паслуг сёння практычна не мае межаў. Чалавек, які мае намер пабудаваць кватэру, набыць новы аўтамабіль, узяць крэдыт на закупку будаўнічых матэрыялаў, збіраецца памножыць свой грашовы рублёвы альбо валютны ўклад, ідзе ў банк.
 
Найбольш частае пытанне, якое ўзнікае ў патэнцыяльнага спажыўца банкаўскіх паслуг — якую фінансавую ўстанову выбраць, каб не "прагарэць". Час паказвае, што ў гэтай сітуацыі лепш за ўсё даверыцца банкам, якія стабільна працуюць на рынку не адзін дзясятак гадоў. Сярод мноства бізнэс-структур па прыцягванні грашовых сродкаў юрыдычных і фізічных асоб і іх крэдытаванні асобна вылучаецца адкрытае акцыянернае таварыства "Акцыянерны ашчадны банк Беларусбанк". Сёлетні год у яго юбілейны. У снежні Беларусбанк адзначыць сваё 90-годдзе.
 
З нагоды наступлення знакавай даты, пра надзённыя справы і праблемы банкаўскай установы нумар адзін у краіне карэспандэнт "Звязды" гутарыць з яго кіраўніком Сяргеем Пісарыкам.
 
— Сяргей Паўлавіч, будучыня эканамічнай стабільнасці дзяржавы знаходзіцца ў прамой залежнасці ад развіцця банкаўскай сістэмы краіны. Наколькі наперадзе ў развіцці новых эканамічных падыходаў знаходзіцца Беларусбанк?
 
— Нельга не пагадзіцца з вызначэннем банкаў як вядучых элементаў эканамічнай інфраструктуры дзяржавы.
 
Па-першае, стан банкаў — гэта адлюстраванне стану эканомікі краіны. У слабай эканомікі няма падстаў для ўзнікнення буйных і эканамічна ўстойлівых банкаўскіх устаноў.
 
Па-другое, банкі сваёй штодзённай дзейнасцю спрыяюць развіццю айчыннай эканомікі. І гэта не толькі падтрымка ўдзельнікаў эканамічных працэсаў. Праводзячы пэўную грашова-фінансавую палітыку, банкі актыўна ўплываюць на развіццё тых ці іншых галін эканомікі. Галоўнае пытанне заключаецца ў тым, наколькі палітыка, якую праводзіць той ці іншы банк, арыентавана на развіццё найбольш прыярытэтных для краіны галін эканомікі.
 
Калі банк робіць стаўку выключна на атрыманне прыбытку, не звяртае ўвагу на прыярытэты развіцця эканомікі, то роля яго мізэрная. Але для Беларусбанка як дзяржаўнай банкаўскай установы такая пазіцыя апрыёры немагчымая.
 
Наш статус і роля ў банкаўскай сістэме краіны па сваім вызначэнні прадугледжваюць актыўны ўдзел у фарміраванні новай эканомікі. Таму мы шмат увагі надаём фінансавай падтрымцы тых кірункаў эканамічнай дзейнасці, у развіцці якіх найперш зацікаўлена дзяржава.
 
Як прыклад — фінансаванне дзяржаўных праграм. Нягледзячы на тое, што часткова гэтыя актывы перайшлі ў створаны нядаўна Банк развіцця, ААТ "ААБ Беларусбанк" накіроўвае значныя сродкі на гэтыя мэты. А некаторыя праграмы, у тым ліку жыллёвае будаўніцтва, хутчэй за ўсё, застануцца ў нас, паколькі мы па сваёй сутнасці — народны банк.
 
Наша стратэгія — не толькі падтрымліваць традыцыйны банкаўскі сэрвіс, але і пастаянна імкнуцца да асваення новых паслуг, паслуг, якія запатрабаваны найбольш актыўнымі ўдзельнікамі эканамічных адносін, у тым ліку і замежных інвестараў, што прыходзяць на беларускі рынак.
 
