фотоЗгодна з даручэннем кiраўнiка дзяржавы, будаўнiчая галiна да 2011 года павiнна дасягнуць аб’ёмаў жыллёвага будаўнiцтва ў памеры 10 млн квадратных метраў жылля ў год. Выканаць гэту задачу будзе цяжка, але цалкам магчыма, запэўнiў начальнiк упраўлення жыллёвага будаўнiцтва Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва Беларусi Аляксандр Горваль. Дзеля гэтага спецыялiстамi галiны была распрацавана i днямi зацверджана ўрадам канцэпцыя будаўнiцтва (рэканструкцыi) даступнага i камфортнага жылля для грамадзян Рэспублiкi Беларусь.

Канцэпцыя падрыхтавана на падставе глыбокага аналiзу сацыяльна-эканамiчнага становiшча ў краiне, магчымасцяў будаўнiчага комплексу i перспектыў яго развiцця, аналiзу дэмаграфiчнай сiтуацыi ў краiне, жылога фонду i г.д. У вынiку распрацоўшчыкi дакумента спрабуюць стварыць такi механiзм развiцця будаўнiчай галiны, каб усе катэгорыi насельнiцтва нашай краiны мелi магчымасць пабудаваць сабе жыллё на даступных умовах i прыдатнай якасцi.

Якасць i плошча жылля залежаць ад фiнансаў

Аляксандр Горваль лiчыць, што для неаднолькавых сацыяльных груп павiнна будавацца рознае жыллё. Згодна з канцэпцыяй, для малазабяспечаных грамадзян будзе будавацца самае таннае тыповае жыллё з мiнiмальнай магчымай плошчай у межах сацыяльнай нормы 15 квадратных метраў на чалавека. Гэты варыянт будаўнiцтва разлiчаны на тых забудоўшчыкаў, якiя маюць права на льготны крэдыт i субсiдыю i зараз бы мелi магчымасць не ўносiць абавязковы першапачатковы ўласны ўзнос. Справа ў тым, што сёння ў Беларусi ёсць сем’i, для якiх абавязковы ўзнос у памеры 1—2 тысяч долараў з’яўляецца непасiльным. У гэтым выпадку канцэпцыяй прадугледжваецца ўзводзiць панэльныя дамы паводле метаду iндустрыяльнага домабудавання простых канструкцый з мiнiмальнымi плошчамi жылых i дапаможных памяшканняў. Такiя кватэры будуць мець попыт у жыхароў iнтэрнатаў, шматсямейных кватэр i сярод маладых сем’яў з невялiкiмi заробкамi.

Для адзiнокiх грамадзян i сем’яў з двух чалавек гэтай сацыяльнай катэгорыi прадугледжаны аднапакаёвыя кватэры тыповых спажывецкiх якасцяў агульнай плошчай 31—36 квадратных метраў. Для сем’яў з трох чалавек будуць прапаноўвацца кватэры агульнай плошчай 46—52 квадратныя метры, для большых сем’яў — трохпакаёвыя i чатырохпакаёвыя кватэры плошчай адпаведна 60—68 i 70—78 "квадратаў".

Для грамадзян з сярэднiмi заробкамi плануецца пабудаваць тыповае жыллё з палепшанай планiроўкай. Аднапакаёвыя кватэры гэтай катэгорыi будуць мець агульную плошчу 37—45 квадратных метраў, двухпакаёўкi — 53—65, трохпакаёўкi — 79—90 "квадратаў". Да трэцяга тыпу адносiцца жыллё павышанай камфортнасцi i палепшанай планiроўкi, дзе агульная плошча аднапакаёвых кватэр будзе большай за 45 квадратных метраў, двухпакаёвых — большай за 65, трохпакаёвых i чатырохпакаёвых — адпаведна большай за 80 i 90 кв. метраў.

Ад двухпавярховак да хмарачосаў

Канцэпцыяй прадугледжана ажыццяўляць нават у буйных гарадах краiны будаўнiцтва жылых дамоў самай рознай павярховасцi. У залежнасцi ад горадабудаўнiчых задач будуць узводзiцца, напрыклад, двухпавярховыя блакiраваныя дамы або нават 20—30-павярховыя жылыя комплексы.

Для масавай забудовы самымi эканамiчнымi лiчацца панэльныя дамы ад 5 да 9 паверхаў. Спецыялiстамi падлiчана, што самы танны квадратны метр жылля атрымлiваецца пры iндустрыяльным будаўнiцтве дамоў менавiта такой аптымальнай павярховасцi.

Жыллёвыя спадарожнiкi праз 2—3 гады

Цяпер дэталёва разглядаюцца варыянты стварэння гарадоў-спадарожнiкаў, што ў першую чаргу характэрна для нашай сталiцы. У якасцi прэтэндэнтаў вызначаюцца блiжэйшыя да Мiнска раённыя цэнтры i такiя населеныя пункты, як Гатава i Заслаўе, дзе ёсць магчымасцi перспектыўнага будаўнiцтва буйнога жылога фонду, улiчваючы лёгкую транспартную даступнасць да сталiцы ў межах гадзiны. Зараз, напрыклад, каб дабрацца з аднаго краю Мiнска да другога, патрэбна нават больш часу, чым з Заслаўя да сталiцы. Цяпер гэта толькi перспектыўны накiрунак, бо сёння больш эканамiчным метадам з’яўляецца асваенне пад жыллёвае будаўнiцтва свабодных тэрыторый да кальцавой дарогi Мiнска. На дату вычэрпвання ўнутрыгарадскiх зямельных рэсурсаў будаўнiчая галiна павiнна падрыхтаваць праектныя i тэхнiчныя рашэннi аб асваеннi суседнiх тэрыторый. Цяпер разглядаецца магчымасць далучэння Мiнскага раёна да Мiнска, каб паскорыць працэс асваення iснуючых зямель за кальцавой дарогай.

