Леанід Лахманенка,

Пра вынікі супрацоўніцтва і асаблівасці адносін Расіі і Беларусі ў 2011 годзе наш карэспандэнт гутарыць з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандрам Сурыкавым.
 
— Аляксандр Аляксандравіч, якія, на ваш погляд, галоўныя палітычныя і эканамічныя вынікі развіцця беларуска-расійскіх адносін у 2011 годзе? Чым ён быў характэрны?

— Гэты год быў знамянальным у многіх адносінах. Назаву толькі вузлавыя моманты. Важнейшым палітычным вынікам года стала агульнае пацяпленне ў адносінах паміж Расійскай Федэрацыяй і Беларуссю. Адсюль і рашучыя зрухі ў справе інтэграцыі нашых краін. У іх кіраўнікоў пераважала жаданне захаваць усё тое станоўчае і карыснае, што было дасягнута за ўсе гады будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. І гэта атрымалася. Мы таксама сталі больш цесна і эфектыўна працаваць і ў міжнародных арганізацыях: ААН, АБСЕ, СНД і іншых. Там мы выступаем з адзінай пазіцыяй, агульнай аргументацыяй і ўзгодненымі падыходамі да вырашэння глабальных і рэгіянальных праблем.
 
Летась мы вырашылі ў асноўным усе эканамічныя праблемы. Напрыклад, у такой адчувальнай сферы, як пастаўкі энерганосьбітаў. Па прыродным газе сёння поўная яснасць. Сёлета тысяча кубаметраў газу для Беларусі каштуе 165,5 долара. Гэта, лічу, вельмі добрая навіна для ўсіх беларусаў, як для радавых спажыўцоў, так і для вытворцаў. Гэта дазволіць ім выпускаць больш канкурэнтаздольную прадукцыю. Вырашаны таксама ўсе пытанні, звязаныя з коштам транзіту газу, аб'ёмамі яго перапампоўкі. Гэтаму спрыяла і тая акалічнасць, што ў 2011 годзе Газпрам стаў уладальнікам 100 % акцый Белтрансгаза. Зараз Газпрам зацікаўлены ў поўнай загрузцы газаправода, а гэта значыць, што Беларусі гарантавана рэгулярнае паступленне прыбыткаў ад транзіту блакітнага паліва, захаванне тысяч працоўных месцаў. У канцы мінулага года мы дамовіліся і аб пастаўках нафты. Яе Беларусь таксама будзе атрымліваць на выгадных умовах, што дазволіць вашым нафтаперапрацоўчым заводам павялічыць прыбытак.
 
Важным дасягненнем 2011 года лічу вырашэнне комплексу стратэгічных пытанняў, звязаных з будаўніцтвам АЭС у Беларусі, у прыватнасці, з выдзяленнем расійскіх крэдытаў. Яны складуць вельмі значную суму: каля 10 мільярдаў долараў. Засваенне гэтых велізарных сродкаў дазволіць стварыць тысячы працоўных месцаў, укараніць найноўшыя ядзерныя тэхналогіі, атрымліваць высокія прыбыткі ад экспарту энергіі, наогул палепшыць эканамічныя паказчыкі краіны.
 
— З 1 студзеня гэтага года мы жывём у рамках Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) Беларусі, Расіі і Казахстана. На вышэйшым узроўні неаднаразова заяўлялася, што зараз свабодна і без якіх-небудзь абмежаванняў па тэрыторыі гэтых краін будуць перамяшчацца тавары, капіталы, людзі. Як усё гэта можа і павінна паўплываць на паляпшэнне нашага жыцця?

— Падкрэслю самае галоўнае: АЭП будзе садзейнічаць захаванню і ўмацаванню эканомікі кожнай з трох краін, стварэнню новых галін, выхаду на знешнія рынкі іх тавараў, а не правакаваць ліквідацыю асобных вытворчасцяў. Як гэта, напрыклад, здарылася ў некаторых краінах-навічках Еўрасаюза, дзе больш магутныя заходнія канкурэнты "задушылі" вытворцаў аналагічнай прадукцыі на ўсходзе. А будзе здаровай эканоміка — будуць расці і прыбыткі, узровень і якасць жыцця грамадзян Беларусі, Расіі і Казахстана.
 
