Да заканчэння працэсу збору подпiсаў для вылучэння кандыдатаў у прэзiдэнты застаецца два тыднi. Аб тым, як iдзе гэты працэс, карэспандэнт "Звязды" гутарыць з сакратаром Цэнтральнай камiсii па выбарах i правядзенню рэспублiканскiх рэферэндумаў Мiкалаем ЛАЗАВIКОМ:

- Як, па iнфармацыi Цэнтрвыбаркама, iдзе працэс збору подпiсаў iнiцыятыўнымi групамi? Цi паступалi ад iх нейкiя скаргi ў Цэнтрвыбаркам адносна праблем, з якiмi групы сутыкаюцца падчас збору подпiсаў?

- Што датычыцца колькасцi сабраных подпiсаў, то мы не адсочваем гэтыя паказчыкi работы iніцыятыўных груп. Сёння ёсць iнфармацыя пра колькасць сабраных подпiсаў, якую перадаюць выбарчыя штабы. Наколькi дакладныя тыя звесткi, якiя прадстаўляюць кiраўнiкi iнiцыятыўных груп сродкам масавай iнфармацыi, пакажа 27 студзеня, калi будзе завершаны збор подпiсаў i ўсе падпiсныя лiсты iнiцыятыўныя групы павiнны будуць здаць у тэрытарыяльныя выбарчыя камiсii. Сёння ж, магчыма, нейкiя iнiцыятыўныя групы занiжаюць свае паказчыкi, нейкiя завышаюць. Гэта справа тактык перадвыбарнай працы iнiцыятыўных груп. I Цэнтрвыбаркам не ацэньвае гэтыя тактыкi.

Калi гаварыць пра ўмовы працы зборшчыкаў подпiсаў i iнiцыятыўных груп у цэлым, то склалася пэўная практыка ўзаемадзеяння памiж Цэнтр-выбаркамам i iнiцыятыўнымi групамi. Калi ў iнiцыятыўных груп узнiкаюць нават малыя праблемы, на нас выходзяць iх прадстаўнiкi i мы ўсе пытаннi здымаем. Зараз, паводле iнфармацыi кiраўнiкоў iнiцыятыўных груп, мясцовымi ўладамi вырашаны ўсе праблемныя пытаннi ў цэлым па рэспублiцы. Сёння ўсе iнiцыятыўныя групы могуць свабодна, без якiх-небудзь перашкод збiраць подпiсы выбаршчыкаў. Натуральна, рабiць гэта яны павiнны ў адпаведнасцi з патрабаваннямi заканадаўства.

Доступ зборшчыкаў подпiсаў на прадпрыемствы, у арганiзацыi павiнен ажыццяўляцца з дазволу кiраўнiкоў гэтых арганiзацый i ў адпаведнасцi з рэгламентам доступу ў гэтыя арганiзацыi. Калi нехта жадае збiраць подпiсы не ў жылых кварталах, а там, дзе людзi працуюць, то, натуральна, трэба падпарадкоўвацца дысцыплiнарнаму распарадку, якi iснуе на прадпрыемствах, каб не парушаць правiлы тэхнiкi бяспекi i не ствараць нейкiх складанасцяў для працы прадпрыемства.

Часам крыўдзяцца, што некуды не пусцiлi прадстаўнiкоў нейкай iнiцыятыўнай групы. Але ж, напрыклад, пусцiўшы пабочнага чалавека на будаўнiчую пляцоўку, кiраўнiк будоўлi адказвае не толькi за бяспеку сваiх рабочых, але i за бяспеку зборшчыка подпiсаў. Таму работа ўсiх iнiцыятыўных груп на прадпрыемствах, у арганiзацыях, у iнтэрнатах павiнна рэгламентавацца прапускным рэжымам, якi там iснуе.

- Экс-старшыня Савета Рэспублiкi Аляксандр Вайтовiч заявiў аб тым, што адмаўляецца ад удзелу ў перадвыбарнай кампанii. Цi аформлена гэта неяк фармальна, цi пiсаў ён адпаведную заяву ў Цэнтрвыбаркам?

- Гэта была яго iнфармацыя для прэсы. Але нiякiх афiцыйных заяў у Цэнтрвыбаркам Вайтовiч падаваць не абавязаны. Ён мог бы i не гаварыць пра адмову ад удзелу ў кампанii, проста не прадставiў бы падпiсныя лiсты ў Цэнтрвыбаркам. Любы грамадзянiн, якi спрабаваў вылучыцца кандыдатам у прэзiдэнты i не сабраў неабходную колькасць подпiсаў, выбывае з кампанii без якiх-небудзь наступстваў.

- Зыходзячы з вашага вопыту правядзення прэзiдэнцкай кампанii 2001 года, колькi iнiцыятыўных груп змогуць сабраць неабходную колькасць подпiсаў сёлета?

- Няма сумненняў, што сёння рэальную падтрымку ў насельнiцтва мае дзеючы кiраўнiк краiны. Паводле апублiкаванай яго перадвыбарным штабам iнфармацыi, ужо больш за 900 тыс. подпiсаў сабрана за яго вылучэнне. Гэта сведчанне таго, што iнiцыятыўная група дзеючага кiраўнiка краiны працуе найбольш эфектыўна i насельнiцтва больш ахвотна аддае за яго свае подпiсы. Нават у Цэнтрвыбаркам паступаюць тэлефанаваннi з пытаннямi, дзе можна падпiсацца за яго.

Што датычыцца iншых прэтэндэнтаў. Маюць шанцы сабраць неабходную колькасць подпiсаў тыя, хто абапiраецца на партыйныя структуры.

У астатнiх прэтэндэнтаў цяжкасцяў значна больш. Без рэальнай арганiзацыйнай структуры, без арганiзацыйных рэсурсаў сабраць неабходную колькасць подпiсаў складана.

Сяргей КУЗНЯЦОЎ
-20%
-10%
-65%
-10%
-20%
-12%
-23%
-10%
-15%
-5%
0071062