І ў гэтым сэнсе дарэчы будзе прыгадаць аб развіцці замежных кантактаў банка. Сёння мы маем карэспандэнцкія стасункі з 1100 банкамі ўсіх кантынентаў планеты. У нашым актыве — дзейныя крэдытныя лініі замежных банкаў, вядзецца работа па адкрыцці новых. Банк гатовы для размяшчэння сваіх каштоўных папер і каштоўных папер кліентаў на заходнееўрапейскіх фінансавых рынках. Многае робіцца па ўдасканаленні тэхналогій абслугоўвання кліентаў.
 
Возьмем хаця б такі высокатэхналагічны кірунак, як пластыкавыя карткі. У краіне кожная другая картка і кожны трэці банкамат — беларусбанкаўскія, два з трох інфакіёскаў таксама нашы.
 
І гэта не проста эканомія на скарачэнні выдаткаў пры рабоце з наяўнымі грашыма, а яшчэ адна крыніца папаўнення банкаўскіх рэсурсаў, спосаб пераарыентацыі грошай на канкрэтныя эканамічныя праекты.
 
— Няпросты мінулы год даў нашаму грамадству некаторыя эканамічныя ўрокі... Які ўрок вынес, у прыватнасці, калектыў галоўнага банка краіны?
 
— Сапраўды, 2011 год стаў добрым настаўнікам. Ён, як лакмусавая паперка, паказаў памылкі, што былі дапушчаны раней, а таксама яскрава абазначыў дыспрапорцыі, якія назбірала эканоміка на працягу апошніх гадоў.
 
Яшчэ раз пералічваць падзеі года мінулага не варта. Усе іх ведаюць. Дадам толькі, што для банкаўскай сістэмы ў цэлым і асобных банкаў галоўным наступствам стала відавочная неабходнасць засяродзіць увагу на кіраванні рызыкамі.
 
Што тычыцца Беларусбанка, то надта негатыўных наступстваў, нягледзячы на маштабнасць нашай дзейнасці, мы не адчулі. Разам з тым, для захавання пазіцый банка на міжнародным рынку ўрад як галоўны ўласнік, улічваючы дэвальвацыю нацыянальнай валюты, знайшоў магчымасць папоўніць наш статутны капітал.
 
Самае галоўнае, што мы павінны зрабіць — гэта вынесці карысныя ўрокі з той сітуацыі, якая склалася. Аналізуючы вынікі 2011 года, мы прыйшлі да высновы, што залог поспеху — гэта зладжаная работа ўсяго калектыву, накіраваная не толькі на падтрымку годнага ўзроўню абслугоўвання кліентаў, але і на пошук і хуткае ўкараненне новых банкаўскіх паслуг, новых тэхналогій. І яшчэ. Мы канчаткова ўпэўніліся, што час, калі банк выступаў толькі як фінансава-крэдытная ўстанова, незваротна сышоў. Сёння банк павінен актыўна ўплываць на развіццё эканомікі краіны, удзельнічаць у распрацоўцы стратэгіі сваіх кліентаў. Якім чынам? Пакуль што ўстрымаюся ад пераліку канкрэтных падыходаў і спосабаў. Адназначна, уласная стратэгія банка патрабуе пэўных карэктываў, і над гэтым сёння працуем.
 
— Сяргей Паўлавіч, уся праца Беларусбанка — і гэта відавочна — традыцыйна зарыентавана на ўмацаванне пазіцыі ўкладчыка, кожнага грамадзяніна дзяржавы. На ваш погляд, якім чынам банкаўскі сектар і надалей будзе развіваць гэты напрамак сваёй дзейнасці?
 
— З вамі нельга не пагадзіцца. Сапраўды, Беларусбанк фактычна вырас з ашчадных кас. А напрамак, арыентаваны на развіццё ашчаднай справы, акумуляванне сродкаў насельніцтва, працягвае быць адным з галоўных у нашай дзейнасці, хоць ён далёка не адзіны.
 
