Читать по-русски


У Беларусі адкрылася прадстаўніцтва кампаніі "Нафтагаз Украіны". Пра гэта БелаПАН паведаміў кіраўнік беларускага прадстаўніцтва газатранспартнай кампаніі Аляксандр Сідарчук. Паводле яго слоў, дазвол беларускага МЗС на ажыццяўленне дзейнасці ў Беларусі быў атрыманы 28 жніўня.

"Паралельна з арганізацыйнымі пытаннямі, звязанымі з рэгістрацыяй прадстаўніцтва, мы наладжваем узаемаадносіны з нашым контрагентам у Беларусі ААТ "Белтрансгаз". Нашы спецыялісты бяруць удзел у праверках газавымяральных станцый", — зазначыў А.Сідарчук.

Ён паведаміў, што ў "Нафтагазу Украіны" ёсць "цікавыя напрацоўкі" з "Белтрансгазам" у галіне транспарціроўкі і захоўвання газу, якія ажыццяўляюцца ў рамках выканання міждзяржаўных пагадненняў паміж Украінай і Беларуссю. "Украіна зацікаўлена ў павелічэнні прапускной здольнасці газаправодаў, якія ідуць па тэрыторыі Беларусі на тэрыторыю Украіны", — сказаў ён. Кіраўнік прадстаўніцтва таксама праінфармаваў, што цяпер ідзе абмеркаванне цэнавых пытанняў па захоўванні беларускага газу ва ўкраінскіх газасховішчах. Паводле яго слоў, "Нафтагаз Украіны" зацікаўлены таксама ў "блізкім супрацоўніцтве з "Беларуснафтай".

Нагадаем, у нядаўнім інтэрв'ю БелаПАН пасол Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы паведаміў, што дзвюм краінам прыйдзецца вырашаць пытанні уніфікацыі сваіх сістэм транспарціроўкі нафты і газу. "Паколькі адны і тыя ж трубаправоды праходзяць па тэрыторыі Беларусі і Украіны, нам прыйдзецца прымаць агульныя правілы гульні, — сказаў дыпламат. — Пры гэтым будуць важныя як чыста тэхнічныя параметры, так і прававое поле. Нам важна сумесна забяспечыць праект, які з'яўляецца стратэгічным для Еўропы і жыццёва важны як для яе, так і для нашых дзяржаў".

Даведка БелаПАН. "Нафтагаз" з'яўляецца ва Украіне манапалістам па транспарціроўцы газу і нафты па транзітных трубаправодах, а таксама найбуйнейшым у краіне здабытчыкам газу і нафты. Кампанія выпрацоўвае восьмую частку валавога ўнутранага прадукту Украіны і забяспечвае дзесятую частку паступленняў у дзяржаўны бюджэт. Агульная колькасць працоўных на прадпрыемствах кампаніі складае 170 тыс. (каля 1% працаздольнага насельніцтва Украіны). "Нафтагаз" здабывае звыш 97% нафты і газу ва Украіне. Аб'ём рэалізацыі прадукцыі і прадастаўлення паслуг кампаніяй у 2006 годзе склаў 9,9 млрд. долараў ЗША, прыбытак — 2,1 млрд. долараў.
Патрэбныя паслугі ў патрэбны момант
-30%
-5%
-20%
-55%
-35%
-15%
-20%
-25%
0067249