Кастусь ЛАШКЕВІЧ,

15 снежня часопіс Time назваў чалавекам года заснавальніка найбуйнейшай у свеце сацыяльнай сеткі Facebook Марка Цукерберга. У Беларусі ж стварэнне амерыканскага вундэркінда і ягоныя аналагі сталі адной з асноўных пляцовак абмену і сродкаў распаўсюду інфармацыі пра прэзідэнцкія выбары-2010.
 
Падваенне інтэрнэт-аўдыторыі
 
Падчас выбарчай кампаніі 2006 года, паводле даных сацыёлагаў, больш за 6% апытаных беларусаў назвалі інтэрнэт у якасці крыніцы інфармацыі пра кандыдатаў. Цяпер, згодна з лічбамі Белстата, колькасць хатніх гаспадарак з доступам у сусветнае сеціва падвоілася ды дасягнула 25%. Пры гэтым колькасць тых, хто атрымлівае інфармацыю з інтэрнэту, ацэньваецца ў лічбу ад 10 да 15% ад агульнага насельніцтва.
 
Асаблівае месца ў акіяне рэсурсаў займаюць сацыяльныя сеткі — аб’яднанні ў віртуальныя супольнасці людзей, якія кантактуюць праз ўнутраную пошту ці сістэму імгненнага абмену паведамленнямі.
 
У Беларусі бум сацыяльных сетак пачынаўся з расійскай сеткі “Одноклассники”. Следам за імі папулярнасць набылі “ВКонтакте”, іх разнастайныя беларускія аналагі, заходнія Facebook і Twitter. На пачатку 2008 года ў Байнэце з'явілася сацыяльная сетка I.TUT.BY ("Я ТУТ!"), якая аб'яднала карыстальнікаў і сацыяльныя сэрвісы найбуйнейшага інтэрнэт-партала Беларусі.
 
Сеціва як пляцоўка для крытычнага аналізу і агітацыі
 
У штогадовых рэйтынгах свабоды слова і СМІ, які складаюць некалькі аўтарытэтных міжнародных арганізацый, Беларусь традыцыйна займае месцы ў хвасце. Гэтак, сёлета “Рэпарцёры без межаў” паставілі нашу краіну на 154 месца са 178 краін-удзельніц.
 
Няроўныя фінансава-эканамічныя і прававыя ўмовы існавання ў Беларусі афіцыйных і альтэрнатыўных СМІ, а таксама прэсінг апошніх з боку дзяржавы прывялі да крытычнага змяншэння за апошняе дзесяцігоддзе накладаў незалежных друкаваных выданняў і іх чытацкай аўдыторыі. Разам з пранікненнем у краіну IT-тэхналогій менавіта інтэрнэт стаў галоўнай пляцоўкай грамадска-палітычнага дыскурсу, крытычнага аналізу і распаўсюду альтэрнатыўнага афіцыйнаму гледжання.
 
Нагадаем, пасля прэзідэнцкіх выбараў-2006, калі многія папулярныя незалежныя сайты былі заблакаваныя, інфармацыя пра падзеі на цэнтральнай плошчы сталіцы вокамгненна распаўсюджвалася праз папулярную платформу інтэрнэт-дзённікаў LiveJournal.
 
Сёлета сацыяльныя сеткі выконваюць не толькі функцыі маніторынгу выбарчага працэсу ды абмену інфармацыяй, недаступнай па афіцыйных каналах. “Яны ператварыліся ў пляцоўкі для правядзення агітацыйнай кампаніі, — адзначае медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі ў аналізе для Deutsche Welle. — Беларуская апазіцыя ўжо шмат гадоў пазбаўленая доступу да шырокай аўдыторыі традыцыйных СМІ… Інтэрнэт не толькі даў апазіцыйным палітыкам трыбуну, але і стаў своеасаблівым выпрабаваннем, бо ў сетках трэба весці дыскусіі, у тым ліку і з нейтральнай аўдыторыяй, а таксама з тымі, хто не падзяляе тваіх перакананняў”. Гэтак, рахункі ў розных сетках маюць больш за палову кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама шматлікія прадстаўнікі іхніх штабоў.
 
TUT.BY прааналізаваў перадвыбарчую актыўнасць беларусаў у найбуйнейшых сацыяльных сетках.
 
Twitter б’е ў званы аб прымусовым галасаванні
 
Апошнім часам даволі вялікі распаўсюд у Беларусі набыла самая папулярная ў свеце сістэма мікраблогінгу (публікацыя кароткіх паведамленняў, аб’яднаных у тэматычныя групы) Twitter. Адмыслова пад выбары ў Беларусі ягоныя ўдзельнікі стварылі групу #electby, дзе ўладальнікі мікраблогаў дзеляцца актуальнай інфармацый у рэжыме рэальнага часу. З пачаткам датэрміновага галасавання актыўнасць удзельнікаў перавышае 100 паведамленняў за гадзіну. Тут можна ўбачыць і спасылкі на гучныя навіны і журналісцкія публікацыі з розных інтэрнэт-рэсурсаў, убачыць паведамленні ад прадстаўнікоў камандаў кандыдатаў на прэзідэнта ці праваабаронцаў.
 
Аднак ці не самае цікавае — сведчанні людзей аб выбарчым працэсе. “В детском саду № 569 г. Минска деткам говорят, что Дед Мороз не подарит подарки тем, чьи родители не проголосуют досрочно”, — піша адзін з карыстальнікаў. “Вчера приходили, а сегодня позвонили с угрозой выселить из общаги, если не проголосую досрочно именно сегодня! НЕ БУДУ!” — адзначае другі. “Зафиксировал серьезные нарушения на двух участках. Готовлю жалобы”, — паведамляе трэці наўпрост з выбарчага ўчастка. “Учора на ўчастак прыйшоў назiральнiк ад СНД, спытаў, чаму няма праграм кандыдатаў. Камiсiя была ў разгубленасцi”, — чытаем у чацвёртага.

