Тарас ШЧЫРЫ,

Яшчэ ў савецкія часы Беларусь доўга і прынцыпова называлі аграрнай рэспублікай. Доўгі час краіна паспяхова забяспечвала СССР не толькі славутай бульбай, але і лёнам, якаснымі малочнымі прадуктамі. Але для больш эфектыўнага развіцця эканомікі заўжды трэба адкрываць новыя гарызонты. Літаральна месяц таму прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў у хуткі тэрмін падрыхтаваць план развіцця авечкагадоўлі ў Беларусі. Безумоўна, справа патрэбная, але нялёгкая. Праўда, як стала вядома нашаму выданню, працэс з месца зрушыўся. Па каментар карэспандэнт "Звязды" звярнуўся да Мікалая Пілюка, прафесара, доктара сельскагаспадарчых навук, які па даручэнні Акадэміі навук на пачатковым этапе курыруе працу па адраджэнні авечкагадоўлі.

"Мясны напрамак — прыярытэт"

— Мы пакуль толькі распачалі працу, — на пачатку размовы кажа Мікалай Пілюк, супрацоўнік навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па жывёлагадоўлі. — Але сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі ўжо падрыхтавалі паведамленне для Савета Міністраў. Перш-наперш адзначылі вузлавыя пункты: стан авечкагадоўлі ў нас, у свеце, на падставе чаго зрабілі свае прапановы. Цяпер настаў час рабіць глыбокія даследаванні і далей распрацоўваць стратэгію развіцця. Але, мяркую, прыярытэтным у авечкагадоўлі будзе мясны напрамак, а пасля ўжо ўхіл зробяць на воўну.

— Дарэчы, словы прэзідэнта для вас былі нечаканымі?

— Яны былі вельмі нечаканымі. Гаспадарак у галіне авечкагадоўлі ў Беларусі амаль не засталося. Ёсць толькі СВК "Канюхі" Ляхавіцкага раёна. Гэта адзіная база, з якой можна будзе пачынаць развіццё авечкагадоўлі. Што казаць, калі на ўсю рэспубліку адзін цудоўны стрыгаль — спецыяліст, які можа прафесійна пастрыгчы авечак. Нас чакае карпатлівая праца. Але працаваць трэба. Вы толькі ўявіце, колькі пойдзе часу на метызацыю, падлік авечак на тэрыторыі ўсёй рэспублікі. Так, гаспадарка адна. Але зараз невядома, колькі авечак у грамадзян. Мы толькі на пачатку шляху.

— Аднак калі мы збіраемся адраджаць авечкагадоўлю, дык павінны мець і свае традыцыі.

— Калі верыць Вацлаву Ластоўскаму, дык вядома, што ў 1429 годзе пры падрыхтоўцы да каранацыі вялікага князя Літоўскага Вітаўта за тыдзень з'елі 500 бараноў. У 39-м, напярэдадні вайны, Беларусь мела 2,5 мільёна авечак. Але большасць (1,7 мільёна) была ў насельніцтва. А ў грамадскім сектары — 800 тысяч. У 1985-м было 382 тысячы авечак у саўгасах, калгасах і 247 тысяч у хатніх падворках. Агулам настрыгалі амаль 1000 тон воўны. Гэта быў пік авечкагадоўлі — 120 спецыяльных гаспадарак на ўсю краіну. А цяпер у нас іх усяго крыху больш дзесяці, сярод якіх толькі адна дзяржаўная. Пасля радыяцыйнай катастрофы скарацілі агульную колькасць авечак у Гомельскай і Магілёўскай абласцях, бо воўна вельмі хутка назапашвае радыяцыю. Тады нават не ведалі, як яе збыць: спальвалі, закопвалі. А астатнюю ў Смаленск на сукно накіроўвалі.

— Атрымліваецца, што крызіс развядзення авечак на Беларусі ўзаемазвязаны з чарнобыльскай трагедыяй.

— Мяркую, яна і дала негатыўны штуршок. Бо пад гэтым чарнобыльскім лозунгам і скарацілі пагалоўе авечак.

— Кажуць, што лепшая, тонкая воўна ў мерыносаў, авечак, якія жывуць на поўдні. У нас танкарунных няшмат. У такім выпадку, якія авечкі распаўсюджаны ў Беларусі?

— У нас мерына быць не можа, бо танкарунная авечка жыве ў больш сонечных мясцінах. Найбольш папулярная раманаўская парода, а таксама тэксель, іль-дэ-франс, суфальк, якія завозілі на Беларусь яшчэ пры СССР. Гэта быў асноўны матэрыял для вывядзення свайго пароднага тыпу і паляпшэння якасці воўны.

— Александр Лукашэнка зазначыў, што трэба будаваць новыя комплексы для развядзення авечак. Што яны павінны з сябе ўяўляць?

— Адразу скажу, што калі няма ў атары трох тысяч матак, праца з авечкай будзе неэфектыўнай. Яны павінны складаць 60-70% ад агульнай колькасці статка. У такім выпадку агульны статак будзе складацца з 5 тысяч авечак. Да гэтага і трэба імкнуцца, і мяркую, што да нашых умоў падобная палітыка падыдзе. Пытаецеся, дзе будаваць комплекс? На базе тых гаспадарак, якія ўжо былі раней. Па раянаванні больш падыходзіць Гомельская вобласць. Аднак, нягледзячы на гэта, гадаваць авечак можна на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Для іх трэба будаваць таннае жытло. Шмат хто супраць цагляных пабудоў, бо з'яўляецца сырасць, вільгаць, што ўплывае на актывізацыю хваробы капытнай гнілі. Я прыхільнік драўляных хлявоў, але яны недаўгавечныя... Ёсць і іншае пытанне — закупка маладняку. Ветэрынарныя ўмовы не дазваляюць прывозіць авечак з далёкага замежжа, бо ёсць небяспека, што авечыя хваробы могуць перадацца іншай жывёле. З-за гэтага мы можам набываць іх толькі ў Літве і ва Украіне. Але нам лепш купляць іх у Германіі, Польшчы, Фінляндыі, Швецыі...

