Сяргей ПРОТАС,

фотоЕўрапейскi Саюз, у тым лiку i Германiя, з'яўляецца адным з асноўных знешнегандлёвых партнёраў Беларусi. Наш экспарт у ФРГ супастаўляльны па аб'ёмах з экспартам у Францыю i Швецыю разам узятыя. З iншага боку пастаўкi з Германii носяць ярка акрэслены iнвестыцыйны характар, i ФРГ з'яўляецца для Беларусi партнёрам нумар адзiн па iмпарце высокатэхналагiчнага абсталявання. Акрамя таго, Германiя традыцыйна ўваходзiць у лiк вядучых крэдытораў нашай краiны. Пра тое, як сёння развiваюцца двухбаковыя адносiны Беларусi з Германiяй на фоне актывiзацыi супрацоўнiцтва з ЕС i сусветнага эканамiчнага крызiсу, мы пацiкавiлiся ў Надзвычайнага i Паўнамоцнага Пасла Рэспублiкi Беларусь у Федэратыўнай Рэспублiцы Германiя Андрэя Уладзiмiравiча ГIРО.

— На працягу больш як паўгода памiж Рэспублiкай Беларусь i Еўрасаюзам стасункi развiваюцца крыху ў iншым кiрунку, чым гэта адбывалася на працягу апошнiх 10 гадоў. ЕС пачаў разглядаць Беларусь не як нядбайнага вучня, якi дрэнна выконвае хатняе заданне, а як партнёра, з якiм можна вырашаць тыя праблемы, тыя выклiкi, што стаяць сёння перад Еўрапейскiм кантынентам увогуле. Гэта i пытаннi энергетычнай бяспекi, i пытаннi транзiту, лагiстыкi, барацьбы з нелегальнай мiграцыяй, нелегальнага гандлю людзьмi, зброяй, наркатрафiку... Ва ўсiх гэтых i шмат якiх iншых галiнах у нас ёсць вялiкае поле для супрацоўнiцтва i ўзаемадзеяння. Па многiх накiрунках сфармiраваныя рабочыя групы i на ўзроўнi экспертаў вядзецца непасрэдная канкрэтная работа.

Важным iмпульсам на гэтым накiрунку стала праграма "Усходняе партнёрства", iнiцыяваная Польшчай i Швецыяй i падтрыманая ўсiмi дзяржавамi — членамi ЕС. У рамках праграмы iснуе чатыры платформы, на якiх базiруецца супрацоўнiцтва памiж, з аднаго боку, 27 краiнамi ЕС, з другога — шасцю краiнамi-партнёркамi. Беларусь удзельнiчае ў кожнай з чатырох платформаў. Мы лiчым, што няма тэмаў, закрытых для абмеркавання. Кажу пра гэта таму, што ўжо даводзiлася бачыць некаторыя ацэнкi, паводле якiх Беларусь хоча атрымаць ад "Усходняга партнёрства" толькi нейкiя эканамiчныя выгады i менш увагi надае iншым кiрункам супрацоўнiцтва. Асабiста я пакуль не адчуў, што памiж ЕС i Беларуссю ёсць нейкi перакос у бок эканомiкi. Работа вядзецца комплексна i па ўсiх iншых платформах, за кожнай з якiх у нашай рэспублiцы замацаваны пэўны дзяржаўны орган. Каардынацыю ўзаемадзеяння ў рамках праграмы ажыццяўляе МЗС. У вынiку мы маем значнае зблiжэнне пазiцый i паляпшэнне ўзаемаадносiнаў з ЕС. Вызначаныя сферы ўзаемнага iнтарэсу, а мы ўжо на двухбаковым узроўнi (з Германiяй — Аўт.) iмкнёмся адпавядаць гэтым асноўным кiрункам, напаўняючы iх канкрэтнымi праектамi, справамi i вынiкамi. З гэтага пункту гледжання можна разглядаць i ХII Мiнскi форум, i Iнвестыцыйны форум, якi нядаўна адбыўся ў беларускай сталiцы. Шэраг мерапрыемстваў прайшоў i ў Германii. 9 лiстапада ў Франкфурце на нямецкай бiржы ўпершыню быў праведзены форум "Беларусь". Iнвестыцыйная канферэнцыя, якая там адбываецца штогод, прысвячаецца як агульным пытанням iнвестыцыйнага клiмату, так i пэўным рэгiёнам, краiнам. Сёлета ўпершыню ў цэнтры аднаго з пасяджэнняў была наша краiна. Разам з прадстаўнiцтвам ААТ "Беларусбанк", якое працуе ў Франкфурце, мы запрасiлi з Беларусi прадстаўнiкоў профiльных мiнiстэрстваў i ведамстваў, а таксама пяцi прадпрыемстваў, якiя ў найблiжэйшы час плануюць акцыянiравацца цi ажыццявiць буйныя iнвестыцыйныя праекты. У рамках гэтага форуму яны паказалi свае магчымасцi, сваё бачанне, як яны хочуць дзейнiчаць, у якiм кiрунку рухацца. Прыцягнуць цiкавасць удзельнiкаў найбуйнейшага ў Германii iнвестыцыйнага форуму беларусам удалося. З упэўненасцю можна сцвярджаць, што для прадпрыемстваў, якiя пажадаюць прадаваць акцыi праз нямецкую бiржу, "дарожку" мы праклалi.

