Іна Студзінская,

Офіс прафсаюзу РЭП на вуліцы Кульман, у якім 2 жніўня адбыўся ператрус, цалкам аднавіў працу, нягледзячы на канфіскацыю аргтэхнікі. Старшыня прафсаюзу Генадзь Фядыніч вядзе тэлефонныя размовы з партнерамі, яму тэлефануюць з Жэневы, з Міжнароднай арганізацыі працы. На прыём да прафсаюзнага юрыста Юрыя Белякова прыходзяць наведнікі.

Фото: svaboda.org
Генадзь Фядыніч. Фото: svaboda.org

Збольшага ў офісе ўжо навялі парадак. Пра нядаўні ператрус, які правялі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расследаванняў, нагадваюць толькі раскурочаныя сістэмныя блокі, выламаныя дзверы ў кабінет галоўнага бухгалтара ды пашкоджаныя драўляныя панэлі ў прыёмнай старшыні.

«Ніякіх дакументаў нам не паказалі, акрамя пастановы пракурора аб узбуджэнні крымінальнай справы»

Лідэра прафсаюзаў Генадзя Фядыніча Свабода заспела ў пятніцу раніцай у працоўным кабінеце. Ён моцна заняты: дзясяткі званкоў на стацыянарны тэлефон, бо мабільны канфіскавалі. Кажа, што офіс працуе ў звычайным рэжыме:

— Нягледзячы на пазаўчорашні пагром, канфіскацыю аргтэхнікі, працу аднавілі. У трох кабінетах ужо працуе інтэрнэт. Сёння ўжо чалавек 6 прыйшло па кансультацыю — так што працуем у штатным рэжыме. Каманда ёсць, каманда будзе працаваць. У панядзелак збіраем сход актывістаў.

— Сёння павінна вырашыцца пытанне з мерай стрымання для вашага бухгальтара і старшыні Менскай гарадской пярвічнай арганізацыі прафсаюзу РЭП Ігара Комліка. Чаго можна чакаць?

— Толькі на тры дні Дэпартамэнт фінансавых расследаванняў можа затрымаць чалавека для правядзення допытаў, далей справа перадаецца ў Следчы камітэт і вызначаецца мера стрымання яшчэ на 10 дзён. А праз 10 дзён павінна быць выстаўлена абвінавачанне, і пракурор можа вызначыць меру стрымання ўсім астатнім падазраваным, і мне таксама. Так што пакуль не будзем гадаць і рабіць прагнозы. Усё можа быць. Я гатовы да любога развіцця падзей.

— А якія дакумэнты вам паказалі, у чым канкрэтна абвінавачваюць?

— Ніякіх дакументаў нам не паказалі, акрамя пастановы пракурора аб узбуджэнні крымінальнай справы. Ніхто з нас ні з якімі матэрыяламі не знаёміўся. Прагучала толькі, што справа за 2011 год. Сказалі, з панядзелка пачнецца рух.

Фото: svaboda.org
Фото: svaboda.org

«Падаплёка „наезду“ на нас палітычная»

— У газеце «СБ-Беларусь сегодня» з'явілася інтэрв'ю начальніка ДФР Ігара Маршалава, які кажа: «службовыя асобы «незалежнай прафсаюзнай арганізацыі ў парушэнне заканадаўства адкрылі ад імя прафсаюзу рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі сотні даляраў…» І што ніякай палітычнай «падаплёкі няма».

— Асабіста маё сумленне чыстае. Фядыніч ніводнай прафсаюзнай капейкі сабе ў кішэню не паклаў. Калі рабілі ператрус і апісвалі маёмасць, акрамя машыны 1998 году, тэлевізара і музычнага цэнтру, і апісваць не было чаго. Таму я абсалютна спакойна сябе адчуваю. Але мы ведаем, у якой сістэме мы жывём.

Так, ДФР таксама працуе і хоча «стрэсці» з нас падаткі, якія, на іх погляд, мы не сплацілі. Але павінна быць доказная база. Можна казаць пра тысячы нясплачаных падаткаў, пра мільёны прыбыткаў, але гэта толькі словы. Пакуль нам нічога не прадставілі, ніякіх доказаў, дакументаў.

Такая ўвага да нас звязаная з узмацненнем пазіцый самога РЭПа. РЭП — гэта адна з нешматлікіх дзейсных арганізацый, якая не на словах, а на справе дапамагае людзям. І людзі гэта таксама ведаюць — прыходзяць і працоўныя, і беспрацоўныя, і інваліды, і шматдзетныя маці. Да нас пастаянна звяртаюцца па дапамогу, і мы выйграем у судах справы. За мінулы год мы дапамаглі людзям вярнуць 1,5 мільярда недэнамінаваных рублёў, якія ім недаплацілі працадаўцы. Веснавыя акцыі таксама адыгралі сваю ролю. Шмат нашых актывістаў пакаралі вялізнымі штрафамі, суткамі. Тут усё ў комплексе. Пра нас народ ведае, нам верыць. Так што падаплёка «наезду» на нас палітычная, што б ні казалі кіраўнікі ДФР.

Фото: svaboda.org
Прэс-сакратар прафсаюзу РЭП Мікалай Герасіменка. Фото: svaboda.org


«Жонка цяжка перажывае маральна, але пры ператрусе жартавала»

— А чаму быў такі «карнавал» пры вашым затрыманні ва ўласнай кватэры? Навошта сурʼёзным людзям з пасведчаннямі саліднай структуры трэба было пераапранацца ў форму камунальных службаў? Яны неяк тлумачылі?

