Сваё трохгоддзе партал "Тузін Гітоў" вырашыў адзначыць выданьнем чарговага дыску - "Прэм’ер Тузін 2006" і вялікім канцэртам, прысьвечаным Міхалу Анемпадыставу.

Рок-паэт і мастак Міхал Анемпадыстаў стаўся на "Тузіне Гітоў" чалавекам году. Ён выступіў аўтарам адразу двух галоўных беларускіх гітоў - "Аўтабіяграфіі" (Ігар Варашкевіч і Лявон Вольскі) і "Сьвятла ў цемры" у выкананьні IQ48. У вялікім канцэрце "Бэніфэст Анемпадыстава" 12 сьнежня ў клюбе "Юла" возьмуць удзел праект "Народны альбом", "Apple Tea", IQ48, Кася Камоцкая, Зьміцер Вайцюшкевіч ды іншыя беларускія музыкі. "Сюрпрызаў і неспадзяванак будзе шмат!", - папярэджвае Міхал Анемпадыстаў.

Штогод пры канцы году "Тузін Гітоў" сваімі сіламі рыхтуе канцэрт з удзелам галоўных герояў сэзону. У 2003 гадавіну сваёй дзейнасьці партал справіў ў Палацы Рэспублікі. Тады гралі Indiga, IQ48, "Нейра дзюбель" і "Крама", а канцэрт вялі Лявон і Ганна Вольскія, якія аб’ядналіся ў "сацыяльна актыўны дуэт" Сьцяпанаўна і Маргарыта Сьцяпанаўна. Год таму сьціплая, але ня менш цёплая вечарына "Тузіна Гітоў" прайшла ў кавярні "Добрыя мысьлі" з удзелам Indiga і таямнічай каманды з Горадні - "Айша".

Сёлета, на трохгоддзе "Тузіна Гітоў" вечарыну было вырашана прысьвяціць Міхалу Анемпадыставу, таму яна і атрымала назву "Беніфэст Анемпадыстава". "Бэніфэст" - нешта сярэдняе між бэнэфісам, маніфэстам і фэстывалем. Весьці яго будзе сам герой году: "Такога маштабнага творчага вечара ў мяне яшчэ не было, - прызнаецца Міхал. - Таму я запрасіў сваіх сяброў-музыкаў, як у якасьці выканаўцаў, так і ў якасьці гасьцей. Буду распавядаць пра кожнага ўдзельніка імпрэзы. Бо няма каму звычайна сказаць пра чалавека, калі ён выступае - бо сам пра сабе ён не скажа, а тут ёсьць нагода да кожнага ўдзельніка зрабіць такія рэмаркі. Натуральна, што пазытыўныя".


{banner_819}{banner_825}
-20%
-50%
-20%
-10%
-30%
-20%
-10%
-20%
-30%
-20%
-10%