Сваю работу ладзім праз прызму найвышэйшай адказнасці перад кліентамі, дзякуючы якім фарміруецца рэсурсная база банка, і будзем рабіць усё, каб апраўдаць давер людзей і іх чаканні. Тут будуць выкарыстаны сучасныя інструменты для рэалізацыі граматнай дэпазітнай палітыкі. Лінейка ўкладаў будзе аптымізавана для захавання ўзаемных інтарэсаў.
 
У той жа час варта зрабіць адзін сур'ёзны акцэнт на працэнтнай палітыцы банкаў. Што тычыцца Беларусбанка, то мы стараемся, не прывабліваючы людзей звышвысокімі дэпазітнымі стаўкамі, забяспечыць нашым укладчыкам стабільны даход, які дазваляе максімальна абараніць іх зберажэнні ад інфляцыі.
 
Сёння вялікая частка наяўных грошай ужо пераведзена ў безнаяўную форму. Для параўнання: на пачатак 2000 года больш за 30 % беларускіх рублёў абарачаліся ў наяўнай форме. На 1 студзеня 2012 года гэтая доля скарацілася ўдвая — да 16 %. І калі на пачатак 2000 года дэпазіты "да запатрабавання", а гэта ў асноўным пенсіённыя і зарплатныя грошы, у паўтара раза перавышалі сукупны аб'ём наяўнай грашовай масы, то сёння гэты паказчык павялічыўся да двух. Адным словам, чалавеку ўсё менш і менш патрэбны наяўныя грошы, а безнаяўныя захоўваюцца на рахунках у банках і ўдзельнічаюць у крэдытаванні эканомікі. Такім чынам, атрымліваецца своеасаблівы кругазварот: грошы грамадзян працуюць на іх жа — прадпрыемствы дзейнічаюць, заработная плата выплачваецца своечасова. Таму, развіваючы рознічны бізнэс, мы будзем праводзіць узважаную працэнтную палітыку нароўні з развіццём сістэмы безнаяўных разлікаў, у тым ліку з выкарыстаннем інтэрнэт-банкінгу, м-банкінгу, SMS-банкінгу.
 
— Зразумела, што, не зарабляючы грошы, нельга пражыць выключна за кошт аднаго толькі банка, банкаўскага крэдыту... Але мы глядзім на свет, асабліва на некаторыя еўрапейскія краіны, і бачым, што жывуць жа за кошт банкаў... Наколькі, на ваш погляд, добрыя ў беларусаў перспектывы стасункаў з банкамі? Ці будзем мы калі-небудзь мець магчымасць свае сацыяльныя клопаты ўскласці на банкі?
 
— Хачу адразу вызначыць карэктныя рамкі гэтага пытання. Нідзе ў свеце і ніхто, акрамя хіба што ўладальнікаў прыватных банкаў, не жыве за кошт банкаў. Так, у краінах, дзе даўно ўсталявалася стабільная эканамічная сітуацыя, дзе насельніцтва мае пастаянныя высокія грашовыя даходы, значна шырэй можна выкарыстаць механізм крэдытнай падтрымкі. Гаворачы на мове банкіраў, больш высокая крэдытаздольнасць грамадзян дазваляе ў большай ступені выдаваць крэдыты, у тым ліку і доўгатэрміновыя. З іншага боку, стабільная эканамічная сітуацыя з нізкім узроўнем інфляцыі дазваляе рабіць гэтыя крэдыты даволі таннымі. Гэтыя абставіны разам з добра распрацаванай заканадаўчай базай і ствараюць умовы для шырокага распаўсюджання крэдытнай падтрымкі насельніцтва. Настолькі шырокай, што іншым разам можа здацца — насельніцтва жыве за кошт банкаў. Але яшчэ раз падкрэслю: для гэтага створаны адпаведныя ўмовы.
 
