Еўрарадыё паспрабавала даведацца, ці з’явяцца ў эфіры беларускіх радыёстанцый песні НРМ, Нейра Дзюбеля, Крамы і астатніх, раней забароненых гуртоў пасля сустрэчы апальных музыкаў са спадаром Праляскоўскім.

Мы абтэлефанавалі музычных рэдактароў сталічных радыёстанцый з прапановай узяць у ратацыю айчынныя рок-гурты. Вынікі былі розныя.

Па словах музычнага рэдактара радыё БРСМ “Пілот FM” Дзяніса Зыля, галоўная праблема ў тым, што музыкі не прыносяць свае песні на радыё:

“Іх проста не прыносяць! Вось я ўжо 4 гады на “Пілоце” - ніхто з нармальных беларускамоўных музычных гуртоў свае творы не прынёс. У нас ёсць першая “Крамбамбуля” - яе данеслі, а больш нічога і не было. Канешне, можа патрапіць. Галоўнае, каб песня была хітовая. І не было ненарматыўнай лексікі. Да таго ж, у нас адбірае не адзін чалавек, а адразу калегія з 5 чалавек”.

Еўрарадыё згадзілася і аднесла на “Пілот” апошнія альбомы Крамы, Нейра Дзюбеля і НРМ. Аднак у эфір патрапіла толькі адна песня Крамы.

На нядаўна адкрытым “Радыё ОНТ” праслухаць апошнія альбомы Крамбамбулі і Нейра Дзюбеля адмовіліся. Музычны рэдактар Дзмітрый Курачкін паведаміў, што галоўнае для эфіру “Радыё ОНТ” - гэта чысціня мовы:

“Беларускамоўныя? Ну, гледзячы якія, канешне. Калі там будзе спявацца на трасянцы - то ніяк да нас не патрапіць. Ляпіс, напрыклад, будзе, але толькі на рускай мове. Крамбамбулі не будзе”.

На “Альфа-Радыё” беларускім музыкам параілі пісаць песні ў больш лёгкім, нават папсовым фармаце, - адмыслова для эфіру. Музычны рэдактар Андрэй Якаўлевіч расказаў, што галоўны крытэр пры падборы песень - фармат радыёстанцыі:

“А чаму і не! Пры ўмове, што гэтыя песні падыйдуць пад наш фармат. Я даўно гаварыў таму ж Варашкевічу ды іншым музыкам, што ёсць такое паняцце радыёфармату, калі гурты запісваюць больш папсовыя версіі сваіх песень”.

Праграмны дырэктар “Радыё-Рокс” Іна Васільева на пытанне Еўрарадыё, ці можна пачуць у эфіры Краму, Дзюбялёў ды іншых адказала, што рок як музыка, на жаль, ужо не актуальны для слухачоў:

“У нас у ратацыі такіх гуртоў няма. Аднак які ж у вас спецыфічны спіс і спецыфічная зацікаўленасць. Радыё “Рокс” змяніла свой фармат 2 гады таму: у нас зараз галоўнае - шансон. А гурты, якія вы пералічылі, проста не падпадаюць пад наш фармат”.

У выніку пасля паходу да Праляскоўскага песні былых “апальных” гуртоў на айчынныя радыёстанцыі так і не патрапілі. Выключэннем стала з песня гурта “Крама” “Неба” з апошняга альбома. Да таго ж дзіўна, што ўзялі яе менавіта на радыё БРСМа.

Еўрарадыё будзе працягваць знаёміць музрэдактароў айчынных радыёстанцый з творчасцю беларускіх гуртоў.

Зміцер Траўчук
{banner_819}{banner_825}
-50%
-45%
-10%
-25%
-30%
-5%
-40%
-10%
-45%
0065444