— У нашых чытачоў вялікую цікавасць выклікае стварэнне Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК). Можаце паведаміць якія-небудзь падрабязнасці пра гэты наднацыянальны орган: яго паўнамоцтва, персанал, колькасць "камісараў" (па аналогіі з ЕС), прынцып прыняцця важных рашэнняў і т. д.?

— Гэтая вялікая структура робіць толькі першыя крокі. Яе штаб-кватэра ў Маскве, туды падбіраецца кваліфікаваны персанал, дзесьці каля 1200 чалавек. Усе яны — расіяне, беларусы і казахстанцы — будуць прымацца на працу толькі па выніках адкрытага конкурсу на замяшчэнне пэўнай пасады. Зразумела, перавагу атрымаюць прафесіяналы з вялікім досведам. Трапіць у ЕЭК па пратэкцыі на "хлебнае" месца, думаю, будзе наўрад ці магчымым. Ды і "хлебным" месцам працу ў Камісіі не назавеш: работы будзе вышэй даху, бо вельмі шмат чаго прыйдзецца пачынаць з белага ліста. А задачы ў персаналу камісіі вельмі адказныя: забяспечыць бездакорнае і своечасовае выкананне ўсіх стратэгічных рашэнняў Савета кіраўнікоў дзяржаў. Ён, па сутнасці, стане вышэйшым органам АЭП. Бягучай працай Еўразійскай эканамічнай камісіі будзе кіраваць яе калегія, куды ўвойдуць па тры прадстаўнікі ад Беларусі, Расіі і Казахстана.
 
— Чым будзе займацца ў Камісіі член калегіі ЕЭК Сяргей Сідорскі, у нядаўнім мінулым прэм'ер-міністр беларускага ўрада?

— Якраз пытаннямі дзейнасці аграпрамысловага комплексу і прамысловасці.
 
— І як будзе аплачвацца складаная праца члена калегіі ЕЭК?

— Кожны з дзевяці членаў калегіі ЕЭК будзе атрымліваць зарплату прыкладна такую, як і міністр урада Расійскай Федэрацыі. Гэта, зразумела, прыстойная аплата працы. Але і, паўтаруся, адказнасць на кожным члене калегіі будзе ляжаць велізарная. Яму прыйдзецца нярэдка прымаць няпростыя рашэнні па складаных пытаннях. Бо ў ЕЭК перадаецца прыкладна 175 нацыянальных паўнамоцтваў, напрыклад, мытныя і інш. Камісія будзе выконваць гэтыя паўнамоцтвы ўжо ў якасці наднацыянальнага органа.
 
— У выпадку ўзнікнення рознагалоссяў, спрэчных момантаў (а яны, вядома, будуць перыядычна даваць пра сябе знаць — справа ж новая) хто выступіць у ролі арбітра?

— Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі, куды ўвойдзе па адным віцэ-прэм'еры ад кожнай краіны. На гэты Савет ускладзеная адказнасць па аналізе вострых сітуацый (калі такія будуць узнікаць) і пошуку выхаду з іх, вырашэнню праблемных пытанняў.
 
— Як вы ацэньваеце заявы асобных палітолагаў і аналітыкаў аб тым, што АЭП уяўляе сабой прыладу па ціхай і нібы добраахвотнай інкарпарацыі (уключэнне меншых аб'ектаў у склад большага) Беларусі ў склад Расійскай Федэрацыі?

— Як выдумкі нядобразычліўцаў і зласліўцаў. Гэта пустыя гутаркі, якія не маюць пад сабой ніякіх падстаў.
 
— На фоне вялікіх перспектыў Адзінай эканамічнай прасторы ці не сыходзіць паступова на другі план і губляе актуальнасць ідэя пабудовы Саюзнай дзяржавы?

