У Магiлёўскай вобласцi адзначаюць юбiлей вядомага мастака Вiтольда Бялынiцкага-Бiрулi. 135 гадоў таму 29 лютага ён нарадзiўся ў сядзiбе Крынкi на тэрыторыi сучаснага Бялынiцкага раёна. Крынак цяпер няма, але ў тых мясцiнах, паблiзу вёскi Цяхцiн на Бялынiччыне, у гонар Бялынiцкага-Бiрулi ўсталяваны валун з памятнымi надпiсамi. У Бялынiчах i Магiлёве працуюць музеi, названыя iмем слыннага земляка.

Бялынiцкi-Бiруля быў народным мастаком БССР i РСФСР: нарадзiўся ў Беларусi, а жыў у Цвярской губернi. Вiтольд Каэтанавiч пiсаў пейзажы, ён быў паслядоўнiкам Левiтана. Яго карцiны складаюцца са спалучэнняў шматлiкiх адценняў шэрага, блакiтнага, фiялетавага: аднойчы ўбачыўшы карцiну Бялынiцкага-Бiрулi, заўсёды пазнаеш яго адметныя творы. Мiнiмалiсцкiя ў колерах, яны ствараюць непаўторнае ўражанне цiхай журбы роднай прыроды. Дарэчы, найбольш мастак любiў вясну: цудоўнай пары абуджэння прыроды i чалавека прысвечаны каля дзвюх соцень палотнаў.

Спадчына мастака налiчвае больш за тысячу карцiн i эцюдаў. Яны ёсць ў музеях постсавецкiх краiн, за мяжой, у прыватных калекцыях. Больш за чатыры сотнi работ Бялынiцкага-Бiрулi мае Нацыянальны мастацкi музей Рэспублiкi Беларусь.

Сёлета 29 лютага ў календары няма, таму ўсе юбiлейныя iмпрэзы, прысвечаныя Вiтольду Бялынiцкаму-Бiрулi, прайшлi 28 лютага i 1 сакавiка.

У Бялынiчах адбылася ўрачыстая iмпрэза ў мясцовым цэнтры культуры, а ў раённым мастацкiм музеi, якi носiць iмя знакамiтага земляка, адкрылася выстава магiлёўскага мастака Фёдара Кiсялёва i ўдзельнiкаў пленэру iмя Бялынiцкага-Бiрулi.

1 сакавiка ў Магiлёўскiм мастацкiм музеi iмя Масленнiкава адкрылася выстава "Славуты сын зямлi Магiлёўскай". На ёй выстаўлена паўсотнi жывапiсных работ: самога Бялынiцкага-Бiрулi, яго вучня Антона Бархаткова (ён таксама ўраджэнец Магiлёўшчыны i сёлета яму споўнiлася б 90 гадоў), а таксама мастакоў, якiя бралi ўдзел у штогадовых пленэрах iмя Бялынiцкага-Бiрулi i малявалi пейзажы на радзiме мастака ў Бялынiцкiм раёне альбо ў тым краi Расii, дзе жыў Вiтольд Каэтанавiч.

Дарэчы, сёлета пленэр iмя Бялынiцкага-Бiрулi пройдзе ўлетку ў дванаццаты раз i, канешне, будзе прысвечаны юбiлею. Як i заўсёды, мастакi будуць працаваць у Магiлёўскай вобласцi, а потым на акадэмiчнай дачы Саюза мастакоў Расii ў Цвярской вобласцi. Юбiлей Бялынiцкага будзе адзначаны пашыраным складам удзельнiкаў пленэру: акрамя беларускiх i расiйскiх мастакоў, чакаюцца госцi з Балгарыi, Польшчы, Арменii, Сербii, Славакii, Iзраiля, Украiны i Малдовы.

Нягледзячы на ўзнёслую танальнасць юбiлейных мерапрыемстваў, нельга не ўзгадаць, што якраз гэтым часам вакол Бялынiцкага-Бiрулi, а дакладней — вакол музея ў Магiлёве, якi носiць яго iмя, разгарэўся канфлiкт. Спрэчкi вядуць памiж сабой Нацыянальны мастацкi музей, фiлiялам якога з’ўляецца музей Бялынiцкага ў абласным цэнтры, i, з iншага боку, магiлёўскiя ўлады. Калi казаць каротка, то нагодай стала перадача музея мясцовым органам кiравання.

Магiлёўскi музей Бялынiцкага-Бiрулi адкрыўся яшчэ за савецкiм часам, 25 гадоў таму. Гэты фiлiял Нацыянальнага мастацкага музея павiнен перайсцi на баланс мясцовых органаў кiравання. Аднак высветлiлася, што некаторы час таму экспазiцыя музея пазбавiлася часткi карцiн. Нацыянальны мастацкi музей вывез са свайго фiлiяла ў Магiлёве ў Мiнск 32 палотны: 31 карцiну Бялынiцкага-Бiрулi i яго партрэт. Вобласць не хоча прымаць экспазiцыю ў скарочаным варыянце, а Нацыянальны музей настойвае на сваiм праве распараджацца ўласнымi фондамi. Сёння ў магiлёўскiм музеi Бялынiцкага-Бiрулi экспануецца больш за сто работ мастака — гэта i так можна лiчыць значным падарункам, але ў рэгiёне мяркуюць: лепш няхай людзi бачаць жывапiсныя творы, чым яны будуць захоўвацца ў фондах. Абодва бакi прыводзяць шмат слушных аргументаў… Аднак хочацца верыць, што паразуменне будзе знойдзена i ўрэшце справа будзе ўладжана.

— Усё вырашыцца, — запэўнiў начальнiк упраўлення культуры Магiлёўскага аблвыканкама Анатоль Сiнкавец. — Мы павiнны выканаць даручэнне Прэзiдэнта i прыняць музей з паўнавартаснай экспазiцыяй.

— А кампрамiс будзе такi, — заявiў карэспандэнту "Звязды" дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея рэспублiкi Уладзiмiр Пракапцоў. — Цяпер я на гэта пагляджу, i ўсё застанецца на ранейшых пазiцыях. Магiлёўскi музей Бялынiцкага-Бiрулi будзе фiлiялам Нацыянальнага мастацкага. Калi не хочуць — перадачы не будзе. Забылiся на гэтую тэму. Так i напiшыце.

— Трэба думаць пра тое, як у гэты юбiлейны год лепей паказаць прыгажосць таленту Бялынiцкага-Бiрулi, — лiчыць намеснiк дырэктара Магiлёўскага мастацкага музея Святлана Строгiна. — Не важна, каму будзе належаць музей Бялынiцкага-Бiрулi, а важна, каб ён застаўся лепшым, якiм i быў. Каб захаваць iмя i творы Бялынiцкага. Тут няма чаго дзялiць, а трэба працаваць дзеля агульнай мэты. Мастак марыў, што на радзiме будзе яго музей! I ён павiнен быць.

А тым часам у Магiлёўскiм музеi iмя Вiтольда Бялынiцкага-Бiрулi разгарнулася юбiлейная выстава твораў мастака "Натхненне эцюда". На ёй прадстаўлены эцюды з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, якiя былi напiсаны ў розныя поры года ў розных мясцiнах — у Беларусi, Падмаскоўi, Запаляр’i, на Каўказе i iншых. I найбольш кранаюць сэрцы магiлёўскiх гледачоў сюжэты, любiмыя iх славутым земляком i сугучныя сённяшняму настрою i надзеям: "Вясна iдзе", "Першынцы вясны" i, урэшце, "Зазелянела трава".

Iлона IВАНОВА
-20%
-40%
-45%
-45%
-50%
-30%