Коронавирус
Выборы-2020
Задержание «бойцов ЧВК» в Беларуси


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка павіншаваў удзельнікаў IX Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі з яго адкрыццём, паведаміла прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У віншаванні, у прыватнасці, гаворыцца: “Гэтая творчая акцыя — сапраўднае свята, якое ярка сведчыць аб тым, што развіццё нацыянальнай культуры з’яўляецца ў нашай краіне справай дзяржаўнай важнасці”.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў сімвалічнасць таго, што галоўнай тэмай фестывалю стала самая значная падзея культурнага жыцця гэтага года — 125-годдзе народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што фестываль узбагаціць свае слаўныя традыцыі, адкрые новыя імёны таленавітых пісьменнікаў і выканаўцаў, папоўніць культурную скарбонку беларускага народа яркімі мастацкімі дасягненнямі.

Беларуская музыка і беларускае слова зноў гучаць на канцэртных пляцоўках, у парках і на вуліцах Маладзечна, каб рэхам разнесці па краіне славу яе песнярам. 15—16 чэрвеня дзевяты па ліку фестываль беларускай песні і паэзіі арганізуюць па традыцыі Міністэрства культуры і Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь, Мінскі аблвыканкам, Маладзечанскі райвыканкам, Палац Рэспублікі, Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі.

Феномен гэтага музычна-паэтычнага фэсту ў тым, што на два дні ў слаўным сваімі культурнымі традыцыямі горадзе збіраецца ўсё, што нясе ў сабе рысы беларускасці: старажытныя і сучасныя беларускія музыка і песні, добрая паэзія, фальклор, народныя рамёствы, сказаў карэспандэнту “НГ” мастацкі кіраўнік фестывалю, народны артыст Беларусі прафесар Міхаіл Фінберг. А старшыня аргкамітэта фестывалю і намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Яфім Ідэльчык падкрэсліў, што горад, рыхтуючыся да гэтага музычнага свята, не тое што прыгажэе, ён маладзее. Сёлета абноўлены дамы, дахі, дарогі, прычым не толькі ў самім горадзе, але і ў месцах, звязаных з Купалам, — Вязынцы і Якімаўшчыне.

Гэты фестываль асвечаны геніем Купалы і Коласа, а таму і першая сустрэча з беларускімі паэтамі і кампазітарамі адбудзецца сёння ў Вязынцы, у Купалаўскім мемарыяльным запаведніку.

Сёння а 21-й гадзіне на Цэнтральнай плошчы Маладзечна прагучыць вялікі святочны пралог адкрыцця ІХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2007” — “Песняры зямлі беларускай”. Нацыянальны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі прафесара Міхаіла Фінберга падрыхтаваў для гэтага вечара дзве прэм’ерныя праграмы, прысвечаныя творчасці Купалы і Коласа, — “…Мне засталася спадчына” і “Мой родны кут, як ты мне мілы”. Акрамя музыкантаў і салістаў аркестра ў ім прымуць удзел заслужаны калектыў Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста, прафесара Валянціна Дудкевіча, а таксама этнаграфічныя калектывы вёсак Мінскай вобласці.

Лідзія ПЕРАСЫПКІНА
-21%
-10%
-26%
-25%
-30%
-25%
-12%
-10%