Зоя Хруцкая,

Пляцоўка для будаўніцтва новага мясакамбіната знаходзіцца адразу за мікрараёнам Парашкі, каля трасы на Мінск. На ім таварыства “Трайпл-Велес” адкрые каля 800 вакансій.



На новым камбінаце будуць рабіць розныя віды прадукцыі з ялавічыны і свініны: кілбасы, сасіскі, паштэт.

Упакоўка сама трапіць на канвеер

Пляцоўка пад будаўніцтва знаходзіцца ў некалькіх метрах ад мяжы горада, каля мікрараёна Парашкі. Тэхніка заехала 12 верасня, з таго часу і ідзе работа. 

Будаўніцтва будзе ісці ў некалькі чэргаў. У канцы 2013 года будзе гатовы забойны цэх і халадзільнік. У першай палове 2014 года плануюць запусціць асноўны вытворчы цэх.

Маладзечанцы з’ядаюць 80 тон прадукцыі таварыства “Трайпл-Велес” у месяц (амаль кілаграм на кожнага гараджаніна).

Пляцоўка пад будаўніцтва займае 24 гектары. Сам будынак будзе мець адміністрацыйную частку – трохпавярховую, і вытворчую, над якой размесцяць склады.

– Будынак будзе вельмі зручны, – распавядае дырэктар таварыства “Трайпл-Велес” Алег Іваноў. – Усё максімальна механізавана. З другога паверха, дзе склады, адразу на канвеер будзе трапляць упакоўка. Большую частку абсталявання кампанія прывязе з Германіі і Аўстрыі.

Найбольш актыўна будаўніцтва будзе ісці ў 2013 годзе, за які плануюць асвоіць каля 220 мільярдаў рублёў. Кошт праекта кіраўніцтва прадпрыемства назваць пакуль не рашаецца.

Як, дарэчы, і аб’ёмы вытворчасці.

– Не хачу называць няправільныя лічбы, яны яшчэ ўдакладняюцца, – тлумачыць Алег Іваноў. – Але магу сказаць, што такіх аб’ёмаў вытворчасці пакуль ня­ма ні на адным мясакамбінаце Беларусі.

Не менш за 70% вытворчасці будзе ісці на экспарт, у асноўным на Расію.

На працу трэба 800 чалавек

Пераважна рабочых спецыяльнасцяў: рабочыя, майстры, тэхнолагі.

– Каб прыйшлі людзі сюды працаваць, неабходна задаволіць два патрабаванні: годны заробак і жыллё, – гаворыць дырэктар “Трайпл-Велес”. – Сярэдні заробак у нас цяпер 4,3 мільёна рублёў. А з жыллём – выкупілі адну шматпавярхоўку, робім там рамонт. Будзем вырашаць пытанне.

Месца для будучага мясакамбіната

На пытанне, ці будзе пах з мясакамбіната непакоіць маладзечанцаў, Алег Іваноў запэўнівае:

– Праект новага камбіната часткова выконвае арганізацыя ў Еўропе, таму будуць выкананыя ўсе не толькі беларускія патрабаванні, але і еўрапейскія. На ветэрынарна-санітарным кантролі прадпрыемства ніколі не эканоміла. Будаўніцтва ўзгоднена з экалагічнымі службамі. Будуецца ўсё ў адпаведнасці з ружай вятроў, таму жыхарам перажываць не варта. Тым больш што на новым мясакамбінаце не будзе цэха ўтылізацыі, які і дае спецыфічны пах.

Планы наконт будаўніцтва новага мясакамбіната каля Маладзечна існавалі яшчэ ў канцы 1990 гадоў. У 1997-1998 гадах існаваў праект, паводле якога будынак месціўся за Парашкамі, але на рэалізацыю тады не хапіла сродкаў. Новы мясакамбінат будуюць на той самай пляцоўцы.

Будынак, дзе зараз вырабляюць прадукцыю “Трайпл-Велес”, будзе працягваць працаваць. У ім няма забойнага цэха, таму адзін будзе для абодвух камбінатаў. У межах горада забойны цэх забаронены.

На Маладзечаншчыне будзе два мясакамбінаты, якія будуць належаць адной арганізацыі.

Каментар эколага

Будаўніцтва новага мясакамбіната мы папрасілі пракаментаваць намесніка дырэктара па праграмных пытаннях Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўгена Лабанава:

– Зразумела, што праекціроўшчык павінен прытрымлівацца ўсіх санітарных нормаў, прыродаахоўнага заканадаўства. Але мясакамбінат не з’яўляецца крыніцай шкодных выкідаў. Іншая справа, што гэта стварае не самае прыемнае суседства з-за паху, бо існуе паняцце пахавага забруджвання паветра. Таму пры будаўніцтве неабходна прытрымлівацца ружы вятроў.

Даведка “РГ” 
“Трайпл-Велес” – таварыства з абмежаванай адказнасцю, частка холдынгу “Трайпл”. У 2009 годзе стала правапераемнікам прадпрыемства “Маладзечанскі мясакамбінат”. 
-10%
-30%
-20%
-20%
-12%
-10%
-20%
0061173