Калi кажуць пра "Фестываль беларускай песнi i паэзii", то адразу ж узгадваецца не якая-небудзь культурная iмпрэза, а менавiта музычна-мастацкае свята ў Маладзечне. "Маладзечна-2007" — яскравае вiдовiшча з удзелам зорак беларускай i замежнай эстрады, маладых выканаўцаў i заслужаных дзеячаў нацыянальнай культуры. Спаборнiцтва талентаў гасцiнна запрашае гасцей 15 i 16 чэрвеня на пляцоўкi горада.

Па ўзроўню маладзечанскае мастацка-песеннае свята знаходзiцца на адной прыступцы са "Славянскiм базарам". Першыя фестывалi праходзiлi кожнае лета, потым было вырашана праводзiць iх праз сезон. I так i павялося ў горадзе — год фестывальны i год падрыхтоўчы да фестывалю наступнага.

Сёлетнi, дзевяты па лiку Нацыянальны фестываль беларускай песнi i паэзii адрознiваецца ад сваiх папярэднiкаў. Амаль уся двухдзённая праграма прысвечана святкаванню 125-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусi Янкi Купалы i Якуба Коласа. З гэтай нагоды, як расказаў карэспандэнту газеты начальнiк аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Рамановiч, будзе шмат цiкавага. Па-першае, у днi музычнага свята адбудзецца адкрыццё помнiка Янку Купалу ў Радашковiчах. Раней скульптура беларускага песняра стаяла каля пасёлка, а зараз яна будзе размешчана каля новага радашковiцкага Цэнтра культуры і адпачынку. Па-другое, у вёсцы Яхiмоўшчына, дзе жыў i працаваў пiсьменнiк, з’явiцца мемарыяльная дошка.

— Да нас з выступленнямi прыедуць вядомыя пiсьменнiкi i паэты, кампазiтары: Навум Гальпяровiч, Вiктар Шнiп, Раiса Баравiкова, Леанiд Дранько-Майсюк, Алесь Бадак, Алег Елiсеенкаў, Эдуард Зарыцкi, Леанiд Захлеўны, Уладзiмiр Буднiк i iншыя, — узгадаў суразмоўца. — У першы дзень фестывалю ў абласным драматычным тэатры адбудзецца прэм’ера спектакля "На другi дзень Сёмухi" паводле п’есы Янкi Купалы "Прымакi". А ў краязнаўчым музеi будзе працаваць выстава лiтаратурнай спадчыны Якуба Коласа i Янкi Купалы.

Прадугледжана шырокая забаўляльная i музычна-спявацкая канцэртная прапанова. Як запэўнiў карэспандэнта "Звязды" адзiн з арганiзатараў, старшыня Маладзечанскага райвыканкама Сямён Касабуцкi, галоўная сцэна, якая традыцыйна знаходзiцца на Цэнтральнай плошчы Маладзечна, будзе самай лепшай у краiне. Яе тэхнiчнае вырашэнне i аздабленне абяцае зацямнiць усе iснуючыя дагэтуль прыклады. Свята будзе праходзiць у горадзе яшчэ на некалькiх пляцоўках — у гарадскiм парку, ля кiнатэатра "Радзiма" i ў стаўшым ужо знакамiтым Палацы культуры.

— Як заўсёды, па традыцыi маладзечанцаў i гасцей фестывалю будзе чакаць вялiкi, прыгожы салют. Агнi феерверку ўзнясуцца ў гасцiннае неба нашага горада i ў дзень адкрыцця, i ў дзень фiналу, — расказаў Сямён Мiхайлавiч.

15 чэрвеня ў 21 гадзiну на гарадской плошчы адбудзецца адкрыццё песеннага i паэтычнага свята, пасля чаго пройдзе прэм’ерная канцэртная праграма пад агульнай назвай: "…мне засталася спадчына", "Мой роды кут, як ты мне мiлы". У канцэрце возьмуць удзел лаўрэаты мiжнародных i рэспублiканскiх конкурсаў, народныя артысты Беларусi i проста вядомыя музыканты i спевакi. Канешне, мастацкiм кiраўнiком фестывалю, натхняльнiкам усiх падзей застаецца, як i ў мiнулыя гады, прафесар Мiхаiл Фiнберг разам са сваiм аркестрам. Канцэрт правядзе чароўная Алена Спiрыдовiч (таксама талiсман фестывалю) i вядучы Першага канала беларускага тэлебачання Юрый Гроераў. Пасля феерверку, у 23.30 сапраўдным знаўцам прапануюць праграму "Джаз у ночы".