У чарзе — не больш за 10 гадоў

Усе агучаныя мерапрыемствы будаўнiчай галiны будуць накiраваны найперш на скарачэнне перыяду чакання атрымання жылля для грамадзян, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў. На першым этапе ўсе структуры Мiнбудархiтэктуры павiнны спрацаваць такiм чынам, каб да 2011 года ўсе грамадзяне, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, чакалi сваёй чаргi на будаўнiцтва кватэры не больш за 10 гадоў. На другiм этапе, якi разлiчаны да 2015 года, жыллёвая чарга павiнна скарацiцца да 5 гадоў. Вiдавочна, што такiя тэрмiны чакання жыллёвай чаргi цяпер аптымiстычныя толькi для бескватэрных жыхароў галоўнага мегаполiса краiны. У рэгiёнах жыллёвыя чэргi ўжо iстотна карацейшыя, а праз акрэслены перыяд могуць увогуле амаль знiкнуць.

Неабходна будаваць не менш як 90 тысяч кватэр штогод

Летась у чарзе маючых патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў у краiне было каля 623 тысяч грамадзян i сем’яў, з якiх 153 тысячы чакаюць у жыллёвай чарзе больш за 10 гадоў. Найбольшая колькасць з жыллёвымi праблемамi прыпадае на жыхароў гарадоў i пасёлкаў гарадскога тыпу, дзе ў чарзе стаiць 576 тысяч грамадзян. Каб iстотна скарачаць чаргу, трэба ў 2009 годзе пабудаваць 25 працэнтаў тыповага жылля, тыповага жылля з палепшанай планiроўкай — 67 працэнтаў, жылля павышанай камфортнасцi — 7,5 працэнта. Канцэпцыя даступнага жылля прадугледжвае, што ў 2010 годзе ў краiне будзе пабудавана не менш як 90 тысяч кватэр i iндывiдуальных дамоў. Мiж iншым, толькi ў сталiцы сёння ў жыллёвых чэргах стаяць каля 205 тысяч грамадзян.

Цэны на жыллё будуць рэгулявацца

Кошт будаўнiцтва жылля для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў i ўвогуле для будаўнiчага комплексу краiны, будзе i надалей рэгулявацца дзяржавай. Згодна з канцэпцыяй, кошт жылля можа павялiчвацца ў разумных i эканамiчна абгрунтаваных межах. Да кошту жылля забараняецца прыплюсоўваць затраты, звязаныя з безгаспадарчасцю ў тэхнiчнай i арганiзацыйных сферах будаўнiцтва, пры выкарыстаннi няякасных матэрыялаў, пры зацягваннi тэрмiнаў будаўнiцтва i г.д.

Згодна з пастановай Саўмiна краiны № 29, сёлета вызначаны гранiчныя ўзроўнi кошту будаўнiцтва жылля. У рэальных лiчбах атрымлiваецца, што кошт квадратнага метра агульнай плошчы панэльнага жылля для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, складзе цяпер каля 450—500 долараў i 550—600 долараў па кватэрах у цагляных дамах. Тут трэба дадаць, што, згодна з зацверджанымi iндэксамi будаўнiча-мантажных работ, жыллё сёлета можа падаражэць для "чаргавiкоў" максiмум на 12 працэнтаў.

Даходныя дамы — альтэрнатыва iнтэрнатам?

Асобным блокам у канцэпцыi Мiнбудархiтэктуры вызначаецца накiрунак стварэння сацыяльнага жылля, якое будзе здавацца жыхарам гарадоў у сярэдне - i доўгатэрмiновую арэнду. У такiх дамах павiнны быць розныя па плошчы i якасцi кватэры, каб задаволiць попыт усiх сацыяльных груп патэнцыяльных кватарантаў. Гэта могуць быць сем’i з сярэднiмi даходамi, якiх не задавальняюць умовы жылля ў iнтэрнатах, або спецыялiсты, якiя разлiчваюць працаваць i жыць у вызначаным горадзе абмежаваны прамежак часу.

Стварэнне даступных дамоў стала патрабаваннем часу, калi iстотна актывiзавалася працоўная мiграцыя насельнiцтва як у межах краiны, так i на мiжнародным узроўнi. Сёння ў свеце каля 50 працэнтаў жылля прыпадае на шматкватэрныя дамы, якiя знаходзяцца ў камунальнай уласнасцi гарадоў. У Беларусi доля ўласнага жылля грамадзян складае 97 працэнтаў ад усяго жыллёвага фонду краiны.

Арэндную плату ў такiх дамах будзе вызначаць рынкавы механiзм у залежнасцi ад парытэту iснуючага попыту i прапановы, аднак… У дамах сацыяльнага жылля, якiя належаць дзяржаве, арэндная плата за кватэры будзе мець акрэсленую крыху меншую тарыфiкацыю, чым у даходных прыватных дамах на свабодным рынку.

Сяргей КУРКАЧ
-10%
-20%
-30%
-30%
-20%
-20%
-46%