— Я так не думаю. Патэнцыял Саюзнай дзяржавы па-ранейшаму вялікі. Узнікненне Саюзнай дзяржавы стала добрым прыкладам інтэграцыі для ўсіх краін, якія з'явіліся на постсавецкай прасторы пасля развалу СССР. Вядома, стварэнне Саюзнай дзяржавы ішло не без цяжкасцяў, спрэчак і непаразуменняў, але, тым не менш, у Беларусі і Расіі атрымалася істотна прасунуцца наперад у дасягненні пастаўленых мэт. Асабліва ў галіне ўзаемнага захавання правоў грамадзян Беларусі і Расіі ў розных сферах: адукацыі, медыцынскім абслугоўванні, пенсійным забеспячэнні і іншых. Таму мне рэальнай бачыцца такая перспектыва: Адзіная эканамічная прастора Беларусі, Казахстана і Расіі развіваецца як "тройка", а Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі — як "двойка".
 
— На якой стадыі знаходзіцца работа па паступовым пераходзе расійскага рубля ў разрад паўнавартаснай рэзервовай рэгіянальнай валюты?

— Гэтая задача па-ранейшаму з'яўляецца актуальнай для нас. Але тут трэба ўважліва паглядзець, а ці гатовая банкаўская сістэма Расіі, яе фондавыя рынкі да такога адказнага кроку? Бо статус рэзервовай рэгіянальнай валюты да многага абавязвае, ёй павінны карыстацца не толькі Расія, Беларусь і Казахстан, а большае кола краін. Таму, перш чым аб'яўляць рубель рэзервовай валютай, трэба моцна падумаць аб верагодных наступствах такога рашэння, яго плюсах і мінусах.
 
— Як вы думаеце, ці варта ўводзіць адзіную валюту "Тройкі"?

— Пакуль такое пытанне не ставіцца кіраўніцтвам Расіі, Беларусі і Казахстана. Магчыма, яно паўстане пасля завяршэння фарміравання Еўразійскага саюза. Тады, відаць, будуць важкія аргументы і прычыны гаварыць аб стварэнні валютнага саюза краін-удзельніц АЭП. А пакуль, як вядома, не да канца вычарпана пытанне аб стварэнні адзінай валюты ў рамках Саюзнай дзяржавы. На гэты конт былі прынятыя адпаведныя рашэнні, яны пакуль не адменены. Але калі раптам Беларусь зноў апынецца ў складанай валютна-фінансавай сітуацыі, як гэта здарылася ў 2011 годзе, то тады, магчыма, варта будзе падумаць аб пераходзе на агульную з Расіяй валюту.
 
— Нядаўна была агучана інфармацыя аб тым, што ў Беларусі разглядаецца пытанне аб магчымым выпуску на базе аднаго з заводаў кітайскіх легкавых аўтамабіляў. Як у Расіі паставяцца да гэтага?

— Мякка кажучы, без вялікага энтузіязму. Глядзіце, мы стварылі Мытны саюз якраз для абароны сябе ад нядобрасумленнай канкурэнцыі іншых краін. А Кітай, як вядома, не ўваходзіць у Мытны саюз. Таму я не выключаю, што Расія, якая мае значныя магутнасці па выпуску легкавых аўтамабіляў, будзе настойваць на істотным абмежаванні ўвозу кітайскіх камплектных частак для наступнай зборкі з іх машын у Беларусі. Гэта права Расіі і такое пытанне можа паўстаць.
 
— У працяг аўтамабільнай тэмы. Чаму затармазілася, скажам так, аб'яднанне актываў КамАЗа і МАЗа?

— Не па віне расіян. Беларускі бок не пагадзіўся з ацэнкай замежнай незалежнай кампаніі актываў МАЗа і настояў на правядзенні паўторнай ацэнкі. Вось і ўся прычына. Не думаю, што новая ацэнка іншай кампаніі будзе моцна па лічбах адрознівацца ад папярэдняй ацэнкі. Бо методыка гэтай працы ўвогуле аднолькавая.
 
— У сувязі са стварэннем АЭП ці з'явяцца ў Расіі новыя стымулы пракласці другую нітку нафтаправода Ямал — Еўропа праз Беларусь?

— Не думаю. А навошта? Будаўніцтва другой ніткі — гэта не толькі пытанне беларуска-расійскіх адносін. Яно тычыцца і Польшчы. А з ёй у гэтай справе могуць паўстаць самыя розныя праблемы, якія Расіі абсалютна не патрэбны. Таму мы і пайшлі на будаўніцтва "Паўночнага патока" адразу ў Германію.
 