— 16 чэрвеня адбудзецца ўрачыстае ўзнагароджванне пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песнi "Маладзечна-2007". Гаспадароў свята на гэтым спаборнiцтве прадстаўляе Алеся Кульша, — расказаў Аляксандр Рамановiч. — У 21.30 пачнецца закрыццё фестывалю, у якiм акрамя ўзыходзячых эстрадных зорак возьмуць удзел лепшыя дзеячы беларускай культуры: ансамбль "Песняры", народныя артысты Мiкалай Скорыкаў i Анатоль Ярмоленка, дзяржаўны ансамбль танца, ансамбль народнай музыкi "Бяседа"…

Ну i, канешне, i ў першы, i ў другi дзень на канцэртных пляцоўках выступяць папулярныя сучасныя выканаўцы, якiх запрашаюць на кожнае падобнае вiдовiшча. Ларыса Грыбалёва, Саша Нэма, "Аляксандра i Канстанцiн", Наталля Тамела i iншыя спевакi i гурты, некаторыя з якiх, дарэчы, сталi папулярнымi менавiта на хвалi фестываляў у Маладзечне.

Фестываль iмкнецца задаволiць кожную групу гледачоў i слухачоў. Аматарам класiчнага мастацтва прапануюць канцэрты, якiя пройдуць у розных месцах горада. З выступленнямi, такiм чынам, прыедуць камерныя калектывы Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi — ансамбль трубачоў "Iнтрада", ансамбль выканаўцаў на драўляных духавых iнструментах i ансамбль флейтыстаў пад кiраўнiцтвам Барыса Нiчкова i Генрыха Гедыльтэра. Праграму "Сказ аб зямлi беларускай" прадставiць Нацыянальны акадэмiчны народны аркестр iмя Жыновiча, якiм кiруе вядомы Мiхаiл Казiнец.

У Маладзечна завiтаюць госцi з розных раёнаў вобласцi i краiны, сябры горада з Лiтвы, Расii, Украiны, Польшчы. У святочныя днi будзе арганiзаваны разнастайны гандаль, адчынiцца i выстава народных рамёстваў, дзе можна многае купiць. Для дзятвы будуць працаваць атракцыёны i iншыя прыемнасцi. Свята абяцае стаць не толькi мастацкай з’явай, але i проста вясёлым, цiкавым для людзей мерапрыемствам. Арганiзатары, а гэта Мiнiстэрства культуры, Мiнскi аблвыканкам i Маладзечанскi райвыканкам, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанiя, Нацыянальны канцэртны аркестр, Палац Рэспублiкi, зрабiлi для гэтага ўсё магчымае.

— Да фестывалю мы рыхтавалiся сур’ёзна. Прывялi ў парадак будынкi, вулiцы, аб’екты, усе месцы, дзе будуць праходзiць святочныя канцэрты i выступленнi. Для нашага горада гэта вельмi значнае мерапрыемства, мы ганарымся, што Маладзечна з’яўляецца адной з культурных сталiц Беларусi, — падкрэслiў Сямён Касабуцкi. — Падрыхтоўчыя работы амаль скончаны, з нецярплiвасцю чакаем прыезду гасцей. Запрашаем усiх завiтаць у наш гасцiнны горад!

…Адзiнае, што не сказалi арганiзатары, дык гэта тое, якiя ж прызы чакаюць пераможцаў "Беларускага нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песнi "Маладзечна-2007". Маўляў, аб усiм распавядзеш — не цiкава будзе. Таму пачакаем, фестываль вось-вось пачнецца…

Дзмiтрый АЛЬФЕР
{banner_819}{banner_825}
-30%
-20%
-10%
-30%
-50%
-20%
-10%