16 лiстапада ў Доме нямецкай эканомiкi ў Берлiне адбылося даволi цiкавае iнфармацыйнае мерапрыемства, прысвечанае стварэнню Мытнага саюза Беларусi, Расii i Казахстана. Гэта тэма вельмi цiкавiць i немцаў, i многiх iншых еўрапейскiх партнёраў. Праект атрымаў падтрымку з боку ўсiх удзельнiкаў пасяджэння, у тым лiку i прадстаўнiкоў Германii, якiя лiчаць Мытны саюз велiзарным крокам наперад. Адначасова ўзнiкаюць пытаннi, у першую чаргу, тэхнiчныя, на якiя мы разам з нашымi нямецкiмi партнёрамi павiнны знайсцi адказы. Аднак сама iдэя, паўтаруся, усiм вельмi падабаецца. Эксперты Iнстытута сусветнай эканомiкi прыйшлi да высновы, што стварэнне зонаў свабоднага гандлю — гэта ўжо ўчарашнi дзень, а мытны саюз — куды больш высокая ступень iнтэграцыi. Не выключана, што з цягам часу мы прыйдзем да разумення таго, што ўслед за Мытным саюзам можа быць i iншая ступень iнтэграцыi нашых постсавецкiх дзяржаў: i эканамiчны, i валютны саюз.

Што датычыцца планаў, то на лета мы будзем праводзiць чарговае пасяджэнне Беларуска-Германскага савета эканамiчнага супрацоўнiцтва, якi з нашага боку ўзначальвае мiнiстр замежных спраў Сяргей Мартынаў, будзем браць удзел у Гановерскiм прамыслова-ўнiверсальным кiрмашы, у рамках якога плануем правесцi II энергетычны форум. Гэта вельмi цiкавы кiрунак узаемадзеяння менавiта з Германiяй, дзе альтэрнатыўныя, аднаўляльныя крынiцы энергii займаюць значнае месца ў агульным энергетычным балансе дзяржавы. Акрамя таго, менавiта Германiя з'яўляецца лiдарам у стварэннi тэхналогiй выкарыстання альтэрнатыўных крынiц энергii. У рамках Савета па эканамiчным супрацоўнiцтве мы ўжо стварылi рабочую групу па энергетыцы.

У ходзе Мiнскага форуму нашу сталiцу наведала буйная дэлегацыя нямецкiх прамыслоўцаў i банкiраў, якую прыняў i кiраўнiк беларускай дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка выступiў з iнiцыятывай аб стварэннi беларуска-германскага няўрадавага савета эканамiчнага супрацоўнiцтва, i немцы прапанову падтрымалi. Размова iдзе аб форуме, на якiм бiзнэсмены дзвюх краiн змогуць абмяркоўваць свае праблемы, магчыма, акцэнтаваць увагу на вырашэннi некаторых пытанняў, у чым бiзнэс мае патрэбу, хоць урады пакуль гэтага не адчулi. Гэта таксама вельмi перспектыўная форма супрацоўнiцтва, якая ўжо даказала сваю эфектыўнасць у рабоце з iншымi краiнамi.

