
Агітбрыгады дзеляцца па ўзроўнях: мясцовыя, раённыя, абласныя і, нават, рэспубліканскія. І на ўсіх гэтых імпрэзах механізатары вымушаныя прысутнічаць.
Галоўны спецыяліст ідэалагічнай работы Чачэрскага райвыканкама Алеся Сазонава распавяла "Еўрарадыё", што іх агітцягнік ужо паспеў наведаць 10 з 11 гаспадарак раёна. Каб не нерваваць механізатараў канцэрты і палітінфармацыі даводзілася ладзіць а 7 гадзіне раніцы.
Алеся Сазонава: “Сустракаемся вельмі рана. Бо калі стаіць добрае надвор’е, яны вельмі рана выязджаюць. А мы ім уручаем ўдзячныя лісты - хто больш намалаціў, што больш адвёз. Наказы даём”.
Як прызнаецца раённы ідыёлаг, механізатараў здзіўляе такая колькасць натхняльнікаў. Амаль штодня падымаць ім настрой прыходзяць мясцовыя кіраўнікі і творчыя калектывы.
Алеся Сазонава: “Кажуць: “Навошта? Да іх і так ходзіць культура, у іх свае агітбрыгады створаныя. Спяваюць песні. З кіраўніцтвам сустракаюцца кожны дзень”.
Раённы агітцягнік, па словах ідыёлага, прыязджае не толькі песні папець ды наказы даваць, але і выслухаць скаргі ды дапамагчы вырашыць людям іх праблемы. Вось толькі праблем, як высвятляецца, на вёсцы няма. Акрамя адной - надвор’я. Гэта адзінае, што непакоіць вяскоўцаў.
Алеся Сазонава: “Праблем ніякіх няма. Толькі кажуць: “Нам бы надвор’е добрае, каб усё убраць”. Гэта адзіная злабадзённая праблема”.
Ці дапамогуць механізатарам вырашыць іх адзіную праблему пасажыры раённага агітцягніка, не вядома. Калі не, у іх будзе магчымасць звярнуцца ў больш высокія інстанцыі - 1 жніўня ад сталічнага перона скранецца агітцягнік любіміцы ўлады, “Твару Беларусі” Ірыны Дарафеевай. Накіруецца ён таксама ў Гомельскую вобласць. Ад 20 да 30 канцэртаў у палях і на стадыёнах плануюць даць Ірына і група яе суправаджэння цягам двух тыдняў.
Ірына Дарафеева: “Едзе ўся мая каманда, увесь склад музыкаў, бэк-вакалісткі, яны ж салісткі нашага тэатра “Забава”. Едуць з намі Георгі Калдун і Генадзь Санько”.
Графік у спявачкі і яе каманды вельмі напружаны: днём яны даюць канцэрт для механізатараў у полі, а вечарам - на стадыёне ў горадзе. Ірына не лічыць, што такім чынам адрывае людзей ад працы і перашкаджае ім.
Ірына Дарафеева: “Колькі ў іх ёсць часу, столькі яны і атрымліваюць радасці і задавальнення. Таму, што не часта да іх у госьці Ірына Дарафеева заязджае. Здараецца такая падзея раз у жыцці, таму яны вельмі шчаслівыя”.
Дрэннае надвор’е для спявачкі не перашкода. Калі ідзе дождж, канцэрты Ірына Дарафеева дае на зернесховішчах. І пацукі, якіх шмат жыве ў такіх месцах, яе не палохаюць.
Ірына Дарафеева: “Гады трэніровак робяць сваю справу - мяне ўжо ніячым не напалохаеш!”
А на пытанне, ці павышаецца дзякуючы такім канцэртам ураджайнасць, упэўніла карэспандэнта, што значна павышаецца працаздольнасць механізатараў.
Ірына Дарафеева: “Думаю, павышаецца працаздольнасць. Канешне, канешне павышаецца!”
Спявачка кажа, што канцэрты ў палях бясплатныя. І толькі у гарадах, каб паслухаць гасцей са сталіцы, трэба набываць квіток. Колькі на гэтым туры яна заробіць, Ірына Дарафеева не прызналася. Сказала, што такія меркантыльныя пытанні яе не хвалююць.
Зміцер Панямонаў