— Як лічыце, адраджэнне авечкагадоўлі актуальнае для эканомікі сучаснай Беларусі?

— Адкажу такім чынам. Асноўныя задачы авечкагадоўлі — найбольш поўна выкарыстоўваць сенажаці і стварыць больш працоўных месцаў на перыферыі. Нават, калі не здолеем спыніць адток спецыялістаў у буйныя гарады, дык дадзім магчымасць працаваць на вёсцы астатнім. А гэта і чабаны, і стрыгалі. Гэта хоць і сезонная праца, але вучыцца майстэрству стрыгчы баранаў таксама трэба. Прафесіянал пастрыжэ за тры хвіліны, а непадрыхтаваны чалавек будзе паўдня з авечкай мучыцца.

— Цікава, а колькі грошай ідзе на ўтрыманне авечак?

— Шмат. Напрыклад, жывёламесца каровы абыходзіцца ў 10 мільёнаў рублёў. На авечку, напэўна, пойдзе крыху менш — 5-7 мільёнаў. Што тычыцца харчавання, 70% складае грубы корм, а астатняе — канцэнтрат. Каб выгадаваць дзесяць авечак, трэба выдаткаваць столькі сродкаў, колькі пойдзе на ўтрыманне адной каровы.

— Сродкаў і сапраўды затрачваецца шмат. А ці карыстаецца попытам беларуская бараніна?

— Шчыра скажу, яна амаль не адрозніваецца па смаку ад замежнай бараніны. Што да коштаў, дык у Мінску, на рынку, прыватнікі за кілаграм просяць 120 тысяч рублёў, а на Аршанскім мясакамбінаце кілаграм маладняку каштуе 33 тысячы рублёў. Вось і параўнайце.

— Так, а калі да гэтага дадаць яшчэ і інтэнсіўнае развіццё вытворчасці штучных тканін, дык наогул цяжка зразумець, як магла нармальна развівацца авечкагадоўля.

— І ўся праблема, звязаная з распаўсюджваннем воўны, з'явілася тады, калі навучыліся ствараць блізкае да руна хімвалакно. Толькі я ўпэўнены: воўну ніколі не ўдасца цалкам замяніць хімічнымі валокнамі. Напрыклад, пры намаканні сукно выдзяляе цяпло. А хімвалакно падобнага дасягнуць не здолее. Проста яно сёння больш зручнае, таннае, лёгкае ў вытворчасці, чым воўна, над якой доўга трэба папрацаваць. Нягледзячы на ўздым хімічнай вытворчасці, мне здаецца, у будучыні людзі цалкам пяройдуць на шэрсць, бо яна натуральная.

Воўна — гэта добра, толькі зараз у авечкагадоўлі мясны напрамак прыярытэтны. Сёння 90% выручкі атрымліваюць менавіта ад мяса, і толькі 10% — ад воўны. Дарэчы, мы нядаўна падлічылі і прыйшлі да высновы, што гадаваць авечак — задавальненне дарагое. Рэнтабельнасць СВК "Канюхі" наогул мінус 30-32%. Гэта пакуль стратная вытворчасць. А каб змяніць сітуацыю, патрэбны датацыі, дзяржзаказ на воўну, якія былі б выгаднымі для вытворцы.

— А куды прадаваць воўну?

— На Смілавіцкую валюшна-лямцавую фабрыку. Там робяць добрыя валёнкі і пастаўляюць прадукцыю нават у ЗША.

— Але фермеры скардзяцца, што воўну прымаюць неахвотна.

— Так, але мне здаецца, што ў фермераў няма лабараторый, каб ацаніць якасць воўны. І калі прывозяць, напрыклад, у Смілавічы, безумоўна, у ёй могуць знайсці тэхналагічныя заганы.

— Адно прадпрыемства на ўсю рэспубліку — не замала?

— Згодны, але традыцыі ў нас не такія глыбокія, як у Калмыкіі, на Каўказе, дзе ў хаце і святла можа не быць, а барана заўжды ўбачыш.

"Па тэме авечак абараняліся напрыканцы 80-х"

— Мікалай Уладзіміравіч, а ці хапае нам кадраў у галіне авечкагадоўлі?

— Не, мне наогул здаецца, што ёсць студэнты БДАТУ, якія ніколі ў жыцці не бачылі авечак. На ўсю Беларусь усяго некалькі навукоўцаў, які грунтоўна вывучаюць авечкагадоўлю. Тэма дысертацый для маладых вучоных таксама не вельмі цікавая. Калі не памыляюся, па авечках абараняліся апошні раз напрыканцы 80-х. Магчыма, яшчэ нехта рыхтаваў дысертацыю і пазней, але распрацоўвалі яе дакладна не ў нашым інстытуце.

— Пытанне, магчыма, крыху наіўнае, але, на мой погляд, важнае. Як лічыце, ці актуальна зараз фермерам разводзіць авечак?

— А з фермераў і трэба пачынаць. Так, прыватнік не здолее стварыць вялікую ферму. Яму нават крэдыты не дапамогуць у гэткай нялёгкай справе. Толькі і без дапамогі дзяржавы вялікія комплексы наўрад ці атрымаецца пабудаваць. Але фермерам неабходна займацца авечкамі. На мой погляд, ім трэба даць крэдыты, каб пакрысе з невялікага развівалі авечкагадоўлю.

-25%
-10%
-25%
-10%
-20%
-17%
-30%
-55%
-10%
-20%
0071710