— На маю думку, калі ў дзверы звоніць чалавек у форме супрацоўніка ЖЭСа, яму заўсёды адчыняць дзверы.

— А як вашы сямейнікі, жонка ўспрынялі ператрус?

— Жонка цяжка перажывае маральна, была ў шоку, яна ніколі з такім не сутыкалася. Дагэтуль яшчэ прыбірае кватэру, наводзіць парадак, бо ператрэслі ўсё: вобыск доўжыўся з 9 да 15 гадзін. Пры іх жонка пажартавала: «Калі вы да нас прыйшлі з ператрусам, то мой муж заслугоўвае, каб яму яшчэ пры жыцці мемарыяльную дошку ўсталявалі на доме». Але працавалі яны прафэсійна, відавочна, што яны рыхтаваліся.

— А чаму выцягнулі з нафталіну старую справу 2011 году?

— Мабыць нічога «накапаць» не змаглі. Тэрмін спраў па падатках — 7 гадоў. 2018 год — і ўсё.

— Старшыня БКДП Аляксандар Ярашук два дні таму ў інтэрвію Радыё Свабода, сказаў, што ваш прафсаюз «наламаў дроў», увязаўся ў «рызыкоўныя і небяспечныя праекты». А ўчора БКДП выступіў з патрабаваннем тэрмінова вызваліць з-пад варты Ігара Комліка, якога змясцілі на Акрэсціна. Чаму такая непаслядоўнасць?

— Я не хацеў бы каментаваць словы і дзеяньні Ярашука. Можа, яму і не даспадобы, з кім мы працуем, але наш прафсаюз сам мае права абіраць партнёраў, праекты. Мы працуем ня толькі з дацкім прафсаюзам «3F». Мы — сябры Глабальнага прафсаюзу «IndustriALL», які абʼядноўвае 52 мільёны працоўных. Мы працуем і з немцамі, і з расіянамі, літоўцамі, украінцамі, і будзем працягваць працаваць. А выказванні Ярашука могуць пайсці яму самому не на карысць.

Прафсаюз РЭП выйграе да 90% спраў

У офісе тым часам ідзе праца. Дзяўчаты наводзяць парадак, а юрыст прафсаюзу РЭП Юры Белякоў прымае ўжо чацвёртага з пачатку дня наведніка:

Фото: svaboda.org
Юрыст прафсаюзу Юры Белякоў. Фото: svaboda.org


«Вось зараз сядзіць чалавек. Здавалася б, простая справа. Чалавек звальняўся, яму недаплацілі заробак, не выплацілі па бальнічнаму лісту. Мы звярнуліся ў суд, які прыняў рашэнне: выплаціць усе грошы працаўніку і спагнаць з наймальніка тры сярэднія заработныя платы за тое, што ён не выплаціў па кантракце заробак. Але фірма вырашыла зрабіць гэтага „скаржніка“ хуліганам — аформілі дакументы, быццам бы ён учыніў бойку на працы, і знакамітая суддзя Цэнтральнага райсуду Вікторыя Шабуня пакарала яго штрафам у 10 базавых велічыняў. Мы абскардзілі рашэнне ў гарадзкім судзе, справу выйгралі. Мала таго, яшчэ пракурор Цэнтральнага раёну напісаў пратэст, што мала дзяржпошліны спагналі з наймальніка: толькі дзве базавыя за парушэнне працоўнага заканадаўства. І гарадзкі суд дадаў яшчэ».

Юрыст Юры Белякоў кажа, што прафсаюз РЭП шмат спраў выйграе — да 90%. У асноўным менавіта па працоўных спрэчках. Але шмат звяртаюцца і па іншых справах — грамадзянскіх, крымінальных:

«Нядаўна да нас звярнулася шматдзетная маці з Зэльвенскага раёну. Камісія па справах непаўналетніх вынесла рашэнне забраць чатырох дзяцей ад маці, райвыканкам пацвердзіў. У старшыні Дзярэчынскага сельсавету быў канфлікт з гэтай шматдзетнай маці, і яны вырашылі пакараць маці праз дзяцей. Нашы актывісты і юрысты дамагліся адмены пастановы райвыканкаму, дзяцей вярнулі ў сямʼю.

Мы нават па крымінальных справах прадстаўляем інтарэсы людзей. Быў выпадак у Магілёве, калі сяброўку нашага прафсаюзу збіў міліцыянт — ён настолькі моцна ўдарыў пэнсіянэрку, што зламаў ёй сківіцу. Наш юрыст прадстаўляў інтарэсы пацярпелай. Два гады цягнецца справа, і дагэтуль міліцыянта не прызналі падазраваным. Ад нашага прадстаўніка Аляксандра Хамратава, які праяўляе настойлівасць, хочуць пазбавіцца, нам у прафсаюз тэлефанавала следчая. Наагул, здзіўляе непрафесіяналізм, які дэманструюць праваахоўныя органы.

Вось і цяпер, калі праводзілі ператрус у нас у офісе, апытвалі і дапытвалі людзей. У прадстаўнікоў ДФР бланкі дакументаў з памылкамі. То бок людзей апытваюць як сведак, а на бланку напісана: «падазраваны». І пазначана: тое, што яму стала вядома падчас следчых дзеянняў, нельга разгалошваць. Людзі, натуральна, палохаюцца, што яны ўжо «падазраваныя». Вось так ціснуць на людзей".

-50%
-10%
-34%
-10%
-15%
-51%
-10%
-20%
-50%
-35%
0068062