Разам з тым, "жыццё за кошт банка" — гэта бачнасць, бо вяртаць крэдыты трэба з працэнтамі. Вядома, у стабільных умовах, калі стаўка па крэдытах невялікая, выдаткі па абслугоўванні пазычаных грошай могуць быць і не такім значнымі для кашалька, але яны ўсё роўна ёсць. А бясплатным бывае толькі сыр у пастцы. І то, як правіла, для другой мышкі.
 
— Ці не падаецца вам, што часам пэўныя складанасці ўзнікаюць і з-за таго, што ў грамадстве няма стройнай эканамічнай адукаванасці, здольнасці імгненна прымаць рашэнні ў сувязі з тымі ці іншымі падзеямі на рынку?
 
— На жаль, гэта так. Як ні парадаксальна, але нашай краіне, якасць чалавечага капіталу якой высока ацаніла міжнародная супольнасць, нестае эканамічнай граматнасці сярэднестатыстычнага жыхара. І гэта пры тым, што сярод выпускнікоў айчынных ВНУ спецыялісты эканамічнага профілю па колькасці на першым месцы. Над гэтым яшчэ трэба працаваць і працаваць. Паколькі дэфіцыт эканамічнай актыўнасці грамадзян — гэта нявыкарыстаны капітал эканамічнага патэнцыялу краіны.
 
Простыя прыклады. Скажам, чалавек не карыстаецца пластыкавай карткай. Усю суму атрыманых грошай ён кладзе "ў кішэню". Прычым значную іх частку літаральна праз тыдзень нясе ў банк у якасці камунальных плацяжоў. Гэта сёння, калі дыстанцыйныя паслугі настолькі палягчаюць і спрашчаюць разлікі! Тым самым павялічваюцца выдаткі дзяржавы на арганізацыю наяўнага грашовага абарачэння — гэта друкаванне грашовых купюр, іх перавоз, пералік і г.д., але і выключаюцца пэўныя сумы з эканамічнага абароту.
 
Або яшчэ горш. Пэўныя зберажэнні, у тым ліку ў валюце, чалавек захоўвае "ў матрацы", іншы раз гадамі. З эканамічнага пункту гледжання гэта — сярэднявечча. Мала таго, што дзяржава панесла выдаткі на друкаванне банкнот. Сумна ўсведамляць, што сам чалавек нясе страты ад інфляцыі, губляе даход, які мог бы атрымаць, паклаўшы гэтыя грошы на дэпазіт ці купіўшы каштоўныя паперы. Ну і, вядома, грошы не працуюць на эканоміку. Безумоўна, сярод нашага насельніцтва ёсць людзі, якія добра арыентуюцца ў сітуацыі і істотна выйграюць ад разумнага выкарыстання грошай.
 
Наш банк, як і іншыя банкі, многае робіць і будзе рабіць для таго, каб максімальна акумуляваць часова свабодныя сродкі грамадзян. Гэта шырокая рэкламная кампанія, адпаведная працэнтная палітыка, інвестыцыі ў развіццё сістэмы безнаяўных разлікаў і інш. Але самае галоўнае — зберагчы і ўмацаваць давер людзей. На жаль, у нашай гісторыі былі эканамічныя падзеі, якія не садзейнічалі захаванню гэтага даверу. Прыгадайце хаця б 2011 год. Але, паверце, каб не разгубленасць людзей і паніка, якія справакавалі масавы адток сродкаў з банкаў, праблемы маглі б быць значна меншымі. Вось тут якраз і спрацавала недастатковая фінансавая граматнасць. Так што паняцці "стабілізацыя эканамічных адносін" і "эканамічная актыўнасць насельніцтва на фінансавым рынку" паміж сабой звязаны.
 
— Сяргей Паўлавіч, сацыяльны дабрабыт, стабільны ўзровень культуры і адукацыі ў краіне — гэтыя складнікі развіцця дзяржавы хвалююць Беларусбанк?
 