— Падчас сустрэч з журналістамі вы не раз адзначалі, што адзінства народаў Беларусі і Расіі — гэта фундаментальная з'ява. Якую ролю ў іх збліжэнні адыгрываюць культурныя сувязі, кантакты пісьменнікаў, мастакоў, дзеячаў мастацтваў?

— На гэтую тэму можна доўга разважаць. Скажу толькі, што нашы народы звязвае багатае культурнае мінулае. І гэта дарагога каштуе. Прыемна адзначыць, што ў апошні час развіццю культурных сувязяў надаецца вялікае значэнне. Знакавай падзеяй стала адкрыццё ў Мінску расійскага культурнага цэнтра, правядзенне сумесных акцый і мерапрыемстваў. Вырас абмен гастролямі. Актыўней сталі супрацоўнічаць і літаратары. У прыватнасці, створаны сумесны саюз пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы. У яго бліжэйшых планах — выпуск шматтомнага выдання твораў расійскіх і беларускіх аўтараў. Гэтыя кнігі папоўняць фонды бібліятэк нашых краін. Сёлета запланавана правядзенне многіх цікавых мерапрыемстваў і значных культурных праектаў.
 
— Дарэчы, некаторыя вашы пісьменнікі актыўна праявілі сябе ў час нядаўніх мітынгаў у Маскве. Зразумела, чаму шуміць і бунтуе Нямцоў, але чаму ў першых шэрагах пратэстуючых апынуўся папулярны і запатрабаваны пісьменнік Акунін, шмат іншых вядомых прадстаўнікоў інтэлігенцыі? Нешта не тое ў расійскай дзяржаве? Гэта не пустое пытанне. Бо чым цясней узаемадзейнічаюць нашы краіны, тым больш уважліва мы сочым за падзеямі ў вас, суседзяў і саюзнікаў. Таму некалькі слоў аб унутрыпалітычнай сітуацыі ў Расіі.

— Не толькі ў расійскай інтэлігенцыі з'явіліся пытанні пасля выбараў у Думу. Гэта, лічу, нармальная рэакцыя людзей на іх вынікі. Падкрэслю, не апазіцыянераў, што заклікаюць да звяржэння дзейнай улады, а тых, хто неабыякавы да лёсу Расіі, а таму патрабуе палітычных рэформаў. Напрыклад, людзі хочуць выбіраць самім губернатараў, дэпутатаў па акругах, надзяляць іх правам рэальнага кантролю за дзейнасцю выканаўчай улады, каб дэпутаты выконвалі наказы выбаршчыкаў. Сярод актыўных грамадзян Расіі і вядомы пісьменнік Барыс Акунін, па маім перакананні, сумленны і прыстойны чалавек. Мікрафон на мітынгу ён выкарыстаў для таго, каб выказаць сваю пазіцыю, а не з жадання пакрасавацца перад тэлекамерамі. Такія, як ён, ад няма чаго рабіць не ідуць на плошчу.
 
І вельмі важна тое, падкрэслю, што ўлада пачула гэтых неабыякавых людзей, зрабіла высновы і, думаю, прыме правільныя рашэнні і захады па выпраўленні недахопаў, у прыватнасці, у выбарчым працэсе. Прэзідэнт Расіі ў сваім пасланні ўжо агучыў прапанаваныя захады па мадэрнізацыі палітычнай сістэмы. Хацелася б, каб і ў Беларусі ўлада чула прадстаўнікоў грамадзянскага грамадства, а не апазіцыю, у якой адна мэта: любой цаной прадзерціся да рычагоў кіравання краінай. А наогул, нам трэба на розных узроўнях менш верыць паліттэхнолагам, а больш абапірацца на ініцыятыву людзей, іх інтуіцыю, на энергію грамадзянскага грамадства. Бо палітычная дэмакратызацыя заўсёды вядзе да разнявольвання ініцыятывы грамадства і бізнэсу, у цэлым народа.
 
— Аляксандр Аляксандравіч, што б вы пажадалі нашым чытачам у 2012 годзе?

— Шчыра зычу беларускаму народу ўсяго самага найлепшага, шчасця, здароўя, выканання ўсіх жаданняў, паляпшэння ўзроўню жыцця ў новым годзе.
-10%
-35%
-26%
-10%
-50%
-10%
-27%
-10%
-20%
-20%
0070687