Ёсць асобная група  з характэрным назовам #ploscha.
 
На Захадзе Twitter ужо зарэкамендаваў сябе самым даступным і аператыўным сродкам распаўсюду інфармацыі, унікальным дапаможнікам для журналістаў. Нядаўнія пратэсты брытанскіх студэнтаў каардынаваліся менавіта праз мікраблогі. Цяпер выглядае, што Twitter набывае гэтыя функцыі і ў нас.
 
Кандыдаты піярыліся праз сацсеткі
 
“ВКонтакте” (паводле некаторых крыніц, больш за 2 млн зарэгістраваных рахункаў з Беларусі) створана каля дзесятка груп, прысвечаных выбарам прэзідэнта Беларусі. Колькасць удзельнікаў — ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх соцень чалавек. Найбольшая актыўнасць наведнікаў зафіксавана ў групах у падтрымку кандыдатаў. Гэтак, да групы Аляксандра Лукашэнкі далучыліся амаль 19 тысяч чалавек. Сярод апазіцыйных кандыдатаў больш за іншых сабраў Яраслаў Раманчук — больш за 11 тысяч карыстальнікаў.
 
"Одноклассники”, якія распачалі бум сацыяльных сетак у Беларусі, нічым падобным пахваліцца не могуць. Усяго адна тэматычная група з колькасцю ўдзельнікаў больш за 100 чалавек. У групе Андрэя Саннікава — больш за 300 чалавек. Падобная колькасць сяброў і ў рахунка Алеся Міхалевіча.
 
У амерыканскай Facebook (150 тысяч беларусаў) найбольш вядомая група створана грамадскай кампаніяй "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Яе “зафрэндзілі” звыш 1000 чалавек. Пэўнай папулярнасцю карыстаецца група, што заклікае на “Плошчу”. Сярод кандыдатаў найбольш прыхільнікаў на старонцы ў Саннікава (5300).
 
А вось у сацыяльнай сетцы I.TUT.BY, якая налічвае ўжо больш за 800 тысяч акаунтаў, ніводзін з кандыдатаў у прэзідэнты не зарэгістраваны.
 
LiveJournal (“Жывы Журнал”) хоць і з’яўляецца блог-платформай, але магчымасць дадавання іншых карыстальнікаў у спіс чытання (фрэнд-стужку) спрыяе стварэнню сацсетак. Беларусы стварылі больш за 76 тысяч ЖЖ, што ёсць 13 вынікам у свеце. Напрыканцы студзеня ў ЖЖ запусцілі суполку by_elections — адмыслова для асвятлення выбараў. Аднак праіснавала яна ўсяго некалькі тыдняў. “Інфармацыйным цэнтрам” выбарчай кампаніі-2010 стала адна з найстарэйшых кам’юніці by_politics, удзельнікамі якой ёсць 1575 чалавек. Па традыцыі, многае з таго, што тычыцца з выбарамі і адбываецца ў сталіцы, посціцца ў суперпапулярнай суполцы minsk_by, памятнай паслявыбарчымі падзеямі пяцігадовай даўніны.
 
Вынікі і парушэнні ў онлайне
 
Напярэдадні выбараў у Сеціве запрацаваў незалежны сайт Electby.org — адкрытая інтэрактыўная пляцоўка, дзе кожны можа падзяліцца сваімі назіраннямі за прэзідэнцкімі выбарамі. Асноўная функцыя рэсурсу, які працуе на платформе “Ушахідзі”, — збор паведамленняў пра выбарчую кампанію ад грамадзян, іх сістэматызацыя па катэгорыях (прымус да тэрміновага галасавання, фальсіфікацыя вынікаў, назіральнікі, кампаніі кандыдатаў, участковыя выбаркамы, агітацыя і інфармаванне і інш.) і візуалізацыя на мапе Беларусі. Даслаць сваё паведамленне можна праз онлайн-форму, e-mail і Twitter і звычайным SMS. Толькі за тры дні датэрміновага галасавання на сайт паступіла больш за 300 зваротаў. Большасць з іх тычацца прымусовага галасавання.
 
Другі наватарскі праект у Сеціве — сэрвіс онлайн-назірання за вынікамі прэзідэнцкіх выбараў ад “Руху “За свабоду”. Грамадскае аб’яднанне на чале з экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Аляксандрам Мілінкевічам вылучала назіральнікаў на 634 выбарчыя ўчасткі ў Беларусі і за мяжой. Пасля закрыцця ўчасткаў увечары 19 снежня яны будуць аператыўна перадаваць вынікі галасавання ў офіс арганізацыі і размяшчаць іх на сайце pyx.by. На думку актывістаў кампаніі, пры параўнанні вынікаў галасавання ў асноўны дзень і агульных вынікаў “можна будзе меркаваць пра ўзровень фальсіфікацый”.
 

Сацыяльныя сеткі ўсё шырэй апаноўваюць наша жыццё. Ужо сёння яны часткова кампенсуюць вакуум грамадска-палітычнага дыскурсу Беларусі, становяцца важкім дапаможнікам для журналістаў у пошуку эксклюзіўнай інфармацыі ды першакрыніц. Відавочна, што надалей іх роля будзе толькі павялічвацца.  
-10%
-50%
-45%
-15%
-25%
-10%
-20%
-10%
-20%
-10%