— Фактычна я ўжо адказаў на гэтае пытанне. Буйнейшы дзяржаўны банк не можа заставацца ў баку ад рэалізацыі агульнадзяржаўных прыярытэтаў. Дадаць можна толькі, што, акрамя ўдзелу ў рэалізацыі найважнейшых дзяржаўных праграм сацыяльнага напрамку (у тым ліку жыллёвай), ААТ "ААБ Беларусбанк" за кошт уласных сродкаў ажыццяўляе падтрымку шматлікіх адукацыйных і культурных праектаў.
 
Банк ажыццяўляе шырокую дабрачынную дзейнасць. Толькі ў 2011 годзе на гэтыя мэты накіравана больш за 6 млрд рублёў. Сярод найбольш значных сацыяльных праектаў — будаўніцтва 8 дамоў сямейнага тыпу ва ўсіх раёнах краіны. Яны перададзены сем'ям, якія ўзялі на выхаванне дзяцей-сірот. Дапамогу ад банка атрымалі многія рэлігійныя абшчыны, у тым ліку на аднаўленне помнікаў гісторыі і архітэктуры, а таксама ўстановы аховы здароўя, ветэранскія арганізацыі, грамадскія аб'яднанні, установы культуры, адукацыі, спартыўныя арганізацыі.
 
Банк і надалей будзе аказваць падтрымку. Зразумела, у меру сваіх магчымасцяў, — арганізацыям і ўстановам, якія працуюць на ніве адукацыі і культуры. У назве банка — імя краіны, і гэта абавязвае. Усё, што тычыцца нацыянальна-культурнай спадчыны, павінна стаць прыярытэтам Беларусбанка, банка з высокай ступенню сацыяльнай адказнасці.
 
— Ваш асабісты прагноз эканамічнага развіцця на бліжэйшы час...
 
— Хоць і кажуць, што дасведчаны аптыміст ужо ёсць песіміст, я ўсё ж у будучыню гляджу з аптымізмам. Перш чым нешта прагназаваць, неабходна зрабіць аналіз стану спраў. І на макраўзроўні ўжо пералічаны ўсе прычыны пагаршэння сітуацыі ў 2011 годзе, прыняты захады па стабілізацыі эканомікі і выпрацаваны адпаведныя прагнозы развіцця на будучыню.
 
Сёння відавочна, што сітуацыя пачала выпраўляцца. Статыстыка апошніх месяцаў сведчыць аб паступовым эканамічным росце, зніжэнні інфляцыі, аптымізацыі знешнеэканамічнай дзейнасці. На дадзеным этапе важна замацаваць гэтыя пазітыўныя тэндэнцыі. На маю думку, зроблены аналіз, разуменне прычын крызісу, які здарыўся, — добрая аснова не толькі для таго, каб вывесці эканоміку на дакрызісны ўзровень, але і надаць ёй новы імпульс.
 
— Наколькі ўплывовымі для банкаўскай сістэмы Беларусі акажуцца інтэграцыйныя працэсы, якія так імкліва развіваюцца ў апошні час у адносінах Беларусі, Расіі і Казахстана?
 
— Вядома, перамены такога кшталту не могуць не закрануць банкаўскую сістэму. І ўплыў гэты будзе неадназначны — хоць у рэшце рэшт станоўчы. Што маю на ўвазе? Па-першае, тыя відавочныя плюсы, якія звязаны з утварэннем Адзінай эканамічнай прасторы, пазітыўна паўплываюць на дзелавую актыўнасць, стануць новым штуршком для паскарэння эканамічнага росту як у нашай краіне, так і ў партнёраў па супольнасці. Гэта, бясспрэчна, прывядзе да росту паслуг, у тым ліку знешнеэканамічнага характару, якія будуць запатрабаваны нашымі кліентамі, паспрыяе ўмацаванню фінансавага стану прадпрыемстваў. Павысіцца эфектыўнасць эканомікі, што паменшыць узровень банкаўскай рызыкі.
 
