Альбом жывапiсных работ беларускага мастака Андрэя Смаляка прыме ўдзел у знакамiтым Франкфурцкiм кнiжным кiрмашы, якi лiчыцца самым прэстыжным у свеце.

Шмат якiя еўрапейскiя мастакi пiсалi гламурных спадарынь, танцоўшчыкаў, музыкантаў, цыркачоў. Iх вобразы знайшлi месца i ў творчасцi Андрэя Смаляка. Але ён стварыў асабiсты почырк, у якiм арганiчна сплецены лiрычнасць мастацкай традыцыi i фармальныя прыёмы постмадэрнiзму. I не дзiва, што Андрэй Смаляк стаў першым беларускiм мастаком, якi атрымаў срэбны медаль Еўрапарламента за ўклад у еўрапейскае мастацтва, званне Пачэснага акадэмiка Еўрапейскай Акадэмii мастацтваў (Парыж).

Альбом “Андрэй Смаляк. Жывапiс” выйшаў тыражом каля 500 экземпляраў на рускай, беларускай i англiйскай мовах. Змешчаныя ў альбоме iлюстрацыi карцiн мастака прапаноўваецца праглядзець па “ланцужку” 9 галоўных тэм, сярод якiх: вера, жыццё, iнтымны дзённiк, камедыянты, экзерсiсы… У кожным раздзеле сабраны самыя арыгiнальныя работы, а ўсяго ў альбоме каля 200 работ. Як прызнаўся мастак у час прэзентацыi, некаторыя раннiя карцiны прыйшлося перапрацоўваць спецыяльна для выдання. “Работа над альбомам прымусiла яшчэ больш тонка перагледзець свае погляды на жыццё, я нават напiсаў аўтабiяграфiю, пачаў працу над мемуарамi”, — расказаў ён.

Па словах дырэктара Мiнскай фабрыкi каляровага друку Аляксандра Аксёненкi, прадукцыя фабрыкi прымае ўдзел у мiжнародным форуме, якi традыцыйна праходзiць у кастрычнiку ў Франкфурце-на-Майне, ужо больш як дзесяць гадоў. Альбом жывапiсных работ Андрэя Смаляка мае ўсе шансы на поспех, мяркуе ён.

У камплект альбома ўваходзяць таксама DVD-дыск з фiльмам “Аўтапартрэт” i некалькi вiдэасюжэтаў пра жыццё i творчасць мастака, створаных рэжысёрам Сяргеем Рыбаковым.

Марына КУЗЬМIЧ
-25%
-25%
-10%
-20%
-23%
-35%
-20%
-25%
-21%
-30%
-50%
-10%
0072263