Што датычыцца паказчыкаў гандлёвага звароту памiж Беларуссю i Германiяй, то рэкордным стаў 2008 год. Калi сумiраваць гандаль таварамi i паслугамi, мы дасягнулi ўзроўню ў 4 млрд долараў. За апошнiя 6-7 гадоў гэты паказчык павялiчыўся ў чатыры разы. На жаль, пакуль наш гандаль не збалансаваны: у Германii мы набываем сучаснага абсталявання, тэхнiкi, станкоў, машын, тэхналогiй больш, чым самi пастаўляем гатовай прадукцыi. Адсюль негатыўнае сальда гандлёвага балансу ў памеры звыш 2 млрд долараў. З аднаго боку гэта не вельмi добра — заўсёды трэба iмкнуцца прадаваць больш, чым набываць. Аднак мы разумеем, што пастаўкi, якiя iдуць з Германii, гэта якраз тое, што павышае канкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыi, пашырае экспартную арыентацыю нашай эканомiкi. Без нямецкiх абсталявання i тэхналогiй мы, напэўна, не зможам пераўзброiць айчынную вытворчасць.

Што датычыцца беларускага экспарту ў Германiю, то па вынiках 10 месяцаў 2009 года нам удалося застацца на пазiцыях мiнулага года, якi, нагадаю, стаў рэкордным. Разам з тым крытычна вымушаны прызнаць, што прыросту экспарту мы пакуль не забяспечылi. Праўда, у нас яшчэ ёсць амаль два месяцы. Цяпер у сусветнай эканомiцы замарудзiўся эканамiчны спад, пакрысе пачалi аднаўляцца аб'ёмы прамысловай вытворчасцi. А паколькi Беларусь — краiна экспартна арыентаваная, яна шмат у чым залежыць ад стану эканомiк краiн-партнёраў. Таму ў сувязi з тым, што ў нямецкай эканомiцы назiраецца станоўчая дынамiка, наш экспарт у гэту краiну таксама пачаў выраўноўвацца. Напрыклад, шмат якiя беларускiя прадпрыемствы пастаўляюць сыравiну, паўфабрыкаты, запчасткi для нямецкай аўтамабiльнай прамысловасцi. Натуральна, калi тут упалi продажы машын, знiзiлiся i нашы пастаўкi.

Увогуле сiтуацыя ў двухбаковым эканамiчным супрацоўнiцтве крытычнай не з'яўляецца, але i спачываць на лаўрах не даводзiцца. Бачым праблемы, бачым кiрункi, у якiх трэба працаваць, iмкнёмся садзейнiчаць непасрэдна беларускiм вытворцам у наладжваннi прамых кантактаў. У Германii iснуе беларуская тавараправодная сетка, дзейнiчаюць некалькi сумесных прадпрыемстваў для прасоўвання беларускай прадукцыi. Свае тавараправодныя сеткi маюць такiя гiганты айчыннай прамысловасцi, як Беларускi металургiчны завод, Мiнскi трактарны завод. Дарэчы, Германiя з'яўляецца адной з нямногiх краiн Заходняй Еўропы, куды мы дагэтуль прадаём трактары. Ёсць тут прадстаўнiцтвы канцэрна "Белнафтахiм", "Белавiя", "Белмагiстральаўтатранса"...

— Андрэй Уладзiмiравiч, цi можна ўвогуле сёння гаварыць пра нейкiя бар'еры на шляху беларускiх тавараў у ЕС?

