Ці дапаможа падвышэнне заробкаў вырашыць праблему працоўнай міграцыі з Беларусі? На гэтае пытанне чытача TUT.BY у межах сумеснага праекту нашага партала, Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра BEROC (Кіеў) і Даследчага цэнтра ІПМ адказвае дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.
 
Вопрос от пользователя MrKasslar: Как известно, происходит значительный отток белорусских строителей (да и вообще большого количества специалистов и из других отраслей) в Россию из-за значительной разницы в оплате труда. То есть чтобы их вернуть, нужно повышать зарплату. В то же время повышение заработных плат, которое у нас происходит и сейчас, приводит к негативным последствиям, как то: рост импорта, постепенное снижение курса белорусского рубля по отношению к доллару. Как должно поступать в этой ситуации государство, или из двух зол выбирают меньшее?..
 
Сапраўды, пасля крызісу праблема працоўнай міграцыі ў Беларусі моцна абвастрылася. Але ці сапраўды адзінай прычынай сталася павелічэнне розніцы ў заробках паміж Беларуссю і суседнімі краінамі?
 
На міграцыю ўплываюць дзве групы чыннікаў: тыя, што "выпіхваюць" мігрантаў з краіны, і тыя, што "прыцягваюць" іх ў іншую краіну. Падчас крызісу ўзмацніўся ўплыў на міграцыю чыннікаў з абедзвюх групаў. У Беларусі не толькі зменшыліся заробкі, але i скарацілася занятасць (на жаль, мы пакуль не можам убачыць са статыстыкі сапраўдных лічбаў па беспрацоўі). А калі беларус губляе працу, рызыка таго, што ён і яго сям'я могуць апынуцца па-за рысай беднасці, моцна ўзрастае (пра гэта сведчаць даследванні беднасці і сацыяльнай інтэграцыі, праведзеныя эканамістамі Даследчага цэнтра ІПМ). Рызыка беднасці – адзін з найгалоўнейшых чыннікаў, які "выпіхваў" працоўную сілу з краіны падчас крызісу. То бок людзі ехалі не столькі за высокімі заробкамі, колькі за тым, каб пазбегнуць беднасці.
 
Яшчэ адна істотная рэч датычыць прычынаў падзення заробкаў. Напрыклад, у будаўніцтве, калі не зважаць на дэвальвацыю, прычына была простая: калі дзяржава прыпыніла дырэктыўнае крэдытаванне, шмат якія будоўлі спыніліся. Атрымалася, што прапанова працоўнай сілы ў будаўніцтве нашмат перавысіла попыт на яе, што і прывяло да падзення заробкаў і, адпаведна, дадало стымулаў да міграцыі ў "братнія" краіны. Тут ужо дзейнічалі абедзве групы чыннікаў: людзі ехалі шукаць працу і/ці за большымі грашыма. Розніца ў заробках паміж Беларуссю ды іншымі краінамі пабольшала падчас крызісу, і гэта прыцягвала больш работнікаў на замежныя рынкі працы.
 
Як у гэтай сітуацыі разважалі эканамічныя ўлады? Хутчэй за ўсе, менавіта так, як пададзена ў пытанні чытача: каб "вярнуць работнікаў (ці пазбегнуць адцёку новых), трэба падвышаць заробкі". Але ці можа падвышэнне сярэдняга заробку стрымаць міграцыю спецыялістаў з Беларусі?
 
Відавочная частка адказу на такое пытанне датычыць беспрацоўя: калі да міграцыі работніка падштурхоўвае не нізкі заробак, а адсутнасць працы, падвышэнне заробкаў не спыніць адцёку кадраў. Больш за тое, штучна створаны рост заробкаў можа адно пагоршыць сітуацыю, бо працадаўцы будуць вымушаныя і надалей "аптымізаваць" колькасць занятых – альбо скарачаць занятасць, альбо не наймаць новых людзей. Менш відавочная частка адказу датычыць таго, як растуць заробкі. У Беларусі ад мая 2012 года рост заробкаў найлепей характэрызуе слова "ўраўнілаўка": калі ў верасні 2011 года найбольшы з сярэдніх заробкаў па галінах эканомікі перавышаў найменшы паказчык у 5,3 разу, то ў верасні 2012 – адно ў 3,8 разу. Гэта, дарэчы, дадаткова сведчыць пра ўмяшальніцтва эканамічных уладаў ва ўсталяванне заробкаў. А ўраўнілаўка ніколі не матывавала найбольш эфектыўную частку занятых – наадварот, для пэўнай іх часткі такая сітуацыя магла стаць дадатковым штуршком да міграцыі туды, дзе за прадукцыйнасць больш плацяць.
 
Як бы там ні было, але нават пасля рэкордна хуткага аднаўлення дакрызіснага ўзроўню заробкаў розніца паміж заробкамі ў Беларусі і Расіі зараз большая, чым да крызісу. І гэта па-ранейшаму будзе чыннікам працоўнай міграцыі. Таму на парадку дня паўстаюць адразу некалькі пытанняў: як стварыць умовы для найбольш поўнай занятасці, як скараціць розніцу ў даходах паміж Беларуссю і суседнімі краінамі ды якім чынам забяспечыць справядлівае ўзнагароджанне найбольш кваліфікаваным работнікам.
 
Такая фармулёўка не ўтрымлівае супярэчнасцяў – тут няма "меншага зла", якое мусіць абраць урад. Калі розніца ў даходах будзе скарачацца звыклымі спосабамі, рост заробкаў хутка спрычыніцца да чарговага крызісу, і прорва паміж нашымі і суседскімі даходамі паглыбіцца ізноў. Калі дзяржаўныя прадпрыемствы будуць трымаць залішніх работнікаў, яны наўрад ці здолеюць забяспечваць дастаткова высокія заробкі без наўпростай ці ўскоснай дзяржаўнай падтрымкі (якая ляжыць у падмурку беларускіх крызісаў). Справядлівае ўзнагароджанне найбольш кваліфікаваным работнікам патрабуе перагляду сістэмы аплаты працы, якая існуе ў Беларусі. Такім чынам, адзінае выйсце – гэта развіццё прыватнага сектара (паводле ацэнак Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, ягоная ўдзельная вага ў беларускім ВУП надзвычай малая – адно каля 30%). Прынамсі, яно можа дапамагчы запаволіць міграцыю ў Расію ды іншыя краіны СНД. Але, на жаль, такая ў нас зараз доля – губляць працоўную сілу. Літву, напрыклад, пасля ўваходжання ў Еўразвяз не ўратаваў ад міграцыі нават прыватны сектар. Але ў гэтым месцы праблема робіцца дэмаграфічнай і мусіць разглядацца іншымі экспертамі.
-30%
-30%
-20%
-21%
-15%
-10%
-50%
-45%
-18%
-30%
-30%
0061173