фотоНа днях гурт “Крамбамбуля” выдаў адразу два дыскі - “Крамбамбуля The Best”, у які ўвайшлі лепшыя песні за 5 гадоў існавання праекту, і новы альбом “Крамбамбуля Сьвяточная”. VIP-прэзентацыя з гэтай нагоды адбылася ў рэстаране “Савецкі”, былой дачы савецкіх міністраў, і была вытрымана ў стылістыцы лепшых гадоў застою.

“Крамбамбулю” павіншавалі такія вядомыя асобы, як артыст Аляксей Шадзько, мадэльер Іван Айплатаў, музыка Аляксандр Кулінковіч, актрыса Святлана Зелянкоўская, галоўны трэнер мінскага “Дынама” Аляксандр Хацкевіч, пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас і глава шведскай дыпмісіі Штэфан Эрыксан, драматург Андрэй Курэйчык, пісьменнік Адам Глобус. Госці вечарыны атрымалі спецвыпуск парадыйнай газеты “Ўраджай”, у якой высмейваюцца савецкія традыцыі, бо некаторыя з іх ёсць і ў сучаснай Беларусі.

Але ж асноўнай часткай імпрэзы быў выступ “Крамбамбулі” і прэзентацыя новых дыскаў.

Нагадаем, што за першыя 2,5 гады існавання “Крамбамбуля” выдала тры альбомы - “Паўлітры добрага настрою”, “Крамбамбуля 1,5. Каралі раёну” і “Радыё Крамбамбуля 0,33 FM”. Чаму чацвёртая праца пабачыла свет толькі праз 2,5 гады? “Крамбамбуля Сьвяточная” - гэта практычна першая плытка, над якой мы маглі працаваць колькі нам хацелася, - гаворыць лідэр гурта Лявон Вольскі. - Не было нейкіх абмежаванняў па часе на студыі, як гэта было з першым альбомам, ды мы самі нікуды не гналіся, як гэта было з другім і трэцім дыскамі”.

Новы альбом - гэта 12 песень, цалкам прысвечаных святам. Гэта і Новы год, і Каляды, і Дзень св. Валянціна. Але ёсць і тыя, якія больш вядомыя замяжой - Дзень св. Патрыка і Хэлаўін. Між іншым музыкі спяваюць і пра Дзень Кастрычніцкай Рэвалюцыі, 1 Мая і Дзень дурня. “Яны вельмі розныя, як і наша стаўленне да іх, - гаворыць лідэр “Крамбамбулі”.- Калі разглядаць іх на бытавым узроўні, дык нічога - проста выхадныя. Але калі спяваеш пра іх, заглядаеш у іх гісторыю і сучасныя іх праявы, дык часам робіцца вельмі сумна”. Але “трэба працаваць і памнажаць пазітыў, як бы цяжка ні было. Бо цяжка будзе заўжды, пакуль некалі не стане лёгка ад разумення таго, колькі добрага было зроблена, калі было цяжка”.

Адзначым, што “Крамбамбуля Сьвяточная” - гэта першы альбом, які запісаны без запрошаных вакалістаў. Раней выступалі СяргейМіхалок, Аляксандр Куллінковіч і Гюнеш Абасава. Па словах Л. Вольскага, “мы хацелі зрабіць нешта з Сяргеем Міхалком, але ён быў увесь час заняты новым альбомам “Ляпісаў”, і турбаваць яго нам было неяк няёмка. Тым не менш, мне падаецца, што пэўны плюс у гэтым ёсць. Атрымалася нейкае вяртанне да каранёў”.

На "Сьвяточнай" няма хіту накшалт "Абсэнту" ці "Гасьцей". Але ж, на думку Вольскага, “гэта самы эклектычны альбом ў нашай гісторыі, не такі хіт-арыентаваны, і таму шмат каму ён падабаецца не з першага праслухоўвання”. Прыемна адзначыць, што дыск утрымлівае тэксты песень і інфармацыю пра гісторыю кожнага свята.

Акрамя таго, прэзентацыю альбому “Крамбамбуля Сьвяточная” была прымеркаваная і да пяцігодзьдзя творчай дзейнасці. Дыск “Крамбамбуля The Best” утрымлівае 15 лепшых песень за 5 год.

Фота - www.krambambulya.com
{banner_819}{banner_825}
-35%
-50%
-20%
-30%
-10%
-30%
-55%
-20%
-10%
-25%
0063108