— Любая дзяржава займаецца пратэкцыянiсцкiмi мерамi ў плане абароны свайго вытворцы, свайго рынку. I ў гэтым сэнсе ў дачыненнi да Беларусi дзейнiчаюць такiя ж правiлы, як i ў дачыненнi да многiх iншых краiн. Мы гандлюем з ЕС абсалютна на тых жа ўмовах, што i, скажам, ЗША i Японiя. Iншая справа, што ў самой Еўропе ёсць дзяржавы, у дачыненнi да якiх Еўрасаюз уводзiць прэферэнцыйны рэжым гандлю, дзе стаўкi мытных i iншых пошлiн крыху нiжэйшыя. Беларусь на сучасным этапе з гэтага рэжыму выключана. I гэта зусiм не значыць, што нас аштрафавалi цi ўвялi санкцыi — мы працуем у рамках агульнага заканадаўства, агульнага рэжыму. Таму бар'еры хутчэй знаходзяцца ў нас у галаве: трэба вучыцца працаваць па-новаму, агрэсiўна прасоўваць сваю прадукцыю на мясцовым рынку, рабiць нестандартныя рэкламныя хады i забяспечваць пасляпродажнае абслугоўванне. Сёння ўжо нiхто не набывае складаную тэхнiчную прадукцыю таго вытворцы, якi не мае ў краiне сэрвiсных цэнтраў i сертыфiкаваных спецыялiстаў па абслугоўваннi.

Сёння мала вырабiць якасную прадукцыю: яе трэба "ўпакаваць", прывезцi, паказаць, патлумачыць, чаму менавiта яна неабходная патэнцыйнаму пакупнiку... У сувязi з гэтым лiчу вельмi важным кiрункам удзел у рабоце мiжнародных выстаў i кiрмашоў. Найбуйнейшая выстава па тэматыцы прадуктаў харчавання, сельскай гаспадаркi — так званы "Зялёны тыдзень", адбудзецца ў студзенi якраз у Берлiне. Мы ў чарговы раз плануем узяць у ёй удзел у першую чаргу па лiнii мiнсельгасхарча, хоць будуць запрошаны i прадпрыемствы iншых галiн. Я ўжо ўзгадваў Гановерскую прамыслова-ўнiверсальную выставу, дзе мы не толькi дэманструем свае магчымасцi, але i набываем абсталяванне. Калi паглядзець на карту Германii, то амаль штотыдзень у адной з 16 земляў можна знайсцi нейкую выставу цi кiрмаш. Мы са свайго боку раiм не распыляцца: лепш прыехаць на некалькi выстаў за год, але гучна заявiць пра сябе. Напрыклад, мы шмат працавалi, каб i на Мiнскi форум, i на эканамiчны форум, i на прыём да кiраўнiка дзяржавы трапiлi ўплывовыя асобы. I хоць мерапрыемствы праходзiлi вельмi шчыльна, многае нам удалося. Так, у склад дэлегацыi, якая сустрэлася з Прэзiдэнтам Беларусi, увайшлi прадстаўнiкi двух найбуйнейшых нямецкiх банкаў — "Комерцбанка" i "Дойчэбанка", кампанii па вытворчасцi сельгастэхнiкi "Клаас", кампанii па вытворчасцi цэменту Dусkеrhоff, якая, дарэчы, ганарыцца тым, што амерыканская статуя Свабоды стаiць на пастаменце з iх прадукцыi... Максiмальна прадстаўнiчую дэлегацыю мы запрасiлi i на бiржу ў Франкфурт: "Магiлёўхiмвалакно", "Светлагорскхiмвалакно", БМЗ i iншых. У айчынных флагманаў ужо ёсць разуменне таго, што з Германiяй трэба вельмi актыўна супрацоўнiчаць. Трэба падцягвацца i iншым экспартаарыентаваным прадпрыемствам. I чым хутчэй, тым лепш.

— Цi адбiўся сусветны крызiс на культурных i адукацыйных стасунках памiж нашымi дзяржавамi?

— Пасольства не мае фiзiчнай магчымасцi адсочваць усе мерапрыемствы, абмены — яны часта адбываюцца на ўзроўнi гарадоў-партнёраў, рэгiёнаў, адукацыйных устаноў, пэўных праграм i iнш. Аднак калi меркаваць па колькасцi вiзаў, якiя наша пасольства выдае грамадзянам Германii, менш ездзiць не сталi. Больш за тое, агульная колькасць вiзаў, выдадзеных у 2009 годзе, будзе нават крыху большай за кошт пашырэння бiзнэскантактаў. На ўзроўнi мiнулага года застаецца колькасць турыстычных паездак, а вось у госцi да беларусаў немцы сталi прыязджаць часцей.

— Дзякуй за гутарку.
-25%
-15%
-47%
-45%
-21%
-50%
-50%
-10%
-70%
-30%
0066856