Па-другое, ва ўмовах свабоднага руху працоўных рэсурсаў і капіталу сур'ёзна павысіцца ўзровень канкурэнцыі. І банкі тут не выключэнне. Таму ўжо сёння нашым банкам трэба максімальную ўвагу надаць не толькі пытанням капіталізацыі, але, найперш, якасці абслугоўвання. Менавіта той, хто прапануе больш якасную і таннейшую паслугу, будзе запатрабаваны на прасторах гэтага куды як шырэйшага рынку. А канкурэнты у нас, асабліва ў асобе расійскіх банкаў, будуць сур'ёзныя.
 
— Сяргей Паўлавіч, калі дазволіце, некалькі пытанняў персанальна да банкаўскага работніка, кіраўніка галіны як звычайнага чалавека...
 
— Калі ласка...
 
— Не палічыце за падлік чужых грошай. Вы кожны дзень ведаеце, якая сума знаходзіцца ў вас у кішэнях?
 
— У мяне амаль што адсутнічаюць наяўныя грошы. Усё — на пластыкавай картцы. Толькі не падумайце, што я з тых людзей, хто не лічыць грошы. Прыблізнае напаўненне сваёй "электроннай кішэні" я, вядома ж, ведаю, і гэтага мне дастаткова. Для мяне надта вялікая каштоўнасць — час, які я не магу сабе дазволіць патраціць на вядзенне "дамашняй бухгалтэрыі". Але, з вашага дазволу, крыху нават не рэкламы, а інфармацыі. Трымальнік пластыкавай карткі Беларусбанка з дапамогай сучасных тэхналогій можа лёгка і проста весці асобны ўлік сваіх выдаткаў, кожны дзень атрымліваць інфармацыю аб аперацыях, здзейсненых па карт-рахунку.
 
— У што ўкладваеце асабістыя зберажэнні?
 
— Адказ будзе тыповым: у дзяцей, у сям'ю, у адукацыю. Я ўпэўнены, што гэта самыя эфектыўныя інвестыцыі.
 
— Якой валюце ў зберажэннях аддаеце перавагу?
 
— Вялікіх накапленняў у мяне няма. Асноўная валюта маіх зберажэнняў — нацыянальная. Не стану хітрыць, ёсць рахунак і ў замежнай валюце. Але я — перакананы прыхільнік дэдаларызацыі ў сваёй краіне.
 
Мы, як грамадзяне сваёй краіны, у першую чаргу павінны падтрымліваць сваю нацыянальную валюту. Вядома, вярнуць давер пасля падзей мінулага года неверагодна складана, але рабіць гэта трэба. І самае галоўнае, засвоіць урокі, каб пазбегнуць паўтарэння сітуацыі, калі рэзка дэвальваваўся рубель.
 
— Сяргей Паўлавіч, колькі грошай не шкада на падарунак блізкаму человеку?
 
— Колькі ёсць! А калі сур'ёзна, то ніколі не задумваўся над гэтым пытаннем, хаця адказ можа здацца непераканаўчым для банкіра. Маё крэда: адносіны з блізкімі людзьмі не вымяраюцца грашыма. Тут матэрыя куды больш тонкая. І ўвогуле, хіба можна шкадаваць грошай? Шкадаваць можна толькі пра страчаныя магчымасці і страту блізкага чалавека. І каб гэтага не здарылася, спяшайцеся рабіць добрыя ўчынкі.
 
— Што вам падабаецца, чым захапляецеся?
 
— Перавагу аддаю актыўнаму ладу жыцця, стараюся трымаць сябе ў форме, бо мая праца патрабуе вялікага напружання і сіл. З задавальненнем займаюся спортам, люблю вандраваць, прычым выбіраю для гэтага нашу надзвычай прыгожую краіну замест "берага турэцкага". Турысцкая палатка, вогнішча, зорны небасхіл, спевы пад гітару... У гэтай чысціні і спрадвечнасці нараджаюцца новыя ідэі, думкі, планы. Адчуваецца гармонія з космасам, калі ў непрацяглым аддаленні ад бясконцых спраў і падзей яскрава разумееш, як цудоўна ўсё ж такі жыць!
 
-50%
-20%
-10%
-40%
-18%
-35%
-20%
-50%
-35%