Ягор Марціновіч,

У савецкія часы бутэлька гарэлкі каштавала 3 рублі 62 капейкі. Гэтая нязменная "магічная" лічба надоўга засталася ў памяці людзей.

Але галоўнае не гэта. Пры саветах за кілаграм свініны трэба было аддаць прыблізна столькі ж, колькі за пляшку. Выбар між тым, выпіць з сябрамі ці прынесці дадому мяса, быў роўным. А што цяпер?

"Наша Ніва" параўнала цэны ў Беларусі з тымі, якія ёсць у суседніх краінах. У цэнтры нашай увагі апынуліся бутэлька гарэлкі, пачак якасных цыгарэт (Marlboro), кілаграм свініны (выразкі) ды хвіліна размовы па мабільным. Трэба ўлічваць, што падлікі ў нейкай ступені ўмоўныя. Цэны ў звычайнай краме і даскаўнтнэры розняцца на парадак. Розняцца і тарыфы.

Для параўнання (у беларускіх рублях)

Мінск: гарэлка (за 0,5 л) — 6 700, цыгарэты — 3 200, свініна (1 кг) — 23 000, мабільны (хвіліна) — 45;

Варшава: гарэлка — 15 500, цыгарэты — 7 530, свініна — 13 000, мабільны — 300;

Кіеў: гарэлка — 6 500, цыгарэты — 2 650, свініна — 21 000, мабільны — 35;

Масква: гарэлка — 7 500, цыгарэты — 3 700, свініна — 18 000, мабільны — 207;

Вільня: гарэлка — 16 500, цыгарэты — 6 600, свініна — 20 500, мабільны — 197.

Адразу ж кідаецца ў вочы, што Мінск і Кіеў шмат у чым падобныя. І там, і там вельмі танныя гарэлка і цыгарэты. І ў той жа час самае дарагое мяса. Кілаграм свініны даражэйшы за тры бутэлькі гарэлкі! Размовы па мабільным тэлефоне ўнутры сеткі ў Беларусі вельмі танныя. Гэта ледзь не адзінае, чым мы можам ганарыцца.

Цыгарэты ва Украіне нядаўна падаражалі, раней яны каштавалі яшчэ танней і часта нелегальна экспартаваліся ў суседнія краіны — тую ж Польшчу.

Краіны Еўрасаюзу — з прыведзенага спісу гэта Літва і Польшча — усталявалі такія высокія цэны на тытунь і алкаголь, што гэта мусіць дзейнічаць лепш за ўсю антыалкагольную сацыяльную рэкламу ў Беларусі. У Варшаве мяса таннейшае за бутэльку гарэлкі. Выпіваць проста нявыгадна! Як, зрэшты, і курыць — цэны кусаюцца. Польшча пацвярджае званне "мясной" дзяржавы. Тут самая танная свініна з усіх прыведзеных у спісе краін.

Расія знаходзіцца дзесьці між двух бакоў. Яна вельмі далёкая ад савецкага правіла "гарэлка = мяса", але прапорцыі не такія вялікія, як у нас і ўкраінцаў. Па цэнах мабільная сувязь у расіян на еўрапейскім узроўні.

Жыццё гэтым днём выгаднае для дзяржавы, бо абарот таннага алкаголю атрымліваецца проста агромністым. За студзень і люты 2009 году ў краіне былі прададзеныя 1,379 мільёна літраў алкаголю ў пераліку на чысты алкаголь. Боязь выклікаць незадаволенасць спажыўцоў алкаголю і зменшыць прыбыткі бюджэту пакуль пераважвае разуменне неабходнасці аздараўляць нацыю.
-30%
-55%
-10%
-21%
-25%
-50%
-50%
-20%
0067249